Политика

Карбалевiч: Стала зразумела, што да ўкраінскай перамогі далёка. А ніякіх іншых варыянтаў стратэгіі пераменаў у Беларусі, па сутнасьці, няма

Уплыў замежных апазыцыйных цэнтраў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі мінімізаваўся.

Политика www.svaboda.org
0

Апазыцыйныя цэнтры ў замежжы, якія паўсталі як інстытуцыі пратэставага руху ў Беларусі, могуць ператварыцца ў орган палітычнага прадстаўніцтва дыяспары. Але гэтыя рухі за мяжой становяцца ўсё менш цікавымі грамадзтву ўнутры Беларусі, піша палітолаг Валер Карбалевiч на "Свабодзе".

Неспрыяльныя ўмовы

На працягу мінулага году беларускай дэмакратычнай апазыцыі давялося дзейнічаць у даволі неспрыяльных варунках. Акрамя ўзмацненьня палітычнага тэрору ў Беларусі, яшчэ некалькі чыньнікаў абцяжарвалі, стваралі рамкі, у межах якіх давялося існаваць апанэнтам рэжыму.

Найперш, у шэрагу краін працягваліся захады, накіраваныя на ўскладненьне ўмоваў легалізацыі беларускай дыяспары.

Ня страчвала актуальнасьці праблема адзінства апазыцыі. Нядаўняя канфэрэнцыя ў Кіеве, арганізаваная палком імя Каліноўскага, стала чарговым сьведчаньнем таго, што многія арганізацыі і цэнтры апазыцыі гатовыя супернічаць з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, аспрэчваць яе статус адзінага прадстаўніка беларускай дэмакратыі.

Увогуле, уся стратэгія перамен у Беларусі, няхай і няяўна, грунтавалася на перамозе Ўкраіны ў вайне, у выніку якой рэжымы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі павінны аслабнуць і гэта створыць умовы для перамогі дэмакратыі. Адсюль і стаўка на сілавы варыянт зрынаньня рэжыму, якая пачала дамінаваць у дэмакратычнай супольнасьці з 2022 году.

Цяпер стала зразумела, што да ўкраінскай перамогі, мякка кажучы, далёка. А ніякіх іншых варыянтаў стратэгіі пераменаў у Беларусі, па сутнасьці, няма.

Посьпехі і дасягненьні

Спачатку пра посьпехі. Камандзе Ціханоўскай удалося ўмацаваць сваю міжнародную суб’ектнасьць. Пасьпяхова адбываўся працэс інстытуалізацыі прысутнасьці беларускай апазыцыі на розных міжнародных пляцоўках (Эўразьвяз, Рада Эўропы), прайшоў стратэгічны дыялёг з ЗША.

Аб’яднаная апазыцыя абнародавала Стратэгію пераходу да Новай Беларусі. У ёй адлюстраваны плян рэформаў у эканоміцы, палітычнай сыстэме, замежнай палітыцы пасьля таго, як цяперашні рэжым ці то зьнікне, ці то аслабне настолькі, што апазыцыя атрымае магчымасьць уплываць на грамадзка-палітычныя працэсы.

Гістарычны досьвед сьведчыць, што рэальныя працэсы перамен рэдка адбываюцца паводле загадзя распрацаванай праграмы. Бо на іх уплываюць розныя чыньнікі, і найперш рэальныя суадносіны палітычных сіл, якія складаюцца на гэты момант. Аднак распрацоўка гэтай Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі зьяўляецца вельмі станоўчым крокам. Ня стаў бы цяпер аналізаваць плюсы і мінусы гэтага дакумэнта. Важны сам факт яго існаваньня. Бо ў нейкі момант, калі адкрыецца вакно магчымасьцяў (а гэты пэрыяд можа аказацца кароткім) перавагу будуць мець тыя палітычныя сілы, якія маюць гатовую праграму, дакладны плян перамен.

І тут будзе дарэчы згадаць досьвед гарбачоўскай перабудовы. У нейкі момант, калі намэнклятурная большасьць Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Беларусі разгубілася і ня ведала, што рабіць, невялікая фракцыя БНФ пачала дыктаваць свой парадак дня. Бо добра разумела, які павінен быць плян дзеяньняў, мела калі не гатовую праграму, то дакладнае ўяўленьне пра мэты і пэрспэктывы будучай незалежнай Беларусі.

Уплыў палітычных рэпрэсій

Што тычыцца ўзмацненьня палітычнага тэрору ў Беларусі, то варта адзначыць, што ён нэгатыўна ўзьдзейнічаў на працу апазыцыі адразу ў двух кірунках. Унутры краіны рэпрэсіі паралізавалі легальную дзейнасьць любых арганізацый і фізычных асоб. Былі зьліквідаваныя апазыцыйныя палітычныя партыі і рэшткі структур грамадзянскай супольнасьці.

Другі кірунак палітычнага тэрору рэжыму скіраваны на эміграцыю. Улады не спыняюць спробы дацягвацца да апазыцыянэраў за мяжой. Пагрозы завочных судоў, пазбаўленьня грамадзянства, канфіскацыі маёмасьці пачалі ажыцьцяўляцца. Пра гэта сьведчыць нядаўні пагром кватэр чальцоў Каардынацыйнай рады. Гісторыя з пашпартамі таксама стала моцным ударам па палітычнай эміграцыі.

У выніку дзеяньня гэтай рэпрэсіўнай машыны ўплыў замежных апазыцыйных цэнтраў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі мінімізаваўся. І гэтае мае свае нэгатыўныя наступствы.

Перад цэнтрамі апазыцыі паўстала рэальная пэрспэктыва кардынальна памяняць свой статус. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», Каардынацыйная рада ды іншыя структуры зьявіліся на сьвет як органы народнага паўстаньня, прадстаўнічыя інстытуцыі пратэставага руху 2020 году ў Беларусі, як структуры, якія адлюстроўваюць інтарэсы большасьці грамадзтва, якое выказала сваю волю падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы, менавіта ў такім статусе іх прызнае заходняя супольнасьць.

Аднак за гэтыя тры гады шмат што памянялася, адбылася пэўная эвалюцыя. Абвешчаны курс на эўрапейскую інтэграцыю азначае, што апазыцыйныя цэнтры цяпер прадстаўляюць інтарэсы дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Гэта пэўнае звужэньне сацыяльнай, палітычнай базы ў параўнаньні з той большасьцю, якая склалася ў 2020 годзе.

Але гэты працэс не спыніўся, ён працягваўся. Паступова, крок за крокам адбываецца ўзрастаньне ролі эмігранцкага парадку дня ў дзейнасьці гэтых структур. Кірунак, які спачатку разглядаўся як часовы, пабочны адносна ўнутрыпалітычных працэсаў, пачынае ператварацца ў асноўны від, сфэру дзейнасьці.

Не рэалізаваны ўнутры краіны патэнцыял дэмакратыі апазыцыя спрабуе рэалізаваць у дыяспары. Тут адбываюцца выбары, зьяўляецца ўрад (Аб’яднаны пераходны кабінэт), парлямэнт (Каардынацыйная рада), падзел уладаў, фракцыі, партыі ды інш. Гэта захоплівае, уцягвае. З аднаго боку, адбываецца практычнае навучаньне дэмакратычным працэдурам. А з другога боку, ствараецца ілюзія ўдзелу ў сапраўднай палітыцы.

Але дыяспара — гэта яшчэ больш вузкая база, чым дэмакратычная супольнасьць Беларусі.

Апазыцыя і выбары

Вельмі важным паказьнікам гэтага працэсу стала тактыка апазыцыі адносна выбараў, якія рэжым праводзіць 25 лютага. Яна даволі немудрагелістая: мы ў іх ня ўдзельнічаем, фактычна байкатуем. Якраз з тае прычыны, што ніяк ня можам на іх уплываць. Замест гэтага ствараем уласны выбарны орган, Каардынацыйную раду, і праводзім туды выбары.

Беларуская апазыцыя ня першы раз зьвяртаецца да тактыкі байкоту. Але ў мінулым гэта разглядалася, па-першае, як цэлая палітычная кампанія. Па-другое, байкот меў задачу нейкім чынам узьдзейнічаць на рэжым, зрабіць умовы наступных выбараў больш дэмакратычнымі. Бо лічылася, што адсутнасьць у выбарчым працэсе апазыцыі дэлегітымізуе рэжым. Наколькі гэта ўдавалася ў сапраўднасьці рэалізаваць, іншая справа. Але такія задачы ставіліся.

Цяпер байкот зводзіцца да аднаго: «Мы ня ўдзельнічаем». То бок ігнаруем падзею ўнутры краіны. І прапануем альтэрнатыву — выбары ў Каардынацыйную раду, якая дзейнічае ў замежжы. Альтэрнатыва, скажам мякка, так сабе. Бо варта толькі задаць пытаньне: а колькі грамадзянаў Беларусі будзе ўдзельнічаць у выбарах Каардынацыйнай рады? 100 тысяч? 200 тысяч? Які працэнт насельніцтва?

Атрымліваецца, што замест адной імітацыі, якую робяць улады, прапануецца іншая імітацыя. У выніку назіраем нешта накшталт вайны імітацый.

Небясьпека палягае ў тым, што апазыцыйныя цэнтры ў замежжы, якія паўсталі як інстытуцыі пратэставага руху ў Беларусі, могуць ператварыцца ў орган палітычнага прадстаўніцтва дыяспары. Але гэтыя рухі за мяжой становяцца ўсё менш цікавымі грамадзтву ўнутры Беларусі. Атрымліваецца, што тое самае гета, у якім доўгія гады існавала ўнутры краіны «старая» апазыцыя, цяпер перамяшчаецца за мяжу? Гэта пакуль пытаньне, а ня сьцьверджаньне. Але пытаньне актуальнае.

Хоць гэты працэс у чымсьці аб’ектыўны, але вось гэтая тактыка «няўдзелу» ў выбарчым працэсе ўнутры Беларусі, альтэрнатыва ў выглядзе выбараў у Каардынацыйную раду паказвае, як лёгка зьбіцца на такі шлях.

Звышзадача, якая стаіць перад дэмакратычнай апазыцыяй на наступны 2024 год, — паспрабаваць вярнуцца ў агульнанацыянальны парадак дня.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
карбалевич
оппозиция
эмиграция
беларусь
социум
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
Глава Могилевщины собирается строить у себя в регионе незнамо что
В мире
«Может быть, именно поэтому Путин так скрывает свое происхождение?». Хакеры добыли ДНК Путина
Общество
Белоруска переехала в Нидерланды, чтобы окончательно сменить пол. Как это устроено и сколько стоит?
В мире
Маск страціў $148 млрд, але застаўся самым багатым чалавекам на Зямлі
В мире
«Какая Одесса? Россия блефует во время крайне неудачной игры»
Общество
«Могут арестовать, и вы потеряете семью». Украинка рассказала о «фильтрации» при въезде в Беларусь
В мире
В России школьницам будут выплачивать по 100 тысяч рублей "при постановке на учет по беременности"
Общество
Каліновец Клачко: «Нармалёва ўспрымаю, калі людзі весяляцца. Але дрэнна – калі падчас сённяшніх падзей яны толькі весяляцца»
Общество
МВД показало фото с дискотеки, на которой будущие силовики среди студенток медвуза ищут себе «верных спутниц» и «надежный тыл»
В мире
«Это может быть наше последнее мирное лето». Немецкий историк полагает, что нападение России на Литву возможно уже осенью
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
Глава Могилевщины собирается строить у себя в регионе незнамо что
В мире
«Может быть, именно поэтому Путин так скрывает свое происхождение?». Хакеры добыли ДНК Путина
Общество
Белоруска переехала в Нидерланды, чтобы окончательно сменить пол. Как это устроено и сколько стоит?
В мире
Маск страціў $148 млрд, але застаўся самым багатым чалавекам на Зямлі
В мире
«Какая Одесса? Россия блефует во время крайне неудачной игры»
Общество
«Могут арестовать, и вы потеряете семью». Украинка рассказала о «фильтрации» при въезде в Беларусь
В мире
В России школьницам будут выплачивать по 100 тысяч рублей "при постановке на учет по беременности"
Общество
Каліновец Клачко: «Нармалёва ўспрымаю, калі людзі весяляцца. Але дрэнна – калі падчас сённяшніх падзей яны толькі весяляцца»
Общество
МВД показало фото с дискотеки, на которой будущие силовики среди студенток медвуза ищут себе «верных спутниц» и «надежный тыл»
В мире
«Это может быть наше последнее мирное лето». Немецкий историк полагает, что нападение России на Литву возможно уже осенью
ВСЕ НОВОСТИ