У праграме «Карані праблемаў» палітык Зянон Пазьняк выказаў меркаванне на актуальныя тэмы.
Пра рэпрэсіі
Рэпрэсіі будуць працягвацца, пакуль існуе рэжым. І ён не спыніцца. Цяпер гэта метад яго існавання. Калі рэжым спыніцца ў рэпрэсіях, то страціць вагу. Рэпрэсіі могуць быць трошкі аслабленыя на пэўным этапе, бо яму таксама трэба выжываць у гэтай сітуацыі. Але самі па сабе яны не спыняцца. Вось у гэтым бяда.
Пераломны момант будзе, калі развяжацца пытанне вайны Расеі і Украіны. А пакуль вайна трывае, пераломнага моманту не будзе. Могуць быць толькі новыя палітычныя выбухі з вонкавых прычынаў. Я маю на ўвазе, што нават калі б Лукашэнка і спрабаваў навязаць кантакты з Захадам, усё залежыць ад таго, ці Захад захоча гэтыя кантакты прыняць. Цяпер з’яўляюцца такія сігналы з ЗША. У іх ёсць свае карэктывы. І яны будуць важныя для Беларусі, для беларускага народу. Яны будуць важныя для захавання нашай незалежнасці. І, канечне, будуць важныя для Лукашэнкі – для ўмацавання ягонай улады, для ягонай дэмагогіі, што яго «прызналі». Але гэта не прызнанне, гэта палітыка, якую ЗША дасканала ведаюць. Бо ў Амерыкі ёсць досвед дыпламатыі з дыктатарскімі рэжымамі.
Так што тут могуць быць пэўныя адступленні. Але яшчэ раз: рэпрэсіі не спыняцца.
Пра санкцыі
Такое становішча, што мы можам страціць сваю дзяржаву. Незалежнасць у нас вісіць на валаску. І калі будзе страчаная дзяржава, то ўжо ні пра якую дэмакратыю гаварыць не будзе патрэбы. Таму вайна дыктуе свае прыярытэты. І вось галоўны прыярытэт цяпер – спыніць санкцыі, якія душаць народ. На рэжым гэта мала ўплывае. Увогуле нідзе не было прыкладаў, каб санкцыі зламалі рэжым. Яны даводзяць народ да галечы. Вось Куба, напрыклад: народ давялі да галечы, а Фідэль Кастра спакойна сябе адчуваў. Тое самае з Карэяй і гэтак далей.
Санкцыі – гэта, па-першае, перадзел рынкаў. А што атрымалі мы? Усё знішчана. Знішчаныя ўсе рынкі. А калі будзе вольная Беларусь, вярнуць рынкі назад – гэта можа заняць гады, а можа, і ўвогуле не атрымаецца. Гэта элементарная эканамічная рэч. І засталася толькі адна дзірка – адна Расея, да якой усё прывязана. Таму незалежнасць нашая пад вялікаю пагрозай. І найбольш гэтаму паспрыялі эканамічныя санкцыі супраць народу.
Таму павінна быць зусім іншая палітыка. Лукашэнку, пакуль ідзе вайна, трэба адцягваць ад Расеі. Гэта тактыка, гэтага патрабуе стратэгія вайны. Апроч таго, трэба адкрыць магчымасці для беларусаў мець зносіны з Еўропаю. Каб быў транспарт, каб хадзіў цягнік, каб працавала «Белавія». Гэта ўсё будзе адцягваць грамадства ў бок Еўропы, далей ад Расеі. Гэта карысная, вартая палітыка.
Але пакуль быў Байдэн, мы разумелі, што на ніякія крокі ён не пайшоў бы. Цяпер з’явіўся Трамп. І мы пастаянна пра гэта кажам – не таму, што Трамп нас слухае, а таму, што гэта была ягоная палітыка яшчэ ў 2016 годзе. Ён гэта разумеў. Ён прыслаў сюды сваіх дыпламатаў. Яны сустракаліся. Гэтая палітыка была пачатая, а потым у 2020 годзе яна спынілася. Мы гэта добра памятаем. А цяпер яна аднаўляецца.
Чаму аднаўляецца? Мы выказвалі ўсе тэзісы, чаму гэта патрэбна. Трамп перш за ўсё бізнесовец. Ён бачыць глабальны свет як адсутнасць вайны і мірны гандаль паміж краінамі з узаемнаю выгадаю. Вельмі важна, каб Трамп бачыў пэўную бізнесовую выгаду. Таму мы і гаворым пра тое, каб Амерыка была зацікаўленая ў інвестыцыях у Беларусь. Гэта і калійная соль, і іншыя рэсурсы. Усё гэта будзе залежаць ад Лукашэнкі. Але Лукашэнка не самастойны – ён залежыць ад таго, колькі Пуцін дасць яму волі. Трэба спыніць эканамічныя санкцыі і даць магчымасць выцягваць беларускае грамадства з-пад уплыву Расеі. І цяпер надыходзіць вельмі важны момант, пра які мала гаворыцца. Бо гэта момант стратэгічны. Той, хто кантралюе і ўплывае на тэрыторыю Беларусі, валодае бяспекай у Еўропе.
Гэта найважнейшы стратэгічны плацдарм. Калі гэта не будзе вырашана, калі Беларусь застанецца пад Пуціным, калі расейцы захочуць выйсці да Бугу, то ні ў Еўропе, ні ва Украіне не будзе міру.
Пра перамовы ў Менску
Для нас гэта вельмі важна, бо гэта дае магчымасць пацвердзіць нашую палітычную суб’ектнасць. На сёння нам балюча і страшна, бо пра Беларусь амаль ніхто не гаворыць. Трэба перастрахавацца ад анексіі.
Таму мы казалі: калі будуць мірныя перамовы, дык лепей было б правесці іх у Менску. Для Лукашэнкі гэта, канечне, бальзам на сэрца. Але для нас гэта сцвярджэнне суб’ектнасці. Гэта магчымасць падкрэсліць непарушнасць усходніх межаў.
Мы суб’ект толькі тады, калі здолеем захаваць сваю дзяржаву. Таму трэба думаць найперш пра гэта. Будзе дзяржава – будзе і дэмакратыя. Не будзе дзяржавы – не будзе нічога. Не будзе і нацыі. Гэта элементарная ісціна.Гэты стратэгічны аспект найважнейшы. Лукашэнка хоча атрымаць большае поле для манеўру, каб захаваць сваю ўладу. Мы павінны на гэта ісці, бо тут супадаюць нацыянальныя інтарэсы. Нам трэба захаваць дзяржаву.
Лукашэнка, захоўваючы сваю ўладу, хоча захаваць і суверэнітэт.
Вось гэта – часовая з’ява супадзення інтарэсаў. У палітычнай гісторыі, відаць, бываюць такія з’явы.
Пра амерыканскую дыпламатыю
Хто цяпер галоўны вораг рэжыму Лукашэнкі? Гэта «русский мир», які выкарыстоўвае Пуцін, а Лукашэнка праводзіць палітыку «русского мира» ў Беларусі. Уся арганізацыя – расейская супраца – знішчаюць усё беларускае. Гэты «русский мир» і ёсць галоўны вораг Лукашэнкі. Калі яны праз Лукашэнку знішчаць усё беларускае, яго адразу прыбяруць.
Што мы прапануем і падтрымліваем? Мы прапануем і падтрымліваем, каб трэцяю сілай у Беларусі былі Злучаныя Штаты Амерыкі – дэмакратычная Амерыка. Гэта будзе падтрыманне нашай будучай нацыянальнай сілы. Мы можам, абапіраючыся на Амерыку, вызваляцца. Ні Кітай, ні Расея не дадуць нам гэтага ў будучыні.
Трэба разумець, што стратэгія, якая пачала праводзіцца Амерыкаю, павінна падтрымлівацца беларускаю нацыянальнаю сілаю. Не бойцеся, што Лукашэнку будуць называць прэзідэнтам ці вялікім. Гэта ўсё дыпламатыя. Тое, што Трамп будзе казаць пра «добрага прэзідэнта», – гэта толькі словы, дыпламатыя. Паўтараю: вайна ідзе, і цяпер іншыя крытэры. Гэта вайна на выжыванне – украінскай і беларускай нацыяў. Лукашэнка тут не галоўны. Падтрымка і арыентацыя павінны быць на ЗША.
Пуцін і Расея слабеюць, і калі ў Беларусі будуць добрыя амерыканскія дыпламаты, Лукашэнка можа перамясціцца на іншы бок. Трэба разумець: калі ЗША ўваходзяць у Беларусь, гэта правільная палітыка, і мы павінны яе падтрымліваць. Для Лукашэнкі яна часовая, але выгадная.
Зянон Пазняк для belsat.eu
Добро пожаловать в реальность!