Беларусы і беларускі ўсяго свету адсвяткавалі Купалле: спявалі песні, танчылі абрадавыя танцы, плялі вянкі, шукалі папараць-кветку і скакалі праз вогнішча. EX-PRESS.LIVE пагутарыў з беларускамі і беларусамі, якія трапілі на свята Купалля і пражылі самую кароткую і таямнічую ноч побач з добрымі людзьмі.
Велікабрытанія
Лондан
Свята арганізавалі англа-беларускае таварыства, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, а таксама Беларуская каталіцкая місія.
Пасля службы ў царкве Святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа адбылося тэатралізаванае чытанне п’есы Францішка Аляхновіча «Заручыны Паўлінкі» ў англійскім перакладзе, пляценне вянкоў, упрыгожанне купальскага кола, спевыі і скокі праз вогнішча.
Яраслаў:
— Беларусы Брытаніі і госці з Украіны, Італіі, Шатландыі і, вядома, ангельскія сябры сустрэліся ў садку бібліятэкі Францыска Скарыны ў Лондане, каб сустрэць сярэдзіну лета і адзначыць Купалле — адно з найстаражытнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. На свяце прысутнічала больш за 100 чалавек. Аляксей прыгатаваў смачны і даволі моцны крупнік з траў і алкаголю, які надаў запалу для яскравых і звонкіх песень, а Алена — смачныя пачастункі, якія сталі прыемным сюрпрызам для ўсіх. Дзякуй усім сябрам і гасцям беларуска-англійскага таварыства за цікава адзначанае свята і цудоўны настрой. Будзем спадзявацца, што спраўдзяцца ўсе жаданні, загаданыя ў гэты дзень.
Бостан
Насычаная традыцыйная частка свята, госці з Н’ю-Ёрка, купальскія гульні, шмат танцаў, пляценне вянкоў. Усе жадаючыя маглі дакрануліся яшчэ больш да беларускай самабытнай традыцыі святкавання летняга сонцастаяння.
Віктар:
— Нягледзячы на дождж, адбылося арганізаванае беларусамі ў Бостане святкаванне Купалля ў Lazy River Campground. Абрадавыя спевы і гульні, вясёлыя танцы і карагоды, скачкі праз вогнішча, запуск ліхтарыкаў жаданняў, а таксама дабрачынныя акцыі — настолькі багатай на падзеі была купальская ноч сёлета.
Філадельфія
Смачныя дранікі, якія беларусы самі гатавалі, турнір па бадмінтоне, вясёлая спартыўная эстафета, silent disco на чароўнай паляне з DJ D*MARK, карагоды, скачкі праз вогнішча, кіно ў лесе пад зоркамі стварылі непаўторную атмасферу Купальскага свята. Купалле ў гэтым годзе па словах удзельнікаў, было сапраўдным чараўніцтвам.
Аўстрыя
Святкаванне Купалля ў Аўстрыі адбылося ў горадзе Österreich разам з сябрамі з Літвы. Не гледзячы на надвор'е і аддаленую лакацыю людзей было больш, чым летась. На імпрэзы спяваў хор «Вольныя Гукі».
Літва
Кастусь з’яўляецца сябрам культурнага аб’яднання «Сябрына» пры доме нацыянальных аб'яднанняў у Вільні. Апошнія 6 гадоў беларус святкуе Купалле разам з імі:
— У гэтым годзе свята магло не адбыцца, бо кіраўнік клуба вымушаны быў з’ехаць па сямейных абставінах. Але ініцыятыўныя людзі ўзяліся за арганізацыю ладзіць свята ў свае рукі. Слаўна адгулялі Купалле, хоць раз-пораз нехта і заглядаў у інтэрнэт, каб даведацца, што паказваюць у расійскім цырку.
Вельмі ўдзячныя Вячаславу Красуліну, які гэтым разам апынуўся ў ролі галоўнага арганізатара і вядоўцы свята — і швец, і жнец, і на дудзе грэц! Дык і не ленаваўся — граў на беларускай дудзе, развучваў народныя танцы, «утанцаваў» да поту самых заўзятых танцораў. Але і падмацавацца таксама было чым — абрус-самабранка быў шчыльна застаўлены пачастункамі. Не абышлося і без легендарных ужо ў беларускай суполцы Вільні пірагоў Кастуся Ларкова. А цымбалістак было нават дзве.
Па словах Кастуся, да Вільні даводзiлася святкаваць Купалле ў Беларусі толькі на малой радзіме:
— Святкаваў у адным з райцэнтраў на Віцебшчыне. На Купаллі былі дастаткова цікавыя тэатральныя пастаноўкі, але пасля вогнішча ўсё зрэшты зводзілася да скокаў пад хіты ўсходніх суседзяў.
На пытанне, ці ёсць розніца ў святкаванні ў Беларусі і за мяжой, кажа:
— Калі параўноўваць, то, вядома, у Вільні больш шчырае, больш сяброўскае свята атрымліваецца, паміж людзей апантаных традыцыяй, людзей, якія знаходзяць адзін аднаго, апынуўшыся за мяжой сваёй краіны.
Беларуска Наталля:
— Далучылася да клубаў «Сябрына» і «Ойра». Спадабалася, але, на жаль, у мінулым годзе ўдзельнікаў было больш. Але гэта не перашкодзіла адзначыць гэтае свята. «Ойра» — клуб з беларускімі народнымі танцамі, іх кіраўнік — спадар Вячка. Ён грае на дуде. Кожны тыдзень запрашаюць да сябе.
Дзяўчына Яўгена святкавала з сяброўкамі і сябрамі:
— Мы арэндавалі аграсядзібу, у Літве амаль няма месца, каб на адлегласці ад людзей сустрэць свята. Атрымалася сяброўскае кола, нас было каля 20 чалавек рознага ўзросту. Было вогнішча, мы купаліся, варылі крупнік, хадзілі ў лазню, збіралі зёлкі, спявалі песні, з намі таксама быў дудар знаёмы. Я займалася тым, што варыла крупнік, таму што ёсць досвед, таксама гатавалі крупнік на Купалле ў 2020 годзе. Я дзялілася такой традыцыяй з астатнімі, бо яны не ведалі.
Свята святам, але ёсць у Вільні чалавек, які больш не святкуе Купалле, бо не можа. Так, Алег Мяцеліца, які ладзіў і ў Беларусі і ў Літве Купалле па ўсіх традыцыях, адмовіўся ад ўдзелу ў любых забаўляльных мерапрыемствах:
— Пакуль жонка Алеся ў вязніцы, я адмовіўся ад ўдзелу ў любых забаўляльных мерапрыемстваў. Купалле сустрэў асабіста і ў цішыні і пад зоркамі.
Чэхія
Ад імя cуполкі «Пагоня» і Беларускага танцавальнага таварыства ў Празе сёлета святкавалі Купалле пад Прагай. Падчас беларускага Купалля збіралі кветкі і расліны, плялі вянкі, граліся ў беларускія народныя гульні і танцы. А як распалілі купальскае вогнішча, спявалі абрадавыя спевы ў карагодзе.
Маргарыта была ў захапленні ад святкавання Купалля:
— Я шчыра дзякую ўсім, хто арганізаваў для нас такое атмасфернае і цёплае свята, кожнаму, хто далучыўся, кожнаму, хто зрабіў гэты вечар цудоўным. Ці трэба казаць, як я люблю нашыя душэўныя сустрэчы! Чароўныя людзі.
Святлана дадае:
— Атрымалася як звычайна (святкуем у Празе наша Купалле шмат гадоў), не зусім традыцыйна, але з элементамі традыцыйнага абраду.
Славакія
У Браціславе таксама адбылося святкаванне Купалля. Беларусы арганізавалі сустрэчу, на якую трапілі не толькі беларусы.
Беларуска Вікторыя, якая праводзіла за дзень да свята мацстэрню па саломапляценню, кажа:
— Мы святкавалі невялікай суполкай, нас было 35 чалавек. Далучыліся і ўкраінцы, і расейцы, і нават славакі. Было вогнішча, карагод рабілі, песні спявалі беларускія. Я яшчэ кіравала воркшоп па саломапляценню за дзень перад святам: там лялькі з саломы зрабілі.
Польшча
Падляшша. Купалле ў Бондарах
На свяце было вогнішча, вянкі і фінал фестывалю беларускай традыцыі SONCAHRAJ, а таксама цікавыя майстар-класы і такія традыцыйныя інструменты, як дуда, ліра і іншыя. Не абышлося і без майстар-клас беларускіх традыцыйных танцаў і купальскіх песень. Таксама арганізатары запрашалі на супольнае гатаванне і дэгустацыю купальскага крупніка.
Беларус Алесь кажа:
— Душэўнае падляшскае Купалле, сапраўдная ноч агню і вады. Дзякуй арганізатарам з Fundacja Tutaka. Дарэчы, пад вадой тут нібы спяць некалькі беларускіх вёсак. Іх адсялілі перад затапленнем, калі рабілі вадасховішча. Дадатковая сэнсавая нагрузка лакацыі.
Кракаў
Свята Сонца адзначылі і ў Кракаве. У гэтую чароўную ноч кола павярнулася і адбылося перараджэнне, абнаўленне энергіі Зямлі і яе насельнікаў.
Так кракаўскі этна-гурт пад кіраўніцтвам Настассі Хмель з Аквалерыяй і сяброўкамі адзначылі Купалле. Беларуска Наталля кажа:
— Для многіх з нас гэта было першае сапраўднае святкаванне, з абрадамі, песнямі, скокамі праз вогнішча і карагодамі. Настасся Хмель адзначала і раней, бо яна і ў Беларусі займалася адраджэннем абрадаў і фальклору. Настасся таленавітая вакалістка і мульціінструменталістка, удзельніца гуртоў «Kriwi» і «Джамбібум». Далучылася да святкавання таксама Аквалерыя —выкладчыца вакалу, кампазітарка, спявачка і вакалістка гуртоў «Kriwi» і «Harotnica mix».
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Варшава
З аднаго боку па Вісле святкавалі беларусы і беларускі, а з другого боку адбывалася польскае свята. Арганізавалі беларускае свята тэатр беларускіх эмігрантаў «Купалінка» і Цэнтр беларускай салідарнаці. Добрымі былі актыўнасці як для дарослых, так і для дзяцей. Пасля канцэртнай праграмы адбыўся вольны мікрафон, а ўсе жадаючыя адпусцілі вянкі на вадзе, якая панесла іх да спаўнення мараў.
Як распавяла ўдзельніца свята Караліна, ёй усё вельмі спадабалася, але не хапіла сапраўднага вогнішча:
— Мне вельмі ўсё спадабалася, атрымалася добрае Купалле, але не хапіла вогненнага кола. Ёсць такая традыцыя, калі ставіцца кола. Увогуле там нельга запальваць вогнішчы.
Да святкавання ў Варшаве далучылася беларуска Марына Струнеўская, рэпрэсаваная кіраўніца беларускага ўзорнага ансамбля танца «Рамонак», зараз — кіраўніца сямейнага фальклорнага гурта «Світанак». Пра свята яна кажа наступнае:
— Да Рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі ўсё было спакойна, апанаваныя людзі прыходзілі на Купалле, размаўлялі па-беларуску. Я распавядала пра традыцыі і звычаі, і мы ўсё гэта выконвалі. У канцы года штолета мы выязджалі на адпачынак і ладзілі Купалле. Гэта была абавязковая праграма. Адзначалі вельмі сур'ёзна. Да рэпрэсіі мы паспелі правесці Купалле і апошнюю калядную праграму, дзе былі занятыя ўсе дзеці, ад 6 і да 16 гадоў.
Многія кажуць, што Купалле — гэта не свята для дзяцей, але калі паглядзець занатаваныя запісы, то і раней усіх заклікалі на Купалле: старыя бабкі прыходзілі, каб паглядзець і на гэтае дзіва, дзеці таксама з імі — паглядзець, якое свята прыгожае.
Па словах Марыны, звычайна дзеці выконвалі ролю нячысцікаў:
— Ім гэта падабалася. Яны прыбягалі, каб скрасці вугалёк з купальскага вогнішча. Дарослых можна было абліваць вадой, кідацца шышкамі, трасцай. Дурылаўка вельмі падабалася. А больш дарослыя (у нас існуе пераймальнасць пакаленняў: дарослыя выхоўваюць і даглядаюць малодшых) баранілі свята Купальскае і агонь і не давалі нячысцікам украсці вугалёк.
Да свята далучаліся і бацькі. Была гульнёва-танцавальная праграма:
— Я харэограф этнатанцаў і шчыльна працавала з Міколам Козенка, збіральнікам, даследчыкам і папулярызатарам беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэографам, этнапедагогам і арганізатар фальклорных фестываляў «Беларуская полька», «Берагіня», «Мяцеліца». Я ў яго вучылася, і да 2020 года ў нас у Менску было 2 этнахарэографы.
Па словах гераіні, за мяжой было відаць, што людзі прыйшлі апанаваныя.
— Дзякуй, што былі абвесткі. У Беластоку добра арганізавалі. На жаль, такія праекты не маюць фінансавай падтрымкі, гэта ўсё робяць людзі. Культура застаецца на людзях. У мінулым годзе мы зрабілі цудоўнае Купалле па правілах этнаграфіі. Самае галоўнае — гэта вогнішча, яно мусіць быць на шасце з сімбалам зоркі. Вогнішча было цудоўнае. Мы пачыналі а дзявятай вечара і скончылі раніцай, сустракаючы сонца, у расе купаліся, а таксама раніцай — у рацэ, падзякавалі Богу і Сусвету, што зайшло сонца.
Пра свята ў Варшаве жанчына дадае:
— Было цудоўна, вельмі рада, што паехала, сустрэча новых і старых сяброў. Вельмі класныя спевы былі ў Варшаве, дзяўчаты прафесійныя былі падабраныя. Дзетак прывялі на свята. Дзякуй усім за арганізацыю. Вельмі стараліся, але разумею, што цяжка зрабіць, калі няма апаратуры. Нават калі сцямнела, калі няма вогнішча ці хоць якой падсветкі. Хацелася, каб быў больш высокі ўзровень фінансавай падтрымкі. Вядучы распавёў усё добра, як гэта павінна быць, усю гісторыю пра вогнішча, але было б яшчэ лепей, каб можна было гэта рэалізаваць насамрэч.
На пытанне EX-PRESS.LIVE, як гэта мусіць быць традыцыйна, без чаго немагчыма святкаваць Купалле і самую кароткую ноч, Марына адказвае:
— Пакуль дзяўчаткі збіраюць кветкі для вянкоў, хлопцы ладзяць вогнішча. Кульмінацыя — скокі праз вогнішча, абрады ачышчэння, гісторыя скокаў праз вогнішча. Ноч не спаць і сустрэць сонца, пакупацца ў рацэ, прайсці зваротнае ачышчэнне ў вадзе. Вада мая гаючую сілу, яна мае вялікае і энергетычнае і сакральнае значэнне.
У людзей, апынуўшыся за мяжой, пачынаецца прага да традыцый, мову, гісторыі, культуры. Людзям гэта патрэбна.
За год варта адзначыць 8 святаў, але было б добра калі б падтрымалі хаця б 4: Багач, Каляды, Купалле і Раўнадзенства, Масленіцу. Гэта было б выдатна. Пішу праекты, але пакуль ні адзін не падтрымалі.
Вёска Стольна, Куява-паморскае ваяводства
Беларуская пара з Менску трапіла на святкаванне з палякамі:
— «Святаянская ноч» (Ноч на Івана Купалу) — самая кароткая. Мы таксама былі ў пошуках папараць-кветкі, танчылі, шмат спявалі і запускалі вянкі ў ваду. Узгадалі, што Купалле — гэта свята сонца, ачышчэння, ўшанаванне сілаў прыроды і жыцця.
Кітай
У Кітаі таксама адзначылі Купалле песнямі і ў народным строі. Гэта не зусім традыцыйнае святкаванне: у кітайскім летніку напрыканцы канцэрта беларуска спявала песню Купалінку.
Дзе яшчэ будуць адзначаць Купалле?
Варшава
Фестываль «Купальскае кола»
Алесь Таболіч, беларускі музыка, лідар гуртоў Znich, STOD, дызайнер, мастак, майстар па тату і перманентным макіяжы, арганізатар шматлікіх канцэртаў і штогадовага фестывалю «Купальскае кола» распавядае пра свята, якое адбудзецца неўзабаве 7 ліпеня:
— Фестываль Купальскае кола праходзіць у Польшчы другі раз. Гэта 16 па ліку самы буйны і гістарычны фэст, дзе былі амаль усе беларускія гурты і такія зоркі як Крамбабуля, Go-a (пераможцы Еўравідзіі), Стары Ольса, Троіца, Палац, і шмат іншых.
Па словах Алеся, робіцца без падтрымкі фондаў. Сёлета плануецца прайсці ў адным з лепшых канцэртных клубаў Варшавы Клуб «Proxima». Хэдлайнеры фэста два польскіх сусветнавядомых гурта блэк дэд сцены «Батюшка» і «НАТЕ». Ад беларусаў выступіць гурт «ZNICH», і з Латвіі «Yomi»:
— На жаль, планаваўся фэст маштабным i open fest, як у мінулыя гады у Беларусі. На якім былі б такія зоркі як гурт «Тінь Сонця» (Украіна), «Мотанка» ( Украіна), Вольскі, «Супербулс і гэтак далей. Але Рада культуры ў чарговы раз адмовіла ў фінансаванні гэтага фэсту. Робім зараз сваімі намаганнямі, а ў Беларусі з 2020 года фестываль забаронены.
«Купалле — ад батлейкі да рэйву»
1 ліпеня ў Варшаве адбудзецца свята «Купалле — ад батлейкі да рэйву». На фэсце будзе маркет і фудкорт, спакойная прастора для ёгі, займальныя спевы і танцы вакол вогнішча, музыка: Campderschein, Belarus Outside Sound System, Karma and Shoom.records.
Партнёры фестывалю: Беларускі моладзевы хаб, German Marshall Fund, Беларуская Рада культуры.
Уваход: Ахвяраванні ад 20 злотых на ўваходзе.
Канада
Фольк-гурт «Яваровы Людзі» і Згуртаваньне Беларусаў Канады запрашаюць беларусаў з усіх куткоў Канады на Купалле.
Традыцыйна святкаванне адбудзецца на беразе цудоўнага возера. Там можна ўзяць удзел у купальскіх абрадах, заспяваць аўтэнтычныя беларускія песні, і, вядома ж, скочыць праз купальскае вогнішча.
Як абяцаюць арганізатары, сёлета правядуць Купалле двойчы: 1 і 8 ліпеня. У кошт квітка ўваходзіць: кэмпінг на 2 дні, майстэрні па спевах і народных рамёствах, удзел у абрадзе Купалле, суботняя вячэра пасля абраду, беларуская дыскатэка пад зорным небам, кава і сняданак у нядзелю.
Хочаце расказаць сваю гiсторыю? Пiшыце: @ex_presslive.
Добро пожаловать в реальность!