Пасьля таго, як Лукашэнка абвясьціў 2024 год «Годам якасьці», дзяржаўная прапагандысцкая машына распачала масавую агітацыйную кампанію, усяляк расхвальваючы гэтую ідэю. Здаецца, што беларусы апынуліся ў нейкай машыне часу, якая рухаецца назад, піша палітолаг Валер Карбалевiч.
Лукашэнка ня здольны і ня хоча адаптавацца да рэальнасьці. Гэтая псыхалягічная праблема дэзадаптацыі аднаго чалавека ператвараецца ў палітычную праблему для ўсяе краіны.
2024 год абвешчаны ў Беларусі Годам якасьці. Такая ўжо склалася традыцыя. Раней былі Год народнага адзінства, Год міру і стварэньня і інш.
Сама традыцыя даваць году назву — прыкмета патэрналісцкай дзяржавы. Ва ўяўленьні Александра Лукашэнкі народу патрэбны мабілізацыйны слоган, нельга пакідаць людзей сам-насам зь іхнымі думкамі, плянамі, жыцьцёвымі клопатамі. Неабходна даць ім натхняльную аб’яднальную дзяржаўную ідэю. Зразумела, ніякага ўплыву на рэальнае жыцьцё грамадзтва гэта не аказвае. Бо, напрыклад, якое там было «народнае адзінства» падчас халоднай грамадзянскай вайны і палітычнага тэрору, які адбываўся ў краіне ў той год (2021)?
І вось цяпер — Год якасьці. З гледзішча рэжыму: павінен жа быць нейкі пазытыў, а ня толькі рэпрэсіі ды мілітарысцкія гульні.
Мяркуючы па тым, зь якім энтузіязмам да абвешчанага Году якасьці ставіцца Лукашэнка, гэта ягоная ідэя, і ён успрымае яе досыць сур’ёзна. А тое, што прыдумаў правадыр, становіцца дзяржаўнай палітыкай. Год якасьці быў абвешчаны ў навагоднім віншаваньні Лукашэнкі.
І вось цяпер вакол гэтай тэмы разгортваецца цэлая палітычная кампанія. На яе рэалізацыю мабілізаваны дзяржаўны апарат, ладзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў. Ёй была прысьвечана першая рабочая нарада ў новым годзе з удзелам усяго дзяржаўнага кіраўніцтва. Да яе была прымеркавана адмысловая выстава «Знак якасьці: традыцыя мінулага і сучаснасьць». Урад падрыхтаваў спэцыяльны плян мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Найлепшай прадукцыі будзе прысвойвацца Знак якасьці. Дзеля гэтага ствараецца адмысловая атэстацыйная камісія. Адміністрацыя прэзыдэнта надрукавала мэтадычку для ідэалягічнай «вэртыкалі», каб прапагандысты тлумачылі і мабілізоўвалі народ на падвышэньне якасьці.
Збоку, вонкава гэта выглядае досыць недарэчна, нават сьмешна. Сытуацыя нейкага абсурду.
Тут ёсьць адна вялікая праблема. Яна тычыцца сьветапогляду Аляксандра Лукашэнкі. Ён ня можа выйсьці за межы свайго жыцьцёвага досьведу. Тое, што Лукашэнка бачыў, успрымаў у часы сваёй маладосьці, фармаваньня асобы, сацыялізацыі, ён імкнецца ўвасобіць у жыцьцё цяпер, зрабіць той стары савецкі досьвед падмуркам дзяржаўнай палітыкі. Модная тэма 1950-1960-х гадоў наконт мірнага атама, відавочна, запала ў ягоную сьвядомасьць і цяпер рэалізавалася ў будаўніцтве мала патрэбнай для эканомікі АЭС. Ён вельмі ганарыцца гэтым, не разумеючы, што гаворка ідзе пра тэхналёгію 70-гадовай даўнасьці. Або ідэя паслаць беларускіх дзяўчат у космас — гэта ж водгалас першых гадоў асваеньня касьмічнай прасторы (Юрый Гагарын, Валянціна Церашкова, першыя касманаўты і інш.). А вось з інтэрнэтам Лукашэнка не сябруе.
Беларуская драма палягае ў тым, што праблема аднаго чалавека становіцца праблемай цэлай краіны, яе народу.
Апавядаючы пра Год якасьці, Лукашэнка шмат разважае пра неабходнасьць абапірацца на традыцыі. Пры гэтым мае на ўвазе выключна савецкія традыцыі. Падчас нарады 5 студзеня ён падкрэсьліваў, што «ў Беларусі сфармаваны імідж пераемніцы лепшых савецкіх дасягненьняў», «нам няпроста было зьберагчы створаныя працай савецкіх людзей стандарты якасьці». «Цяпер вы разумееце, чаму (як мяне крытыкавалі) я „чапляюся“ за той савецкі час: калі б не было таго савецкага часу, не было б самых сучасных і новых узораў», — казаў Лукашэнка.
Але справа ў тым, што гэта быў якраз заганны, адмоўны досьвед. Якасьць тавараў і паслуг была ахілесавай пятой эканомікі СССР. Савецкі Саюз загінуў менавіта таму, што сацыялістычная эканамічная сыстэма была неканкурэнтаздольная, яна абсалютна прайграла спаборніцтва капіталістычнай рынкавай эканоміцы.
Чаго толькі не прыдумлялі ў СССР, каб неяк падвысіць якасьць прадукцыі. Прысвойвалі таварам Знак якасьці, які хочуць цяпер аднавіць у Беларусі. Стваралі на прадпрыемствах адмысловую структуру, якая павінна была сачыць за якасьцю. Яна называлася Аддзел тэхнічнага кантролю (АТК). На прадпрыемствах, якія працуюць ва ўмовах рынкавай эканомікі, такіх структур няма. У часы Гарбачова ўвялі вонкавае падпарадкаваньне АТК, то бок начальнік гэтага аддзелу падпарадкоўваўся не дырэктару заводу, а нейкай вонкавай інстанцыі, напрыклад, міністэрству. Але нічога не дапамагло. І як толькі адчыніліся межы, зьявіліся імпартныя тавары, то ўся сацыялістычная прамысловасьць апынулася ў глыбокім крызісе. Выжыць здолелі нямногія прадпрыемствы.
І вось на гэты заганны савецкі досьвед імкнецца абаперціся Лукашэнка. Але тое, што не працавала тады, тым больш ня будзе працаваць цяпер. Або ён сапраўды думае, што калі тавару прысвоіць знак якасьці, то спажыўцы, асабліва замежныя, будуць яго ахвотней купляць? Цікава, што на той выставе, пра якую ішла гаворка вышэй, у ліку прэтэндэнтаў на Знак якасьці былі тэлевізары «Гарызонт», камбайны «Гомсельмаш», тканіны «Камволя». Горшага прыкладу, здаецца, немагчыма прыдумаць, бо эканамічныя паказьнікі гэтых прадпрыемстваў, мякка кажучы, далёкія ад пасьпяховых.
Калі глядзіш на ўсё гэта, здаецца, што беларусы апынуліся ў нейкай машыне часу, якая рухаецца назад. Лукашэнка, відавочна, ня здольны і ня хоча адаптавацца да рэальнасьці. Гэтая псыхалягічная праблема дэзадаптацыі аднаго чалавека ператвараецца ў палітычную праблему для ўсяе краіны. Ён жыве ў сваім часе, у сваёй карціне сьвету. Памяняліся эпоха, сацыяльны лад, тэхналягічны ўклад, пакаленьні. А ён застаўся там, у тым часе. І цягне туды краіну. Гвалтам. Імкнецца прымусіць жыць народ у тым сваім сьвеце, які даўно не існуе.
Добро пожаловать в реальность!