Вярхоўны суд Беларусі 8 чэрвеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі звінавачаных у «здрадзе дзяржаве» былых кіраўнікоў баранавіцкай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі.
Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ
Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, у выніку двухдзённага слухання судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула ў сіле прыгавор Уладзіміру Янукевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі.
Андрэю Пакаленку тэрмін зняволення зменшылі на адзін год — да 11 гадоў.
Прысуд Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку быў агучаны ў Брэсцкім абласным судзе 26 лютага 2026 года. Абодвух медыяменеджараў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса РБ.
Судовы працэс распачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Справу вёў суддзя Брэсцкага абласнога суда Дзмітрый Куроўскі.
Уладзіміру Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і 3000 базавых велічынь (135 тысяч рублёў) штрафу на карысць дзяржавы, Андрэю Пакаленку — 12 гадоў пазбаўлення волі і 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў) штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысяч рублёў.
Сутнасць абвінавачання дагэтуль невядомая.
Больш за паўтара года з моманту затрымання Янукевіча і Пакаленку ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА.
Добро пожаловать в реальность!