Политика

«Навошта мець справу з марыянэткай Крамля, калі ўсе ключавыя пытаньні прымаюцца ня ў Менску?»

І гэта істотны і адметны індыкатар цяперашняга стаўленьня да Лукашэнкі і да ягонага рэжыму на Захадзе.

Политика gazetaby.com
0

Лукашэнку яўна трывожыць тое, што ў сьвеце яго перастаюць успрымаць як самастойную палітычную фігуру, здольную прымаць рашэньні, адрозныя ад тых, якія надыктоўвае Пуцін і якія хоць бы ў драбніцах не супадалі б з рэчышчам расейскай палітыкі, піша Віктар Багдзевіч на Радыё Свабода.

Як вярнуць палітычную суб’ектнасьць, у існаваньні якой усё больш сумневаў?

Сярод палітыкаў, дыпляматаў і экспэртнай супольнасьці ўсё часьцей ужываецца абрэвіятура CRINK (ад ангельскіх назваў: China, Russia, Iran, North Korea). Так зь нядаўняга часу сталі называюць «вось агрэсараў» — Кітай, Расею, Іран, Паўночную Карэю, нефармальны альянс аўтакратый і дыктатур з рознымі нацыянальнымі інтарэсамі, але аб’яднанымі агульным імкненьнем супрацьстаяць Захаду (асабліва Злучаным Штатам).

Іхная ўзаемная падтрымка і дапамога сталі асабліва відавочнымі падчас расейскай агрэсіі супраць Украіны: пастаўкі зброі, боепрыпасаў, дапамога ў абыходзе заходніх санкцыяў, а ў выпадку з КНДР — нават непасрэдны ўдзел уласнымі войскамі ў баявых дзеяньнях на баку агрэсара.

Чаму да гэтай «восі» не залічылі Беларусь — даўнюю і пасьлядоўную саюзьніцу ўсіх чатырох краін у іхным супрацьстаяньні з Захадам і саўдзельніцу расейскай агрэсіі? Ня той эканамічны і вайсковы патэнцыял, каб лічыць яе сур’ёзным супернікам?

Але Паўночная Карэя таксама зусім не эканамічны гігант (ВУП значна меншы, чым у Беларусі, а насельніцтва толькі ў два з паловай разы большае).

«Дальнія дугі» Лукашэнкі

Адказ на гэта пытаньне несуцяшальны для Лукашэнкі. На Захадзе ўсё менш успрымаюць яго як самастойную палітычную фігуру, здольную прымаць сувэрэнныя рашэньні. Навошта мець справу з марыянэткай Крамля, калі ўсе ключавыя пытаньні прымаюцца ня ў Менску? І гэта істотны і адметны індыкатар цяперашняга стаўленьня да Лукашэнкі і да ягонага рэжыму.

Наўрад ці гэтае становішча камфортнае для яго самога. У ягонай палітычнай біяграфіі — доўгія гады і нават дзесяцігодзьдзі балянсаваньня, манэўраваньня, гульні на супярэчнасьцях, геапалітычнага гандлю. Усё тое, што прыносіла немалыя палітычныя і фінансавыя дывідэнды. І што раптам у адзін момант зьнікла пасьля 2020 года.

Робэрт Мугабэ, Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс сьмяюцца падчас саміту недалучэньня ў Гаване 15 верасьня 2006 году

Увогуле, выстройваньне рознага кшталту геапалітычных «восяў» і «дальніх дугаў» — даўні занятак самога Лукашэнкі, яшчэ з часоў першых дзесяцігодзьдзяў ягонага прэзыдэнцтва. Якія толькі далёкія і экзатычныя пункты на геаграфічнай мапе ў абодвух зямных паўшар’ях не пазначаў ён у якасьці ключавых пунктаў, якія павінны былі стаць злучальнымі пунктамі новай восі і варотамі для асваеньня новых багатых рынкаў для беларускай прадукцыі.

Былі імі ў розны час і Вэнэсуэла, і Зымбабвэ, і Судан, і Віетнам, і Экватарыяльная Гвінэя... Гэтыя абстрактныя лініі, праведзеныя кудысьці ў малазьведаную далячынь, у большасьці выпадкаў так і засталіся ў выглядзе нерэалізаваных альбо заглохлых на паўдарозе «пражэктаў». І прычыны былі пераважна адны і тыя ж.

Далёкія экзатычныя рынкі гатовыя былі прыняць беларускія тавары, але за тавары гэтыя афрыканскім ці лацінаамэрыканскім сябрам Лукашэнкі часта не было чым плаціць. Да таго ж нават ня самая дарагая беларуская прадукцыя, пераадолеўшы па морах і акіянах тысячы міль, становіцца неканкурэнтаздольнай у цэнах. І гэтыя геаграфічныя абставіны памяняць немагчыма.

Да найбліжэйшай ідэйна варожай эўрапейскай сталіцы ад Менску — 170 кілямэтраў. Да ідэйна блізкага Каракаса — 9400 кілямэтраў. І ніякая, нават самая моцная палітычная воля супрацьстаяць гэтаму рашуча ня здольная.

Апраўданьне перад смаленскім губэрнатарам

Цяпер нават самыя асьцярожныя і бяскрыўдныя крокі, якія зьмяшчаюць хоць бы намёк на адыход ад адзінай стратэгіі, прадыктаванай Крамлём, сустракаюць папрокі і падазрэньні з боку Масквы. І Лукашэнка вымушаны апраўдвацца за іх... нават перад смаленскім губэрнатарам, як гэта здарылася зусім нядаўна.

Прымаючы ў сябе 18 лістапада кіраўніка гэтага суседняга зь Беларусьсю расейскага рэгіёну, Лукашэнка пачаў размову з завочнай палемікі зь неназванымі расейскімі нядобразычліўцамі:

«Хто б там у Расеі, я ўжо таксама кажу, ні вякаў: «Вось Лукашэнка, шматвэктарнасьць... Зноў ён выпусьціў гэтых палітзьняволеных некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад»... Слухайце, ну такое прымітыўнае мысьленьне, што далей няма куды».

«З суседзямі трэба жыць у міры, яны ад Бога. Ну і што зробіш, калі палякі вякамі жылі з намі і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёньня займае такую гадкую пазыцыю адносна Беларусі — хіба палякі ў гэтым вінаватыя? Ну ў нейкай ступені так, яны ж выбіраюць іх. Але ў большасьці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі. ...Тое ж самае літоўцы, латышы, украінцы».

Лукашэнка спрабуе намацаць шляхі да вяртаньня страчанай суб’ектнасьці. Але магчымасьці для гэтага ў яго яўна абмежаваныя.

Якім чынам ён мог бы прадэманстраваць, што зь ім варта мець справу як з самастойным гульцом, што ён не зьяўляецца безнадзейна залежным васалам Пуціна?

Праз крокі, якія б паказалі ягоную самастойнасьць. Напрыклад, спыненьнем міграцыйных атак на заходняй мяжы. Ці згортваньнем палітычных рэпрэсій і амністыяй для палітзьняволеных. Звычайна, калі заходзіць размова на гэту тэму, аналітыкі разважаюць пра нейкі незвычайны страх, псыхалягічную траўму, якая нібыта не дазваляе Лукашэнку пазбавіцца ад глыбокай раны 2020 году і прымушае зноў і зноў раскручваць махавік рэпрэсій.

Мне здаецца больш праўдападобнай іншая вэрсія. А ці здольны ён увогуле самастойна, бяз згоды Крамля, прымаць сёньня такія рашэньні?

Тое, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі прыкладна зь вясны 2021 года, выглядае цалкам каардынаваным і кіраваным з Масквы працэсам.

Пасьлядоўнае зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, новае рэпрэсіўнае заканадаўства, выцісканьне ў эміграцыю соцень тысяч грамадзка актыўных людзей, гібрыдныя атакі на межы Эўразьвязу з дапамогай знарок зьвезеных мігрантаў — усё гэта падобна на частку падрыхтоўкі Пуціна да вайны супраць Украіны і скаардынаванае з Лукашэнкам будаўніцтва таталітарнага рэжыму «Ад Буга да Курылаў».

У самога Лукашэнкі на вясну 2021 году вострых прычынаў, каб распачынаць усю гэту клапатную, рызыкоўную і затратную кампанію, яўна не было. Пратэставая хваля з вуліц гарадоў на той час ужо цалкам зьнікла. Грамадзкая думка збольшага супакоілася. Найбольш актыўныя ўдзельнікі колішніх пратэстаў атрымалі параўнальна мяккія прысуды (многія — толькі адміністрацыйныя).

Усё разгортвалася паводле добра адпрацаваных і знаёмых Лукашэнку сцэнароў папярэдніх выбарчых кампаній — 2001, 2005 і 2010 гадоў. Ніякімі новымі рэвалюцыйнымі наступствамі яму гэта яўна не пагражала.

«Лепш ставіцца да ўдзельнікаў пратэстаў з дараваньнем...»

Тут можна правесьці паралелі з грамадзкімі пратэстамі, якія адбыліся ў студзені 2022 года ў іншай постсавецкай краіне, Казахстане.

Палітычныя рэжымы Лукашэнкі і Назарбаева на працягу трох першых дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці былі ў многім падобнымі: параўнальна мяккі аўтарытарызм, рэжым асабістай улады, але з пэўнай абмежаванай прасторай для дзейнасьці палітычнай апазыцыі, НДА і незалежных СМІ; у замежнай палітыцы — спробы балянсаваньня паміж рознымі полюсамі сілы (Расеяй, Захадам і Кітаем).

Забурэньні ў Казахстане. Алматы, 5 студзеня 2022

Пратэсты, якія адбыліся ў шэрагу рэгіёнаў Казахстана ў студзені 2022 года, былі непараўнальна больш гвалтоўнымі, жорсткімі, крывавымі, чым у Беларусі. Загінулі 238 чалавек, пацярпелі 4353. Было разбурана і спалена мноства будынкаў і аўтамабіляў, зьнішчана і разрабавана вялізная колькасьць маёмасьці.

Тым ня менш ужо 1 верасьня 2022 года, усяго праз сем месяцаў пасьля драматычных крывавых падзеяў, прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў абвесьціў масавую амністыю практычна ўсім удзельнікам пратэстаў. Аргумэнтацыя ў ягонай заяве прагучала наступная:

«Праявіўшы гуманізм, мы як нацыя зробім урокі з гэтай трагедыі і не дапусьцім яе паўтору.... Усе ўдзельнікі тых падзеяў — нашы грамадзяне. Яны спадзяюцца ня толькі на тое, што суд будзе справядлівым, але і на тое, што грамадзтва будзе паблажлівым. ...Думаю, што лепш ставіцца да іх з дараваньнем».

Параўнайце з тым, што праз год пасьля пратэстаў, санкцыянуючы кампанію палітычных рэпрэсій, сказаў у адрас сваіх апанэнтаў Лукашэнка:

«Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам».

У выніку амністыя ў Казахстане закранула каля паўтары тысячы асуджаных. Што цікава, улады Казахстана ў тыя дні актыўна выкарыстоўвалі тую ж рыторыку, якую адразу пасьля падзей 2020 года ня раз ужываў Лукашэнка: «Неабходна перагарнуць старонку».

З той розьніцай, што ў Казахстане яе сапраўды перагарнулі, а ў Беларусі працягваюць гартаць то ў адзін, то ў другі бок зноў і зноў, ужо пяты год.

Беларускі тупік

Што ў выніку атрымаў Лукашэнка? Жорсткія заходнія санкцыі, уцёкі соцень тысяч людзей за мяжу і як вынік — востры дэфіцыт працоўных рэсурсаў, пэрспэктыву дэмаграфічнага крызісу. А яшчэ — раскол у грамадзтве. І амаль поўную страту ўласнай палітычнай суб’ектнасьці.

Наўрад ці ў яго сёньня больш самастойнасьці, чым у Кадырава ў Чачэніі альбо Мініханава ў Татарстане. Да яго не прыяжджаюць, зь ім не кантактуюць заходнія лідэры — у прыватнасьці, ніхто з кіраўнікоў чатырох суседніх эўрапейскіх дзяржаў. Увогуле, Беларусь за мінулыя чатыры гады ўсё больш яўна ператвараецца ў закрытую ўскраіну імпэрыі, пэўны геаграфічны тупік.

А закрытасьць і агрэсіўнасьць спараджаюць паступовы эканамічны заняпад і адсталасьць.

Сюды ўжо чацьвёрты год ня лётаюць з Захаду самалёты і ня ходзяць цягнікі. На працягу соцень гадоў Горадня, Берасьце, Полацак былі скрыжаваньнем гандлёвых шляхоў паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Багацелі і квітнелі дзякуючы сваёй адкрытасьці, памежным кантактам, гандлю.

Цяпер усё гэта ў мінулым. Уздоўж амаль усяго пэрымэтру заходняй, паўднёвай і паўночнай межаў паўстаюць сьцены, загароды, супрацьтанкавыя равы і мінныя палі, становіцца больш жорсткім візавы рэжым, абрываецца мноства эканамічных, культурных, чалавечых сувязяў.

Ці быў у Лукашэнкі выбар? Ён жа ня можа ня бачыць, як павялі сябе іншыя постсавецкія, ідэйна блізкія яму рэжымы: таго ж Такаева ў Казахстане, Мірзіёева ва Ўзбэкістане, Аліева ў Азэрбайджане... Ня кінуліся ў вір безагляднай падтрымкі пуцінскай вайны, ня трапілі ні пад санкцыі, ні пад міжнародную ізаляцыю.

Так, ні пра якую дэмакратыю там размовы няма, але і махавіка палітычных рэпрэсій ніхто не раскручвае, і нават адбываюцца асьцярожныя палітычныя рэформы, якія робяць дзяржаўнае ўладкаваньне больш сучасным.

Гэтыя краіны ўсё больш адкрываюцца сьвету, праводзяць у сябе аўтарытэтныя міжнародныя форумы, імкліва разьвіваюць турызм. Няўжо ў Лукашэнкі не было магчымасьці паводзіць сябе гэтак жа?

Трапіў у нерат

З таго нерату, у які трапіў Лукашэнка (сам ці пад ціскам Масквы), пакуль што ня бачна відавочнага выйсьця. На даляглядзе — прывід магчымых хуткіх эканамічных узрушэньняў, першыя прыкметы якіх ужо відаць няўзброеным вокам.

Калі ня ўдасца аднавіць дыялёг з Захадам, наперадзе можа чакаць яшчэ большая залежнасьць ад Расеі і зьнішчэньне і без таго ўмоўнай беларускай незалежнасьці.

Лукашэнка падае пэўныя сыгналы Захаду, але сыгналы гэтыя сьціплыя, нясьмелыя і яўна недастатковыя для таго, каб пераканаць у сур’ёзнасьці ягоных намераў.

Так, ён раз-пораз вызваляе па некалькі дзясяткаў палітвязьняў, але ўсьлед за гэтым турэмныя камэры запаўняюцца новымі арыштаванымі з палітычных матываў, а сам Лукашэнка пры гэтым лічыць неабходным прыніжальна апраўдвацца і тлумачыць гэты свой крок перад Масквой.

Зь ягонага боку нібыта гучыць гатовасьць узяцца за вырашэньне мігранцкай праблемы, але замест таго, каб проста адным загадам спыніць падвоз мігрантаў і пропуск іх празь мяжу, ён спрабуе наладзіць перамовы: арганізаваў нават у канцы кастрычніка міжнародную канфэрэнцыю на гэту тэму. На якую, зрэшты, ад Эўразьвязу ніхто з адказных кіраўнікоў дэманстратыўна не прыехаў.

На Лукашэнку могуць зьвярнуць увагу ў выпадку рашучых крокаў, якія паказалі б ягоную самастойнасьць і суб’ектнасьць. Такімі крокамі, відавочна, маглі б быць вызваленьне палітвязьняў, амністыя, загад памежнікам і міліцыі перастаць прапускаць празь мяжу нелегальных мігрантаў ці спыненьне палітычных рэпрэсіяў.

Але на гэта ён сёньня яўна ня здольны бяз санкцыі Крамля. Ён асьцерагаецца рэзкіх рухаў. Магчыма, выконваючы нейкія дамоўленасьці і абавязаньні, узятыя перад Пуціным напярэдадні вайны.

Такое ўражаньне, што ён і сам чакае заканчэньня вайны і зьменаў у Расеі, якія б адкрылі для яго магчымасьць хоць крыху аслабіць жалезныя абдымкі імпэрыі.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
Захад
Лукашэнка
Масква
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Не стыдно
«Вся моя жизнь после переезда — моя гордость» — история женской эмиграции
В мире
Пастухов: Ранее распространенный нарратив, что Европа ведет в Украине войну за собственную свободу, ослабевает
Общество
Белорусы за союз с РФ, но против войны. Опрос Chatham House
Политика
Карбалевич: Делукашенизация – неизбежный этап
Политика
Страны Балтии могут демонтировать рельсы на границе с Россией и Беларусью
Политика
Эксперт: Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі
Общество
На выходных в Беларуси похолодает. Какую еще погоду обещают синоптики?
Общество
Как Лукашенко нарушает собственные процедуры помилования
Общество
Гомельский завод посуды оказался поставщиком дронов для российской армии
Новости Жодино
«Обещала наследство всем подряд». Жительница Жодино узнала, что квартира сестры ушла… нотариусу
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Не стыдно
«Вся моя жизнь после переезда — моя гордость» — история женской эмиграции
В мире
Пастухов: Ранее распространенный нарратив, что Европа ведет в Украине войну за собственную свободу, ослабевает
Общество
Белорусы за союз с РФ, но против войны. Опрос Chatham House
Политика
Карбалевич: Делукашенизация – неизбежный этап
Политика
Страны Балтии могут демонтировать рельсы на границе с Россией и Беларусью
Политика
Эксперт: Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі
Общество
На выходных в Беларуси похолодает. Какую еще погоду обещают синоптики?
Общество
Как Лукашенко нарушает собственные процедуры помилования
Общество
Гомельский завод посуды оказался поставщиком дронов для российской армии
Новости Жодино
«Обещала наследство всем подряд». Жительница Жодино узнала, что квартира сестры ушла… нотариусу
ВСЕ НОВОСТИ