Выйгранай лічыцца тая вайна, якую ўдалося не дапусціць. Стратэгічнае планаванне НАТА палягае ў тым, што Альянс разглядае ўсе магчымыя варыянты адпору расійскай агрэсіі. Генерал Роман Полька ў свой час распавядаў, што войска мае планы нават на выпадак атакі іншапланецян. І ён не жартаваў.
Нямецкая газета Bild абнародавала сцэнар нападу Расіі на краіны НАТА ўжо ў пачатку 2025 года. Выданне піша, што галоўная роля ў гэтым сцэнары адводзіцца Беларусі.
Ужо ў лютым 2024 года Расія можа дадаткова мабілізаваць 200 тысяч чалавек для новага наступу ва Украіне. Летам Расія арганізуе кібератакі на сістэмы НАТА, і справакуе беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расіян. Адказам на «беспарадкі» стануць сумесныя вучэнні «Захад-2024» з удзелам 50 тысяч расійскіх салдат.
У снежні 2024 года Расія можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», каб патлумачыць атаку на Сувалкскі калідор.
ЗША не здолее аператыўна ўмяшацца ў падзеі, бо ўсе падзеі павінны разгортвацца ў перыяд міжуладдзя.
Пра рэалістычнасць апісанага сцэнара пагаварылі з Аляксандрам Казаком, спецыялістам па нацыянальнай бяспецы.
— Існуе спіс выданняў, якім я ад пачатку не надта давяраю. Пару тыдняў таму пра падрыхтоўку да абарончай вайны Bild рабіў тызер пра верагоднасць таго, што Расія можа скарыстацца акном безуладдзя ў ЗША. Практыка паказвае, што калі падобная інфармацыя трапляе ў публічную прастору, то спецслужбы ўжо ведаюць пра такія пагрозы і працуюць над імі.
Ці сапраўды можа здарыцца напад на Сувалкскі калідор? На вялікі жаль, такое магчыма, ніхто не застрахаваны ад падобнага развіцця падзей. Але мы не назіраем ніякіх маштабных і паказальных падрыхтаванняў да падобнага развіцця падзей з боку Расіі.
— Ці дазволіць хада вайны ва Украіне Расіі адкрыць другі фронт — супраць краін Балтыі, Польшчы, то бок краін НАТА?
— Увесь час ідзе гаворка пра тое, што наступнай гарачай кропкай унутры Еўропы могуць стаць Сувалкі, і гэта відавочна: 80 кіламетраў для механізаванай брыгады — гэта не адлегласць. Тым больш пры падтрымцы верталётаў ды іншых баявых сістэм.
Але ўсе задаюцца лагічным пытаннем: а ў чым сэнс атакі на Сувалкскі калідор? Захоп Сувалкскага калідора можна было б выкарыстаць як маленькую пераможную вайну. Але ці з’явіцца такая патрэба? Калі Расія не дасягне поспеху ва Украіне, рэсурсы і сілы будуць спальвацца на ўкраінскай зямлі, то ці знойдуцца дадатковыя рэсурсы для вядзення ваенных дзеянняў на тэрыторыі НАТА?
Я не думаю, што пры нападзе на Польшчу і Літву імгненна адбудзецца разгортванне сіл НАТА, пра якое піша Bild. Безумоўна, першы ўдар Польшчы і Літве давядзецца трымаць самастойна, бо цалкам верагодна, што войскі НАТА далучацца з пэўным спазненнем: гэта час, гэта лагістыка, гэта рашэнні.
Відавочна, што эксперты, атрымаўшы досвед вайны ва Украіне, пачынаюць глядзець на Расію зусім па-іншаму і падобныя званочкі разглядаюць вельмі сур’ёзна.
— Ці можа Расія паўторна выкарыстаць Беларусь як плацдарм, але гэтым разам — для вайны супраць НАТА? Ва Украіну расійскія войскі ўвайшлі менавіта з тэрыторыі Беларусі.
— Калі мы гаворым у кантэксце Сувалак, то было б вельмі дзіўна не выкарыстаць Беларусь: Сувалкскі калідор знаходзіцца за 80 кіламетраў ад Гродзенскай вобласці. Радыўс дзейнасці ракетных сістэм, якія стаяць у Калінінградзе, складае 400 кіламетраў — прыкладна 80% тэрыторыі Польшчы перакрываецца гэтымі сістэмамі. Пытанне ў тым, ці знаходзяцца яны ў Калінінградскай вобласці? Няма ніякіх пацверджанняў, што гэтыя сістэмы, якімі нас моцна пужаюць, знаходзяцца ў Калінінградзе.
Ці адкрые Расія новы фронт з поўначы Украіны? Мяркую, што на дадзены момант не адкрые.
Але не варта забываць, што Лукашэнка будзе і рукамі, і нагамі будзе адбівацца ад нападу на Сувалкі. Лукашэнка вельмі моцна атрымаў за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, зараз ён намагаецца выйсці ў нейтральныя воды, але пах агрэсіі застаўся. Зусім іншая гісторыя — напад на краіны НАТА, на ўсходні фланг Альянса.
— Але Расія не збіраецца згортваць сваю агрэсію. Логіка вайны сведчыць, што раней ці пазней можа надысці той час, калі наўпроставы ўдзел Беларусі ў вайне стане непазбежным.
— На прыкладзе Украіны было цалкам зразумела, навошта Крамлю спатрэбілася «замараць» Беларусь. З Беларусі да Кіева 80 кіламетраў. Мы ўсе памятаем першыя гадзіны, першыя дні ўварвання: дэсантныя групы, механізаваныя групы, якія актыўна ішлі ў накірунку Кіева, мы ўсе памятаем, што рабілі «вагнераўцы» ў Бучы і Ірпені. Мы ўсе ведаем, што гэта рабілі менавіта «вагнераўцы», якія заходзілі з боку Беларусі. Гэта быў стратэгічны накірунак ваеннага ўдару, які выкарыстоўвалі для хутчэйшага дасягнення сваіх мэтаў.
Але якая стратэгічная мэта з Сувалкамі? Калі гаворка ідзе пра калідор у Калінінград, то ягоны захоп нібыта мае сэнс. Але што далей? Калінінград па сутнасці акружаны краінамі НАТА, а па-другое, па абодва бакі гэтага калідора будзе ісці вайна. Калі войскі НАТА перарэжуць Сувалкскі калідор, то Калінінград і ўсе расійскія войскі апынуцца ў катле, а значыць, іх можна зруйнаваць з зямлёй.
Чым адкажа Расія? Ядзернай зброяй? Чамусьці я не чуў сур’ёзных пагрозаў тактычнай або нават стратэгічнай зброяй, калі ўглыб Белгарадскай вобласці Расіі на дзясяткі кіламетраў увайшлі ўкраінскія войскі.
— Пра што сведчыць з’яўленне такога сцэнара ў газеце Bild?
— Мне ўзгадваецца анекдот пра тое, што часам банан — гэта проста банан.
Па-першае, трэба, каб Bild чыталі. Па-другое, трэба мабілізаваць народ на падтрымку Украіне. Рэзоны ёсць, але гэта не заклік: уцякайце з рэгіёна — вайна блізка.
Стратэгічнае планаванне НАТА палягае ў тым, што Альянс разглядае ўсе магчымыя варыянты. Можаце верыць, можаце не, генерал Роман Полька ў свой час распавядаў, што войска мае планы нават на выпадак атакі інапланецян. І ён не жартаваў.
Я не здзіўлены і не шакаваны, што падобныя варыянты адпору расійскай агрэсіі існуюць. Я ўпэўнены, што НАТА мае сотні другіх планаў, гэты — адзін з актуальных сцэнароў, які знаходзіцца ў прыярытэце. На павестцы дня адно пытанне: што будзе далей? Абсалютна натуральна, што краіны НАТА ўзбройваюцца, абсалютна натуральна, што войскі знаходзяцца каля межаў. Бо выйгранай лічыцца тая вайна, якая не пачалася.
Добро пожаловать в реальность!