Общество

Ірына Чарняўка: «Калі садзяць кагосьці з тваёй сям’і, то садзяць усю сям’ю»

Караюць адразу ўсіх, і дзяцей, і бацькоў. Гэта адбываецца раптоўна. І калі чалавек ні ў чым не вінаваты, не адчувае за сабой ніякага злачынства, ён да гэтага не гатовы.

Общество gazetaby.com
0

Жонка палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйкі — пра тое, ці можна падрыхтавацца да арышту блізкага чалавека. Ірына Чарняўка далучылася анлайн-марафона салідарнасці.

— Калі садзяць кагосьці з тваёй сям’і, то садзяць усю сям’ю. Караюць адразу ўсіх, і дзяцей, і бацькоў. Гэта адбываецца раптоўна. І калі чалавек ні ў чым не вінаваты, не адчувае за сабой ніякага злачынства, ён да гэтага не гатовы.

Калі ты не рыхтаваўся да такога сцэнару, адчуваеш шок. Што адбываецца ў першыя гадзіны, у першыя дні — ты проста шукаеш чалавека, бо ён раптам перастае выходзіць на суязь, ты не можаш дазваніцца: тэлефон адключаны альбо ўвесь час скідваецца…

Мы шукалі Пашу некалькі гадзін, пакуль проста людзі не прыйшлі да нашага дома і не сказалі, што там ходзяць нейкія, падобна, што ў вас ператрус.

Далей ужо ўступаюць алгарытмы, якія нам падказваюць: дзе шукаць звычайна затрыманых, у якім ізалятары, што рабіць — аказваецца, трэба хутчэй несці ваду, вопратку і гэтак далей. Фактычна, калі ў сям’і ёсць вязень, то каб забяспечыць яго патрэбным, каб хоць трошачкі ён меў не тое, што камфортныя, пра камфорт гаварыць не выпадае, а блізкія да чалавечых умовы — то каб передаць перадачу, патрэбна ад дзвюх да пяці гадзін.

Ты выбіраеш дзень, і па аўторках, ці па суботах, носіш перадачы. У пэўным сэнсе гэта сігнал для вязня, што ў такі дзень напэўна штосьці прыйдзе, — неабходныя рэчы, прадукты, бо на харчаванні з СІЗА чалавек доўга не працягне.

І пры тым ты мусіш ведаць турэмныя правілы. Напрыклад, ці вы ведаеце, што там ніякага посуду? Можа быць толькі кубачак пластыкавы.

То-бок, відэльцаў, ножыкаў быць не можа, і калі вы перадасце палку каўбасы, яе будуць грызці — значыць, трэба парэзаць. А цукеркі патрабуецца (гэта патрабуе сама адміністрацыя турмы) вызваліць ад абгортачак і перасыпаць усе разам. Няможна, напрыклад, перадаць каву ў пачку — яе трэба таксама перасыпаць у пакецік.

Ты ўсё мусіш правільна запісаць у спіс, бо ёсць куча рэчаў, якія перадаваць нельга альбо толькі на пэўных умовах — так, шампунь толькі ў празрыстай упакоўцы, і г.д. І калі ты нешта парушаеш — цябе ў канец чаргі, перапісвай наноў увесь спіс, альбо затрымлівай усю чаргу, дзе набралося чалавек 50, і ў вас на ўсіх усяго 2 гадзіны, і калі ты трошкі затрымаешся, то хтосьці можа не паспець.

Кожны раз ёсць вельмі многа новых людзей у чарзе. Яны разгубленыя, усяго гэтага не ведаюць. А ты, калі ўжо больш «вопытны», то ведаеш, хто на прыёме больш лагодны і не будзе на цябе крычаць, а хтосьці будзе. І калі ў сям’і ёсць зняволены, хтосьці мусіць гэта ўмець, гэта такая асобная кваліфікацыя.

Канешне, у Пашы ёсць не толькі я, але і маці, і бацька, і сястра, іншыя сваякі і сябры. І нам дапамагаюць — як толькі забралі Пашу, сябры сядзелі з дзецьмі, каб я паспявала шмат чаго зрабіць. Дапамога ідзе адусюль, яна розная і каштоўная, я ўсім удзячная за неверагодную салідарнасць з боку беларусаў. І ў гэтым сэнсе нам прасцей, чым тым беларусам, хто адныя на зямлі і трапілі за краты.

Ведаю, што ёсць святыя людзі, хто проста бярэ апеку над палітвязнямі і збіраюць перадачы, бандэролі, робяць грашовыя пераводы. Гэта неверагодна важны момант.

І таксама вельмі важна атрымаць інфармацыю пра вязня. Напрыклад, сукамернік Пашы, каторы выйшаў на волю і якому Паша даў сваю вопратку, прыйшоў да нас і хаця б расказаў пра той стан, у якім ён цяпер, і праз некалькі месяцаў мы дазналіся акалічнасці затрымання — яго проста страшна збілі на Тэльмана ў будынку КДБ…

Дзякуючы тым,  хто прыходзіць на працэс, мы ведаем, як Паша выглядае, які ў яго голас, — можам хаця б атрымаць праз іх, зусім не знаёмых, гэтыя звесткі.

Гарадзенская актывістка Святлана Рынкевіч, якая на Пашавым працэсу страціла прытомнасць і праз некалькі гадзін памерла — адна з такіх маленькіх нябачных герояў, якія проста адчуваюць патрэбу ў тым, каб усміхнуцца чалавеку за кратамі. Магчыма, гэта адзіная ўсмешка, якую ён убачыць за доўгія месяцы.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
Ірына Чарняўка
Павел Мажэйка
палітзняволеныя
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter