Палітычны аглядальнік — пра тое, ці пазрывае Лукашэнка генэральскія зоркі за зліў дадзены КДБ.
— Вітаючы посьпех «кіберпартызанаў» з узломам унутранай інфармацыйнай базы КГБ, думаю пра дзеяча, чые мэтады Лукашэнка ўзяў на ўзбраеньне, — піша Сяргей Навумчык. — Калі б у якім 1939 годзе з НКВД скралі 40 тысяч лістоў, і іх пачалі друкаваць, скажам, парыжскія «Последние новости» Мілюкова, — лёс бы Церце... — пардон, Берыі і ягоных намесьнікаў быў бы вызначаны імгненна.
Гэта ў абвінавачанага ў «шпіянажы на Японію» настаўніка матэматыкі ці інжынера, які меў намер «зьдзейсьніць дыверсію на Днепрагэсе», быў тэарэтычны шанец праіснаваць некалькі гадоў у лягерах ГУЛАГу, перш чым памерці ад голаду ці быць забітым крымінальнікамі.
У чэкістаў такога шанцу, як правіла, не было: куля ў патыліцу ад свайго ж колішняга калегі. Былы агент царскай ахранкі і «лучший друг советских чекистов», Іосіф Вісарыёнавіч ведаў пра гэтую пароду людзей нешта такое, што не пакідала адносна іх ніякіх ілюзіяў. І, па вялікім рахунку, ніколі ім не давяраў. У чым, з пункту гледжаньня захаваньня асабістай улады, меў бясспрэчную рацыю.
Таму і прыдумляў нагоды для зрываньня ордэнаў і расстрэлаў; для Ягоды — сувязі з Троцкім, для Яжова — падрыхтоўка тэрактаў, Абакумаву ж прыпісаў сіянісцкую змову.
А страта 40 тысяч зваротаў – тут і выдумляць нічога было б ня трэба: пад «пролетарскую секиру» пайшлі б дзясяткі і сотні «холодных голов» людзей з «чистыми руками и горячим сердцем».
І вось цяпер мы ўбачым: ці пазрывае Лукашэнка генэральскія зоркі. Калі пазрывае — значыць, яшчэ мае нейкі кантроль над сваімі спэцслужбамі. Ну а калі не — тады і сам у іхніх «чистых руках».
Добро пожаловать в реальность!