Общество

Былы дыплямат Павал Сьлюнькін: Я скептычна гляджу на пэрспэктыву прызнаньня пашпартоў "Новай Беларусі"

"З фармальнага пункту гледжаньня гэты дакумэнт ня будзе беларускім".

Общество www.svaboda.org
0

Прадстаўнік па міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў у Варшаве ў рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарта «Новай Беларусі».

Photo 2023 08 06 15 21 52 %282%29

Photo 2023 08 06 15 21 52

«Мы цяпер вядзем перамовы аб прызнаньні гэтага дакумэнту. Ёсьць пэўныя пазытыўныя сыгналы», — паведаміў Кавалеўскі. «Гэты праект робіцца ўпершыню. Раней ніводная нацыянальная грамада не рабіла падобнага», — дадаў ён.

Пэрспэктывы прызнаньня пашпартоў «Новай Беларусі» Свабода папрасіла пракамэнтаваць экспэрта Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах, былога дыплямата Паўла Сьлюнькіна.

— Я чуў інфармацыю аб тым, што нібыта сырыйскім уцекачам выдавалі нейкія падобныя дакумэнты. Самі прадстаўнікі кабінэту кажуць, што гэта ўнікальны выпадак, што такога раней не было. Але тады гэта гульня ў імавернасьць. Калі ні ў каго раней гэта не атрымлівалася, то, магчыма, шанцы на посьпех невялікія. Беларуская сытуацыя ўсё ж не ўнікальная. Шмат крызісаў здаралася ў іншых рэгіёнах сьвету, шмат зь якіх краінаў людзі беглі і шмат хто зь іх быў пазбаўлены магчымасьці бясьпечна вярнуцца, каб вырашаць прававыя пытаньні. І калі такаго не было, а ў Кабінэта атрымаецца, то гэта будзе беспрэцэдэнтны выпадак.

Я гляджу на такую пэрспэктыву скептычна, бо я гляджу на гэта, як былы дзяржаўны службовец, уяўляючы сытуацыю, у якую трапяць у сувязі з гэтай ініцыятывай дзяржаўныя службоўцы ў краінах ЭЗ. Яны карыстаюцца мясцовым заканадаўствам, якое не адаптаванае пад такія выпадкі.

— Я так разумею, што яны таксама будуць шукаць прэцэдэнты.

— Так. Калі б прэцэдэнты былі, тады ўсё вырашаецца прасьцей. Але іх альбо не было, альбо яны таксама былі ўнікальныя. Прызнаньне такога дакумэнту патрабуе зьмены мясцовага заканадаўства, патрабуе адаптацыі базаў дадзеных. Трэба вызначыць, гэта будзе проста праяздны дакумэнт — travel document — ці ён можа выкарыстоўвацца яшчэ для нечага. Эўрапейская камісія ня можа прызнаць гэты дакумэнт, у яе на гэта няма паўнамоцтваў. Яны могуць прапанаваць краінам-чальцам ЭЗ прызнаць яго. І тут усё залежыць ад кожнай краіны — ці будзе ў іх жаданьне і гатоўнасьць гэта рабіць, колькі часу гэта зойме. Бо стварыць прэцэдэнт — гэта вялікая адказнасьць на будучыню, людзі зь іншых краінаў захочуць атрымаць тое самае.

— У мяне пытаньне наконт палітычнага вымярэньня гэтай ініцыятывы. Падыход заходніх краінаў да Сьвятланы Ціханоўскай і Кабінэту дваісты і двухсэнсоўны. Вось Кабінэт адкрыў прадстаўніцтва пры ЭЗ у Фляндрыі, Ціханоўскую запрашаюць на саміт краінаў Рады Эўропы. Ня кожная грамадзкая арганізацыя з кожнай краіны такое мае. Зь іншага боку, гэта і ня ёсьць адназначнае, недвухсэнсоўнае прызнаньне Ціханоўскай і АПК сувэрэннай, легітымнай уладай Рэспублікі Беларусь. Калі б такое прызнаньне было, то бясспрэчна права сувэрэннай, легітымнай улады любой дзяржавы выдаваць пашпарты сваім грамадзянам. Ці зьяўляецца прызнаньне Кабінэту сувэрэннай легітымнай уладай Беларусі неабходнай умовай прызнаньня пашпартоў «новай Беларусі»?

— Гэта гіпатэтычная дыскусія. Мы разважаем, не абапіраючыся на досьвед мінулага. Мой адказ на вашае пытаньне — і так, і не. Нейкая форма прызнаньня Кабінэту тут неабходная. Прызнаньня можа не як легальнай улады, але як дастаткова кампэтэнтнай інстытуцыі, недзяржаўнай установы, якая мае права пацьвярджаць грамадзянства прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Калі будзе такое прызнаньне, то яго тэарэтычна павінна быць дастаткова. Бо гэты дакумэнт толькі называецца пашпартам. Здаецца, што і Валер Кавалеўскі ў інтэрвію пасьля прэзэнтацыі казаў, што размова ідзе пра travel document.

Гэта больш карэктнае вызначэньне гэтага дакумэнту. Па ім можна будзе падарожнічаць, але ён ня будзе даваць усіх магчымасьцяў, якія дае пашпарт, які зараз выдаюць службы Лукашэнкі.

З фармальнага пункту гледжаньня гэты дакумэнт ня будзе беларускім. У кожнай дзяржавы ёсьць свой код краіны, прызнаны ў сьвеце. Гэты код ёсьць і ва ўладаў, якія кантралююць Беларусь. З гэтым кодам яны выдаюць пашпарты грамадзянам краіны. У дэмакратычных сілаў доступу да гэтага коду ня будзе. І ўзьнікае пытаньне, ці пагодзіцца нейкая краіна сьвету выдаваць гэты дакумэнт беларусам са сваім кодам краіны.

Скепсіс выклікаюць пытаньні, на якіх базах будзе фармавацца гэтая ініцыятыва, хто будзе пацьвярджаць гэтае грамадзянства, як гарантаваць, што ня будзе злоўжываньняў. Праблемай многіх краінаў стане забесьпячэньне, каб гэтыя дакумэнты не апынуліся ў руках тэрарыстаў ці кантрабандыстаў. Гэтая краіны будуць павінныя падзяліцца правам выдаваць такія дакумэнты не зь дзяржавай, а зь недзяржаўнай арганізацыяй. І невядома, колькі краінаў будуць да гэтага гатовыя.

 Юры Дракахруст, "Свабода"

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
слюнькин
паспорт новой беларуси
дипломатия
беларусь
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter