Паводка ў Польшчы пакінула жудасныя наступствы, але неабыякавыя людзі адпраўляюцца аднаўляць раёны, дапамагаюць пацярпелым. Сотні валанцёраў застаюцца ў горадзе і запісваюцца на фасоўку гуманітарнай дапамогі для жыхароў заходніх вёсак і гарадоў. EX-PRESS.BY пагутарыў з беларусамі, якія цяпер збіраюць гуманітарную дапамогу пацярпелым ад паводкі, а таксама сартуюць мяшкі з пяском. Пагроза паводкі яшчэ існуе: мяшкі возяць тонамі ў рэгіёны, дзе яна ёсць.
«Хата з краю — гэта не мая пазіцыя»
Калі з'явіліся першыя навіны аб затапленнях у гарадах Чэхіі і Польшчы і папярэджанні аб магчымым затапленні ва Уроцлаве, Ганна прыняла меры для абароны маёмасці арандаванай кватэры і асабістых рэчаў:
— Паколькі кватэра знаходзіцца на 0 паверсе, ды ў раёне, які моцна затапіла ў 1997, я сабрала некаторыя рэчы ў валізку, а астатнія расфасавала па пакетах.
На пытанне, як трапіла на валанцёрства, адказвае:
— У сацсетках убачыла спасылку на чат валанцёраў. У адной з аб'яў быў заклік аб дапамозе ў бібліятэцы ўніверсітэта: перанос кніг на верхнія паверхі. Калі я прыехала ў бібліятэку, там ужо было шмат ахвочых дапамагчы. Рабяты выстраіліся ў ланцужок на пару паверхаў і перадавалі кнігі з першага паверха на верхні, з рук у рукі. Для мяне працы не знайшлося.
На наступны дзень беларуска ўбачыла паведамленне аб тым, што на некаторых аб'ектах у горадзе патрэбна дапамога з напаўненнем мяшкоў пяском.
— Спачатку падалося, што гэта больш мужчынская праца. Але для жанчын таксама было, чым заняцца. У чаце валанцёраў мне адказалі, што жанчыны дапамагаюць раскрываць і трымаць пакеты, пакуль у іх насыпаюць пясок, і звязваць іх вяроўкамі.
Вядома, мне захацелася памагчы. Часта людзі думаюць, што і без іх справяцца, ці што дастаткова заданаціць грошы. А ў кагосьці і зусім не ўзнікае думкі аб дапамозе. Але што, калі так будуць думаць усе? Што, калі ўсе будуць пералічваць некуды грошы? Што, калі ўсе будуць думаць толькі пра сябе? А хто тады будзе працаваць на месцах?!
Ганна шчыра кажа:
— Мая хата з краю — гэта не мая пазіцыя. Таму я з задавальненнем паехала дапамагчы ў Батанічны сад.
Адзначае, як зладжана, і з якім настроем там усё працавалі:
— На звычайнай працы такое нячаста ўбачыш. Людзі ўсё прыходзілі і прыходзілі. Палякі, беларусы, украінцы. Разгаварыліся з дзяўчынай. Пасля заканчэння працы ў Батанічным яна збіралася ехаць дапамагаць у заапарк. І яшчэ ёй трэба было неяк забраць дзіця з дзіцячага садка. Гэта прыклад, калі чалавек шукае магчымасці, як дапамагчы, а не прычыны не дапамагаць. Шмат жа знойдзецца людзей з адгаворкамі «у мяне ж сям'я, дзеці» ці «я ж працую» і г.д. Насамрэч, гэта пытанне нашага выбару і прыярытэтаў.
Па словах дзяўчыны, фізічная праца вельмі дапамагае пры стрэсе і страху:
— Шмат хто аддае перавагу наводзіць паніку праз перапосты дрэнных навін і г.д., накручваючы сябе і іншых. Я зрабіла пару здымкаў падчас працы і размясціла ў сацсетках. Не для таго, каб паказаць, якая я малайчына (лёгка ж быць героямі аднаго дня), а каб іншыя маглі далучыцца. Многія людзі не ведаюць, дзе шукаць інфармацыю пра валанцёрскія атрады, але маглі б і хацелі б дапамагчы.
Беларуска рада, што ў яе была магчымасць зрабіць свой маленькі ўклад у абарону Уроцлава.
— У Батанічным я дапамагала ўсяго пару гадзін. Гэта зусім нядоўга. Пасля зладжанай працы і каманднага духу пачувалася вельмі радасна і натхнёна.
Калі небяспека паводкі для Уроцлава абмінула, яна далучылася да групы валанцёраў на вуліцы Tramwajowa, у межах праекта дапамогі людзям, якія пацярпелі ад паводак, ад TRATWA — цэнтра па справах катастроф і прыродных катаклізмаў.
— Дапамога там патрэбна была ў прыёмцы і сартаванні прадуктаў і рэчаў, якія прывозяць людзі. Дапамагаць прапануюць па зменах, па 4 гадзіны (ці больш, хто можа). Я была ўражана колькасцю тавараў на складзе. Вялікая падзяка, што людзі дапамагаюць! У цэлым, я не адчувала страх у сітуацыі, якая склалася. Ці жах, глыбокія перажыванні ад таго, што адбылося ў іншых гарадах. Я радая, што дзякуючы некаторым практыкам і працы над сабой, у мяне атрымліваецца захоўваць яснасць і спакой у такія моманты.
Дзяўчына падкрэслівае:
— Гэта дае рэсурс думаць разумна і дапамагаць сабе і іншым. І рабіць гэта не таму, што прымусілі, а таму, што сам абіраеш гэта рабіць.
«Валанцёрамі было запісана больш за 6000 чалавек»
Беларус Максім далучыўся да палякаў-валанцёраў і дапамагаў ва Уроцлаве:
— Я жыву ў гэтым горадзе не першы год. Проста мяне б сумленне загрызла, калі б я неяк не паўдзельнічаў і не прынёс карысць. У параўнанні з іншымі, працаваў меней, бо хтосьці і тры дні, і тыдзень, і тыднямі працавалі.
Па словах мужчыны, гэта клопат пра месца, у якім ён жыве:
— Я быў здзіўлены, што насыпаць пясок прыйшлі бабулі, і дзеткі. І дзяўчаты былі таксама, некаторыя нават намагаліся гэтыя мяшкі таскаць.
Беларус ніколі не быў на такіх мерапрыемствах на радзіме:
— Сама арганізацыя мне спадабалася. Там заўсёды былі мяшкі. Мы ўвесь час насыпалі і насыпалі. Яны там ніколі не скончваліся. Ніхто не камандаваў, мы самі выбіралі, колькі рабіць і калі. Усе былі пры справе, усе былі занятыя. Кадзеты былі з раніцы. Арганізатары патэлефанавалі ў цэнтр — прыехала шмат людзей. Яны вельмі хутка ўсе разабралі. Гэта не была прымусовая арганізацыя. Валанцёрамі было запісана больш за 6000 чалавек. Менавіта валанцёры.
У валанцёраў была вада і ежа:
— Я не ведаю, хто за гэта плаціў, хтосьці гарбату прывозіў, хтосьці — піцу. Канапкі былі, батоны. Было бачна, што клапаціліся. І ўсе жадалі выратаваць горад і падтрымаць адзін аднаго.
«Атмасфера еднасці мне вельмі нагадала 2020 год»
Беларуска Наста, якая валанцёрыла ў горадзе разам з беларускай Алёнай, распавяла:
— Я дапамагла насыпаць пясок у мяшкі, трымала іх, а потым завязвала. Я не магла не быць у эпіцэнтры дапамогі, не магла не далучыцца да супольнасці. Гэта мой горад, гэта горад, які прасіў дапамогі. Яго выратавалі, таму што былі ўлічаны памылкі 1997 года, пабудаваны інавацыйныя аб’екты.
У горадзе некалькі рэк. Па словах экспертаў, у гэтым годзе ўзровень вады ў рацэ Олава быў вышэй, чым у 1997 годзе. Беларуска ўзгадвае:
— На шчасце, катлаван, які быў пабудаваны 4 гады таму, а таксама іншыя сістэмы, выратавалі нас. Былі таксама затоплены палі і лясы. Зрабілі гэта спецыяльна, каб вада не пайшла ў горад. Можна ўявіць маштаб, калі ўзровень вады ў дамбе (а яна вышынёй 27 метраў) быў вышэйшы за крытычную норму. Нагрузку знялі з дамбаў. Гэта была і ёсць неверагодная каардынацыйная праца. Перад самым зліццём з Одрай (каля Грунвальдскага моста) раку ўдалося ўзяць пад кантроль. Узровень ракі зніжаецца з кожнай гадзінай.
Дзяўчына адзначае:
— Мяне ўразілі людзі, якія валанцёрылі: у асноўным там былі студэнты і моладзь, дзяўчаты намагаліся цягаць і цягалі мяшкі, манахіні таксама ратавалі касцёлы. Гэта такая асаблівая атмасфера еднасці. Мне вельмі нагадала 2020 год.
Вы таксама валанцёр? Жадаеце стаць героем публікацыі? Пішыце: @ex_presslive
Добро пожаловать в реальность!