На беларускай зямлі ён правёў толькі 9 гадоў свайго маленства, аднак дзіцячыя ўспаміны пра кагальны лад ў далёкай Расійскай імперыі не пакідалі бацьку амерыканскага радыё- і тэлевяшчання ўсё жыццё.
Нарадзіўся Давід 27 лютага 1891 года ва Узлянах, невялічкім мястэчку паміж Мінскам і Мар’інай Горкай. Там была вялікая габрэйская абшчына, але не было перспектыў; і таму ў 1896 годзе ён з маці Ліяй, двума братамі і сястрой пераехаў ў Барысаў, а бацька Абрам – у Злучаныя Штаты. У Барысаве Давід атрымаў пачатковую адукацыю: асновы Талмуда ён спасцігаў у хедэры пад пільным наглядам стрыечнага дзеда. Пра барысаўскі чатырохгадовы перыяд Сарнава (з 1896 па 1900 гады) вядома не так многа. Але ўжо тут хаваецца сакрэт яго паспяховасці: навуцы ён аддаваў 15 гадзін штодзень!
Нарэшце бацька назбіраў неабходныя грошы для пераезду сям’і за акеян. Давід пазней узгадваў, што першы час у Нью-Ёрку быў шокам для яго, аднак ён не загубіўся. Падлетак уладкаваўся вулічным гандляром газет – ніхто ў той час і ўявіць не мог, што ён стане заснавальнікам новых куды больш дзейсных сродкаў масавай інфармацыі, якія кардынальна зменяць жыццё чалавецтва ў ХХ стагоддзі!
Ужо у 13-гадовым ўзросце Давід валодаў уласным газетным шапікам, аднак яго вабіла іншае: у 1906 годзе ён уладкаваўся ў кампанію італьянца Марконі, якога на Захадзе лічаць заснавальнікам радыё, і пачаў грунтоўна вывучаць новую для сябе сферу. І аднойчы ён прачнуўся знакамітым.
Звыкла праслухоўваючы эфір, Давід Сарнаў 14 красавіка 1912 года злавіў сігнал з тонучага “Тытаніка”. Напрацягу трох дзён радыётэлеграфіст падтрымліваў сувязь з караблём і стаў галоўным інфарматарам ратавальнай кампаніі. Менавіта ў гэтыя дні стала зразумелым каштоўнасць вынаходніцтва радыёсувязі, і пачаўся ўзлёт амбітнага маладзёна.
Уступленне ў Першую сусветную вайну Злучаных Штатаў паскорыла стварэнне дзяржаўнай радыёвяшчальнай сеткі. Камерцыйны дырэктар Радыёкарпарацыі Амерыкі Давід Сарнаў яшчэ не быў тады на першых ролях, аднак была заўважна яго апантанасць справай, таму Вудра Вільсан прызначыў яго сваім памочнікам. Прэзідэнты змяняліся, але Сарнаў заставаўся – ён быў дарадцам і наступных дзевяці прэзідэнтаў, ажно да Рычарда Ніксана.
Пачаткова радыёхвалі выкарыстоўвалі выключна для камунікацыі паміж асобнымі людзьмі ў якасці бездротавага телеграфа. І тут Давіду Сарнаву прыходзіць у галаву думка пра хатнюю радыёмузычную скрыню, якая б прымала сігнал з адной крыніцы. У 1921 г. праз удалую рэкламную кампанію ў Злучаных Штатах пачынаецца эра радыё (у Савецкі Саюз пастаяннае радыёвяшчанне прыходзіць толькі ў 1924 г.). Менавіта Давіду Сарнаву належаць ідэі трансляваць па радыё музыку, спартыўныя спаборніцтвы, ранішнюю гімнастыку і прэзідэнцкія дэбаты. У 1923 г. у Амерыцы працуюць ужо больш за 500 радыёстанцый і 2,5 мільёны радыёпрыёмнікаў, а Сарнаў заяўляе пра новы рубеж – пра тэлебачанне!
У крызісным 1930 годзе Давід Сарнаў, які напрацягу папярэдніх гадоў быў генератарам ідэй Радыёкампаніі Амерыкі, становіцца яе прэзідэнтам. Уклад яго кампаніі быў значным ў наладжванні рэгулярнага тэлевяшчання ў Злучаных Штатах ў 1939 г., але на той час тэлевізар быў вялікай рэдкасцю для простай амерыканскай сям’і: зорны час тэлебачання прыйдзе толькі пасля Другой сусветнай …
У гады вайны менавіта Давід Сарнаў кіруе радыёпадтрымкай грандыёзнай аперацыі па адкрыцці другога фронта ў Нармандыі. За ваенныя заслугі Давід атрымаў званне брыгаднага генерала. Вайна скончылася, аднак пасля яе ў ЗША з’явіўся новы вораг – Савецкі Саюз, і Сарнаў уключаецца ў новую барацьбу, з’яўляецца адным з ініцыятараў радыёвяшчання “Голаса Амерыкі” на сацкраіны ў 1947 г., а пазней і “Радыё Свабоды”.
У Злучаных Штатах пасля ажыццяўлення сваёй мары – каляровага тэлевяшчання ў ЗША, Давід паступова адыходзіць ад мэнэджарскіх спраў, аднак да апошняга імкнецца зазірнуць у будучыню: вывучае магчымасці для спадарожнікавага тэлебачання. Толькі смерць у 80-гадовым узроўні перарвала зорны шлях беларускага амерыканца.
Давід Сарнаў дагэтуль трапляе ў энцыклапедыі як адзін з найвялікшых яўрэяў і бізнэсмэнаў у гісторыі.
Добро пожаловать в реальность!