Калі жыхарка Жодзіна Наталля Локіць вымушана прыехала ў Варшаву у 2022 годзе, яна не ведала, ці зможа зноў працаваць па прафесіі. У Беларусі яна была актрысай і рэжысёркай, выкладала тэатральнае мастацтва, стварала спектаклі і працавала з дзецьмі і падлеткамі. Для яе тэатр быў не проста прафесіяй — гэта быў спосаб зносін са светам.
Перажыванне эміграцыі
Эміграцыя ў Польшчу змяніла амаль усё: новая мова, новае асяроддзе… Толькі беларусы, якіх было шмат вакол, пяць яе дзяцей і родная мова давалі надзею ў складаныя першыя месяцы.
«Калі ты губляеш звыклую прастору, здаецца, што губляеш і частку сябе», — кажа пра той час Наталля.
Каб захаваць апору, яна пачала з таго, што ўмела найлепш: працаваць з беларускімі дзецьмі. Наталля далучылася да студыі «Купалінка», якая была створана ў 2020 годзе для дзяцей беларускіх мігрантаў. Тут яна ставіла спектаклі, быда суарганізатаркай свят Купалля і Калядаў, удзельнічала ў іншых аўтарскіх праектах.

Прафесійны рост у Польшчы
Паралельна Наталля працягвала прафесійнае развіццё:
прайшла курс тэатральных інструктараў пры Mazowiecki Instytut Kultury;
навучанне па лідарстве, арт-тэрапіі і працы з падлеткамі;
курсы першай медыцынскай дапамогі і польскай мовы.
З лютага яна навучаецца на курсе тэатральных інструктараў у Teatr Polski ім. Arnolda Szyfmana пад кіраўніцтвам Наталі Фіеўскай-Зданоўскай.

Работа з дарослымі і жанчынамі
Праца Наталлі з дзецьмі мігрантаў дапамагла ёй аднавіць унутраную ўстойлівасць. З часам яна і яе калегі з «Купалінкі» зразумелі, што дарослым людзям, а асабліва жанчынам, гэта патрэбна не менш.
Зараз у «Купалінкі» ёсць група «Дыямэнт», дзе дарослыя разам з моладдзю спяваюць і трэніруюць польскую мову. Ім дапамагаюць носьбіты — палякі-аднагодкі.
Адначасова ў студыі з’явіўся праект для жанчын-мігрантак Woman Support Woman пры падтрымцы фемінісцкай арганізацыі RIZA і European Commission.
Галоўная мэта праекта — развіццё лідарскіх якасцей у жанчын, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны. Удзельніцы — з Беларусі, Украіны і Польшчы. Па метадзе форум-тэатра, на працягу чатырох месяцаў групы распавядаюць свае гісторыі псіхолагу «Купалінкі» і Наталлі, вучацца выражаць эмоцыі і вяртаць упэўненасць, разам ствараюць сцэнар. У канцы праграмы яны прадставяць публічнае выступленне.

«Многія жанчыны прыходзяць вельмі сціснутымі і няўпэўненымі. Яны прывыклі быць моцнымі для ўсіх астатніх, акрамя сябе. Тэатр дапамагае ім вярнуць свой голас», — кажа Наталля.
Яна працуе са сваімі выхаванкамі-жанчынамі як сапраўдны рэжысёр. Навучае іх тэатральнаму мастацтву, перадае прафесійныя навыкі і ўменні. Падчас заняткаў яны трэнуюцца і рэпетуюць не толькі фізічна, але і эмацыянальна. Для кожнай рэпетыцыі Наталя старанна рыхтуецца, прапаноўвае разнастайныя заданні, дзякуючы чаму двухгадзінныя заняткі праходзяць цікава і незаўважна.
Практычны досвед лідарства
Праект уключае і практычны досвед лідарства: удзельніцы выступяць валанцёркамі на святкаванні «Купалля»-2026, якое аб’яднае беларускія, украінскія і польскія традыцыі. Гэта дазволіць жанчынам адчуць сябе часткай свята не як назіральніцы, а як актыўныя ўдзельніцы.

Сёння, праз амаль тры з паловай гады ў Варшаве, Наталля адзначае:
«Раней я працавала ў асноўным з дзецьмі. Цяпер я бачу, як тэатр дапамагае дарослым жанчынам вяртаць сябе. І гэта неверагодна важны працэс».
Студыя стала прасторай, дзе жанчыны перастаюць быць чужымі, становяцца бачнымі і знаходзяць свой голас. Тэатр тут — не сцэна, а спосаб вярнуць сабе жыццё.
Хочаце расказаць сваю навіну? Пiшыце: @ex_presslive
Добро пожаловать в реальность!