На фоне падзеяў у Ізраілі людзі ня ў першы раз кажуць, што гэта (сярод іншых аспэктаў) - процістаяньне цывілізацыі і варварства. Гэта мы так кажам, але ў заходняй мэйстрымнай ідэалягічнай сыстэме так казаць нельга, бо нельга, непрыгожа, непаліткарэктна заяўляць, што адна цывілізацыя вышэйшая за іншую, пiша палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.
Гэткія інтэлектуальныя гульні ў дэканструкцыю ўсяго і ўся, калі мы ня маем права сьцьвярджаць, што выкананьне Баха сымфанічным аркестрам чым-небудзь вышэйшае за рытуальны танец племені. Бо «усе культуры роўныя», ніводную нельга назваць вышэйшай. Няма нічога ўстойлівага, няма дабра і зла, усё адносна, усё вызначае кантэкст, колькі будзе два плюс два мы адказваем у залежнасьці ад яго вялікасьці Кантэксту.
І гэта не абстрактныя развагі, гэта пераўтвараецца ў канкрэтную жыцьцёвую філязофію, а значыць, і дзеяньне. Паколькі Захад нічым не лепшы, то на фіга яго «даганяць», навошта імкнуцца ў гэтую заганную «цывілізацыю»? На фіга будаваць у сябе той самы свабодны рынак, дэмакратыю, панаваньне закона і свабоду прэсы? Нічым гэта не лепш за наш Шарыят і Дамастрой! У нас свая культура і традыцыя! І такая лёгіка падтрымліваецца многімі на самім Захадзе!
Заўважце, тыя, хто ненавідзіць Ізраіль, звычайна ненавідзяць і ЗША – што ў Іране, што ў Палестыне, што на лявацкіх мітынгах у Эўропе. І што самае праблемнае – і ў саміх ЗША.
І ў гэтым няма антысэмітызму, у чым часам абвінавачваюць «левых». Яны гатовыя сто разоў (і шчыра) спачуваць ахвярам Халакоста, але амаль у любой сытуацыі будуць асуджаць сёньняшні Ізраіль. Проста яны не любяць сілу. Любую – справядлівую, правільную, законную. Моц для іх найбольшая крамола.
І другі найважнейшы аспэкт сучаснай ідэалёгіі. Ва ўсіх рэальных і патэнцыйных канфліктаў галоўнае – ня тое, на чым баку дабро і зло, праўда і справядлівасьць (бо гэтыя паняцьці ўвогуле дэканструяраваныя, адмененыя). Галоўнае – які з бакоў канфлікту зьяўляецца «прыгнечаным», гістарычна «уразьлівым», гістарычнай «ахвярай». А «ахвяра», слабейшы заўсёды апрыёры мае рацыю – што б не рабіў.
І гэтыя дні ўсё прагрэсіўнае чалавецтва падтрымлівае Ізраіль толькі таму, што ён ахвяра. Як толькі ён пачне жорстка адказваць, разбураць інфраструктуру Хамаз, усё прагрэсіўнае чалавецтва пачне патрабаваць ад яго спыніцца, праявіць стрыманасьць і схавацца назад у свае бомбасховішчы. Бо ня важна, хто правы, а хто не, важна – хто «слабейшы».
Добро пожаловать в реальность!