Дзе можа адбыцца рыхтаваная амэрыканскім прэзыдэнтам сустрэча Зяленскага з Пуціным і чаму гэта важна для Беларусі? У якой ступені дэмакратычныя сілы Беларусі могуць уплываць на перамоўны працэс, што адбываецца паміж ЗША і ўладамі Беларусі? Гэта ды іншае Свабода абмяркоўвае са старшым дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам.
— Тэлефанаваньне прэзыдэнта ЗША Аляксандру Лукашэнку і два ягоныя пасты ў сацсетках пра вызваленьне 1300 беларускіх вязьняў. Што вам вядома пра тое, чаму гэта адбылося і якім чынам гэта было арганізавана?
— Пра дату, час званка, канешне, не было вядома, але сам факт такога тэлефанаваньня мы разглядалі ў дарожнай карце, якім чынам можна паступова вызваляць палітвязьняў. На нейкім этапе тэлефонны званок мог бы быць такім крокам з боку ЗША, каб працягнуць працэс вызваленьня. Але гэтая дарожная карта разьлічвала на паступовае вызваленьне, на паступовую дээскаляцыю. Заява Трампа пра 1300 чалавек — гэта той сьпіс, які мы перадавалі апошні раз з амэрыканскаму боку, больш шырокі сьпіс ад ініцыятывы Dissidentby. Гэта падняцьце ставак. То бок ад моманту паступовага вызваленьня невялікіх груп перайсьці адразу да вялікага вызваленьня. Я думаю, што гэта ініцыятыва менавіта прэзыдэнта Дональда Трампа, каб паскорыць працэс, хутка гэта вырашыць, хутка дабіцца перамогі, што мы вітаем, што можа спрацаваць. Мы разумеем, што непрыемна, што называюць Лукашэнку высокапаважаным прэзыдэнтам, але мы разумеем, што гэта кошт, які трэба плаціць за тое, каб людзі выйшлі на свабоду. І калі гэта атрымаецца, гэта будзе перамога.
Нашая задача — гэта скарыстацца гэтым момантам і максымум зь яго выціснуць. Пасьля гэтага тэлефанаваньня, якое было вельмі кароткае насамрэч, мы сазваніліся з нашымі кантактнымі асобамі, якія адказваюць за перамовы з Менскам. І потым ужо адбыўся званок Коўла і Крыса Сміта, якія размаўлялі з Лукашэнкам ужо па дэталях і па выніках размовы з Трампам. То бок мы ў цэлым ведаем, мы не даем задачы, устаноўкі, не маем непасрэднага ўплыву, але мы даводзім нашую пазыцыю і інфармуем. Мы ведаем, што тыя засьцярогі і чаканьні, якія агучваюць дэмакратычныя сілы, перадаюцца ў Менск. Напрыклад, нам важна, каб былі ня толькі вызваленыя палітвязьні, а каб былі зьменшаныя рэпрэсіі. Нам важна, каб людзі атрымалі права застацца ў Беларусі, а не былі дэпартаваныя з краіны. Нам важна, каб быў адменены пашпартны ўказ, таму што гэта адна з найцяжэйшых формаў рэпрэсій, якая закранае паўмільёна чалавек мінімум. І мы таксама ў гэтыя перамовы ўстаўляем элемэнты, якія важныя беларусам.
— Павал Латушка акцэнтаваў увагу на тое, што Трамп двойчы сказаў пра тое, што ён чакае вызваленьня 1300 палітзьняволеных і трэці раз ён гаварыць не будзе. Выглядае, што Аляксандру Лукашэнку трэба рэагаваць даволі хутка. А як хутка гэта можа пачацца?
— Я ня буду ставіць нейкія даты. Я думаю, што працэс зараз ідзе, таму што гэтая камунікацыя адбываецца практычна два разы на месяц, часам часьцей, часам радзей. Зараз мяч на баку Менска, у вялікай ступені яны павінны зрабіць крок. Мы пабачым, у якой форме гэта будзе, але гэта ўжо не пытаньне гадоў. Я спадзяюся, што гэта пытаньне месяцаў.
— Якую ролю можа адыграць Беларусь, рэжым і дэмакратычныя сілы ў намаганьнях прэзыдэнта ЗША завяршыць вайну?
— Я думаю, што для эўрапейскіх палітыкаў Беларусь і Ўкраіна ідуць як элемэнты адной праблемы, якія трэба вырашаць. Украіна — тэрміновая, але Беларусь, Малдова, увесь рэгіён — гэта пытаньне бясьпекі рэгіёну. Але для Амэрыкі Беларусь і Ўкраіна — гэта асобныя трэкі, хоць і з аднаго рэгіёна праблемы. Я думаю, што і Трамп, і новая адміністрацыя будуць па Беларусі будаваць сваю палітыку асобна, але, безумоўна, яна будзе вызначацца ў вялікай ступені прагрэсам у расейска-украінскіх перамовах. Я думаю, што ёсьць чаканьне, што калі будзе заключаны мір, калі Украіна будзе аднаўляцца, то яна будзе больш актыўна браць удзел у тым ліку ў дэмакратызацыі Беларусі, у зьменах у Беларусі... Гэта чаканьне Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Нашая задача — трымаць цікавасьць Дональда Трампа так доўга, наколькі гэта магчыма. Нам удалося яго зацікавіць палітвязьнямі. Нідзе іншая краіна ў сьвеце, дзе ёсьць палітвязьні, а такіх дзясяткі краінаў, і сытуацыя нават горшая, ні пра водную яшчэ Дональд Трамп не казаў такім чынам. Вызваленьнем толькі амэрыканскіх грамадзянаў ён займаўся да гэтай пары. А ўпершыню Беларусь стала той краінай, дзе Дональд Трамп выказваецца пра беларускіх палітычных вязьняў. І вось гэта момант увагі, сапраўды гэта дасягненьне, трэба ім скарыстацца, таму што гэты момант увагі можа хутка прайсьці і ўвага амэрыканскай адміністрацыі пераключыцца на іншыя тэмы. Едзе Сяргей Ціханоўскі зараз у Вашынгтон, Сьвятлана Ціханоўская едзе на Генасамблею ААН, у нас ёсьць пастаянныя кантакты і з Дзярждэпартамэнтам, і з Белым домам, і з рэспубліканцамі.
Наўрад ці Беларусь стане часткай расейска-украінскіх перамоваў, проста там няма месца для Беларусі. Калі вырашаецца настолькі маштабны крызіс, вайна, якая забірае жыцьці кожны дзень, беларускае пытаньне выглядае другарадным на гэтым фоне. Але неяк па-іншаму беларускую тэму прасоўваць, вот гэта была бы важная задача для беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці. І тое, што мы спрабуем рабіць, і даносяць адміністрацыі Дональда Трампа ў тым ліку.
— Дональд Трамп хоча атрымаць Нобэлеўскую прэмію міра. І акрамя завяршэньня войнаў, яму таксама важна вызваліць 1300 вязьняў, беларускіх вязьняў, палітвязьняў. Ці гэта можа быць матывацыяй Дональда Трампа?
— Я думаю, што ў першую чаргу гэта магчымасьць вырашыць яшчэ адзін крызіс. Ёсьць 30-гадовы крызіс. Ніхто гэты крызіс ня можа вырашыць. Ні самі беларусы, ні міжнародная супольнасьць, ні ўвесь ААН разам узятыя. І ў Дональда Трампа ёсьць магчымасьць гэта зрабіць. Гэта тое, што і Ціханоўскі казаў пасьля вызваленьня. Ён мае гэты ўплыў, яго баіцца ў нейкай ступені Лукашэнка. І калі ён гэта вырашыць, тады ён можа сапраўды стаць героем для многіх беларусаў, для Беларусі ў цэлым. І можа, безумоўна, гэта паўплываць у тым ліку на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру ці іншай прэміі. Я думаю, што гэта можа быць адна з матывацыяў. Мы бачым, што іншыя замежныя лідэры ўжо намінавалі Дональда Трампа на атрыманьне гэтай узнагароды. Калі ён вызваліць Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Беляцкага, то патэнцыйна таксама можа намінаваць яго на Нобэлеўскую прэмію. Было б добра, калі б удалося вырашыць крызіс у Беларусі, вызваліць людзей, і сапраўды, тады б амэрыканскі прэзыдэнт прыехаў на беларускую зямлю, але ўжо свабодную, дэмакратычную, і ягоная сямʼя наведала тыя месцы, адкуль паходзіць. Канешне, гэта прыгожая гісторыя.
Ганна Соўсь, "Свабода"
Добро пожаловать в реальность!