Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка падпісаў указ аб парадку спынення палётаў авіямадэляў і беспілотных лятальных апаратаў. У параўнанні з ранейшай рэдакцыяй 2019 года, пашыраныя магчымасці збіваць не толькі БПЛА, але любыя транпартныя сродкі, кіраванне якімі ажыццяўляецца дыстанцыйна, піша Салiдарнасць.
Калі раней права прымяняць «фізічную сілу, спецсродкі, зброю, баявую і спецтэхніку» мелі толькі вайскоўцы, то цяпер, як падкрэсліла прэс-служба правіцеля, тое самае змогуць рабіць супрацоўнікі і службовыя асобы іншых ваенізаваных устаноў. У прыватнасці, пракуратуры, Следчага камітэта, мытні, МНС, ДФР і нават інспектары аховы расліннага і жывёльнага свету.
А на мінулым тыдні, выступаючы перад жыхарамі аграгарадка Парахонск Пінскага раёна, правіцель заявіў, што Беларусь збівае «многа беспілотнікаў», не разбіраючыся, чые яны. Праўда, афіцыйна паведамлялася пра збіццё лічаных адзінак лятальных апаратаў, іншых выпадкаў улады нібыта «не заўважаюць» — затое сілавікі паказальна затрымалі жыхарку Калінкавічаў, якая зняла на відэа падзенне дрона.
Дзеля чаго Лукашэнка публічна заяўляе пра збіццё беспілотнікаў і пашырае магчымасці барацьбы з імі, Филин абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам.
— Пры дастаткова багатай фантазіі можна ўявіць, як пракуроры бадзёра спыняюць БПЛА «фізічнай сілай», але пакуль гэта ўспрымаецца, як маштабная беганіна з аўтаматам без ражка. Чаму і для чаго Лукашэнка робіць такія захады, ці на ўнутраную аўдыторыю працуе, ці на расійскую?
— З аднаго боку, калі мы гаворым пра барацьбу з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, то гэта спроба паглядзець, што робяць па суседстве, і перакласці на беларускія рэаліі — так, як Лукашэнка гэта разумее.
Аналітык нагадвае: у Расіі яшчэ некалькі месяцаў таму на ўзроўні Пуціна было дазволена сілавікам, ведамаснай і прыватнай ахове «спыняць рух» БПЛА. Фактычна, гэтым законам Крэмль даў зразумець, што ахова нафтабазаў і іншых аб’ектаў — клопат уласнікаў бізнесу.
Ва Украіне спрабавалі пайсці гэтым жа самым шляхам — і калі былі першыя атакі расійскіх беспілотнікаў, нават паліцыя спрабавала іх збіць з аўтаматычнай зброі.
— Са звычайнага аўтамата гэта не так лёгка робіцца, дарэчы, — заўважае Ігар Тышкевіч. — Я сказаў бы, што амаль немагчыма.
Потым стварылі так званыя мабільныя агнявыя групы (гэта не тэрытарыяльная абарона, а мабільныя групы пры мясцовым самакіраванні, так званых тэрытарыяльных грамадах). Яны маюць буйнакаліберныя кулямёты, і калі ідзе паветраная атака, я ведаю, жывучы пад Кіевам, што гэтыя мабільныя групы выязджаюць і працуюць. Менавіта іх праца дазваляе знішчаць пару дзясяткаў адсоткаў БПЛА, пры ўмове, што вайскоўцы паведамляюць пра накірунак атакі, балазе, гэтая сістэма сувязі наладжана.
Вось і Лукашэнка спрабуе згуляць у тую ж самую гульню — але ці то з-за браку інфармацыі, ці то з-за браку разумення гэта вылілася ў такія фармулёўкі, быццам выйдзе пракурор і будзе з пісталета «гасіць» беспілотнікі.
— Можа яшчэ прымяніць фізічную сілу, не забывайцеся.
— На гэта я хацеў бы паглядзець, але з бяспечнай адлегласці — таму што халера ведае, куды ён пацэліць. Але агулам гэта, канешне, камічна.
І разам з тым гэта паказвае, што недзе нешта беларускія ўлады чулі, і таму кажуць прыкладна тое ж самае.
Другі момант, які трэба ўлічваць, звязаны са спецыфікай прымянення БПЛА. Беспілотнік — штука адносна танная, таму іх не збіваюць альбо адносна мала збіваюць зенітнымі ракетамі, бо ракеты каштуюць даражэй за беспілотнікі. Адпаведна, калі гэты апарат ляціць удалечыні ад жыццёва важных інфраструктурных аб’ектаў, то траціць на яго зенітныя ракеты — можна, але, груба кажучы, тады ніякіх ракет не хопіць.
Тыповы прыклад. Цяпер штодня Расія і Украіна абменьваюцца атакамі беспілотнікаў, прыблізна па 200 апаратаў. Натуральна, такога запасу ракет для іх збіцця не будзе. Таму, як паказвае ўкраінскі досвед, мабільныя агнявыя групы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, тыя ж дроны — гэта дае больш плён.
І Беларусі сістэму эшэланаванай, і не толькі вайсковай, супрацьпаветранай абароны, так ці інакш выпрацоўваць давядзецца. Таму што станам на сёння беспілотнікі збіваюць з самалётаў — але ж падлічыце кошт падняцця самалёта ў паветра, кошт патрулявання і кошт авіяцыйнай ракеты «паветра—паветра». Вельмі дорага выходзіць.
Ёсць досвед «палявання» на БПЛА з верталётаў і лёгкаматорнай авіяцыі — і гэта было б найбольш лагічна, але ў Беларусі, наколькі я разумею, з гэтым пакуль што глуха.
Зрэшты, дадае аналітык, ёсць у дзеяннях беларускай улады і гульня на ўнутранае поле — маўляў, «бачым, збіваем і далей будзем».
— Лепш за ўсё ў беларускіх уладаў атрымліваецца «не заўважаць» беспілотнікі — і адпаведна, не рэагаваць ніяк. На вашу думку, гэта асэнсаваныя паводзіны, альбо яны пакуль што не вызначыліся са стратэгіяй?
— Шчыра кажучы, палітычнай заявы пра тое, што ў Беларусі збіваюць беспілотнікі і з аднаго, і з другога боку (расійскага і ўкраінскага — Ф), я чакаў крыху пазней. Бо гэта і дэманстрацыя сваёй быццам бы нейтральнасці, і эфектыўнасці дзяржавы, яна была б дарэчы бліжэй да Новага года, да дня выбараў.
Але ў Беларусі вырашылі крыху прыспешыць час. Наступным этапам мусіла быць заява, што беларускія вайскоўцы збіваюць у тым ліку расейскія беспілотнікі — дэ-факта, не заявай, але прызнаннем, гэта прагучала цяпер.
А калі ты ўжо зрабіў такія заявы, то і далей фактычна мусіць працягвацца дэманстрацыя быццам бы нейтральнасці: усё, што да нас залятае, мы збіваем, трымаючыся ў баку ад самога канфлікту.
Мяркую, што такая падкрэслена палітычная заява прагучыць, і будзе яна бліжэй да таго часу, калі стане бачна, ці пачнуцца, і калі, у якім фармаце, кансультацыі па мірных перамовах ва Украіне.
Для Лукашэнкі крытычна важна нейкім чынам калі не наводзіць масткі, то працаваць і на ўкраінскага спажыўца інфармацыі, пераканаць, што не такі Лукашэнка страшны, — і крытычна важна быць у схеме будучай дамоўленасці, а далей у схеме гандлю з Украінай.
Тут банальны разлік: вось у нас расце прамысловасць, але скончыцца вайна — ці будуць у тых жа самых аб’ёмах замовы ад расейскага ВПК? Далей, у Расіі паціху скарачаюцца, калі браць прагназаваны бюджэт на іншы год, бюджэт на сацыяльныя і іншыя выдаткі. Гэта азначае менш замоваў ад суб’ектаў федэрацыі. Далей, калі вайна сканчваецца ці прыпыняецца, і гэта суправаджаецца паслабленнем часткі санкцый супраць РФ — зразумела, што пойдуць на міжнародны рынак ужо не беларускія тавары.
Але ў такім выпадку ёсць вельмі «тлусты» рынак, за які хочацца зачапіцца, і Лукашэнка пра гэта сказаў — аднаўленне Украіны. Уявіце, колькі тут будаваць! Таму зараз на гэтым накірунку праца будзе вельмі актыўная.
Добро пожаловать в реальность!