Ініцыятыва па падтрымцы беларускіх палітвязьняў «Вольныя паштоўкі» запусьціла новы праект — Адвэнт-маратон салідарнасьці з палітзьняволенымі.
У рамках праекту створаны адвэнт-каляндар з 25 тэматычнымі заданьнямі — па адным на кожны дзень да Калядаў!
«Спадзяемся, што ён будзе натхняць вас на добрыя справы да самых Калядаў», — гаворыцца ў паведамленьні ініцыятывы.
Адвэнт-каляндар можна спампаваць па спасылцы, раздрукаваць або загрузіць у тэлефон. Той, хто выканае 18 заданьняў і больш — атрымае ўзнагароду ад ініцыятывы «Вольныя паштоўкі».
«5 сьнежня малюем вусны чырвоным, як Марыя Калесьнікава і далучаемся да фота-флэшмобу ў сацсетках», «8 сьнежня, у Міжнародны дзень мастака, узгадваем Алеся Пушкіна і дзелімся сваімі малюнкамі» — вось некаторыя заданьні з календару.
Аўтары ініцыятывы заклікаюць усіх выконваць заданьні з календару і дзяліцца сваім фатаздымкамі з хэштэгамі #adventpashtouki #вольныяпаштоўкі — або дасылаць ініцыятыве ў асабістыя паведамленьні. У суполцы ў Інстаграме @v.pashtouki можна дзяліцца вынікамі маратону ды атрымаць адказы на пытаньні пра заданьні.
Амбасадарам праекту выступіў Лявон Вольскі, які гэтымі днямі працуе над музычным альбомам «Лісты палітвязьням». Ягоны рэліз плянуецца 25 сьнежня.
Добро пожаловать в реальность!