Рыхтаваўся да аднаго каментара ў тэлефэіры, думаў над абвешчанымі тэмамі размовы, і ў галаву прыйшла вядомая фраза “рэжым вядзе вайну з уласным народам”, пiша палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.
І адразу падумалася, наколькі яна не падыходзіць для нашай сітуацыі.
Бо тыя, з кім змагаецца, каго рэпрэсіруе сёньня Лукашэнка – гэта для яго не “уласны народ”. Для яго “уласны народ” – гэта “русские со знаком качества”, гэта тыя, для каго, як і для яго, Айчына ад Брэста да Ўладзівастока, у каго “Масква ў галаве”. А тыя, з кім ён змагаецца -- беларускамоўныя ці расейскамоўныя, але арыентаваныя на Беларусь -- для яго варожы народ, "нацмены", як ён часта выказваўся.
Заўважце, нават розныя калягубазікаўскія каналы аддзяляюць, калі пішуць па-расейску, “белорусов” ад “беларусов”. Усе беларускае яны выкарыстоўваюць ў зьдзеклівай форме, -- урэшце, Лукашэнка ўсё жыцьцё гэта рабіў, ужываючы словы “сьвядомыя”. І зараз яны, сапраўды, змагаюцца супраць любой праявы беларускасьці, раней дазволенай і часам нават афіцыйнай.
Памятаеце, як увесь 2020 год Лу гаварыў, што “мы сваю краіну ім не аддадзім”.
На самой справе формула была такая – “мы сваю краіну ім, беларусам, не аддадзім”.
Добро пожаловать в реальность!