Беларускі музыка і майстар па тату пракаментаваў навіну пра жыхара Камянца, якога прымусілі пазбавіцца «Пагонi» на шыі і надпісу «Разам пераможам». Сілавікі паведамілі, што малады чалавек зрабіў гэта адразу ж пасля выхаду з ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ). Праўда, выглядае пераробленае тату як шнар, і гэта чарговы прыклад рэпрэсій ў Беларусі і таго, як рэжым змагаецца супраць нацыянальнай сымболікі.
«Татуіроўка — гэта выяўленчае мастацтва»
Алесь Таболіч — беларускі музыка, лідар гуртоў Znich, дызайнер, мастак, майстар па тату і перманентным макіяжы, арганізатар шматлікіх канцэртаў і штогадовага фестывалю «Купальскае кола».
У 2020 годзе Алесь быў кандыдатам на пасаду прэзiдэнта, нават меў банер, на якім быў з традыцыйнай татуіроўкай. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Беларус не сабраў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам 100 тысяч подпісаў і зняўся з выбарчай гонкі.
Ён распавёў EX-PRESS.LIVE, што ўвогуле такое татуіроўка і як правільна яе пазбавіцца.
— Па першае, татуіроўка — гэта выяўленчае мастацтва, — кажа майстар па тату. — Можна аспрэчваць, ці можна выдаляць альбо забараняць, напрыклад, надпіс «Разам пераможам» ці нацыянальную каштоўнасць Беларусі — герб «Пагоня». Па-другое, тое, што людзі выдаляюць самастойна пад здзекамі ўладаў і міліцыі — гэта іншая пазіцыя. У 2015 годзе мяне, як стваральніка беларускай традыцыйнай татуіроўкі, выклікалі ў 3-ці аддзел ГУБОПіК наконт беларускіх традыцыйных татуіровак.
Алесь даваў паказанні наконт татуіровак:
— Яны пабачылі на мне татуіроўку — традыцыйны арнамент, якая заняла, дарэчы, 2-е месца на міжнародным фестывалі ў Кіеве. Тады былі затрыманыя анархісты па «справе графіцістаў».
— Ад мяне хацелі даведацца, гэта анархісцкая ці фашысцкія татуіроўка. Я сказаў, што гэта нацыянальны традыцыйны арнамент, і ніякіх адносін да экстрэмізму не мае. Пасля даслалі каталог. Там былі татуіроўкі зэкаў, палітычныя татуіроўкі, фашысцкія былі, але таксама гэта вельмі спрэчная сітуацыя. Арнаментаў увогуле не бачыў. Цікавіліся, ці ёсць пад нацыянальным кодам фашысцкі знак.
Я ім растлумачыў, што нацыянальная традыцыйная культура складалася гадамі і тысячагоддзямі, гэта здабытак нацыянальных каштоўнасцяў. Не трэба блытаць нацыянальныя, жартоўныя, палітычныя, геральдычныя. Адносіць татуіроўку з «Пагоняй» ці надпісы нашых класікаў, пісьменнікаў да экстрэмізму — гэта дзікунства.
— Як «Пагоню» раздрапалі — гэта проста вар'яцтва. Не ведаю, хто гэта зрабіў. Тату можна перабіць, як гэта дзяўчына зрабіла, і пакінула гэта сардэчка, а ёсць момант — выпальванне, але яно павінна быць у медыцынскім салоне альбо тату-салоне пад наглядам прафесіяналаў. Калі гэта зрэзалі нажом, то гэта здзек над чалавекам, — кажа Таболіч.
Алесь лічыць, што адносіць гэтыя татуіроўкі да пратэсных тату — не правільны падыход:
— Гэта не пратэсныя татуіроўкі, а нацыянальныя. Такія тату набіваліся яшчэ з 80-90 гадоў мінулага стагоддзя. Традыцыйная беларуская арнаментальная татуіроўка стварылася ў 2006 годзе, дзякуючы таксама і маёй ініцыятыве і прапагандзе, калі пачаў гэта рабіць у зашкварным салоне ў «Лісіцы». Там зрабілі вельмі шмат татуіровак, у тым ліку Алесю Пушкіну і Алесю Бяляцкаму.
Там няма ні выявы Гітлера, ні крыжа фашысцкага. Ёсць каноны ў тату, што ёсць экстрэмізм, а што — не. Выява «Пагоні» — гэта здабытак нацыянальнай гістарычнай культуры, а міліцыя пад уздзеяннем сваіх асабістых рэчаў знішчае людзей і маральна, і фізічна. Гэта называецца пакутніцтва. Гэта няправільна, калі людзі не могуць абараніць сваё цела, сваё жыццё і сваю пазіцыю.
Хочаце расказаць сваю гiсторыю? Пiшыце: @ex_presslive.
Добро пожаловать в реальность!