Политика

Палітолаг Аляксандар Марозаў: Пуцін разьлічвае на тое, што Ўкраіна зламаецца, а потым ён праглыне Беларусь

"Гэта значыць, канцэпцыя саюзнай дзяржавы адпадзе, а на яе месцы паўстане проста адзіная дзяржава".

Политика www.svaboda.org
0

Якім можа быць плён акцыі «Поўдзень», заплянаванай расейскай апазыцыяй на дзень галасаваньня 17 сакавіка? Ці зьменіцца палітыка Пуціна пасьля пераабраньня? Якая роля ў ягоных плянах адведзена Беларусі? Ці адбудуцца сёлета мірныя перамовы наконт вайны ва Ўкраіне?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на "Свабодзе" напярэдадні выбараў у Расеі адказвае палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў.

— 17 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Ці магчымыя нейкія нечаканасьці? Пракрамлёўскія сацыялягічныя цэнтры прадказваюць яўку вышэй за 70% і за Пуціна — каля 80%. Такімі і будуць афіцыйныя вынікі?

— На мой погляд, няма ніякіх падставаў для таго, каб прагназаваць нейкі іншы вынік, чым той, які заплянаваны адміністрацыяй прэзыдэнта і ўсёй палітычнай машынай Крамля. Неаднаразова гаварылася, што Крэмль ставіць сабе за мэту атрымаць для Пуціна больш, чым на выбарах 2018 году. Што цалкам зразумела, таму што і Пуцін сам, і Крэмль хацелі б бачыць, што падтрымка Пуціна ва ўмовах вайны большая, чым ва ўмовах мірнага часу.

І таму — так, павінна быць у любым выпадку больш за 77% «за». Адміністрацыя Пуціна ставіць сабе мэту — ад 80 да 83%. Так яно, хутчэй за ўсё, і будзе. Астатнія кандыдаты спэцыяльна падабраныя такім чынам, каб яны не маглі ў сукупнасьці набраць больш за 15–17%.

Што да яўкі, то няма сумневаў у тым, што адміністрацыйная машына Крамля ў стане забясьпечыць як мінімум 70-адсоткавую яўку.

— Апазыцыя ў дзень выбараў прапануе акцыю «Поўдзень»: у 12.00 па Маскве ўзгоднена прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і тым самым паказаць, як шмат праціўнікаў рэжыму. Ваш прагноз — наколькі шмат іх будзе і ці будзе «Поўдзень» мець нейкія палітычныя наступствы?

— Палітычная апазыцыя сёньня на 90% знаходзіцца па-за межамі краіны. Ідэя «Поўдня» цяпер ніякага значэньня ня мае. Гэтая ідэя вельмі слабая зь дзьвюх прычын.

Па-першае, крамлёўскія палітолягі адкрыта пішуць, што гэтая ідэя працуе на павышэньне яўкі. Яны скажуць: ну бачыце, яўка сапраўдная, не фальсыфікаваная, вось якія чэргі на ўчастках.

Па-другое, няма спосабу палітычна капіталізаваць вось гэтае стаяньне вакол участкаў. Няма каму ў Расеі гэта рабіць. У Расеі няма палітычнай арганізацыі, якая магла б сказаць: гэта выйшлі нашы людзі. Таму выхад людзей да выбарчых участкаў хутчэй трэба інтэрпрэтаваць як жэст роспачы, як праяву нейкай пэрсанальнай пазыцыі нязгоды, але палітычнага значэньня гэта мець ня будзе.

— За тры дні да асноўнага галасаваньня ў Расеі датэрмінова прагаласавалі 2,3 мільёна выбаршчыкаў — гэта 2%. У Беларусі на парлямэнцкіх выбарах сёлета, паводле зьвестак ЦВК, за тры дні да выбараў датэрмінова прагаласавалі 14,6% выбаршчыкаў . А ўсяго датэрмінова прагаласавалі больш за 42%.

У Расеі таксама «надзімаюць» яўку на датэрміновае галасаваньне?

— Ня так, як у Беларусі. Расея вялікая, яна вельмі розная, гэта моцна ўскладняе такую адміністрацыйную масавую электаральную мабілізацыю.

— Ці прызнае Захад легітымнасьць абраньня Пуціна? То бок тое, што выбары несправядлівыя, непразрыстыя, не адпаведныя дэмакратычным нормам — такі вэрдыкт выносілі, здаецца, адносна ўсіх выбараў, што ў Беларусі, што ў Расеі. Але, тым ня менш, Пуціна разглядаюць на Захадзе як легітымнага кіраўніка Расеі, хоць і дрэннага. А вось Лукашэнку з 2020 году легітымным кіраўніком Беларусі не прызнаюць. Ну, прынамсі, ёсьць двухсэнсоўнасьць у яго прызнаньні. Пуцін пасьля 17 сакавіка можа апынуцца ў сытуацыі Лукашэнкі?

— Магчыма, будуць заявы пасьля выбараў і міжнародных арганізацый, і асобных нацыянальных урадаў розных краін аб прызнаньні вынікаў гэтых выбараў нелегітымнымі, а Пуціна — так бы мовіць, непрэзыдэнтам.

Аднак трэба сказаць, што гэта ніякага вялікага значэньня мець ня будзе. Непрызнаньня патрабуе расейская апазыцыя — і Юлія Навальная, і Гары Каспараў, і Міхаіл Хадаркоўскі, і многія іншыя. Але, па-першае, Крэмль у выніку вайны ўжо цягам гэтых двух гадоў знаходзіцца пад максымальна жорсткімі санкцыямі. Разрыў (і вельмі глыбокі) адбыўся за гэтыя два гады і ў банкаўскай сфэры, і ў фінансавай сфэры, і ў эканамічнай, і ў культурнай, і гэтак далей. Інакш кажучы, справа ня ў тым, каб прызнаць Пуціна нелегітымным, а ў тым, як рэалізаваць потым гэтае непрызнаньне.

Тут цяжка знайсьці якія-небудзь новыя інструмэнты ціску на Крэмль, калі прызнаць Пуціна нелегітымным.

Другі момант палягае ў тым, што Крэмль упэўнены, што захавае кантакты з паловай сьвету, а кантакты Расеі з эканомікамі Захаду ўжо і так спыненыя. Штаты расейскіх амбасадаў у гэтых краінах так скарочаныя, што ўжо больш няма каго экстрадаваць.

І ў Пуціна за сьпінаю будуць вось гэтыя 80% галасоў «за», якія ён зараз атрымае на гэтым дэ-факта рэфэрэндуме аб даверы.

Варта ўзгадаць, што на постсавецкай прасторы Нурсултан Назарбаеў атрымаў 97,7% на апошніх выбарах у 2015 годзе. Кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў на выбарах сёлета атрымаў 92 працэнты.

На гэтым фоне, калі браць постсавецкую прастору, 80%, якія атрымае 17 сакавіка Пуцін, выглядаюць нават памяркоўна і блізка да таго, што атрымаў Касым-Жамарт Такаеў, прыйшоўшы пасьля Назарбаева. На першых выбарах Такаеў атрымаў 70%. Пуцін атрымае 80%, і Крэмль зможа сказаць, што ў Расеі нібыта нават канкурэнцыя ёсьць.

Маглі б і 97% паказаць, прадэманстраваць «поўнае адзінства народу ва ўмовах страшнай агрэсіі Захаду». Але гэтыя 80% цалкам задаволяць Крэмль і, зь яго пункту гледжаньня, засьведчаць, што Пуцін стаіць моцна і легітымна ў гэтым сэнсе.

Для Пуціна легітымнасьць зараз складаецца з трох рэчаў, а зусім не з таго факту, прызнае яго хтосьці ў якасьці прэзыдэнта ці не.

Першае — гэта, уласна, вось гэты рэфэрэндум аб даверы, які зараз адбудзецца.

Другое — гэта посьпех у вайне. Няма сумневу, што ўлетку Крэмль будзе спрабаваць прадэманстраваць нейкі посьпех, дзеля таго каб зьмяніць сытуацыю, успрыманьне ўсёй гэтай кампаніі на сваю карысьць.

І трэцяе — гэта нават ня столькі эканамічныя паказчыкі Расеі, якімі Крэмль задаволены, а дэманстрацыя тэхналягічнай мадэрнізацыі.

Чым Крэмль і Пуцін будуць займацца пасьля 17 сакавіка? Мадэрнізацыяй. Крэмль хоча ня проста паказаць, што сыравінная эканоміка лёгка спраўляецца з санкцыямі, а ён хоча паказаць, што расейская эканоміка ў найбліжэйшыя 5–7 гадоў, незалежна ад ваенных дзеяньняў, якія вядуцца, будзе дэманстраваць цуды тэхналягічнай мадэрнізацыі ў сфэры штучнага інтэлекту, дыгітальных тэхналёгій, касьмічных тэхналёгій. Гэта ня значыць, што ў яго ўсё атрымаецца, але гэта азначае толькі тое, што ён будзе гэта дэманстраваць.

Вось тры рэчы, якія яго легітымізуюць.

— Вы сказалі, што ў РФ складана правесьці электаральную мабілізацыю на датэрміновыя выбары. А не мэтафарычную, новую ваенную мабілізацыю? Выйграўшы выбары, ён пойдзе на яе? Вы сказалі пра летні наступ. Ну вось мабілізуюць яшчэ некалькі соцень тысяч, падвучаць (у тым ліку і ў Беларусі) за пару месяцаў — і ў бой.

— Па рэакцыі многіх людзей у Расеі бачна, што гэтага чакаюць. Ёсьць такі грамадзкі настрой, і сарафаннае радыё гэта разносіць. Людзі баяцца гэтага, баяцца, што пасьля выбараў павінна быць нешта падобнае да мабілізацыі.

Хаця, калі зыходзіць з рацыянальнай ацэнкі сытуацыі, якой карыстаюцца і вайскоўцы, і экспэрты, то Пуціну цяпер мабілізацыя не патрэбная і тэхналягічна шкодная. Мабілізацыя — гэта вельмі хаатычная працэдура для вялікай колькасьці грамадзян.

Зь іншага боку, усе лічаць, што папаўненьне ў 30–50 тысяч вайскоўцаў за месяц Крэмль забясьпечвае і безь ніякай мабілізацыі.

Калі Ўкраіне патрабуецца правесьці мабілізацыю і атрымаць 300 тысяч новых байцоў, то ў Пуціна гэтай праблемы няма. Ён атрымлівае каля 50 тысяч за месяц і без мабілізацыі. Пры якой сытуацыі мабілізацыя магчымая і непазьбежная? Толькі ў адным выпадку. Калі Крэмль пачне падрыхтоўку да маштабнага наступу. Маштабны наступ азначае, што Крэмль ставіць задачу на працягу трох месяцаў пераламіць хаду ваеннай кампаніі і дайсьці да Дняпра. Гэта цяжка сабе ўявіць. І гэта запатрабуе мабілізацыі. У адваротным выпадку ніякай неабходнасьці ў мабілізацыі ў Пуціна няма.

— Цяперашняе штогадовае пасланьне Пуціна было цікавае тым, чаго ў ім не было. У прыватнасьці, там зусім не было згадкі пра постсавецкую прастору. Не было АДКБ, не было Казахстану, згаданага вамі.

Адзін раз, праз коску, ён сказаў пра пракладку новай магістралі ў Менск, «у нашую братэрскую Беларусь». Больш не прагучала нічога. Ці азначае гэта, што ў ягоную наступную кадэнцыю ўсе постсавецкія краіны, у прыватнасьці, Беларусь і Казахстан, ня будуць рабіцца мэтамі якой-небудзь далёкасяжнай палітыкі?

Або: у пасланьні не згадаў, а пасьля 17 сакавіка, можа, пра іх і падумае?

— Крэмль увесь постсавецкі пэрыяд надаваў вялікае значэньне постсавецкай прасторы. Гэта фундамэнтальны факт. І ён ня зьменіцца ад бягучай каньюнктуры. Крэмль працягваў свае рукі паўсюль і заўсёды карыстаўся момантамі палітычнай слабасьці сваіх суседзяў па постсавецкай прасторы.

І зараз на нашых вачах разгортваецца сюжэт, зьвязаны з Малдовай. І Крэмль дзейнічае там актыўна. Нядаўна Пуцін прыняў кіраўніцу Гагаускай аўтаноміі Малдовы і паабяцаў ёй падтрымку.

Але ў тых, хто займаецца палітыкай Расеі ўважліва, склалася наступнае ўражаньне.

У апошнія шэсьць месяцаў ніводная прапанова з тых, якія распрацоўваліся ў дачыненьні да так званай эўразійскай прасторы, у Пуціна не атрымала ўхвалы. Крэмль працуе такім чынам, што розныя ягоныя цэнтры, «вежы», іх экспэртныя групы рыхтуюць розныя стратэгічныя прапановы. У мінулым мы бачылі, напрыклад, што такія распрацоўкі рабіліся адносна Беларусі некалькімі цэнтрамі адначасова.

І потым нейкі са сцэнараў усё ж такі прымаўся ў якасьці палітычнай «дарожнай мапы». Цяпер ніводная з прапановаў не прынятая. Менавіта таму ў пасланьні Фэдэральнаму сходу Пуцін нічога не сказаў пра гэты рэгіён.

Ён не сказаў не таму, што ў Крамля ня будзе ніякай працы на постсавецкай прасторы, а толькі таму, што на дадзены момант ніводная з крамлёўскіх групаў уплыву пераканаўча не сфармулявала, што далей рабіць, бо вайна прывяла ўсю эўразійскую прастору ў новае становішча.

На дадзены момант карціна імкліва мяняецца, Армэнія зьбіраецца выходзіць з АДКБ і заяўляе ўжо зусім дакладна, што хоча рухацца ў Эўразьвяз. У Малдове калясальныя працэсы ідуць.

Няма сумневу, што краіны Цэнтральнай Азіі зь велізарным хваляваньнем назіраюць за тым, куды рухаецца вайна, таму што для іх гэта ўсё пытаньне таго, якое месца Расея будзе займаць у палітычных стратэгічных плянах Кітаю. У Крамля цяпер няма добрай ідэі адносна постсавецкай прасторы.

У прыватнасьці, гэта тычыцца і Беларусі. У мяне складаецца ўражаньне, што Пуцін зараз прыйшоў да высновы, што ўкраінцы, беларусы і расейцы — гэта не братэрскія народы, гэта ня тры славянскія народы ў канцэпцыі Аляксандра Салжаніцына, якія павінны захоўваць палітычнае адзінства, а што гэта проста адзін народ. Які выпадковым чынам аказаўся падзелены ў 1991 годзе. І Пуцін жыве ў сьвядомасьці, што аб’яднаньне гэтых народаў у адну дзяржаўнасьць — проста пытаньне часу, гістарычная непазьбежнасьць. У гэтым сэнсе слова я добра бачу, што адпалі канцэпцыі «рускага сьвету», што губляе значэньне ідэя саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

Цяпер, на погляд Крамля, нічога гэтага ўжо ня трэба. Ён пакуль ня вельмі тузае Беларусь і Лукашэнку. Але Пуцін разьлічвае, што праз два ці тры крокі Ўкраіна зламаецца. І тады будзе рэалізавана ідэя, якая паглыне і Беларусь. Гэта значыць, канцэпцыя саюзнай дзяржавы адпадзе, а на яе месцы паўстане проста адзіная дзяржава.

— На ваш погляд, якая пэрспэктыва мірных перамоваў? Да іх заклікалі папа Рымскі, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган; у інтэрпрэтацыі Віктара Орбана Дональд Трамп у выпадку вяртаньня ў Белы дом бачыць формулу міру вельмі проста: ні цэнта дапамогі Украіне — і вайна скончыцца.

Ці магчымая нейкая мірная дамова сёлета?

— Вядома, сытуацыя ў апошнія 6 месяцаў мяняецца на вачах у дачыненьні да магчымых сцэнараў заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны. Але я бачу наступнае.

2024 год будзе годам вайны. Сёлета ня будзе ніякіх мірных перамоваў, і сканструяваць іх немагчыма, паколькі Ўкраіна даволі эфэктыўна вядзе вайну. Можа, не наўпрост на фронце, але вайну дронаў, вайну на Чорным моры. А Крэмль, са свайго боку, рыхтуецца да свайго летняга наступу.

Галоўная праблема перамоваў — што ніхто ня можа выступіць гарантамі іх вынікаў. Украіна настойліва працягвае фармаваць глябальную кааліцыю падтрымкі ўкраінскай формулы міру. І яна будзе гэта рабіць увесь 2024 год.

Дональд Трамп, калі стане прэзыдэнтам, зможа ўплываць на сытуацыю не раней за красавік-травень 2025 году. Калі ў лістападзе ён атрымае перамогу, то пакуль будзе фармаваць апарат, пачнецца Новы год, потым — вясна, ён будзе прымаць важныя рашэньні ва ўнутранай палітыцы, што непазьбежна на першым часе. І толькі ў красавіку-траўні, як гэта было і мінулым разам, калі ён прыйшоў у Белы дом, ён пачне актывізаваць зьнешнюю палітыку.

Так, зь вялікай верагоднасьцю варта чакаць, што Трамп зьменіць характар амэрыканскай дапамогі Ўкраіне. Але мы добра бачым, што Эўропа да гэтага ўжо падрыхтаваная. Практычна ўжо падрыхтаваная. У апошнія 3–4 месяцы яна рыхтуецца падтрымліваць Украіну пры мінімальным удзеле Злучаных Штатаў. І вялікі альянс эўрапейскіх краін да гэтага гатовы.

Інакш кажучы, у Кіева няма падставы баяцца, што ня хопіць снарадаў у 2024–2025 гадах. Але ёсьць, вядома, розныя фактары, якія могуць паўплываць на зьмену сытуацыі. Напрыклад, нейкая вялікая памылка прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, якая прывядзе да ўнутрыпалітычнага абвастрэньня ва Ўкраіне.

Гэта нават больш небясьпечна, чым адсутнасьць амэрыканскай дапамогі. Або пэўны посьпех расейскага войска ў летнім наступе, вядома, зьменіць сытуацыю. Але на дадзены момант, калі глядзець бяз панікі і без паражэнства, глябальная кааліцыя падтрымкі Ўкраіны не пахіснулася.

У Злучаных Штатах, як сказаў іх міністар абароны Остын Лойд, вайсковыя замовы для Ўкраіны разьмешчаныя ў 35 штатах, гэта замовы на 2 гады наперад. Яны будуць фінансавацца, у гэтым няма сумневу.

Пра перамовы цяпер немагчыма гаварыць. І заява папы Францішка гэта лішні раз пацьвердзіла. Яго словы літаральна павісьлі ў поўнай цішыні. Ніхто з эўрапейскіх лідэраў не падтрымаў яго, акрамя спадара Орбана, які выглядае як жахлівы фрык.

І варта падкрэсьліць, што эўрапейскія правыя перасталі падтрымліваць Пуціна. Ні Марын Лё Пэн у Францыі, ні Матэа Сальвіні ў Італіі не падтрымліваюць больш Крэмль. Яны публічна пра гэта заяўляюць.

— Прачытаў у расейскага аўтара Аляксея Рошчына думку, што гібель Навальнага ставіць крыж на эвалюцыйным шляху зьменаў у Расеі. На думку Рошчына, зьмены ў Расеі калі і прыйдуць, то з тварам Прыгожына, фігуральна кажучы. Вы згодны?

— Спачатку папраўкі ў Канстытуцыю, а затым разьвязваньне вайны Крамлём, а затым і сьмерць Навальнага — сапраўды, ставяць пытаньне, ці можа ўвогуле нас чакаць нейкі лібэральна-дэмакратычны пераход у будучыні, так званы другі шанец на дэмакратызацыю.

І тут, вядома, маюць рацыю тыя, хто сумняваецца, што гэта можа адбыцца пасьля такой трансфармацыі грамадзтва, якая ідзе цяпер на нашых вачах. Вайна перапрацоўвае гэтае грамадзтва, фармуе ў ім новыя пласты, новыя страты. Пасьля ўсяго гэтага, сапраўды, не выпадае чакаць, што грамадзтва даверыцца лібэральна-дэмакратычным палітычным дзеячам.

Лібэральна-дэмакратычнае крыло палітыкі ў Расеі цяпер — гэта прыкладна 3–5% насельніцтва. Калі ў Расеі пачнецца нейкі постпуцінскі палітычны працэс, то прыхільнікам вяршэнства права, дэмакратыі і правоў чалавека давядзецца пазмагацца ўсяго толькі за прадстаўніцтва ў парлямэнце пад эгідай той вайсковай вярхушкі, якая будзе ажыцьцяўляць пераход. Што нас наперадзе чакае востры ўнутраны канфлікт, я не сумняюся.

Мы не змаглі ажыцьцявіць мірны 30-гадовы постсавецкі транзыт (я маю на ўвазе мы, наша пакаленьне і тое кола дзеячоў, да якога я належу). А калі гэта не атрымалася, калі шанец, які даў калісьці Міхаіл Гарбачоў сваёй палітыкай, цалкам згублены і Расея зайшла ў маштабную зьнешнюю вайну, то, адпаведна, яе ўнутраны пераход да іншай палітыкі цяпер магчымы толькі як вынік жорсткага канфлікту сацыяльных груп унутры краіны, ва ўнутранай палітыцы.

Мы бачым прыкладна контуры тых груп, якія будуць змагацца, і будуць змагацца даволі жорстка, за сваё месца ў постпуцінскай Расеі. Гэтыя групы ўзброеныя ўжо і цяпер, яны маюць лідэраў, у іх калясальныя інтарэсы, у іх арбіце знаходзяцца сотні тысяч людзей. Гэтыя кланы будуць ва ўмовах жорсткага канфлікту змагацца за тое, якое аблічча набудзе Расея пасьля Пуціна.

— Нядаўна прачытаў цытату з выступу Томаса Мана ў Кангрэсе ЗША ў 1945 годзе. Ман, палітычны ўцякач з нацысцкай Нямеччыны, тады казаў:

«Няма дзьвюх Нямеччын, добрай і злой, ёсьць адзіная Нямеччына, лепшыя ўласьцівасьці якой пад уплывам дʼябальскай хітрасьці ператварыліся ва ўвасабленьне зла. Злая Нямеччына — гэта і ёсьць добрая, якая пайшла па ілжывым шляху, трапіла ў бяду, якая загрузла ў злачынствах і цяпер стаіць перад катастрофай. Вось чаму для чалавека, які нарадзіўся немцам, немагчыма начыста адрачыся ад злой Нямеччыны, абцяжаранай гістарычнай віной, і заявіць: "Я — добрая, высакародная, справядлівая Нямеччына; глядзіце, на мне беласьнежны строй. А злую я аддаю вам на разарваньне"».

Вы маглі б паўтарыць словы Мана, замяніўшы «Нямеччыну» на «Расею»? Ці вы — гэта добрая Расея, а тыя, што сьвядома прагаласуюць за Пуціна — злая?

— Я зь першага дня вайны быў супраць падзелу на добрых і кепскіх расейцаў. Я лічу, што ў сукупнасьці мы правалілі постсавецкі транзыт. Усе разам. І мы нясем адказнасьць за гэты правал. Таму што правал постсавецкага транзыту прывёў да нязьменнай дыктатуры Пуціна і да таго, што ў яго аказаліся разьвязаныя рукі для вядзеньня вайны ў Эўропе. І мы яшчэ ня ведаем, чым усё гэта скончыцца.

Палітычная адказнасьць, незалежна ад таго, хто дзе знаходзіцца — яна кладзецца на ўсіх. Часам на гэта можна пачуць пярэчаньне: а што ж, нават малыя дзеці, якім было два гады, калі пачалася вайна — яны таксама нясуць адказнасьць? Адказ такі: гістарычна — так. І яны таксама.

І кожны, калі ён працягвае сябе ідэнтыфікаваць з гэтай краінай і гэтым народам, калі не разарваў унутраную ідэнтычнасьць. Для мяне гэта частка маёй уласнай гісторыі.

Я сябе адчуваю і пакаленча, і палітычна, і біяграфічна цалкам адказным за гэтую гіганцкую, маштабную гістарычную і палітычную паразу. Якую Расея пацярпела ўжо і будзе цярпець далей.

Але ёсьць другі важны бок пытаньня. Мы занадта рана зьвяртаемся да параўнаньняў з 1945 годам. Таму што, на няшчасьце, Крэмль мае вельмі добрыя шанцы закапсулявацца і не панесьці ніякай ваеннай паразы.

І тады значная частка расейцаў будзе жыць з зусім іншай сьвядомасьцю ў бліжэйшыя паўстагодзьдзя. Яны будуць лічыць, што Расея надзейна абараніла сябе ад Захаду ў гэтай вайне. Мы бачым, што Крэмль так гэта і канструюе.

Крэмль хоча выйсьці з гэтай вайны, стварыўшы новую нацыю на месцы ранейшай, абʼяднаную досьведам гэтай вайны. А гэтая вайна, з пункту гледжаньня Крамля і цяперашняга расейскага народу, гэта, вядома, не вайна з украінцамі. Гэта вайна супраць Захаду, які нібыта напаў на Расейскую Фэдэрацыю. І вось на гэтым «бэнзіне» Крэмль зьбіраецца «ехаць» наступныя 50 гадоў.

І людзі будуць казаць: «Так, нас ніхто ня любіць у сьвеце, нам ніхто не зьбіраецца дараваць. Але мы абаранілі сваю незалежнасьць ад Захаду, і мы будзем жыць».

Калі Ман выступаў у Кангрэсе ЗША з сваёй прамовай, Нямеччына ўжо цярпела або пацярпела поўную ваенную паразу. Гэта не сытуацыя сёньняшняй Расеі.

Адказнасьць надыходзіць у сілу самой ідэнтычнасьці.

Я лёгка сабе ўяўляю сытуацыю, што калі чалавек кажа сабе, што ён ніколі і ня быў расейцам, і не зьбіраўся ім быць, а ён, напрыклад, інгерманляндзец — то ён, зразумела, можа сабе сказаць, што для яго ўвесь 30-гадовы пэрыяд расейскай гісторыі ня мае ніякага значэньня. Гэта не ягоная краіна. У такім выпадку ніхто адказнасьці звонку на яго не накладзе.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
александр морозов
война
беларусь - украина
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ