Общество

«Я згарэў і псіхічна, фізічна. Нармальны сон? Забыўся, што гэта»

Тэма ментальнага здароўя беларусаў і беларусак, якія прайшлі праз СІЗА, турмы і вымушаную міграцыю, у апошнія гады ўсё часцей уздымаецца спецыялістамі і асвятляецца ў СМІ.

Общество gazetaby.com
0

Вясна распавядае дзве гісторыі палітычных мігрантаў, якія спраўляюцца з псіхічнымі разладамі ў Вільні. Плюс некалькі парад ад псіхіятра, які дапамогуць лепей зразумець свой стан.

«Сучасныя метады лячэння не робяць з чалавека «гародніны»

Тэма ментальнага здароўя беларусаў і беларусак, якія прайшлі праз СІЗА, турмы і вымушаную міграцыю, у апошнія гады ўсё часцей уздымаецца спецыялістамі і асвятляецца ў СМІ.

Даследчыца і псіхалагіня Вольга Вялічка на падставе дакументавання сведчанняў 37 былых зняволеных, а таксама аналізу 120 кейсаў палітвязняў, прааналізавала ўплыў штрафных ізалятараў на агульны псіхічны стан зняволеных. Па словах эксперткі, 91% арыштантаў у ШІЗА адчувалі рознага віду разлады, псіхозы і дэпрэсіі, трывожнасць і нервовасць, страх смерці і ізаляцыі, думкі пра суіцыд.

Многія беларусы выходзяць з турмаў, альбо з'язджаюць ад крымінальнага пераследу, маючы ПТСР, хаця самі яшчэ не ўсведамляюць дакладна, што з імі насамрэч робіцца. Часта гэтае засмучэнне праяўляецца не адразу, а праз некалькі месяцаў. Наколькі важна сваечасова звярнуцца да спецыяліста распавядае псіхіятр Сяргей Папоў:

– З цягам часу, наступствы псіхічнай траўмы і ПТСР выяўляюцца ў выглядзе розных сімптомаў і розных псіхічных засмучэнняў, часам існуючых адначасова. Гэта могуць быць дэпрэсія рознай ступені цяжкасці, трывожныя засмучэнні, залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў і нелекавыя залежнасці ў выглядзе гульняманіі, напрыклад, парушэнні паводзін і нават ўстойлівыя змены характару.

Спецыяліст развенчвае існуючыя ў грамадстве забабоны і страхі звароту да псіхіятра, якія, на жаль, яшчэ захоўваюцца ў беларусаў:

– На жаль, у сучасным свеце так ці інакш існуе стыгматызацыя людзей, якія маюць эмацыйныя праблемы, складанасці або псіхічныя засмучэнні. У Беларусі гэта таксама звязана з тым, што «чалавек з дыягназам» атрымлівае сур'ёзныя неапраўданыя абмежаванні ў сваіх правах.

У краінах Еўропы справа ідзе інакш. Важна разумець, што псіхіятр – гэта такі ж лекар, як і той, які лечыць цела. Разуменне і агучванне ў чым заключаецца праблема ўжо прыносіць палёгку. Сучасныя метады лячэння не робяць з чалавека «гародніны», а наадварот дапамагаюць адчуць сябе лепш і вярнуцца да нармальнага жыцця.

Андрэй: «Трывога на роўным месцы і ночы без сну»

Крыху больш года таму жыхар Віцебску Андрэй (імя змененае па этычных прычынах), якога асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», пакінуў Беларусь. Складаным шляхам патрапіў у Літву, паколькі раней некаторы час тут працаваў.

За клопатамі і вырашэннем першачарговых праблем час ішоў хутка, пакрысе пачаў забываць пра стрэс ад нечаканага затрымання, пра месяцы, праведзеныя ў віцебскім СІЗА і «асалоду» ад усялякіх абмежаванняў, якія накладаюцца пры «хатняй хіміі». Знайшлася, хаця і часовая, праца.

Але мінулай восенню Андрэй стаў заўважаць перамены ў сваім настроі і незразумелую трывожнасць:

– Нейкі нядобры пас’янс пачаў складвацца: знікла вера ў будучыню, палохалі ночы без сну, а раніцай пачала з’яўляцца трывога на роўным месцы. Але самае цяжкае – гэта пастаянная стомленасць, – узгадвае Андрэй свой нядаўні стан. – Запытаўся ў знаёмага таварыша па няшчасці, як ён сябе адчувае? Той кажа, што нармальна, але параіў звярнуцца да псіхолага. Грошы дапамаглі знайсці людзі.

Тры месяцы хадзіў да яе, на выходныя стараўся кудысьці паехаць. Але зімой усё вярнулася, стала яшчэ горш, цяжка было сканцэнтравацца на нейкай праблеме, пачаў справы адкладваць на потым, карацей, заблытаўся ў сваіх праблемах сам. А часам нікога бачыць не хацеў. Можа гэтая адзінота таксама паўплывала.

Андрэю давялося запісацца на прыём да псіхіятра, які прызначыў адпаведныя антыдэпрэсантныя прэпараты:

– Ну там трэба рэгулярна іх прымаць, прычым доўгі час, а я так не мог, нейкі перыяд прымаю лекі, потым, як робіцца лягчэй – забываўся. Я іх папіў некалькі месяцаў, мне палепшала. Кінуў, а праз тыдні два стала зусім невыносна. Я адчуваў трывогу, якая межавала з панікай, агрэсію і раздражненне на ўсё на свеце.

Увесну Андрэй патрапіў на лячэнне ў стацыянар, у крызіснае аддзяленне Віленскага гарадскога цэнтра псіхічнага здароўя.

– Першы дні было страшнавата і нават сорамна, што я тут. Але мае ранейшыя ўяўленні пра псіхбальніцу кардынальна змяніліся: шмат вакол было моладзі, прыязнае і спакойнае стаўленне персаналу да пацыентаў і чысціня вакол.

Ніхто тут нікога да ложкаў не прывязваў, можна было вольна гуляць на тэрыторыі цэнтра. Быў прызначаны псіхолаг, які сам прыходзіў у аддзяленне. А яшчэ шмат розных заняткаў арганізавана для пацыентаў – і ЛФК, і заняткі з дрэвам, і маляванне, і медытацыі, і нават танцы. Я выбраў сабе заняткі з дрэвам і ЛФК.

Пасля выпіскі Андрэй намагаецца больш падарожнічаць, стаў прымаць рэгулярна лекі. Ён разумее цяпер, што ПТСР гэта сур’ёзна і надоўга, але праблема не катастрафічная, калі кіравацца некаторымі правіламі і працяглы час сябраваць з псіхолагам.

Псіхалагічныя праблемы могуць прайсці самастойна, але гэта моцна залежыць ад тыпу нервовай сістэмы, сацыяльнай падтрымкі, а таксама асабістага досведу чалавека — ці была прагавораная з псіхолагам стрэсавая сітуацыя раней.

Сярод пацыентаў Віленскага гарадскога цэнтра псіхічнага здароўя ў апошнія гады беларусы і ўкраінцы – звыклая з’ява, а надпісы на некаторых шыльдах дублююцца і па-беларуску, і па-украінску.

Варта толькі глянуць у сацыяльныя сеткі – штодзень можна прачытаць пра складанасці з псіхікай у беларусаў, якія з’ехалі ад пераследу:

– Мой псіхічны стан на сённяшні дзень – стан маленькага дзіця, якое хоча схавацца на ручках дарослага чалавека ад усяго, што яго акружае... Даўно мяне так не ціснула.

Хочацца згарнуцца абаранкам і плакаць, плакаць, плакаць. Так я і рабіла некаторы час. Не дапамагае, блін. Сіл не дадаецца. Таму я да вас з просьбай. Напішыце мне добрыя словы. Калі ласка! У былыя часы яны мяне маглі падтрымаць.

У Віленскі цэнтр псіхічнага здароўя (Vasaros. 5) накіроўваюцца па неабходнасці і ўласным жаданні людзі з панічнымі атакамі, рознымі трывожнымі засмучэннямі. Характэрна, што сярод пацыентаў цэнтра пераважае моладзь. Звычайна яны вылечваюцца і болей сюды не трапляюць. Але ёсць і выключэнні.

Мікалай: «Потым настаў такі час, калі я не хацеў нікога бачыць»

Жыхар Мінска Мікалай яшчэ восенню 2021 годзе збег за мяжу ад крымінальнага пераследу ва Украіну. Там спрабаваў легалізавацца, але пачалася расейская агрэсія, таму давялося з’язджаць у Літву.

Эйфарыя ад свабоды і небяспекі хутка скончылася і, дзесьці праз месяц, пачаліся трывожныя змены ў псіхалагічным стане: агрэсія, раздражненне, адсутнасць сну:

– Я згарэў і псіхічна, фізічна. Нармальны сон? Забыўся, што гэта. Не п'янееш нават ад алкаголю. Панічныя атакі намагаешся душыць высілкам волі, але часам усё выходзіць з-пад кантролю. Вельмі брыдкі стан.Часта скача пульс. А яшчэ пастаянная стомленасць. І агрэсія, і жаданне схавацца ад усіх на свеце.

Псіхіятр, да якога звярнуўся ў паліклініку па месцы рэгістрацыі Мікалай, вызначыў, што у яго посттраўматычны сіндром стрэсавага разладу і прапанаваў яму лячэнне ў цэнтры псіхічнага здароўя ў Вільні. Канечне, за два тыдні пазбавіцца цалкам ад ПТСР цалкам нерэальна, аднак прывесці свой душэўны стан у парадак магчыма.

– Пасля выпіскі псіхіятр напрызначаў розных лекаў, якія хутка прывялі мяне ў нармалёвы стан. Бо як начытаешся, што ў Беларусі робіцца, а ты тут сядзіш у бяспецы, нібы здраднік які, то тады моцна калашмаціла. Так, эміграцыя дадае трывогі і страху, і ты адчуваеш адзіноту, нават калі побач шмат людзей, ды яшчэ з’яўляецца пачуццё віны.

Трэба ведаць, што псіхічныя разлады ў выглядзе ПТСР і іншых трывожных засмучэнняў могуць перарасці ў зацяжную дэпрэсію. Так здарылася і з Мікалаем. Адчуўшы палёгку, ён спыніў прыём лекаў, перастаў наведваць псіхолага.

– Потым настаў такі час, калі я не хацеў нікога бачыць. Не было фізічных сіл рабіць элементарныя рэчы, вынесці смецце, падлогу памыць. Я ізноў пайшоў у паліклініку і атрымаў накіраванне ў Цэнтр, дзе лячыўся ад дэпрэсіі тры тыдні. Цяпер разумею, што клопаты пра псіхічнае здароўе такія ж важныя, як і фізічны стан. Усё звязана адно з адным, – распавядае Мікалай.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
беларусы
мігранты
ментальнае здароўе
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
ВСЕ НОВОСТИ