Што такое "самыя жорсткія санкцыі", што такое "зрабіць рэжыму балюча"?Неаднакратна ў размовах, ці дыскусіях чуў пра "увядзеньне самых жорсткіх санкцыяў" супраць рэжыму Лукашэнкі, піша палітолаг Павел Усаў.
Да сёньняшняга дня я так і не атрымаў адказу на пытаньне, так што такое гэтыя цудадзейсныя жорсткія санкцыі і які павінен быць іх эффект?
БЛАКАДА
З таго, што я ведаю пра санкцыі, то самыя жорсткія - гэта эканамічнае эмбарга (блакада), калі любыя палітыка-эканамічныя зносіны з краінай перарываюцца да поўнай, так бы мовіць, перамогі.
Мэта такіх санкцый - гэта трансфармацыя палітычнай сістэмы, не вырашэньне прамежкавых задач (вызваленьне вязьняў, сканчэньне рэпрэсій), а давядзеньне краіны-рэжыму да эканамічнага, а потым і палітычнага калапсу.
Агульны, ідэалістычны падыход-чаканьні наступныя: падарваць эканамічны дабрабыт, давесьці грамадства да адчаю, і яно падыме рэвалюцыю і зрыне рэжым.
Гэта іллюзіі, якія НІКОЛІ не прыводзілі да рэальных вынікаў. Эканамічная блакада гітлераўскай Нямеччыны без татальнай вайны і бамбардзіроўкі нямецкіх гарадоў ніякага ўнутранага выніку б не дала. Эмбарга у дачыненьні да рэжыму Хусэйна ў Іраку без ваеннай аперацыі ў 2003 годзе, не зрынула гэты рэжым. Эканамічныя санкцыі ў дачыненьню да Ірану аяталлаў без ізраіля-амерыканскай вайсковай аперыцыі не спыніла б ядзернай праграмы і не аслабіла б рэжыму.
Эмбарга ў стасунку да Кубы дагэтуль не прынесла вынікаў. Часам узгадваюць СССР, але ў дачыненьні да СССР: па-першае, ніколі не ўводзілася эмбарга і самыя жорсткія санкцыі; па-другое, я лічу, асноўнай прычынай упадку былі не эканамічныя праблемы, а палітычныя: перабудова і галоснасьць падарвалі ўнутраную кансалідацыю і "веру ў партыю", прывялі да моцных рухаў у нацыянальнай сьвядомасьці, а трансфармацыя планавай гаспадаркі да дэфіцыту і іншых праблем. Безумоўна, цяжар глабальнай палітыкі, параза ў вайне (Афганістан). Але Беларусі гэта не датычыць (пакуль што). Хаця, варта ўзгадаць, што падзеі 2020 году былі магчымы не таму, што санкцыі, а ўнутранай лібералізацыі, якая актывавала грамадскія працэсы. Дзейнасьць тагож Ціханоўскага/кай, Цапкалы, Бабарыкі былі магчымыя ў сітуацыі адсутнасьці санкцыяў, калі Радыё Свабода, Еўрарадые, Белсат мелі рэдакцыі ў Менску і маглі рабіць прамыя трансляцыі. Ці магчыма нейкая новая адліга? Думаю што не, і дакладна санкцыі гэтаму не паспрыяюць.
ЭФФЕКТ і РЭАКЦЫЯ
Такім чынам, эмбарга супраць Беларусі. Як гэта працуе. Падкрэсьлю, эмбарга датычыць не рэжыму, а дзяржавы, гэта "жорсткія санкцыі", ішых проста не існуе.
Па-першае, як мы добра разумеем ніхто ніякага эмбарга, ці рэжыму агульнай эканамічнай ізаляцыі ўводзіць не будзе. (Ну магчыма, калі улада пачне масава растрэльваць людзей, то верагоднасьць такая можа ўзьнікнуць). Хаця супраць Расеі чамусьці яшчэ не ўвялі. Таму, словы пра, "самыя самыя" санкцыі гэта сьпекуляцыі";
Па-другое, эмбарга павінна быць міжнародным сродкам, а пры ўмове наяўнасьці і эканамічнай падтрымкі з боку Расеі, Кітаю - гэта ўжо не эмбарга;
Па-трэцьцяе, без ішых сродкаў, сілавога ціску, гуманітарнай інтэрвенцыі рэжым не зьменіцца, з улікам моцна рэпрэсійных функцый сістэмы, а я ўжо не кажу пра расейскае заплечча. То бок, эканамічны эффект санкцый непасрэдна зьвязаны з вайсковай паразай рэжыму Пуціна. і гэта таксама не блізкая перспектыва;
Чацьвертае, каб стварыць крытычную рэвалюцыйную масу неабходна давесьці насельніцтва да адчаю, праз дэфолт эканомікі, а гэта: гіперінфляцыя, беспрацоў’е, банкроцтва прадпрыемстваў, вялічэзны дэфіцыт тавараў, узрост злачыннасьці. Адначасова неабходна поўная ізаляцыя Беларусі, якая азначае, што грамадзяне не змогуць пакідаць краіну (то бок цалкам забараніць йм уезд у краіны ЕЗ. Гэта даволі распаўсюджанае мяркаваньне некаторых еўрапейскіх палітыкаў). Такім чынам, ізаляцыя павінна давесьці людзей да адчаю, тады яны абавязкова возьмуцца за вілы і ўрэце рэшт зрынуць рэжым. (Падкрэсьлю, што гэта тэарэтычнае ўяўленьне, якое ніколі не рэалізоўвалася на практыцы).
Але, такі падыход павінен уключаць у сябе разуменьне, што працэс будзе зьвязаны з вялікай колькасьцю ахвяр. Бо, адначасова са зьнешнім ціскам на Беларусь, будзе павялічвацца ўнутраны рэпрэсійны ціск на грамадства. Рэжым будзе бараніцца любымі сродкамі, як рэжым Асада ў Сірыі. Бо йзноў гуманітарны калапс і крызіс не закладае міжнароднай інтэрвенцыі.
ЧАС
Для дасягненьня такой "мэты", неабходна: а) усебаковая ізаляцыя, а яна немагчыма; б) ЧАС.
Эканамічныя санкцыі гэта не зброя хуткага вынішчэньня, гэта паступовае задушваньне ахвяры, якое можа цягнуцца дзесяцігоддзямі і не абавязкова прывядзе да палітычных зьменаў і дэмакратызацыі.
Уявім сабе з цяперашняга моманту, што "эмбарга", ці іншыя "цудоўныя санкцыі" будуць уведзены, то мы павінны адказаць на два простыя пытаньні:
Калі яны будуць уведзены (можа 2026, а можа 2030)?
І калі яны прынясуць эффект (вынік), вызваляць усіх палітычных вязьняў, ці прывядуць да перамен?
ПАСТКА ІЛЮЗІІ АДЭКВАТНАСЬЦІ
Зразумела, што ніхто, ніколі не дасьць на гэта адказ, і ніхто з "беларускіх палітыкаў" якія заклікаюць да такіх маштабных санкцый не возьме на сябе адказнасьць за правал гэтага падыходу.
1. Ніхто пакуль нават не разглядае ўвядзеньня эмбарга;
2. Ніхто не скажа, што пасьля ўвядзеньня сітуацыя ў Беларусі цалкам зьменіцца.
3. Неяснасьць вынікаў (працэс) будзе суправаджацца вялікімі стратамі (сьмерцямі) людзей;
"Палітыкі" і грамадства ўжо пазнаеміліся з "неадэкватнай рэакцыяй Лукашэнкі" у 2020 і 2021. Чакалася, што людзі выйдуць і рэжым зваліцца.
Не ведаю, чаму "палітыкі" ад КР-АПК-Офіса, закладаюць, што Лукашэнка спужаецца і пачне кагосьці выпускаць. Можа ў 2020-2021 гадах Лукашэнка спужаўся і ад страху пасадзіў самалет з Пратасевічам? Можа ад страху нагнаў мігрантаў у Беларусь і расейскае войска (патокі мігрантаў не спыняюцца і зараз).
Можа варта закладаць і тое, што ціск прывядзе (а так яно і ёсьць) да адваротнай рэакцыі, і рэжым Лукашэнкі пачне проста помсьціць і забіваць тых, хто ў закладніках. Колькімі жыцьцямі людзей офіса-кабінетныя палітыкі гатовыя ахвяраваць дзеля недасяжных, ілюзорных вынікаў?!
А што Лукашэнцы, ці ягонаму атачэньню губляць? Калі рэжым тэрарыстычны, то ягоная мэта нанесьці максімальную шкоду тым, хто супраць яго - грамадству.
Такім чынам, тое што мы маем зараз, гэта адсутнасьць цуда санкцыяў, незразумелая перспектыва эффекту і рэальныя жыцьці (здароў’е людзей).
ЧАКАНЬНЕ
Мы высьветлілі, што для дасягненьня тэарэтычнага эффекту ад санкцыяй (эмбарга) патрэбны час. Час на ўвядзеньне і час на вынік. Тыя, хто заклікаюць да цуда-санкцый могуць чакаць і заклікаць колькі заўгодна.
А колькі гатовыя чакаць (і ці гатовыя чакаць) тыя хто зараз у адзіночках? Ці гатовыя яны яшчэ наступны год/ы сядзець і паміраць у вязьніцах? (Ціханоўскі засьведчыў, што калі б яго не выпусьцілі, ён памёр бы). І, галоўнае дзеля чаго чакаць? Дзеля наіўнай ілюзіі, што "існуюць цуда-санкцыі" і што яны вось-вось будуць уведзены і дадуць імгненны эффект і вызваленьне?
Ня ўпэўнены, што такія людзі ёсьць, больш таго ведаючы ўсю гэтую сытуацыю з цуда-санкцыямі (йх няма і нікога яны не вызваляць і рэжым не зьменяць). Пяць год гэта засьведчылі.
Таму, я б усе ж асьцярогся гандляваць ІЛЮЗІЯМІ, якія каштуюць рэальным людзям йх здароў’я і жыцьця.
САНКЦЫІ "РОБЯЦЬ БАЛЮЧА". САМАПАДМАН
Санкцыя калі і робяць "балюча", нібы вымушаюць дыктатара сядзець на багнетах, тым ня менш не забіваюць яго. І вы ж разумееце, што рабіць рэжыму балюча, сядзець на багнетах" - метафары. Рэальна балюча тым, каго зараз катуюць у вязьніцах.
Так, дыктатар хацеў бы кіраваць краінай у камфорце і з прызнаньнем, а не выгнаньнікам і апіраючыся выключна на сілу. Але праблема як раз у тым, што ён усьцяж кіруе, з санкцыямі, ці без. І можа так кіраваць не адзін год. Кіруе і забівае. Яму, Лукашэнку, асабіста ня кепска, ен не ў адзіночцы, не памірае з голаду, мае поўную медычную абслугу.
За апошнія гады памерла/забіта дзесяткі чалавек (вязьняў), але санкцыі не забілі ніводнага ката, выканаўцаў злачынных загадаў, яны жывуць і працягваюць забіваць.
Такім чынам, у нашай сітуацыі есьць дзьве магчымасьці, працягваць верыць у хуткую перамогу, ці вяцыгнуць як мага больш людзей праз перамовы.
Лічу, што ў дадзеных абставінах, апошняе, таму варта:
1. Рэальна ацэньваць сітуацыю, рэсурсы і магчымасьці;
2. Не сабатаваць і не падрываць гуманітарны кірунак/высілкі, людзей якія спрабуюць ратаваць людзей праз перамовы;
3. Увесьці мараторый на пустыя, безатказныя выказваньні і пагрозы (Гаага, кол, вісіліца, пакараньні), гэта жыцьце нікому не ўратуе, Лукашэнку не заб’е, але стан рэчаў для тых жа зьняволенных пагоршыць.
Добро пожаловать в реальность!