Политика

Шрайбман: Адносіны Лукашэнкі і Пуціна вярнуліся ў звыклую каляіну, у якой яны былі да мяцяжу Прыгожына. Лукашэнка і раней разумеў рызыкі здрады Пуціну

Як сьмерць Прыгожына паўплывае на стасункі Лукашэнкі і Пуціна?

Политика www.svaboda.org
0

Далейшае скарачэньне колькасьці пераходаў на мяжы зь Літвой пры адсутнасьці поўнага закрыцьця межаў зь Беларусьсю усімі суседзямі — сябрамі Эўразьвязу — гэта рашэньне палавіністае ці збалянсаванае? Якім будзе лёс ПВК «Вагнэр» у Беларусі? Як сьмерць Прыгожына паўплывае на стасункі Лукашэнкі і Пуціна?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў словы Ціханоўскай пра магчымасьць вайсковай дапамогі беларускай дэмакратыі. «Украінская перамога паставіць кропку. І я вельмі рады за супольнасьць дзяржаў — гэта ня толькі пра Беларусь, бо гэтае пытаньне неаб’яднанай Малдовы і пытаньне Грузіі. Я ўпэўнены, што перамога Ўкраіны дасьць магчымасьць палітычнага разьвязаньня, дэмакратыі і вяртаньня цэласнасьці гэтых дзяржаваў», — сказаў Зяленскі.

«І ня трэба думаць спадарыні Ціханоўскай пра арміі іншых дзяржаваў» — дадаў ён. Што азначае гэтая заява Зяленскага: беларусы дамогуцца свабоды дзякуючы нашай перамозе, але бяз нас, бяз нашай дапамогі?

— Ну так, прыкладна гэтак я б разумеў словы Зяленскага. Што ня трэба разьлічваць на тое, што нехта прынясе свабоду на сваіх штыхах, што прыйдзе ўкраінскае войска і вызваліць Беларусь. Гэтая пазыцыя відавочная, уключна з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская тады зрабіла ня самую ўдалую заяву. Яна адказвала на пытаньне, не было такога, каб яна зрабіла адмысловую заяву — дайце мне армію Ўкраіны. Было пытаньне «Ці не выключаеце вы...?» — яна тады адказала, што не выключае. Зяленскі палічыў, што Ціханоўская да гэтага заклікала і адказаў крыху рэзка.

— Не зусім. Пытаньне і Ціханоўскай, і Зяленскаму задавала журналістка Натальля Масейчук. І яна дала Зяленскаму паслухаць сваё пытаньне Ціханоўскай і яе адказ. І тым ня менш Зяленскі расставіў акцэнты так, як палічыў патрэбным. Чаму?

— Яму важна, каб беларусы таксама нешта рабілі. Каб не было разьліку, што можна расслабіцца і спадзявацца, што ўкраінскае войска вырашыць праблемы Беларусі. Даваць падставу для такіх спадзеваў зь яго боку было б дзіўна.

— Што вынікае з гэтай заявы Зяленскага адносна гіпатэтычнага паходу палку Каліноўскага на Менск? Ці будзе Кіеў яго падтрымліваць ці ўхваляць?

— Вынікае, што ніякага жаданьня рабіць гэта ва Ўкраіны няма. І ня толькі зараз, але і пасьля меркаванай перамогі над Расеяй. Я ня ведаю, у каго ёсьць пляны зрынаньня ўлады Лукашэнкі сілай. Напэўна, пра гэта гавораць толькі прапагандысты самога Лукашэнкі. Я нават ад сьпікераў палку Каліноўскага ня чуў заяваў, што яны разам з УСУ пойдуць маршам на Менск. Але калі сытуацыя ў Беларусі прыйдзе ў такі пункт, калі адкрыецца магчымасьць для гібрыдных ці сілавых апэрацыяў, то і пазыцыя Кіева, і пазыцыя палка Каліноўскага могуць стаць іншымі. Цяпер рэжым у Беларусі мае падтрымку Расеі, даволі моцна стаіць на сваіх сілавых «нагах». І таму пра сілавыя варыянты з удзелам Украіны зараз і гаворкі ісьці ня можа. Усе сцэнары сілавога вызваленьня прадугледжваюць ужо паўразваленую дзяржаву. А тады ўсе сёньняшнія абяцаньні страцяць актуальнасьць.

— Напрыканцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў гібель кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Самы няпэўны сюжэт у заявах Лукашэнкі — наконт гарантыяў бясьпекі Прыгожыну. Маўляў, я не даваў ніякіх гарантыяў, я гарантаваў бясьпеку падчас знаходжаньня ў Беларусі, я ня мог гарантаваць бясьпеку за межамі Беларусі — усё гэта прагучала ў Лукашэнкі ледзь не адначасова. Што азначаў гэты сумбур?

— Цяжка заўсёды знаходзіць у патоку словаў Лукашэнкі стратэгічнае бачаньне. Я думаю, што ён трапіў у нейкі ступар як сытуацыяй з Прыгожынам, гэтак і раней — сытуацыяй мяцяжу. І тады ён нагаварыў шмат такога, чаго ня мог забясьпечыць, перабольшваючы сваю ролю, сваю значнасьць, свае гарантыі, ступень сваёй ангажаванасьці ў сытуацыю. Гэтак і зараз я не магу сказаць, што яго прамова была распрацаваная нейкімі стратэгамі ці паліткансультантамі. Ён трапіў у пастку, створаную сваімі амбіцыйнымі заявамі ў чэрвені-ліпені. Цяпер ён спрабуе выблытацца з гэтай пасткі, расказваючы, што гарантыі былі не такія. Лукашэнка стаў закладнікам звычкі перабольшваць сваю ролю.

І яго казыча тое, што яго гэтым саркастычна папракаюць лідэры апазыцыі,— маўляў, вось чаго вартыя гарантыі Лукашэнкі. Гэта была ўсё ж даволі эмацыйная прамова. Там было сказана, што гэта ня Пуцін забіў, бо надта груба зроблена. Маўляў, Пуцін бы забіваў больш акуратна. Мне ў гэтай рыторыцы бачацца эмоцыі, жаданьне апраўдацца і высьлізнуць з нязручнай сытуацыі. Ён разумее, што ўсё гэта выяўляе ягоную нерэлевантнасьць у вялікай унутрырасейскай палітыцы. Дваммесяцы таму ён спрабаваў ствараць вобраз сваёй мэсіянскай ролі ў Расеі. Але цяпер ясна, што лёс зьдзелак з Лукашэнкам ад яго ніяк не залежыць. І для яго гэта вялікі дыскамфорт.

— Што будзе з «Вагнэрам» у Беларусі? Жыў, жыве і будзе жыць — сказаў Лукашэнка. Як у савецкія часы казалі пра Леніна. Але пры гэтым Лукашэнка пацьвердзіў інфармацыю Радыё Свабода, што лягер вагнэраўцаў пад Асіповічамі ўжо ладнай часткай дэмантаваны. Дык а ў сухой рэшце — што будзе з «Вагнэрам» у Беларусі?

— Радыё Свабода апублікавала спадарожнікавыя здымкі, паводле якіх згортваньне лягеру ў вёсцы Цэль пачалося яшчэ да забойства Прыгожына. Я мяркую, што гэтае забойства глябальна на лёс «Вагнэра» ў Беларусі не ўплывае. Згортваньне адбывалася, Прыгожын шукаў ім нейкі занятак, яны самі ехалі ці то ў адпачынак, ці то ў Афрыку. Гэта будзе працягвацца і цяпер, толькі пад іншым "дахам«.Калі іх бярэ пад кантроль наўпрост Крэмль ці блізкія да Крамля іншыя ПВК, то ў іх знайсьці вагнэраўцам занятак будзе яшчэ больш магчымасьцяў, чым было ў Прыгожына, які пасьля мяцяжу страціў шэраг магчымасьцяў. Працэс фрагмэнтацыі, вываду «Вагнэра» зь Беларусі яшчэ больш паскорыцца, Зразумела, што Беларусь была часовай базай для вагнэраўцаў. Але ня выключана, што частку зь іх можа завэрбаваць, рэкрутаваць Лукашэнка, узяць інструктарамі ў беларускае войска. Гэтак жа ў свой час скарысталі «беркутаўцаў», якія ўцяклі з Украіны. Тут можа быць тое самае. Той, хто не захоча ісьці служыць у МА РФ, можа застацца ў Беларусі і працаваць з Лукашэнкам, зь яго сілавікамі.

Што да заявы Лукашэнкі пра «10 тысяч вагнэраўцаў у Беларусі» — мы даўно яго ведаем. Мне здаецца, што гэта ізноў барацьба за суб’ектнасьць, барацьба з уласнай нерэлевантнасьцю. Не Лукашэнка будзе вырашаць, што будзе з вагнэраўцамі ў Беларусі. Яму не падабаецца гэтая сытуацыя. І таму ён спрабуе супрацьстаяць гэтаму наратыву, гаворачы пра тое, які ён у Беларусі гаспадар. «Вагнэр» у Беларусі быў патрэбны таму, што трэба было трымаць іх пэўны час за межамі Расеі.

Бо гэта была сіла, якая толькі што ўчыніла мяцеж. Лідэр мяцяжу ліквідаваны, яго паплечнікі таксама. Калі шэраговыя вагнэраўцы будуць нацыяналізаваныя Крамлём, то няма вострай прычыны трымаць іх за межамі Расеі не на расейскіх замежных місіях. Навошта зараз іх знаходжаньне ў Беларусі? Ну, вось пэўны час былі ў Беларусі расейскія мабілізаваныя. Але вагнэраўцаў ня трэба нічому вучыць. Яны дарагі ваенны рэсурс, іх трэба выкарыстоўваць. І нават мабілізаваных ужо зь Беларусі вывелі. Так што мяркую, што гэта пытаньне часу — вывад «Вагнэра» зь Беларусі. Ня трэба думаць, што за бравадай Лукашэнкі стаіць яго рэальная вага.

— Як паўплывае на стасункі Лукашэнкі і Пуціна гібель Прыгожына?

—Пакуль Прыгожын быў жывы, існаваў нейкі зазор нестабільнасьці. Бо сытуацыі, калі лідэр мяцежнікаў свабодна бадзяецца па краіне — гэта відавочны ўдар па рэпутацыі альфа-лідэра. І тое, што Пуцін яго хутчэй за ўсё забіў — гэта нейкае аднаўленьне нармальнасьці ў гэтай аўтарытарна-мафіёзнай сыстэме. І ўсе, у тым ліку і Лукашэнка, атрымалі сыгнал, што «Акела» можа і старэе, але ў выпадку чаго цырымоніцца ня будзе. І хвіліна слабасьці засталася хвілінай. І адносіны Лукашэнкі і Пуціным цяпер вярнуліся ў звыклую каляіну, у якой яны былі да мяцяжу Прыгожына. Лукашэнка і раней разумеў рызыкі здрады Пуціну.

— 28 жнiўня ў Варшаве сустрэліся кіраўнікі міністэрстваў унутраных спраў Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Яны правялі перамовы наконт сытуацыі са знаходжаньнем і дзейнасьцю ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі. Літва плянуе закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — гэта памежныя пераходы «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).

Рашэньне аб поўным закрыцьці межаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, «верагодна, яшчэ ня будзе прынята», заявіў прадстаўнік Латвіі Марыс Кучынскіс. Арцём, такое рашэньне адносна межаў зь Беларусьсю — палавіністае ці збалянсаванае?

— З таго, што мы пакуль чуем пра сёньняшняе рашэньне наконт мяжы — гэта сукупнасьць рашэньняў розных краінаў. Літва прымае свае нацыянальныя рашэньні аб абмежаваньні працы памежных пераходаў. Яна гэта рабіла і раней. Як і Польшча. Тое, што Літва закрывае два пераходы на дадатак да двух закрытых раней — гэта зьвязана і з кантрабандай, і з унутрылітоўскім парадкам дня, дзе відавочны рост антыбеларускіх настрояў. Ён адбываецца прынамсі ў мэдыя.

Ёсьць пэўны карт-блянш для сілавых ведамстваў, яны разумеюць, што зараз аптымальны момант, каб заціснуць гайкі для прадухіленьня пагрозаў, якія паходзяць зь Беларусі. Больш закрытых памежных пераходаў — менш кантрабанды, больш магчымасьцяў перакінуць памежнікаў на ахову мяжы. Мы бачым, што ані Латвія, ані Польшча нічога падобнага ня робяць. Польшча спынілася ў закрыцьці памежных пераходаў.

А на ўзроўні супольнага рашэньня — ёсьць намер працягваць пужаць Менск закрыцьцём мяжы. І гэта лягічна. Калі Менск не зрабіў ніякіх крокаў у бок пагаршэньня сытуацыі на мяжы, акрамя вэрбальных заяваў Лукашэнкі пра «экскурсію вагнэраўцаў у Жэшаў і Варшаву», што ён потым дэзавуяваў, сказаўшы, што пажартаваў. Калі на адсутнасьць новых дзеяньняў вы ўжываеце «ядзерны адказ» — апошні сродак у выглядзе поўнага закрыцьця мяжы, то вы нічога не пакідаеце сабе на выпадак, калі Лукашэнка сапраўды зладзіў бы эскаляцыю на мяжы. Таму ўводзіць такія санкцыі прэвэнтыўна вялікага сэнсу няма.

Больш сэнсу ў тым, каб пагражаць гэтым, асабліва ўлічваючы тое, што Лукашэнка чуйны на такія пагрозы. Мы гэта бачылі і на піку міграцыйнага крызісу 2 гады таму, і цяпер мы гэта назіраем. Мы бачым, што ёсьць перамены і ў яго рыторыцы, і ў дзеяньнях (прынамсі, у стасунках з Польшчай). І таму тое, што няма супольнага рашэньня закрыць мяжу, выглядае даволі прадказальным. А рашэньні нацыянальныя маюць свае ўнутраныя матывацыі.

— Як гаварылася ў афіцыйным паведамленьні, нарада кіраўнікоў МУС краінаў Балтыі і Польшчы была скліканая ў сувязі са знаходжаньнем у Беларусі ПВК «Вагнэр». Паводле вашага аналізу, пасьля сьмерці Прыгожына вагнэраўцаў зь Беларусі раней ці пазьней прыбяруць. У Варшаве, Вільні і Рызе прыходзяць да такіх жа высноваў? Ці там чуюць гучныя заявы Лукашэнкі: «„Вагнэр“ у Беларусі жыў, жыве і будзе жыць»?

— Там ёсьць розныя цэнтры прыманьня рашэньняў. Ёсьць пэўныя дзяржаўныя органы, найперш сілавыя, якія былі б рады скарыстаць любую інфармацыйную нагоду, заявы Лукашэнкі пра «10 тысячаў вагнэраўцаў», пра «экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», каб рэалізаваць свае ўнутрыпалітычныя і ведамасныя задачы. Некаторым зручна закрыць мяжу. Але ёсьць і палітычнае кіраўніцтва гэтых краінаў, ёсьць парлямэнты, дзе ўсё выглядае крыху інакш, дзе гучаць розныя галасы. Ёсьць эканамічныя ведамствы. У Літве міністар эканомікі наўпрост выказаўся супраць дыскрымінацыі беларусаў. Зь мяжой — прыкладна тое самае.

Я мяркую, што вайскоўцы ацэньваюць рызыкі больш рэалістычна. Прынамсі, апошнім часам ад літоўскіх і польскіх вайскоўцаў мы ня чулі фобіяў наконт маштабных атакаў з боку Беларусі. І зразумела, што паскораны вывад «Вагнэра» зь Беларусі яшчэ больш зьніжае рызыку, якая і раней не была вельмі высокая. Для гібрыдных правакацыяў на мяжы наагул незразумела, навошта Лукашэнку «Вагнэр». Хіба ў яго сваіх сілавікоў не хапае? Хіба ён ня мог гэтых некалькі дзясяткаў вагнэраўцаў выпісаць зь нейкага іншага месца? Як знаходжаньне лягера пад Асіповічамі спрыяе жаданьню гуляць у гэтыя гульні? Калі ў сталіцах краінаў-суседзяў аналізуюць сытуацыю рацыянальна, там ацэнкі такія ж. Але палітычная рыторыка не заўсёды абумоўленая вайсковымі ацэнкамі рызыкаў.

"Свабода" 

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
шрайбман
пригожин
ЕС - беларусь
путин
лукашенко
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
В мире
Романчук: После 1000+ дней войны реакция мира на то, что делает нацистская Россия не может не вызывать ярости и отвращения
Общество
Виталий Цыганков: Лукашенко это предложил, чтобы понравиться председателям райисполкомов
В мире
Пастухов: Кремль продвигается к моменту истины, после которого надо либо резко сбрасывать обороты, либо наносить демонстрационный удар ядерным оружием
Политика
«Владимир Владимирович, все — я устал, я ухожу. — Ты что, обалдел, иди на выборы»
Политика
Канопацкую поддержал коммунист Возняк
Общество
Лукашенко лишил воинских званий 21 человека. Среди них - бывший гендиректор ФК БАТЭ Михаил Залевский
Политика
Класковский: Псы рвутся с поводка, а православный атеист Лукашенко крестится перед выборами
Новости Борисова
В Борисове на переходе сбили пожилого человека с велосипедом. Фотофакт
Новости Борисова
В Борисовском районе заблудились супруги-грибники
В мире
В России перестал летать каждый второй Airbus neo из-за сложностей с ремонтом двигателей
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
В мире
Романчук: После 1000+ дней войны реакция мира на то, что делает нацистская Россия не может не вызывать ярости и отвращения
Общество
Виталий Цыганков: Лукашенко это предложил, чтобы понравиться председателям райисполкомов
В мире
Пастухов: Кремль продвигается к моменту истины, после которого надо либо резко сбрасывать обороты, либо наносить демонстрационный удар ядерным оружием
Политика
«Владимир Владимирович, все — я устал, я ухожу. — Ты что, обалдел, иди на выборы»
Политика
Канопацкую поддержал коммунист Возняк
Общество
Лукашенко лишил воинских званий 21 человека. Среди них - бывший гендиректор ФК БАТЭ Михаил Залевский
Политика
Класковский: Псы рвутся с поводка, а православный атеист Лукашенко крестится перед выборами
Новости Борисова
В Борисове на переходе сбили пожилого человека с велосипедом. Фотофакт
Новости Борисова
В Борисовском районе заблудились супруги-грибники
В мире
В России перестал летать каждый второй Airbus neo из-за сложностей с ремонтом двигателей
ВСЕ НОВОСТИ