Насуперак ужо працягламу дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам прыкметаў разрадкі крызісу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам ня бачна, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.
На першым пляне ў палітыцы Эўразьвязу адносна афіцыйнага Менску знаходзіцца пытаньне бясьпекі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць стаўку на перамовы з адміністрацыяй Дональда Трампа, спадзеючыся, што гэты чыньнік выцягне ўвесь ланцуг адносін з Захадам.
Розныя фокусы Менску і Брусэлю
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў днямі зрабіў супярэчлівыя заявы адносна дачыненьняў Беларусі з ЭЗ у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1». З аднаго боку, маўляў, настрой у палітычных элітах Эўропы «зьмяшчаецца ў бок пошуку шляхоў нармалізацыі адносін з Беларусьсю». А зь іншага боку, паводле міністра, краіны ЭЗ ня хочуць мяняць падыходы да беларускай дзяржавы, не рэагуюць на такія «гуманітарныя крокі», як вызваленьне палітвязьняў.
З выказваньняў Рыжанкова засталося так і не зразумела, ці ёсьць зрухі ў стасунках Беларусі з ЭЗ у бок нармалізацыі. Насамрэч сытуацыя хутчэй адваротная. Мяркуючы па тым, што ў Эўразьвязе актыўна абмяркоўваецца пытаньне ўраўнаньня санкцый адносна Беларусі і Расеі, Брусэль настроены на ўзмацненьне жорсткасьці ў дачыненьні да беларускага рэжыму.
Дарэчы, папрокі кіраўніка МЗС Беларусі на адрас ЭЗ у нечым перагукваюцца з прэтэнзіямі ці пажаданьнямі апанэнтаў каманды Сьвятланы Ціханоўскай у асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Тыя заклікаюць эўрапейскіх палітыкаў да дыялёгу з Менскам, просяць пра зьмякчэньне санкцый дзеля вызваленьня палітвязьняў.
Праблема ў тым, што тут мы сутыкаемся з рознымі опцыямі. Найбольш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ЭЗ увёў не за палітычныя рэпрэсіі, а за выкарыстаньне афіцыйным Менскам мігрантаў дзеля атак на эўрапейскіх суседзяў і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
На першым пляне ў палітыцы ЭЗ адносна Беларусі знаходзіцца пытаньне бясьпекі. Эўропа і асабліва суседзі беларускай дзяржавы рыхтуюцца да магчымай вайны. Яны асьцерагаюцца агрэсіі з боку Расеі і Беларусі, будуць абарончую інфраструктуру на мяжы: плот і сьцяна, ахоўная зона, міннае поле і інш. Дамінуе лёгіка сэк’юрытызацыі палітыкі.
У гэтым пляне афіцыйны Менск толькі падлівае алею ў полымя. Беларускія афіцыйныя асобы ўвесь час выступаюць з мілітарысцкімі заявамі, ваеннымі пагрозамі на адрас суседзяў. Лукашэнка рэгулярна хваліцца, што ў Беларусі разьмяшчаецца расейская ядзерная зброя і ракетны комплекс «Арэшнік». На беларускай тэрыторыі разбудоўваецца інфраструктура для гэтых новых відаў узбраеньняў.
Разьлік Менску на амэрыканскае зьвяно
Цяпер што тычыцца гуманітарнага трэку, на які намякае Рыжанкоў. Калі ён хоча, каб ЭЗ прарэагаваў на памілаваньні палітвязьняў, то ў Эўропе ад Менска чакаюць маштабных і сыстэмных перамен у краіне: вызваленьня ўсіх палітзьняволеных, скасаваньня практыкі іх выгнаньня зь Беларусі, спыненьня рэпрэсій. Аднак нічога гэтага беларускія ўлады рабіць не зьбіраюцца.
Падобна, нядаўнія візыты высокіх чыноўнікаў МЗС Францыі і Нямеччыны ў Менск выявіліся безвыніковымі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, эўрапейскія дыпляматы расчараваныя перамовамі ў беларускай сталіцы. Бо афіцыйны Менск не жадае ісьці ні на якія саступкі.
Падаецца, кіраўніцтва Беларусі робіць разьлік на тое, што Эўропа першай стоміцца ад санкцый, нарэшце ўбачыць іх неэфэктыўнасьць у пляне зьмены паводзін існага рэжыму і пойдзе на саступкі. Акрамя таго, Менск робіць стаўку на Вашынгтон, спадзяецца на тое, што ЗША націснуць на ЭЗ і прымусяць яго ісьці ў рэчышчы сваёй палітыкі на беларускім кірунку. Да таго ж пратрампісцкія партыі ў Эўропе набіраюць моц. То бок, Лукашэнка разьлічвае, што, ухапіўшыся за амэрыканскае зьвяно, ён выцягне ўвесь ланцуг адносін з Захадам.
Розьніца ў падыходах ЭЗ і ЗША да Беларусі відавочная. Тут справа ня толькі ў прызнаньні ці непрызнаньні Лукашэнкі прэзыдэнтам дзяржавы. Больш важна іншае. Эўразьвяз настойвае, што вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій і кантраляваных мігранцкіх атак супраць суседзяў, адмова ад падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны павінны стаць папярэднімі ўмовамі дзеля пачатку перамоваў аб адмене санкцый. ЗША сканцэнтраваліся на тэме вызваленьня палітзьняволеных, дэманструючы гатоўнасьць скарачаць санкцыі дзеля вырашэньня гэтай задачы.
Таму можна зрабіць прагноз, што да заканчэньня вайны ва Ўкраіне наўрад ці можна разьлічваць на нейкія перамены ў санкцыйнай палітыцы ЭЗ адносна Беларусі і на размарожваньне беларуска-эўразьвязаўскіх дачыненьняў.
Добро пожаловать в реальность!