Ганна Шымановіч — праект-менеджерка з Беларусі, да 2020 года жыла на радзіме і займалася відэаздымкамі, але потым пакінула краіну. Зараз працуе ў некамерцыйным праекце ў Вільні. Дзяўчына марыла выпусціць нешта беларускае, што можна было б трымаць у руках. І вось хутка пабачыць свет 1000-ны наклад яе гульні «Я ніколі не».
«Хацелася стварыць такое, да чаго можна дакрануцца»
Беларуска перыядычна гуляе ў іншыя настольныя гульні, але яна не фанатка, у якой гульнямі забіты ўсе шафы.
Ёй вельмі хацелася стварыць такое, што будзе стаяць на палічцы дома, таму што ўсё рэчы, з якімі яна працую, інфармацыйныя: відэа, медыя прадукты, да якіх не дакрануцца:
— Люблю простыя: ALIAS, UNO, мая любімая — Ticket to Ride. Не трэба разбірацца доўга ў правілах і траціць увесь вечар, каб зразумець, як гуляць. Люблю такія, якія бярэш, правілы хутка разумееш і гуляешся. Люблю вясёлыя гульні, не сур'ёзна стратэгічныя. Каб весела правесці вечар з сябрамі.
На пытанне, як з’явілася ідэя стварыць гульню, Ганна адказвае:
— Яе мы прыдумалі з сябрамі, калі гулялі ў гульню «Я ніколі не». Агучылі ўслых, што было б файна зрабіць такую гульню, але пра тое, хто што ніколі не рабіў(ла) у Беларусі.
Калі ідэя нарадзілася за адзін вечар, то на рэалізацыю сышло больш часу: каля года беларуска хадзіла і думала пра праект, распавядала знаёмым і сябрам, а потым сустрэла ілюстратарку Дану, якая ў выніку і намалявала ўсе ілюстрацыі.
— Ёй вельмі спадабалася ідэя. Мы вырашылі дадаць аўтарскія ілюстрацыі і павольна пачалі рабіць справу, камфортна і з задавальненнем. Гэта было хобі для нас. Калі стварылі, то пачалі рухацца ў накірунку, што трэба друкаваць. Складаны быў перыяд, бо гэта была ідэя на нашы ўласныя сродкі. Калі друкуеш невялікі тыраж, то за адну гульню кошт будзе 20 еўра, што вельмі дорага.
Потым дзяўчатам пашанцавала, і яны сустрэлі выдавецтва, якое зацікавілася гульнёй:
— Ім вельмі спадабалася ідэя. Яны былі гатовы ўзяцца за рэалізацыю і друк. Мы дамовіліся надрукаваць наклад 1000 экзэмпляраў. Усё пачало нашмат хутчэй рухацца, калі з'явіўся рэальны план, што мы гэта выдадзім.
«Гэта больш не пра бізнес-прасоўванне, а для душы»
Уся рэкламная частка больш ляжыць на выдавецтвы, яны займаюцца і прасоўваннем, і продажам. Яе можна перадзамовіць на сайце:
— Выдавецтва займаецца рэкламай і распаўсюдам праз пасрэднікаў у розных краінах. Ёсць крамы, з якімі яно супрацоўнічае у Польшчы, Літве, Беларусі. У мяне ёсць мой уласны інстаграм, я яго вяду, там распавядаю пра праект. Мне вельмі падабаецца гульня. Веру, што яна можа падабацца ўсім, хто яе будзе набываць. Гэта больш не пра бізнес-прасоўванне, а для душы.
На пытанне, чаму гульня 18+, Ганна адказвае:
— Па правілах, гэта гульня з алкаголем, але мы пішам, што калі вы не любіце алкаголь, то можна замяніць яго на адцісканне ці нешта прыдумаць самім. Па правілах, калі ў тваім келіху наліта нешта, ты выцягваеш картку і п'еш. У правілах ёсць алкаголь, таму 18+. Падлеткам гуляць нельга.
Ганна падкрэслівае, што самі карткі ўніверсальныя для ўсіх узростаў.
Правілы гульні простыя:
удзельнікі ходзяць па чарзе, у свой ход актыўны гулец прамаўляе фразу «Я ніколі не...» i кажа, што ён ніколі не рабіў. Напрыклад: «Я ніколі не знаёміўся на вуліцы або ў транспарце, я ніколі не бачыў макавых палёў, я ніколі не спрачаўся наконт рагачоўскай і глыбоцкай згушчонкі». Цяпер удзельнікі павінны прарэагаваць на пачутую фразу. Па чарзе прамаўляюць, рабілі гэта ці не, загінаюць пальцы. Выйграе той, у каго застанецца больш не загнутых пальцаў. Лепш гуляць вялікай кампаніяй.
У сярэднім гульня каштуе 12 еўра. У розных краінах розная сістэма падаткаў.
Зараз беларускi шукаюць інвестара:
— Мы знайшлі першую частку грошай, калі мы можам аддаць гульню ў друк, але нам патрэбны грошы на другую палову: 2,5 тысячы еўра.
«Увесь Мінск для мяне — гэта любоў»
— Я зараз у Літве, адчуваю сум і настальгію па Беларусі кожны дзень. Гэта гульня таксама пра ўспаміны, — кажа Ганна. — Мне было вельмі важна падзяліцца з іншымі беларусамі ўсімі гэтымі штукамі, якія нас усіх аб'ядноўваюць. Калі пачынаеш абмяркоўваць з сябрамі пра дзяцінства, студэнцтва, дарослае жыццё, вельмі часта бывае так, што ты кажаш, што ў мяне таксама так было, я таксама была ў Баранавічах і каштавала лодачкі.
Атрымліваецца, што гэтыя рэчы, звязаныя з нашым жыццём, аб'ядноўваюць беларусаў. Наш жыццёвы досвед — гэта не толькі глабальныя рэчы, кшталту мовы, гісторыі і культуры, але і вельмі простыя і знаёмыя кожнаму і кожнай рэчы.
Мінск — увесь горад любімы. Мне зараз вельмі складана размаўляць з кімсьці, хто застаўся там. Як, напрыклад, мне проста сябра распавядае: я выйшаў з вакзала і на скейце даехаў да вуліцы Кастрычніцкай. Я ўяўляю горку, па якой ён скаціўся, стадыён «Дынама». У мяне гэта вызывае вельмі цёплыя пачуцці, мне вельмі сумна, што я не там. Увесь Мінск для мяне — гэта любоў.
Ёсць у нас картка: «Я ніколі не быў у Косаўскім палацы». Мяне спыталі, а што гэта, я адказала: маё любімае месца ў Беларусі. Яго наведваюць не так часта, як Мір і Нясвіж, яго нядаўна адрэстаўрыравалі. Мне здаецца, што гэта адзін з самых прыгожых палацаў у Беларусі.
Я вельмі любіла ездзіць па розных сядзібах, якія, на жаль, разбураюцца, часта не рэстаўрыруюцца. У невялічкіх сядзібах можна было адчуць і ўявіць, як жылі людзі раней. Ёсць такое месца: Жэмыслаўль. Там ёсць копія Варшаўскага палаца. Яна ў меншым памеры ёсць у Беларусі.
Гэта прыватная ўласнасць, побач ёсць сад з вялікімі дрэвамі, вельмі шырокая рака, пад'яздная дарога, якая вядзе да крыльца палаца. Калі прыязджаеш у такія мясціны і ўяўляеш, як яно ёсць, і як яно магло бы быць, калі б рабілі турыстычныя аб’екты. Я вельмі сумую па тым, што было ў Беларусі, і вельмі сумую па тым, што магло бы быць, наколькі прыгожа для турызму магла быць Беларусь. Вельмі шкада, што гэта працуе не на карысць.
Напрыканцы размовы Ганна дадае:
— Набывайце гульню, гарантую, калі вы любіце Беларусь, калі звязваеце сябе з Беларуссю, вы атрымаеце асалоду, калі пагуляеце з сябрамі. Я некалькі разоў тэставала гульню з рознымі кампаніямі, каб пачуць фідбэк; усім вельмі падабаецца. Я таксама буду рада бачыць любыя праекты, якія ствараюцца на беларускай мове пра Беларусь. Зараз нашмат больш гэтага, чым было раней. Мне здаецца, гэтага ніколі не будзе дастаткова.
Мая мара — жыць так, што я прыходжу дадому ў адзеннi, якое зрабілі беларусы, бяру посуд, які зрабілі беларусы, наліваю туды каву і чытаю беларускія кнігі, а ўвечары прыходзяць сябры, з якімі мы гуляемся ў беларускамоўныя настольныя гульні.
@shpitskanal Ці вернецца Ганна Шымановіч на Радзіму? У новым выпуску «Пол Первого» Чумка задаў гэтае пытанне стваральніцы гульні «Я ніколі не». Цалкам відэа глядзіце на нашым ютуб-канале па спасылцы ў сторыс. А як вы думаеце, вы вернецеся #беларусь #яніколіне #белцікток #белтыкток #shpitskanal ♬ original sound - ПОЛ ПЕРВОГО
Хочаце расказаць сваю гiсторыю? Пiшыце: @ex_presslive.
Добро пожаловать в реальность!