У дні, калі цывілізаваны сьвет спачувае ахвярам тэрарыстычнага нападу на Ізраіль, афіцыйны Менск захоўвае стан, які можна было б ацаніць адным словам — «стрыманасьць» (маўчаньне Лукашэнкі і няўцямны камэнтар МЗС), пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.
Між тым у сьпісе 92 краінаў, якія, паводле ізраільскага дыплямата і палітоляга Міхаіла Пэлівэрта, безумоўна падтрымліваюць права Ізраілю на самаабарону, Рэспублікі Беларусь няма. У гэтай сытуацыі „стрыманасьць“ лягічна ўспрымаецца як адсутнасьць падтрымкі Ізраілю. Прычым дэманстратыўная. Затое афіцыйныя прапагандысты не пакідаюць ніякіх сумневаў што да сваёй пазыцыі.
«Перамога Палестыны на акупаваных тэрыторыях — гэта перамога Менску і Масквы, — напісала „Мінская праўда“. — ...Мы ўжо перамаглі. ХАМАС і ФАТХ маршыруюць па адзінай дарозе перамогі».
Праўда, празь дзень публікацыя з сайту выданьня зьнікла — безь якога-небудзь камэнтара, які б дэзавуяваў словы падтрымкі тэрарыстаў.
Тэлеграм-каналы, якія не хаваюць сваёй датычнасьці да сілавікоў, зьмяшчаюць нават карыкатуры з антыпатыяй да Ізраілю. І, вядома, ні слова падтрымкі і спачуваньня сем’ям сотняў загінулых ад рук тэрарыстаў і тысяч параненых мірных грамадзянаў.
Як вядома, у аўтарытарных і таталітарных рэжымах афіцыйныя прапагандысты нярэдка выказваюць тое, што зь нейкіх прычын кіраўнікам казаць не камільфо. Сытуацыя ў Ізраілі — той самы выпадак.
Як і варта было чакаць, імгненна знойдзены і галоўны вінаваўца ды выгадаатрамальнік канфлікту — Захад на чале са Злучанымі Штатамі. Афіцыйная прапаганда не магла прапусьціць яшчэ адной нагоды абвінаваціць Вашынгтон, ня надта рупячыся пра хаця б элемэнтарную лёгіку: рост вайсковай падтрымкі Ізраілю абцяжарыць бюджэт ЗША, сытуацыя вакол якога цяпер і без таго няпростая.
Каму выгадная эскаляцыя канфлікту
Чаму ж Ізраіль (які, нагадаем, заняў больш чым памяркоўную пазыцыю стасоўна падзеяў 2020 году, рэпрэсіяў і парушэньня правоў чалавека ў Беларусі) не знаходзіць салідарнасьці ў афіцыйнага Менску і атрымлівае зьдзеклівыя камэнтары ад лукашэнкавых прапагандыстаў?
Палітычныя прычыны відавочныя, калі паглядзець, каму выгадная тэрарыстычная атака на Ізраіль і эскаляцыя канфлікту, якая, паводле шэрагу аналітыкаў, можа прывесьці да поўнамаштабнай вайны з удзелам некалькіх краінаў (некаторыя, ці не ўпершыню зь вялікай ступеньню імавернасьці, кажуць нават пра магчымае ўжываньне тактычнай ядзернай зброі).
Выгадна гэта Ірану, які лічыць Ізраіль сваім экзыстэнцыйным ворагам, выгадна і Маскве, паколькі канфлікт, безумоўна, адцягвае ўвагу ад таго, што робіць Пуцін ва Ўкраіне (а прымяненьне ядзернай зброі было б увогуле неацэнным падарункам — ён мог бы сказаць: «Ня я адчыніў скрыню Пандоры»). Пэўную (і немалую) выгаду можа атрымаць і Пэкін, чый стыль паводзінаў адносна міжнародных канфліктаў апошнімі гадамі вызначаецца спачатку чаканьнем, пакуль сытуацыя дасягне найвышэйшага пункту напружаньня, а потым – спробай выступіць у ролі арбітра.
Можна назваць і іншых, але дастаткова вышэй пералічаных. І ўсе яны — партнэры (а Масква дык і гаспадар) афіцыйнага Менску.
Антысэмітызм як частка ідэалёгіі
Але існуюць і іншыя, менш прыкметныя прычыны антыізраільскай пазыцыі. Лукашэнка пачынаў умацоўваць аўтарытарную ўладу пры актыўнай падтрымцы праімпэрскіх шавіністычных сілаў, складнікам ідэалёгіі якіх быў антысэмітызм.
Калі пагартаць старонкі камуністычных і шавіністычных газэт сярэдзіны 90-х гадоў, выданьняў такіх арганізацыяў, як «Славянский собор «Белая Русь» ды ім падобных, аб’яднаных у г. зв. «Народное движение Беларуси» на чале зь Сяргеем Гайдукевічам, лёгка пераканацца, што практычна кожны другі нумар — вычарпальная падстава для крымінальнай справы за распальваньне нацыянальнай варожасьці. Але справаў такіх, натуральна, ні пракуратура, ні іншыя праваахоўныя органы ніколі не заводзілі.
З тых арганізацыяў і газэт былі рэкрутаваныя кадры ўжо ў афіцыйныя дзяржаўныя выданьні, а таксама ў структуры ўлады і падкантрольнага ім бізнэсу. Некаторыя (як, напрыклад, Усевалад Янчэўскі) захавалі ўплывовыя пазыцыі і па сёньня. Іншыя, старэйшыя, ужо пайшлі на пэнсію, але пакінулі сваіх ідэйных выхаванцаў і пасьлядоўнікаў.
А Сяргей Гайдукевіч ды рэжысэр Юры Азаронак, аўтар сумнавядомага прапагандысцкага фільму «Дети лжи», перадалі эстафэту ня толькі ідэйным нашчадкам, але і ўласным дзецям.
Вернасьць «слаўным традыцыям»
Можна прасачыць і пэўныя традыцыі ў дзяржаўнай установе, якая адзіная захавалася з часоў, калі Масква патапіла ў крыві Беларускую Народную Рэспубліку і на дзесяцігодзьдзі ўсталявала бальшавіцкую ўладу. Зрэшты, з дапамогаю гэтай арганізацыі тая ўлада і ўсталёўвалася, і ўтрымлівалася — масавымі рэпрэсіямі, перасьледам іншадумства, выпальваньнем зь сьвядомасьці людзей самой думкі пра магчымасьць існаваньня незалежнай Беларусі.
І сёньня супрацоўнікі той установы ганарацца, што застаюцца захавальнікамі «слаўных чэкісцкіх традыцыяў». Падзеі апошняга часу пацьвярджаюць, што ў мэтадах КДБ сапраўды зьмянілася няшмат. Захаваліся і пэўныя ідэалягічныя пастуляты.
КДБ часоў Андропава вызначаўся антыамэрыканізмам і антысэмітызмам. ЗША былі галоўным ідэалягічным, палітычным і вайсковым праціўнікам СССР. І нават у самыя цёплыя пэрыяды адносінаў паміж савецкімі і амэрыканскімі лідэрамі (напрыклад, калі ў 1979 годзе ў Вене Леанід Брэжнеў пацалаваўся з прэзыдэнтам ЗША Джымі Картэрам), «байцы нябачнага фронту» не расслабляліся і заставаліся ў стане пэрманэнтнага бескампраміснага змаганьня з агентамі ЦРУ (рэальнымі, але часьцей мітычнымі – зь ліку дысыдэнтаў).
Ізраіль у Маскве ўспрымалі як марыянэтку ЗША, але было тое, што не дазваляла паставіць яго ў шэраг іншых «марыянэтак». Напрыклад, уплыў на этнічных савецкіх габрэяў (пэўная частка якіх была зьвязаная з сакрэтнымі абароннымі распрацоўкамі) і палітыка рэпатрыяцыі ў Ізраіль. Істотным было і супрацьстаяньне Ізраілю з боку арабскіх краінаў, зь якімі ў СССР былі партнэрскія адносіны.
І, нарэшце, менавіта на дзяржаўныя ўтварэньні і арганізацыі, якія вызначаліся, як цяпер бы сказалі, ісламскім радыкалізмам, рабілі стаўку ў Крамлі ў памкненьні ўзяць пад кантроль Блізкі Ўсход. Нават той невялікай, як цяпер зразумела, колькасьці рассакрэчаных дакумэнтаў ЦК КПСС хапае, каб ацаніць маштаб дапамогі тэрарыстычным групоўкам. У савецкіх закрытых спэцыяльных установах навучалі дывэрсійнаму майстэрству баевікоў, праз трэція краіны ў Палестыну перакідвалі зброю, распрацоўвалі шматхадовыя апэрацыі. Усім гэтым займаліся непасрэдна адпаведныя структуры КДБ.
Было б дзіўна, калі б гэтыя сувязі (нават з улікам зьмены пакаленьняў) зьніклі ці былі б абарваныя. І каб праз тыя ж самыя пакаленьні (ужо ў постсавецкіх спэцслужбах) не перадаліся сымпатыі і антыпатыі.
Яўных доказаў адкрытага антысэмітызму з боку супрацоўнікаў КДБ, трэба прызнаць, няшмат. Але ўтойваньне — абавязковы элемэнт працы падобных структураў. Затое арыштаваныя за сваю палітычную актыўнасьць апанэнты рэжыму прыгадваюць, што ў камэрах СІЗА КДБ (так званай «амэрыканцы») ім прымусова паказвалі фільмы антысэміцкага зьместу.
Вядома, на высокіх узроўнях у Маскве хапае розуму не выказваць занадта шчыра сваіх сымпатыяў ці антыпатыяў (дастаткова абвяшчэньня галоўным ворагам «калектыўнага Захаду на чале з ЗША»).
Афіцыйны Менск, які фактычна ўжо амаль страціў самастойнасьць у міжнародных дачыненьнях, і тут ідзе ў фарватэры расейскай палітыкі. Але прапагандысцкі апарат у Беларусі (так ужо склалася гістарычна) менш рэспэктабэльны і больш прымітыўны. І ў яго часта што ў галаве, тое і на языку.
Добро пожаловать в реальность!