Сутыкнуўшыся з тым, што ў беларускім небе ўсё часьцей зьяўляюцца расейскія бесьпілётнікі, якія зьбіліся з курсу, улады вырашылі выкарыстоўваць тактыку замоўчваньня інфармацыі пра гэтыя інцыдэнты, якія разбураюць ідэалягічны канструкт пра тое, што Лукашэнка — гарант міру і мірнага неба, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч на "Свабодзе" .
7 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім дазволіў зьбіваць бесьпілётнікі ня толькі вайскоўцам, але і супрацоўнікам іншых ваенізаваных арганізацый, уключаючы органы пракуратуры, мытні, камітэту судовых экспэртыз і нават інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Сам факт прыняцьця такого ўказу сьведчыць пра надзвычайнасьць сытуацыі, у якой апынулася краіна.
Пачынаючы зь ліпеня, расейскія «шахэды» рэгулярна лётаюць над тэрыторыяй Беларусі. Апошні раз чатыры бесьпілётнікі заляцелі ў ноч з 6 на 7 кастрычніка. Іх зьбіваюць, яны падаюць на населеныя пункты, нават на гарады, у прыватнасьці на Гомель. У ноч на 3 кастрычніка дрон іранскай вытворчасьці ўпаў у Калінкавічах Гомельскай вобласьці. Быў выпадак, калі адзін беспілётнік праляцеў праз усю краіну і прызямліўся ў Латвіі.
І тут зьвяртае на сябе ўвагу рэакцыя ўладаў. Калі казаць коратка, то яны імкнуцца не афішаваць гэтыя здарэньні, не акцэнтаваць на іх увагі. І гэта вельмі адметна.
Лукашэнка ня раз запэўніваў: як толькі нейкія вонкавыя вайсковыя сілы паспрабуюць перасекчы беларускую мяжу ў любым выглядзе, удар у адказ будзе моцны, рашучы, вораг будзе разгромлены, перамога будзе за намі. Тым больш што за плячыма стаіць магутны саюзьнік, Расея, а цяпер яшчэ ў распараджэньні Менску нібыта ёсьць і ядзерная зброя.
І вось здарылася якраз тое, пра што нібыта папярэджваў Лукашэнка. Замежныя дроны, начыненыя выбухоўкай, рэгулярна залятаюць на тэрыторыю Беларусі. І, здавалася б, варта чакаць абяцаныя крокі ў адказ. Так, гэтыя дроны зьбіваюць, хоць далёка ня ўсе. Але робяць гэта ціха, каб не прыцягваць залішняй увагі. Няма ніякіх абяцаных рашучых крокаў у адказ.
Чаму так? Бо сытуацыя для беларускіх уладаў непрыемная зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, разбураецца ідэалягічны канструкт, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, а Лукашэнка — гарант міру, мірнага неба. Дроны над тэрыторыяй Беларусі сьведчаць пра тое, што вайна прыйшла сюды, і Лукашэнка нічога ня можа гарантаваць.
Другі момант. Небясьпека прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў — з Расеі. Галоўны хаўрусьнік, як выяўляецца, стаў пагрозай.
Таму беларускія ўлады ўзялі на ўзбраеньне тактыку мінімізацыі інфармацыі пра расейскія дроны, якія ўкраінцы перанакіроўваюць, выкарыстоўваючы сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Пра гэта апавядаў сам Лукашэнка падчас размовы з працаўнікамі аграгарадка Парахонск Пінскага раёну 4 кастрычніка:
«У Беларусі сталі вырашаць гэтыя пытаньні на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле. Такія дамоўленасьці былі дасягнуты і з абодвума бакамі (з Расеяй і Ўкраінай. — Аўт.)... Таму мы на гэта рэагуем, як адмыслоўцы, рэагуем моўчкі».
Варта зьвярнуць увагу, што Лукашэнка расказваў пра дроны, адказваючы на пытаньне жыхароў аграгарадка. Але тое, як было зададзенае пытаньне, сьведчыць пра рэжысуру ўсёй гэтай дзеі. У Лукашэнкі спыталі пра інфармацыю ў СМІ, што два бесьпілётнікі зьявіліся ў паветранай прасторы Беларусі адначасова зь ягоным верталётам. І, маўляў, ці магло гэта паведамленьне быць наўмыснай спробай стварыць напружаньне, настроіць беларусаў супраць расейцаў або ўкраінцаў?
Лукашэнку не зьдзівіла, што жыхары аграгарадка чытаюць «экстрэмісцкія» СМІ (бо толькі там было такое паведамленьне). Але тут у самім пытаньні «сьвядомы» грамадзянін назваў варожай правакацыяй ня сам факт зьяўленьня ў беларускім небе замежных дронаў, а інфармацыю пра іх! Маўляў, менавіта паведамленьне пра бесьпілётнікі стварае напружаньне, а не самі «шахэды».
Тая ж лёгіка віідаць і ў інфармацыі БелТА пра затрыманьне жыхаркі Калінкавічаў за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі. Яна падазраецца ў тым, што зрабіла відэа пра падзеньне дрона, якое зьявілася ў мясцовых чатах.
То бок гэтая лёгіка грунтуецца на тым, каб непрыемную інфармацыю замоўчваць. А калі і даваць, то ў выглядзе «выкрыцьця» інтрыгаў ворагаў.
Але сама праблема ад гэтага нікуды ня дзенецца. Мяркуючы па ўсім, выпадкі зьяўленьня расейскіх дронаў у паветранай прасторы Беларусі становяцца ўсё больш частымі. Адпаведны ўказ Лукашэнкі толькі пацьвярджае гэта. І ўладам давядзецца чым далей, тым больш хавацца ад рэальнасьці.
Добро пожаловать в реальность!