Общество

«Дзеці Кубракова». У «патрыятычныя клюбы» МУС ўцягнутыя 4,5 тысячы маладых беларусаў

Міністэрства ўнутраных справаў пачало масава ствараць патрыятычныя клюбы пры школах два гады таму.

Общество www.svaboda.org
0

Міністэрства ўнутраных справаў пачало масава ствараць патрыятычныя клюбы пры школах два гады таму. Свабода разьбіралася, хто туды ходзіць, чым дзеці там займаюцца і навошта гэта патрэбна сыстэме.

00000

Байцы спэцназу ў якасьці выкладчыкаў

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало актыўна ствараць «патрыятычныя клюбы» пры школах з 2021 году. Цяпер туды ўцягнутыя 4,5 тысячы дзяцей, расказаў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў у навагоднім звароце да беларусаў. Афіцыйная мэта клюбаў — выхоўваць у дзецях патрыятызм. Разьлік ідзе на тое, што ў будучыні яны змогуць «абараняць Айчыну», а сваё жыцьцё зьвяжуць зь сілавымі структурамі.

Клюбы ствараюць «пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войскаў». То бок гэта структура МУС, якая дзейнічае на базе сярэднеадукацыйных школ, часам на базе цэнтраў дзіцячай творчасьці. Сваю дзейнасьць сілавікі абгрунтоўваюць заканадаўствам.

«У мэтах фармаваньня ў моладзі патрыятызму, нацыянальнай самасьвядомасьці, прававой і палітычнай культуры, разьвіцьця сьвядомага, адказнага і актыўнага імкненьня да ўдзелу ў грамадзкім жыцьці краіны дзяржава распрацоўвае сыстэму мер па грамадзянскім і патрыятычным выхаваньні моладзі», — спасылаюцца ў адным з патрыятычных клюбаў МУС на артыкул 13 закону РБ «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі».

Калі год таму ў Беларусі было больш за 20 такіх клюбаў, то сёлета іх ужо 134. Звычайна іх ствараюць для адной-дзьвюх школ. Гэта значыць, што пакуль яны дзейнічаюць прыкладна ў 5% беларускіх школ. Ахоп — ад Менску да Віцебску, Магілёва, Касьцюковічаў, Століна, Жабінкі.

Туды ходзяць падлеткі прыкладна ва ўзросьце 10–17 гадоў, як хлопцы, так і дзяўчаты. У Беларусі вучыцца больш за мільён дзяцей. Гэта значыць, што ў патрыятычныя клюбы пакуль ходзіць менш за 1% ад усіх вучняў.

Патрыятычныя клюбы пры школах атрымліваюць розныя назвы: «Зубар», «Багратыён», «Доблесьць», «Мужнасьць», «Граніт», «Рысь», «Адвага», «Цыркон», «Страла». Кірунак іхнай дзейнасьці можа быць розны: вайсковы, «па лініі ДАІ», турыстычна-краязнаўчы, спартова-аздараўленчы. Заняткі клюбаў праходзяць дзесьці два разы на тыдзень, а недзе — раз на месяц.

Дзеці там праходзяць страявую, агнявую, мэдычную, тактычную, баявую падрыхтоўку, вучацца страляць са страйкбольнай і пнэўматычнай зброі. Дзесьці робяць большы акцэнт на спорт, рукапашны бой, прыёмы самаабароны. Плянуюць экскурсіі ў сілавыя структуры. У некаторых нібыта глыбей вывучаюць гісторыю Беларусі. Асабліва гісторыю Другой усясьветнай вайны.

«Вучымся праводзіць непрамы масаж сэрца, аказваць першую мэдыцынскую дапамогу пры траўмах і раненьнях. Разьбіраем рэзанансныя выпадкі і на іх прыкладзе вучым, як правільна дзейнічаць. Напрыклад, мы вывучалі дзеяньні грамадзян пры пажары ў гандлёвым цэнтры „Зімовая вішня“ ў Кемераве (Расея. — РС)», — расказваў у інтэрвію кіраўнік аднаго зь першых патрыятычных клюбаў маёр Руслан Шыг.

Падлеткі ходзяць туды ў форме, падобнай да вайсковай. Складаюць прысягу абараняць сябе, свае сем’і, сваю Радзіму. Атрымліваюць членскія білеты. У прапагандысцкіх мэдыя пішуць, што ўдзельнікі такіх структураў стануць больш упэўненымі ў сабе, разаўюць лідэрскія якасьці, знойдуць сабе сяброў, а таксама вызначацца з будучай прафэсіяй.

«Такое дзіця будзе прадстаўляць небясьпеку адназначна для апазыцыйнага элемэнта, бо чалавек, які думае, чалавек, які аналізуе, — такому чалавеку цяжка навязаць сваю думку», — казаў у інтэрвію маёр Руслан Шыг, кіраўнік вайскова-патрыятычнага клюбу «Рысь».

Вядуць клюбы, сярод іншых, байцы спэцназу. За апошні месяц толькі па Менску можна знайсьці некалькі дзясяткаў вакансій «кіраўніка па вайскова-патрыятычным выхаваньні» для школаў. Кандыдату за поўную занятасьць абяцаюць заробак ад 800 да 1500 рублёў. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя (пэдагагічная або вайсковая), досьвед вайсковай службы, псыхалягічная ўстойлівасьць, адказнасьць, стараннасьць. Абяцаюць афіцыйнае працаўладкаваньне, поўны сацыяльны пакет, 57 дзён адпачынку.

Пра важнасьць такіх клюбаў для рэжыму Лукашэнкі можа казаць узровень гасьцей, якіх запрашаюць на «клюбныя» імпрэзы. Прыкладам, імпрэзу да гадавіны ўтварэньня аднаго з патрыятычных клюбаў у Менску наведаў намесьнік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў, які адзначыўся асабліва жорсткімі рэпрэсіямі ў 2020 годзе. А таксама намесьніца старшыні Менгарвыканкаму Надзея Лазарэвіч, начальніца галоўнага ўпраўленьня па ідэалягічнай рабоце Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, старшыня «Беллегпраму» Тацяна Лугіна. Адзін з патрыятычных клюбаў наведваў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

Настаўніца: «У патрыятычны кірунак ідуць двоечнікі, троечнікі, праблемныя дзеці»

Настаўніца адной зь беларускіх школ Наста* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы) расказала, што запісвацца ў патрыятычныя клюбы дзяцей не прымушаюць — яны ідуць туды добраахвотна. Часта клюбы наведваюць тыя самыя дзеці, што вучацца ў вайскова-патрыятычных клясах. Аднак, як сьведчаць настаўнікі, яны рэдка потым абіраюць для паступленьня вайсковыя ці міліцэйскія вучэльні.

«Ідуць туды самыя слабыя па пасьпяховасьці вучні. Калі ў 1990-я ў кадэты меўся ісьці вучань, узорны ва ўсім, з узорнымі паводзінамі і вучобай мінімум на „4“ і „5“, то цяпер у патрыятычны кірунак ідуць двоечнікі, троечнікі, праблемныя дзеці, некаторыя знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Праўда, дзяўчаты, якія ідуць туды, могуць вучыцца досыць добра», — расказвае Наста.

Па словах суразмоўцы, сябры патрыятычных клюбаў бяруць удзел у тым ліку ў патрыятычных гульнях, кшталту «Зарніцы», ходзяць на «ўмоўна патрыятычныя» мерапрыемствы, кшталту ўскладаньня кветак да помнікаў.

«Адзінае, чым выручаюць патрыятычныя клюбы, — клясным кіраўнікам цяпер ня трэба хадзіць на патрыятычныя мерапрыемствы і прыдумляць, як дзяцей туды загнаць», — кажа настаўніца.

Яна сама маці дзяцей-падлеткаў. Аднак прызнаецца, што ў патрыятычны клюб іх не аддала б.

«Чаму маё дзіця павінна пайсьці ў такі клюб? Я не разумею, што яно мусіць рабіць там. Яно і бяз клюбу мае лідэрскія якасьці, мае сяброў. Няўжо маё дзіця ня зможа займацца спортам у спартовых сэкцыях або ў сілоўні? Дзеля чаго робяцца гэтыя клясы і клюбы, мне не зразумела. Дзеля падзелу? Калі маё дзіця ня ў гэтым клюбе, то яно не патрыёт?» — разважае яна.

Наста мяркуе, што ўлады арганізоўваюць патрыятычныя клюбы, каб прасоўваць сваю ідэалёгію.

«Гэты „патрыятызм“ — проста гатоўнасьць выконваць любы, самы дурны загад, не задумваючыся, што ты робіш. Табе загадалі, ты мусіш гэта зрабіць. Я перакананая, што гэтыя нібыта „патрыёты“ будуць першымі, хто здасьць, пойдзе ў паліцаі, пяройдзе на бок праціўніка. Тут зьбіраюцца людзі, якія будуць ратаваць сваю шкуру ў першую чаргу», — кажа яна.

Маці: «Навошта гэта дзіцяці?»

Маці падлетка Юлія* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы) расказала Свабодзе, што таксама не хацела б аддаваць сваё дзіця ў патрыятычны клюб. Яна кажа, што яшчэ задумвалася аддаць сваю дачку ў вайскова-патрыятычную клясу, бо туды набралі ўсяго 14 чалавек. Яна меркавала, што ў такой малой групе навучаньне будзе амаль індывідуальнае.

«А потым я ўбачыла, хто туды пайшоў. Гэтыя 14 чалавек разьнясуць клясу, быццам 45. У гэтую клясу па рэшткавым прынцыпе зьліліся ўсе, хто не прайшоў у іншыя профілі, кшталту фізмат ці хім-бія», — кажа яна.

Юлія ня бачыць прыкладнога сэнсу ў тым, каб аддаваць дзіця ў патрыятычны клюб, таксама не хацела б, каб ейнае дзіця было зьвязанае з палітыкай ці зь сілавымі структурамі.

«Навошта гэта дзіцяці? Дзе ёй у жыцьці гэта прыдасца? Гэта абсалютна ня трэба. З карысных жыцьцёвых навыкаў яна там нічога ня возьме», — перакананая Юлія.

Яна мяркуе, што ў такіх клюбах не разьвіваюць лідэрскія навыкі, як пра гэта заяўляюць.

«Яны вучаць падпарадкоўвацца, дзейнічаць паслухмяным натоўпам. Уся гэтая страявая падрыхтоўка. Яны ж там як маленькія салдацікі: „Нале-ва!“, „Напра-ва!“. Справаздачу даць. Рапарт прыняць. Аўтамат сабраць-разабраць. Я бачу, як дзеці пераўтвараюцца ў салдафонаў. Іхнае мысьленьне пераключаецца на сілавое вырашэньне канфліктаў. Яны ходзяць па школе, нібыта яны тут гаспадары жыцьця, эліта», — кажа маці.

Яшчэ адзін бацька дзяцей-падлеткаў Зьміцер* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) кажа, што дакладна ня хоча аддаваць у такія клюбы сваіх дзяцей.

«Я ня бачу ў гэтым сэнсу. Навошта мне аддаваць туды дзіця? Што яно, зьбіраецца стаць вайскоўцам? Гэта кшталту міні-сувораўская вучэльня. Я ня бачу сэнсу траціць на гэта час. Дзіця цікавіцца дызайнам — я б аддаў яго ў дызайнэрскі гурток, футболам — у футбольную сэкцыю», — кажа бацька.

Псыхоляг: «Сыстэма выкарыстоўвае псыхалягічныя асаблівасьці падлеткаў, каб забраць іх сабе»

Псыхоляг Натальля Скібская патлумачыла Свабодзе, што сілавікі Лукашэнкі ствараюць патрыятычныя клюбы, каб выкарыстоўваць падлеткаў у будучым дзеля захаваньня сваёй улады.

«Яны выхоўваюць сваіх будучых грамадзянаў. Сыстэма дбае пра сябе, каб была пераемнасьць. Яны працуюць на розных узроўнях, у тым ліку на стратэгічным. Яны выкарыстоўваюць веды з псыхалёгіі, сацыялёгіі. Гэтая дзяржаўная сыстэма праіснавала вельмі доўгі час і будзе рабіць усё, каб існаваць далей», — разважае яна.

Паводле псыхоляга, самая галоўная мэта для падлеткаў — гэта сацыялізацыя. Сям’я ў гэты пэрыяд для іх не настолькі важная, колькі грамадзтва. Ім важна зразумець, хто яны ў грамадзтве, якое месца займаюць у герархіі, якія мадэлі могуць выкарыстоўваць. Гэта рыхтуе іх да дарослага жыцьця.

«Падлеткам вельмі важна тусавацца. Яны зьбіваюцца ў чародкі, разам нечым займаюцца. Гэтыя псыхалягічныя асаблівасьці ўзросту сыстэма выкарыстоўвае, каб забраць іх сабе», — тлумачыць Натальля Скібская.

Падлеткам, як і ўсім людзям, важна адчуваць сваю годнасьць, моц, што яны на нешта здольныя, працягвае суразмоўца. Калі яны не знаходзяць гэтага ў сям’і, то шукаюць у іншых месцах. Калі падлеткі кепска вучацца, або лічаць сябе непрыгожымі, то шукаюць, у чым могуць адчуць сябе больш упэўнена. Такой характарыстыкай можа стаць фізычная сіла, а такім месцам — патрыятычныя клюбы.

«Гэта месца, дзе прыгнечаным, непрыстасаваным дзецям, якія не знайшлі свайго месца ў грамадзтве, даюць магчымасьць яго знайсьці. Няма амаль нічога дрэннага ў такіх формах арганізацыі вольнага часу. Але там вельмі вялікая мілітарызацыя. Дзеці знаходзяцца ў сыстэме, пабудаванай на гвалце. Сыстэма іх выкарыстоўвае ў пэўных мэтах», — кажа экспэрт.

Выхаваньне ў такіх клюбах вучыць падлеткаў падпарадкоўвацца, дае адчуваньне сваёй улады, некаторых рыхтуе ў шэрагі сілавікоў.

«Няма нічога дрэннага ў такіх клюбах. Дрэннае — у сыстэме. Калі б гэта адбывалася ў дэмакратычных краінах, дзе людзі паважаюць адзін аднаго, то было б добра. Гэта проста спосаб людзей знайсьці сваё месца», — падкрэсьлівае Натальля Скібская.

«Калі вы не дасьцё падлеткам пляцоўку для ўзаемадзеяньня, яны знойдуць яе ў іншым месцы. Калі ў вас няма аўтарытэту і вы ня можаце даць падтрымку сваім дзецям, яны знойдуць таго, хто гэта зробіць. Знаходзіцца „добры“ дарослы, які ставіцца да іх быццам бы з павагай, а потым ён можа ўплываць на іх», — кажа псыхоляг.

 "Свабода"

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
школы
диктатура
МВД
дети
патриотические клубы
кубраков
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ