Культура

«Такога не было нават за Саветамі». Як знікаюць літаратурныя выданні Беларусі

Гісторыі «Полымя», «Маладосці» і «Літаратуры і мастацтва» — гэта не толькі гісторыі асобных выданняў. Гэта гісторыя беларускай культуры, якая нават у самых неспрыяльных абставінах знаходзіла магчымасці для развіцця.

Культура gazetaby.com
0

Беларуская літаратурная перыёдыка перажывае, магчыма, адзін з самых драматычных момантаў за ўсю сваю гісторыю. Пра знікненне знакавых выданняў піша Budzma.org.

З 2027 года адразу тры знакавыя літаратурныя часопісы — «Полымя», «Маладосць» і «Нёман» — пераходзяць на новы рэжым публікацыі: замест дванаццаці нумароў на год будуць выходзіць толькі чатыры.

Пры гэтым аб’ём выданняў застанецца ранейшым. Газета «Літаратура і мастацтва», якая больш за дзевяноста гадоў была асобным выданнем, страціць самастойнасць і стане дадаткам да «Звязды».

 Такім чынам, беларускі літаратурны ландшафт чакае перабудова, маштаб якой цяжка ўявіць. Часопісы, што на працягу дзесяцігоддзяў былі пляцоўкамі для публікацыі новых твораў, літаратурных дыскусій і культурных адкрыццяў, фактычна пазбаўляюцца часткі сваёй прысутнасці ў грамадскім жыцці. А газета, якая перажыла некалькі палітычных эпох і заставалася сведкам зменаў у беларускай культуры, перастае існаваць як самастойнае выданне.

Падобны лёс ужо напаткаў некалі папулярную «Чырвоную змену»: спачатку яна страціла статус асобнай газеты і стала дадаткам, а пазней знікла зусім. Цяпер падобны сцэнар, хутчэй за ўсё, чакае і «Літаратуру і мастацтва».

Іронія ў тым, што гаворка ідзе пра выданні, якія традыцыйна лічыліся часткай дзяржаўнай культурнай сістэмы. Яны не былі незалежнай прэсай у звыклым сэнсе слова, працавалі ў межах афіцыйнай ідэалогіі і нярэдка самі ўдзельнічалі ў яе трансляцыі. Аднак нават у гэтых умовах іх старонкі часам станавіліся месцам, дзе беларуская літаратура і гістарычная памяць выходзілі за межы дазволенага.

Гісторыі «Полымя», «Маладосці» і «Літаратуры і мастацтва» — гэта не толькі гісторыі асобных выданняў. Гэта гісторыя беларускай культуры, якая нават у самых неспрыяльных абставінах знаходзіла магчымасці для развіцця. І ў кожнай з гэтых гісторый ёсць свае цікавосткі.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2885%29
Вокладка часопіса «Маладосць», 2000 г. Фота: citydog.io

«Полымя» (1922)

Сёння «Полымя» — найстарэйшы літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс Беларусі. Яго гісторыя пачыналася ў час, калі беларуская культура пасля рэвалюцыйных узрушэнняў спрабавала заняць належнае месца ў новым палітычным парадку.

І ўжо на самым пачатку высветлілася, што нацыянальнае адраджэнне і бальшавіцкае разуменне культурнай палітыкі далёка не заўсёды супадаюць.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2886%29
Першы нумар часопіса «Полымя»

Папярэднікам «Полымя» быў часопіс «Адраджэньне», які ўвосень 1922 года пачаў выдаваць аднайменны кааператыў. Па іроніі лёсу менавіта гэты «літаратурна-навуковы весьнік» меўся выходзіць чатыры разы на год.

Аднак пасля выхаду першага ж нумара выданне забаранілі за нібыта «беларускі нацыяналізм». Замест яго ў снежні таго ж года з’явілася «Полымя» — часопіс, назва якога з часам стала адным з сімвалаў беларускай літаратурнай перыёдыкі.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2887%29
Часопіс «Адраджэньне». Крыніца: nlb.by

У першыя дзесяць гадоў існавання ў выдання не было аднаго галоўнага рэдактара: ім кіравала калегія, у склад якой уваходзілі вядомыя беларускія пісьменнікі, у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас і Зміцер Жылуновіч.

У пэўным сэнсе гэта было адлюстраваннем тагачаснай літаратурнай сітуацыі, калі новая беларуская літаратура яшчэ фармавала ўласныя інстытуцыі, а яе найбольш значныя прадстаўнікі непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні культурнага асяроддзя.

Пазней часопіс на пэўны перыяд атрымаў назву «Полымя рэвалюцыі», але з часам вярнуўся да ранейшага, больш лаканічнага варыянту. За дзесяцігоддзі на яго старонках друкаваліся творы літаральна некалькіх пакаленняў беларускіх літаратараў.

Тут выходзілі творы Платона Галавача, Цішкі Гартнага і Кузьмы Чорнага, а пазней — Івана Мележа, Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанкі і многіх іншых аўтараў, без якіх немагчыма ўявіць гісторыю беларускай літаратуры XX стагоддзя.

Такім чынам, «Полымя» было не проста месцам, дзе публікаваліся ўжо прызнаныя пісьменнікі. Яно ўдзельнічала ў фармаванні самога літаратурнага канону, вызначала, якія творы траплялі да чытача, і захоўвала пераемнасць паміж рознымі пакаленнямі нацыянальнай літаратуры.

Сёння ад ранейшага маштабу застаецца перадусім інстытуцыйная спадчына. Часопіс выходзіць выключна па-беларуску і вызначае сябе як «праваднік дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры».

Яго заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдавецкае прадпрыемства «Мастацкая літаратура». У рэдакцыйную калегію ўваходзяць дваццаць чалавек, а галоўным рэдактарам з’яўляецца паэт Віктар Шніп.

Пры гэтым наклад выдання складае ўсяго 625 асобнікаў. Лічба, якая гаворыць сама за сябе. За амаль стагоддзе «Полымя» ператварылася з аднаго з цэнтраў нацыянальнага літаратурнага жыцця ў малатыражнае выданне, чыя гістарычная вага непараўнальна большая за яго сённяшнюю прысутнасць у грамадстве. А з 2027 года часопіс будзе выходзіць толькі чатыры разы на год.

«Літаратура і мастацтва» (1932)

Першы нумар літаратурнага тыднёвіка «Літаратура і мастацтва», вядомага таксама як «ЛіМ», пабачыў свет у Менску 26 лютага 1932 года. Першым галоўным рэдактарам стаў крытык і публіцыст Хацкель Дунец.

З’яўленне газеты было звязанае з маштабнай перабудовай савецкага культурнага жыцця. На пачатку 1930-х гадоў сталінскі рэжым паслядоўна падпарадкоўваў сабе літаратуру і мастацтва, ліквідаваў незалежныя творчыя аб’яднанні і ствараў цэнтралізаваную сістэму кіравання культурай.

Фарміраваліся пісьменніцкія саюзы, арганізаваныя супольнасці мастакоў і кінематаграфістаў, а кожная сфера творчасці атрымлівала ўласныя афіцыйныя інстытуцыі.

Газета «Літаратура і мастацтва» стала адным з інструментаў гэтай сістэмы. Яе прызначэннем было не толькі асвятленне культурных падзей, але і фармаванне патрэбнага ўладам уяўлення пра літаратурны працэс.

Газета павінна была адначасова аб’ядноўваць творчую супольнасць і кантраляваць яе, падтрымліваць адны мастацкія тэндэнцыі і асуджаць іншыя.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2888%29
Тытульны ліст газеты «Літаратура і мастацтва» за 12 верасня 2014 года. Фота: be.wikipedia.org

За больш чым дзевяноста гадоў выданне сапраўды стала своеасаблівым люстэркам беларускага культурнага жыцця — з усімі яго дасягненнямі, супярэчнасцямі і трагедыямі. Яно змянялася разам з палітычнымі эпохамі, хваліла і выкрывала, падтрымлівала афіцыйную ідэалогію і ўдзельнічала ў кампаніях супраць нязручных аўтараў. Перажывала перыяды заняпаду і адноснага ўздыму.

Аднак зводзіць гісторыю «ЛіМа» выключна да яго ідэалагічнай функцыі было б несправядліва. Часам нават у межах афіцыйнага выдання адбываліся падзеі, якія мелі значэнне, нашмат большае за звычайную літаратурную хроніку.

Так здарылася ў 1988 годзе, калі на старонках газеты быў апублікаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Гэтая публікацыя стала адной з ключавых падзей у вяртанні грамадству праўды пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2889%29

Пра рэпрэсіі ведалі і раней, але маштаб трагедыі, яе канкрэтныя абставіны і месца ў нацыянальнай гісторыі заставаліся для шырокай аўдыторыі не да канца зразумелымі.

Артыкул прымусіў грамадства па-новаму паглядзець на мінулае, а паведамленне пра масавыя пахаванні ахвяр сталінізму выклікала моцны рэзананс як у дзяржаўных колах, так і сярод праціўнікаў камуністычнага рэжыму.

Асаблівае значэнне мела тое, што матэрыял з’явіўся менавіта ў афіцыйнай савецкай газеце. Выданне, якое на працягу дзесяцігоддзяў існавала ў сістэме дзяржаўнага кантролю над культурай, стала пляцоўкай для публікацыі, што падважвала адзін з найважнейшых міфаў гэтай сістэмы.

На той час галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва» быў паэт Анатоль Вярцінскі, які памёр у 2022 годзе.

У гісторыі газеты гэты эпізод застаецца асабліва важным. Ён нагадвае, што нават унутры афіцыйных культурных інстытуцый часам знаходзіліся людзі, здольныя выкарыстоўваць наяўныя магчымасці для вяртання гістарычнай праўды.

Цяпер «ЛіМ» страчвае статус самастойнага выдання. Газета, якая перажыла сталінізм, адлігу, застой, перабудову і першыя дзесяцігоддзі незалежнасці Беларусі, з 2027 года стане дадаткам да «Звязды».

І гэта, магчыма, найбольш выразны сімвал цяперашніх зменаў: гісторыя выдання працягнецца фармальна, але яго самастойнае месца ў культурным жыцці краіны апынецца пад пытаннем.

«Маладосць» (1953)

Калі «Полымя» было адным з галоўных сімвалаў беларускай літаратуры міжваеннага часу, то «Маладосць», заснаваная ў 1953 годзе, стала важнай з’явай ужо ў пасляваеннай савецкай культуры.

Часопіс ствараўся ў межах афіцыйнай сістэмы: яго дзейнасць была цесна звязаная з ЦК камсамолу і Саюзам пісьменнікаў БССР. Але гэта не перашкаджала яму выконваць значна больш складаную ролю, чым простае абслугоўванне партыйнай палітыкі.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2890%29
Вокладка часопіса «Маладосць», № 1, 1957

У пэўным сэнсе «Маладосць» працягвала традыцыю часопіса «Маладняк», які выходзіў у 1923–1932 гадах і быў звязаны з аднайменным літаратурным аб’яднаннем. Абодва выданні арыентаваліся на маладых аўтараў, на тых, хто толькі ўваходзіў у літаратуру і шукаў у ёй уласнае месца.

Аднак за знешнім падабенствам стаялі розныя эпохі. Бо «Маладняк» узнік у час станаўлення новай беларускай літаратуры, калі першыя літаратурныя групоўкі яшчэ толькі з’яўляліся, а потым пачыналі змаганне за ўвасабленне ўласных эстэтычных прынцыпаў.

У сваю чаргу «Маладосць» пачала выходзіць ужо ў перыяд, калі літаратурны працэс быў значна больш жорстка падпарадкаваны патрабаванням сацыялістычнага рэалізму.

Тым не менш часопіс не стаў цалкам прадказальным выданнем. Яго гісторыя паказвае, што нават у афіцыйнай культурнай сістэме публікацыя аднаго твора магла ператварыцца ў канфлікт паміж літаратурнай супольнасцю і ўладай.

Першы галоўны рэдактар «Маладосці» Аляксей Кулакоўскі займаў гэту пасаду цягам 5 гадоў ад моманту заснавання часопіса. У траўні 1958 года на старонках «Маладосці» была надрукавана ягоная аповесць «Дабрасельцы», якая істотна разыходзілася з прынятымі канонамі сацыялістычнага рэалізму.

Замест ідэалізаванай карціны савецкай вёскі аўтар паказаў жыццё, у якім было значна больш супярэчнасцяў, праблем і непрыемных для афіцыйнай ідэалогіі рэалій.

Гэтая публікацыя выклікала незадаволенасць савецкага кіраўніцтва. Масла ў агонь падліў той факт, што твор нейкім чынам трапіў на Захад, дзе атрымаў высокую ацэнку ў колах беларускай паваеннай эміграцыі.

У выніку Аляксея Кулакоўскага вызвалілі ад пасады галоўнага рэдактара. А рэдакцыі давялося апраўдвацца перад чытачамі і запэўніваць іх і партыйнае начальства, што аповесць была надрукаваная рэдактарам фактычна аднаасобна, без удзелу іншых супрацоўнікаў.

Сам гэты эпізод красамоўна сведчыць пра механізмы савецкага культурнага кантролю, калі адказнасць за твор магла абярнуцца прафесійнай катастрофай, а калектыўная пазіцыя рэдакцыі — спробай дыстанцыявацца ад аўтараў непажаданых публікацыі.

Наступным галоўным рэдактарам стаў паэт Пімен Панчанка. Але і ягоная гісторыя на гэтай пасадзе склалася падобным чынам.

У 1965 годзе «Маладосць» апублікавала аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць». Твор прапаноўваў далёкую ад парадных схем карціну вайны і ставіў пад сумнеў звыклыя спосабы яе літаратурнага адлюстравання.

У аснове аповесці ляжала рэальная гісторыя, аднак і гэта не ўратавала яе ад крытыкі. Публікацыя выклікала незадаволенасць, а Панчанка ў выніку таксама страціў пасаду галоўнага рэдактара.

Дзве гісторыі, падзеленыя некалькімі гадамі, але аб’яднаныя адной логікай: у савецкай літаратуры было недастаткова быць таленавітым пісьменнікам. Трэба было яшчэ ўлічваць, якія мэсэджы можна выносіць на старонкі афіцыйнага выдання, а якія могуць стаць падставай для палітычнага скандалу.

Аднак менавіта дзякуючы працы такіх рэдактараў і аўтараў «Маладосць» змагла застацца не толькі ідэалагічным інструментам, але і сапраўднай літаратурнай пляцоўкай. Бо тут друкаваліся творы Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча і іншых аўтараў, якія істотна паўплывалі на развіццё беларускай літаратуры.

%d0%9d%d0%be%d0%b2%d1%8b%d0%b9 %d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b5%d0%ba%d1%82 %2891%29
Вокладка часопіса «Маладосць» за студзень 2023 года. Фота: Вікіпедыя

Канец эпохі?

Гісторыі трох выданняў паказваюць, наколькі складанымі маглі быць адносіны паміж беларускай літаратурнай супольнасцю і дзяржаўнай сістэмай нават у часы, калі тая кантралявала практычна ўсе механізмы культурнага жыцця.

Так, «Полымя» перажыло змену палітычных эпох і стала сведкам фармавання нацыянальнага літаратурнага канону. Газета «Літаратура і мастацтва» з афіцыйнага органа творчай інтэлігенцыі з часам ператваралася ў пляцоўку для публікацый, што змянялі грамадскае ўяўленне пра мінулае. А «Маладосць», створаная ў савецкіх умовах, дапамагала маладым аўтарам знаходзіць уласны голас, а чытачам — вяртаць забытыя старонкі беларускай гісторыі.

Вядома, гэтыя выданні не былі свабоднымі ад ідэалагічных абмежаванняў. Яны ўдзельнічалі ў дзяржаўнай культурнай палітыцы, а часам і самі станавіліся інструментамі ціску на літаратараў і дзеячаў культуры.

Але разам з тым яны захоўвалі прафесійныя традыцыі, падтрымлівалі літаратурную пераемнасць і давалі магчымасць друкаваць творы, якія перажывалі сваю эпоху. Цяпер іх будучыня выглядае значна больш сціпла.

Можна, вядома, запярэчыць, што ў эпоху інтэрнэту і сацыяльных сетак друкаваная перыёдыка ўжо не мае таго значэння, якое мела яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Аднак літаратурны часопіс — гэта не толькі спосаб даставіць тэкст чытачу. Гэта інстытуцыя, якая адбірае творы, фармуе кантэкст, адкрывае новыя імёны, стварае прастору для прафесійнай размовы і захоўвае культурную памяць.

Калі такая інфраструктура слабее, яе нельга проста замяніць старонкай у сацыяльных сетках. Асабліва калі гаворка ідзе пра мову і літаратуру, для якіх магчымасці паўнавартаснага існавання ў публічнай прасторы і без таго абмежаваныя.

Найбольш горкая іронія ў тым, што нават у савецкі час, пры ўсіх рэпрэсіях, цэнзуры і ідэалагічным кантролі, гэтыя выданні маглі быць значна больш уплывовымі і жывымі, чым цяпер. Сёння ж яны паступова ператвараюцца ў цені саміх сябе. Такога, здаецца, не было нават за Саветамі.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
В мире
Сербский гостелеканал извинился перед зрителями за то, что много лет молчал, закрывал глаза и не задавал вопросов
Общество
Дрон-камикадзе атаковал грузовой поезд Гомель-Брянск, погиб машинист
Культура
«Такога не было нават за Саветамі». Як знікаюць літаратурныя выданні Беларусі
Политика
Шрайбман: «Рассыпалась философия обороны Беларуси. До сих пор она была в том, что Россия придет на помощь»
Новости Борисова
Три жителя Борисова совершили серию магазинных краж в Березино
Новости Борисова
«БЕЛДЖИ» планирует продать по итогам года 20 тыс. электромобилей и гибридов
Новости Борисова
Пенсионер из Бытчи умер после пожара в жилом доме
Спорт
Борисовский борец Кирилл Маскевич - чемпион мира!
Общество
В Беларуси планируют увеличить алименты. На сколько?
В мире
Россия потеряла одну «мягкую силу» в Европе. Вучич проиграл выборы в парламент
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
В мире
Сербский гостелеканал извинился перед зрителями за то, что много лет молчал, закрывал глаза и не задавал вопросов
Общество
Дрон-камикадзе атаковал грузовой поезд Гомель-Брянск, погиб машинист
Культура
«Такога не было нават за Саветамі». Як знікаюць літаратурныя выданні Беларусі
Политика
Шрайбман: «Рассыпалась философия обороны Беларуси. До сих пор она была в том, что Россия придет на помощь»
Новости Борисова
Три жителя Борисова совершили серию магазинных краж в Березино
Новости Борисова
«БЕЛДЖИ» планирует продать по итогам года 20 тыс. электромобилей и гибридов
Новости Борисова
Пенсионер из Бытчи умер после пожара в жилом доме
Спорт
Борисовский борец Кирилл Маскевич - чемпион мира!
Общество
В Беларуси планируют увеличить алименты. На сколько?
В мире
Россия потеряла одну «мягкую силу» в Европе. Вучич проиграл выборы в парламент
ВСЕ НОВОСТИ