Ці зменяць перамовы з Лукашэнка прынцыпова становішча ў Беларусі? Ці паўплываюць яны на рэпрэсіі? Хутчэй не. Захад, акрамя таго, не жадае ствараць прэцэдэнт: сёння пачнем дамаўляцца з Лукашэнкам, заўтра такіх перамоў запатрабуюць Аліеў, Эрдаган ды іншыя аўтакраты.
Былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, які адбывае 14-гадовы тэрмін зняволення ў ПК-1 Наваполацка, у ноч з 24 на 25 красавіка дастаўлены ў гарадскую бальніцу.
Незалежныя СМІ наперабой паведамляюць, што знакавы вязень знаходзіцца ў хірургіі, адводзяць вадкасць з лёгкіх, гэта можа быць пнеўматоракс, яму паставілі дрэнажную прыладу. Стан палітыка ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці.
Аднак ні дакладнага дыягназу, ні прычыну шпіталізацыі палітыка лекары не назвалі.
На фоне поўнай інфармацыйныай ізаляцыі іншых вядомых палітвязняў з’явіліся канспіралагічныя версіі, што ў месцах зняволення адбываюцца нездаровыя працэсы.
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
– Вельмі цьмяная гісторыя з крыніцай інфармацыі. Яна афіцыйная ці не? Узгодненая з уладамі ці робіцца ўцечка інфармацыі пад іх кантролем? Або інфармацыю распаўсюджваць урачы, якія спачуваюць?
Мінулыя падзеі сведчаць, што чыноўнікі сябе так паводзяць тады, калі нешта адбылося і яны не ведаюць, што рабіць: не могуць ні пацвердзіць, ні абвергнуць, ні паказаць. З абвяржэннямі цяпер увогуле цяжка, бо Ціханоўская фактычна запатрабавала, каб улады паказалі Бабарыку; паказаць яго зараз – значыць, пайсці на ўступкі Ціханоўскай, а гэта для беларускага рэжыму нешта абсалютна неверагоднае.
Выглядае, нешта сапраўды адбылося, але як менавіта? Што здарылася: захворванне ці гэта вынік гвалту? У любым выпадку версія пра наўмысныя здзекі ў кантэксце беларукіх рэалій падаецца верагоднай.
– Пра Міколу Статкевіча, Ігара Лосіка, Максіма Знака няма ніякай інфармацыі ўжо два з паловай месяцы. Ці сапраўды вакол іх адбываецца нейкае абвастрэнне, ці прауцэс ідзе па накатанай, па схеме, адпрацаванай дзесяцігоддзямі?
– Завеса маўчання ўтварылася вакол знакавых персон, медыйных палітыкаў. Прызнаная правабаронцам колькасць палітвязняў паўтары тысячы, і нельга сказаць, што так рэжым ставіцца да ўсіх палітвязняў. Улады так відавочна “працуюць” з вядомымі людзьмі. Сапраўды складваецца ўражанне, што такім чынам рэжым выказвае сваю незадаволенасць, такая фрустрацыя рэжыма, што ніхто не ідзе на здзелкі і ніхто не жадае перамовы з Лукашэнкам.
Але я далёкі ад канспіралагічнай версіі, нібыта гісторыя з Бабарыкам улады маглі ініцыяваць адмыслова, каб звярнуць увагу на праблему палітвязняў і тым самым прымусіць Захад да перамоваў.
Тыя людзі, якія займаюцца палітвязнямі і адказваюць за магчымыя перамовы з Захадам, дакладна ведаюць, на каго той звяртае ўвагу. Канешне, Бабарыка топавая фігура, былы кандыдат на прэзідэнта, але на Захадзе ён мала вядомы, бо быў затрыманы яшчэ да выбараў, у чэрвені. У адрозненне ад Калеснікавай, Ціханоўскага або Бяляцкага.
Гэтае здарэнне, безумозна, не засталося па-за ўвагай адзначылі, але тут не той выпадак, калі нешта радыкальна зменіцца. І нават той рэакцыі, якая была ў адносінах да Калеснікавай, няма; дый у выпадку з Калеснікавай і ўлада працавала інакш – адразу рэагавала. З Бабарыкам гэтага няма, выглядае на разгубленасць.
Вядома, дзейны кіраўнік з нянавісцю ставіцца да Бабарыкі, гэта яго асабісты вораг, з вылучэння якога і пачаліся сур‘езныя праблемы. Але паўтаруся: версія пра адмысловую акцыю дзеля пачатку перамоўнага працэсу мне падаецца неверагоднай.
Калі было жаданне нешта такое зрабіць, то арганізавалі б нейкую такую сітуацыю з Бяляцкім.
Тут ёсць і яшчэ адзін чыннік.
Вырак Бяляцкаму выклікаў сур’ёзны рэзананс на Захадзе, нават уздымалася пытанне пра дадатковыя санкцыі супраць рэжыма. Але да гэтага справа не дайшла: санкцыі не былі ўведзеныя нават да тых асобаў, якія непасрэдна датычныя да асуджэння Алеся. І калі прысуд нобелеўскаму лаўрэату не прывёў да жорсткіх мер, то зараз правакаваць увагу да сябе і магчымае абмеркаванне новых санкцый, з пункту гледжання рэжыма, выглядае нелагічна.
Магчымыя розныя іншыя эксцэсы: напрыклад, выканаўцы, якіх паставілі цікаваць за Бабарыкам, перастараліся, ці яшчэ нешта падобнае.
– Былы дыпламат Павел Мацукевіч лічыць, што трэба пачынаць перамовы з Лукашэнкам наконт вызвалення палітвязняў. Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?
– У Паўла Мацукевіча прагматычны падыход: ёсць закладнікі – давайце паспрабуем іх вызваліць.
Але галоўнае пытанне ў тым, хто будзе праводзіць гэтыя перамовы. Ціханоўская не з’яўляецца для Лукашэнкі суб’ектам перамоваў, з ёй ён дамаўляцца не збіраецца; дый што Ціханоўская можа прапанаваць?
Застаецца Захад. Але пытанне не ў тым, весці перамовы ці не. Захад не праяўляе цікаўнасці да перамоў. Захад не пойдзе на перамовы наконт вызвалення закладнікаў – тое колькі разоў ужо гаварылі дыпламаты.
Будзем шчырыя: названая тэма не з‘яўляецца зараз прыярытэтнай на беларускім напрамку. Хаця тэарэтычна з Лукашэнкам наконт палітвязняў можна было б дамовіцца (тут я падзяляю аптымізм Паўла Мацукевіча) – гэта ж не пытанне вайны і міру, на якое ён не ў стане ўплываць.
Але ці зменяць перамовы з Лукашэнка прынцыпова становішча ў Беларусі? Ці паўплываюць яны на рэпрэсіі? Хутчэй не. Захад, акрамя таго, не жадае ствараць прэцэдэнт: сёння пачнем дамаўляцца з Лукашэнкам, заўтра такіх перамоў запатрабуюць Аліеў, Эрдаган ды іншыя аўтакраты. Калі шантаж Лукашэнкі спрацуе, то падхопяцца й іншыя дыктатары.
Захад зрабіў для сябе выснову з міграцыйнага крызісу: з Лукашэнкам ісці на кампрамісы не мае сэнсу, з ім трэба паводзіць сябе жорстка – і гэта адзіная мова, якую ён разумее.
Перамовы магчымыя, але па канкрэтных кейсах, што цікавяць асобныя заходнія краіны: Швейцарыя вяла перамовы наконт Хершэ, Ізраіль размаўляў наконт ізраільскай адвакаткі, палякі вялі нейкія перамовы – адкрытыя ці праз пасярэднікаў – наконт Пачобута і Борыс.
Але гэта вельмі спецыфічныя кейсы. Бабарыка, Калеснікава, Знак, Ціханоўскі – “чыста” беларускія палітыкі, якія не вельмі цікавяць замежнікаў; гэта не грамадзяне заходніх краін, за якіх вядзецца барацьба.
Возьмем кейс Калеснікавай: яна вядомы чалавек у Германіі, пра яе і пішуць, і патрабуюць яе вызвалення. Але – не грамадзянка ФРГ, а беларуская актывістка, беларускі палітык. Безумоўна, Нямеччына будзе патрабаваць яе вызвалення, але гэта не тое пытанне, з-за якога Германія стане ўводзіць дадатковыя санкцыі – нават дыскурса такога няма.
Гэта ў Беларусі ёсць чаканне, зразумелае чаканне: Захад павінен быць верны сваім маральным прынцыпам і ідэалам і мусіць змагацца за вызваленне беларускіх палітвязняў.
Але Захад пад ім разумее патрабаванне вызвалення, а не ўвядзенне дадатковых санкцый.
Вось і атрымліваецца: з беларускага боку ёсць патрабаванні, якія бок іншы выканаць не можа, а галоўнае – не жадае.
Добро пожаловать в реальность!