«Першы тыдзень я не мог нiчога рабiць, проста сядзеў i чытаў навiны нон-стоп, не спаў, як шмат хто. Потым вырашыў, што трэба паспрабаваць нешта зрабiць. У адным кам’юнiцi ўзнiкла iдэя, што мы можам сабраць грошы i адправiць машыны хуткай дапамогi. Я за яе ўхапiўся, у тым лiку, каб знайсцi себе занятак i спынiцца чытаць гэтыя бясконцыя навiны i думаць, як мы ўсе ў свеце апынулiся ў такой сiтуацыi», — кажа беларус Змiцер Жалезнічэнка. З пачатку вайны ён i iншыя валанцёры адправiлi 16 машын, i яны працуюць.
Змiцер працуе ў буйной мiжнароднай кампанii, якая таксама дапамагае мясцовым супрацоўнiкам, ладзiць акцыi дапамогi:
— Паколькi там людзi вельмi спачуваюць Украiне, вырашыў, што варта сабраць грошы ў гэтай кампанii. У мяне ёсць шанец сабраць столькi, каб набыць машыну i аддаць яе ў шпiталь. Я напiсаў тэкст, размясцiў у фэйсбуку. Пачалi збiраць гэтыя грошы. Не чакаў, што атрымаецца так хутка. Неўзабаве адзiн калега-ўкраінец даў адразу 10 тысяч еўра. Зрабiлася зразумелым, што збор атрымлiваецца, што не трэба будзе шукаць самастойна гэтыя грошы, калі б нешта пайшло б не так. Сабралі хутка 17 тысяч еўра.
Зміцер паведамляе, што паралельна беларусы ў Нідэрландах знайшлі выдатную машыну хуткай дапамогi, якая была патрэбная, але на якую грошай не хапала:
— Вырашылі сабраць ix ад беларускай грамады, то бок атрымалася два зборы агулам. Трошкі зацягнуліся пошукі машыны, бо мы пабачылі, што можна набыць не адну, а тры адразу за 17 тысяч еўра. Атрымалася зрабіць зніжку, праверыць тэхнічна, усе рэчы аформіць.
С пачатку збораў прайшло два тыдні. Машыны, якiя набывалі, раней працавалі ў службах хуткай дапамогі адпаведна ў Галандыі і Бельгіі (дакладна хуткая дапамога па нумары 112). Гэта фургоны, якія абсталяваны месцам пад каталку, крэсламі для дактароў, шафамі для лекаў, асвятленнем.
Суразмоўца падкрэслівае, што такая машына не можа адразу ехаць на перадавую або ў горад і працаваць як хуткая дапамога, бо ў ёй няма ўсяго патрэбнага абсталявання — дэфібрылятараў, лайфпэкаў — усяго, што мусіць быць:
— Мы зразумелі, што ўкраінцы хаця б часткова нейкае абсталяванне паставяць, возьмуць дактароў з нейкімі сваімі інструментамі. Здолеюць хаця б мінімальна гэтыя машыны выкарыстоўваць, каб перавозіць і па магчымасці выратоўваць людзей. Гэта не паўнавартасная цалкам укамплектаваная хуткая дапамога, але лепш, чым нічога.
«У стваральніках ёсць і ўкраінцы, і рускія, якія даўно Расію за сваю Радзіму не лічаць»
Беларусу вельмі хутка параілі скантакавацца з людзьмі, якія, як апынулася, мелі такую ж ідэю, як у яго. Па словах Змітра, яны прасунуліся нашмат далей:
— На той момант яны пачалі працаваць над стварэннем грамадскай арганізацыі, афіцыйна зарэгістраванай i з банкаўскім рахункам, з нумарам ў гандлёвай палаце і гэтак далей. У іх было размеркаванне абавязкаў: людзі, якія адказныя за кіроўцаў, што едуць на мяжу, людзі, якія адказваюць за пошук машыны, за агульную каардынацыю, за пошук медыкаментаў і гуманітарнай дапамогі, што потым загружаюцца ў гэтыя машыны.
Я зразумеў, што мне не мае сэнсу аднаму, як Сізіфу, рабіць гэтую справу, таму я далучыўся да іх. Там працягваю працаваць, як валанцёр. На сённяшні дзень ужо створана арганізацыя, якая называецца «Ветразі свабоды». У стваральніках ёсць і ўкраінцы, і рускія, якія даўно Расею за сваю Радзіму не лічаць, я як прадстаўнік Беларусі.
У Змiцера няма зараз канкрэтнай пасады і накірунку, ён спрабуе ўсім дапамагчы: шукае машыны, кантакты з медычнымі цэнтрамі, займаецца IT, агульнай каардынацыяй. Узяў на працы некалькі тыдняў адпачынку, плюс давалі на працы тры тыдні гуманітарнага адпачынку тым, хто закрануты вайной, або хоча дапамагчы, або знаходзіцца ў вельмі кепскім псіхалагічным стане. Ён вырашыў гэты адпачынак узяць і выкарыстаць яго цалкам на валанцёрскую працу.
«Гэта рэальныя машыны, якія будуць ездзіць»
Па першым зборы атрымалася сабраць 17 150 еўра. 15 тысяч данатаў праз працу і праз фэйсбук:
— Другі збор быў мэтавы ад беларусаў у Нідэрландах. Мы ведалі, якую машыну мы хочам набыць — Volkswagen Transporter Combi. Я адразу зрабіў перадаплату, каб нікому іншаму не прадалі. Глядзеў, хто плаціў (гэта быў дабрачынны рахунак). Рэальна плацілі беларусы, а не выпадковыя людзі.
Атрымаўся збор ад беларускай дыяспары. У ім прынялі ўдзел 102 чалавекі:
— Самая танная машына, якую я бачыў, што мы набывалі, каштавала 4 тысячы еўра. Астатнія — паміж 6 і 9 тысяч еўра. Трэба разумець, што гэта старыя машыны, але яны здольныя ездзіць. Гэта рэальныя машыны, якія будуць ездзіць.
У нас была адносна маленькая колькасць грошай, але мы вырашылі, што мае сэнс набыць гэтыя танныя машыны і адправіць. Яны сябе ва Ўкраіне знойдуць. У нас ёсць кантакты з украінскімі валанцёрамі, з медычнымі арганізацыямі, якія кажуць, што ім гэта ўсё патрэбна.
У «Ветразі свабоды» прыходзяць людзі, якія гатовыя ахвяраваць вялікія сумы, гатовыя набыць адну, дзве і нават больш машын:
— Танных машын хуткай дапамогі на рынку мала, па сутнасці ўсе яны ідуць ва Ўкраіну. Ці адны, ці іншыя выкупаюць іх. Не толькі мы гэтым займаемся, шмат людзей гэта робяць. Не абавязкова ствараць арганізацыю для гэтага. Але калі мы вырашылі рабіць гэта масава, то з арганізацыяй гэта прасцей.
«Дзве машыны, у тым ліку тая, што набылі ад беларускай дыяспары, пайшлі да вайскоўцаў»
Зараз валанцёры будуць шукаць больш грошай, новыя і больш дарагія машыны. Ужо знайшлі і выкупілі ў Гішпаніі дзве машыны, якія цалкам абсталяваныя — нібыта яны толькі прыйшлі з медычнай станцыі:
— Звычайна такія машыны не прадаюцца, ёсць пэўныя заканадаўчыя абмежаванні, рынак не занадта вялікі пад такія машыны. Можа быць мае сэнс прадаваць абсталяванне асобна ад машыны, бо часта пасля набыцця яны перарабляюцца ў кэмперы альбо грузавыя фургоны. Людзям, якія гэта робяць, медычнае абсталяванне не патрэбна. Нам пашанцавала, і мы знайшлі цалкам абсталяваныя машыны па добрым кошце ў Гішпаніі, набылі іх.
Тры машыны паехалі ў Харкаў. Там вельмі кепская гуманітарная сітуацыя. Першая машына была запоўнена нават не медычнымі сродкамі, а проста ежай. У нас ёсць кантакты з мясцовай валанцёрскай арганізацыяй, якая ездзіць па горадзе і корміць людзей, якія не могуць пра сябе клапаціцца. Пасля таго, як машыну разгрузілі, валанцёры пачалі проста на ёй ездзіць, перавозіць людзей да шпіталёў, выкарыстоўваць для надання нейкай медычнай дапамогі. Гэтая машына ўжо вывезла больш за 150 маламабільных жыхароў горада з бомбасховішчаў у бяспечныя месцы. Астатнія дзьве машыны перадалі нядаўна двум мясцовым бальніцам.
Тая машына, якую набылі ад беларускай дыяспары, пайшла да вайскоўцаў у 72-ю механізаваную брыгаду з Белай Цэрквы пад Кіевам, яшчэ пяць патрапілі ў Галоўны вайсковы клінічны шпіталь для далейшага размеркавання:
— Але трэба разумець, што ва Ўкраіне ваенны стан, таму ў вайскоўцаў вельмі шырокія паўнамоцтвы. Куды канкрэтна гэтыя машыны потым пойдуць, не ведаю. Можа будуць там, а можа будуць працаваць на карысць мірнага насельнітва.
У нас ёсць заяўкі, якія па магчымасці намагаемся выконваць. Дзве гішпанскія машыны мы адправілi ў дзіцячую лякарню Ахматдыт у Кіеве, яны туды даехалі 31 сакавіка.
АХМАТДЫТ — гэта абрэвіятура, якая расшыфроўваецца, як «ахова мацярынства і дзяцінства». Клініка з'яўляецца шматпрофільнай лячэбна-дыягнастычнай медыцынскай установай, якая аказвае спецыялізаваную, выключна высокакваліфікаваную меддапамогу дзецям Украіны.
— Плануем адправіць яшчэ і яшчэ машыны, засталося аформіць да канца, загрузіць. Буду спрабаваць палепшыць працэсы, каб гэта было больш арганізавана, і не рабіць гэта кругласуткава. Спадзяюся, у мяне атрымаецца адпаведна вярнуцца на працу і працягваць займацца гэтым, але больш у вольны час, на выходных. Усім нам трэба карміць сям’ю, а валанцёрства грошай не прыносіць. Трэба сумяшчаць.
Я лічу, што дапамагаць — гэта абавязак сумленных людзей, беларусаў у тым ліку, бо з нашай краіны ракеты ляцяць. Мы мусім сябе прымушаць, хай гэта цяжка, хай дорага. Мы мусім гэтую працу рабіць, каб зняць камень з душы.
«Мне досыць складана гэта называць валанцёрствам»
– Як украінка, якая жыве ў Нідэрландах, я раблю ўсё неабходнае, каб дапамагчы сваёй краіне, сваім людзям, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў. Мне досыць складана гэта называць валанцёрствам, – кажа адна з заснавальніц Фонда «Ветразі свабоды» Вераніка Муцей з Кіева, якая зараз жыве ў Амстэрдаме:
— Калі пачалася вайна, мы пачалі шукаць розныя спосабы, як давесці медычныя тавары ва Ўкраіну. Мы зразумелі, што там не хапае медыкаментаў і машын хуткай дапамогі. На першыя грошы, што мы сабралі на асабістыя рахункі, мы маглі набыць дзве карэты хуткай дапамогі і запоўніць іх медыкаментамі, якія былі патрэбныя шпіталям.
У першым канвоі было дзве машыны, на наступны тыдзень адправілі ўжо пяць машын. Веранiка была адной з кіроўцаў гэтых машын:
– Я не думала, калі пачалася вайна, што гэта ўсё дойдзе да стварэння Фонда. Мы сутыкнуліся з вялікай колькасцю запытаў і вялікай колькасцю данатаў, вырашылі з сузаснавальнікам Фонду, што нам трэба працаваць афіцыйна, легальна. Таму арганізавалі Фонд за тры дні, дзякуючы сувязям.
У прынцыпе я была актыўная валанцёрка на Майдане. Шмат часу праводзіла там. Для мяне гэта не валанцёрства, а дапамога Ўкраіне ўсімі высілкамі, што маю, гэта мая праца 24 на 7. Гэта арганізацыя вельмі маленькая, але вельмі ганарлівая, якая аператыўна дапамагае ўсімі магчымымі спосабамі.
Эмоцыі досыць розныя. Калі сартуеш медыкаменты, рыхтуеш дакументы на праходжанне мытнага кантролю, адпраўляеш канвой — стомленая, выціснутая як лімон. Гэта важна кантраляваць.
А на наступны дзень бачыш, як машына даехала, або як адна, што была адпраўлена ў Харкаў, тыдзень таму выратавала больш за 100 людзей з інваліднасцю або ляжачых пацыентаў, або эвакуявала іх з гарачых кропак. Лекі, якія мы перасылалі, былі у пэўны момант адзінымі, якія горад атрымліваў.
Я вельмі веру ва Ўкраіну, у людзей, якія працуюць там, веру ў нашы Ўзброеныя Сілы, ва ўсіх і кожнага, калі бачу, што нашы машыны даязджаюць да Ахматдыта, да Кіева, да Харкава. Я чую ад сяброў, што яны бачуць, што машыны сапраўды працуюць, што яны выратоўваюць людзей. У такія моманты знаходжу сілы працягваць далей.
На сённяшні момант валанцёры адправілі 16 машын хуткай дапамогі. Працуюць зараз над тым, каб адпраўляць яшчэ больш і больш машын.
«Збіраюць грошы на жыццё, на машыну, якая нясе жыццё»
Наталля Воўк далучылася да збору грошай, а таксама зрабілася валанцёркай праекту. Яна распавяла EX-PRESS.BY, як арганізавалася дапамога ўкраінскаму народу ў мясцовай школе ў Нідэрландах:
— Мы прыехалі з мужам у Нідэрланды амаль чатыры гады таму. Ён прыехаў на працу як айцішнік. Я ў валанцёрству ў беларускім руху ад з самага пачатку. Бачыла ўсю сітуацыю ў Беларусі ў 2020 годзе, як ёсць там, гэта вельмі балела. Хаця ведаю шмат валанцёраў, якім гэтак жа баліць, хаця жывуць яны тут і 10, і 20 гадоў.
Мы разумеем, што мы проста не можам не рабіць тое, што робім. У 2020 годзе людзі ў Мінску выходзілі пад кулі. Мы не маглі тут сядзець і не рабіць нічога. Цяпер таксама.
Нас паклікалі ў школу пагутарыць пра тое, як нашы дзеці гэта ўсё адчуваюць, як дапамагчы нам. У нас вельмі добрая галандская школа, вельмі добрыя настаўнікі.
Наталля заўсёды расказвала ў школе і бацькам, і настаўнікам пра тое, што робяць. Калі патрэбна было падрыхтаваць выступ, дзеці распавядалі пра Беларусь. У маленькіх класах — пра тое, хто жыве ў лесе, якая прырода, якія тут гатуюць стравы, у больш старэйшых класах — што колеры нашы — белы і чырвоны, пра вышыванкі, пра гісторыю. Старэйшая дачка распавядала пра 2020 год.
– Як маці я не магу збіраць грошы на стрэльбы ці нешта такое, што нясе смерць, а грошы на машыны хуткай дапамогі нясуць жыццё.
Мы пагутарылі з настаўнікамі. Яны так падхапілі гэтую ідэю, галандцы і іх дзеці хочуць дапамагчы. Усе хацелі нешта зрабіць, але не ведалі як.
Сказалі дзецям, што грошы збіраем на машыну. Не на рэчы, якія не зразумела дойдуць ці не, а на вялікі аўтамабіль хуткай дапамогі. Мае дзеці намалявалі малюнкі (яны зараз у фэйсбуку) як флаеры.
У школе паставілі скрыні. Дзеці ў школе малявалі таксама. Мае хадзілі і правяралі, ці добра намалёваны сцягі. Гэта было зроблена дзеля таго, каб іх падтрымаць, яны адчувалі сябе ў гэтым працэсе. Нават настаўнікі не чакалі, што так пойдзе гэты збор.
Вучні прыходзілі і прыносілі тое, што назбіралі, — маленькія свае сумы. Але ніхто не чакаў, што ў выніку будзе столькі многа.
Зараз з дапамогай Змітра хочам зрабіць прыгожую перадачу грошай. Зміцер прыедзе на машыне хуткай дапамогі. Дзеці выйдуць на школьную пляцоўку, налепяць сцікер на машыну.
Я лічу, што гэта вельмі добры спосаб, каб дзецям паказаць, што яны таксама дапамагаюць, робяць добрую справу, збіраюць грошы на жыццё, на машыну, якая нясе жыццё.
«Дакладна ведаю, што хуткія патрэбны, яны ратуюць жыцці»
— Першая машына, якую нам даставілі, працуе па Харкаве і эвакуюе немабільных людзей, – кажа Аляксей, уладальнік і заснавальнік Merch UA, сузаснавальнік у SHWK, знаходзіцца ў Харкаве:
– На гэты момант так былі эвакуяваны больш за 150 чалавек. Гэта сталыя і людзі з інваліднасцю. Мы прыязджаем на лакацыю, хлопцы дапамагаюць, выносяць іх, адвозяць у хуткую дапамогу, у бяспечнае месца ці сваякам.
На хуткай таксама возяць гуманітарную дапамогу: лекі ў шпіталі і ежу ў тым ліку. З бусамі праблемы: за два тыдні «памерлі» два бусы. У штаце легкавыя аўтамабілі, што не вельмі зручна. Даводзіцца выкарыстоўваць хуткую дапамогу ў тым ліку для дастаўкі гуманітарнай дапамогі.
– Адзін з апошніх двух аўтамабіляў хуткай дапамогі, якія нам даставілі, мы перадалі ў 25 шпіталь. Мы іх забяспечваем лекамі і ежай. Мы іх кормім гатовай ежай. Другую хуткую падалі валанцёрскаму штабу пры 17 шпіталі. Машына будзе вазіць параненых з фронту. Хуткую перадалі для вайскоўцаў, не для лякарні. Яна сапраўды будзе працаваць. Ведаю гэта дакладна. Усё медыцынскае абсталяванне і лекі, што перадавалі з хуткімі, мы размяркоўваем у бальніцы.
Звязаў з Нікай (Веранікай Муцей. – рэд.) майго сябра, які займаецца эвакуацыяй немабільных людзей з Украіны (18 калясачнікаў), хоча вывезці ў Нідэрланды. Спадзяюся, што з іх дапамогай атрымаецца. Будзе яшчэ адзін добры праект. Акрамя таго, што яны возяць машыны хуткай дапамогі нам сюды ва Украіну, змогуць дапамагаць украінцам эвакуявацца ў Еўропу.
Як далучыцца?
«Ветразі свабоды» — гэта самаарганізаваная група валанцёраў, якія аб'ядналі свае намаганні для набыцця і дастаўкі ва Украіну медыцынскіх і іншых спецыялізаваных аўтамабіляў, а таксама медыцынскай і гуманітарнай дапамогi. Родам з розных краін, большасць зараз жыве ў Нідэрландах, Бельгіі і Нямеччыне.
Арганізацыя прымае ўнёскі. Гэта афіцыйная суполка, дзе кожны можа зрабіць данэйшн. Для тых, хто жыве ў Заходняй Еўропе, ёсць магчымасць i ахвяраваць, i быць кіроўцай гэтай машыны.
— Шмат машынаў, у кожнай па два кіроўцы, яны мусяць даехаць да мяжы. Гэта даволі доўга, даволі складаны шлях. У нас хапае валанцёраў, але заўсёды можна запісацца, — кажа Змiцер Жалезнічэнка.
Фонд шукае кантакты медычных установаў, якія будуць даваць медыкаменты і рэчы для Ўкраіны, таксама гуманітарную дапамогу. Машыны ідуць не пустыя, іх запаўняюць гуманітарнай дапамогай, каб яны разгружалася ў тых месцах, куды прыходзяць. Каб ехала да канчатковых карыстальнікаў у Кіеве і Харкаве, а не ляжала на мяжы ў размеркавальных цэнтрах.
Беларусам Зміцер раiць больш факусавацца на ініцыятывы ўнутры краiны.
Лiчбы
За 40 дзён вайны ва Ўкраіне 10 мільёнаў жыхароў гэтай краіны пакінулі свае дамы. Такую лічбу паведаміў Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі.
На 1 студзеня насельніцтва Украіны перавышала 41 млн. чалавек, гэта значыць месца жыхарства з 24 лютага змяніў кожны чацвёрты. Зараз некаторыя вяртаюцца дадому, але шмат людзей яшчэ знаходзяцца ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Нідерландах.
Тэлеканал NOS паведамляе, што Нідэрланды прынялі 18 369 бежанцаў з Украіны, якія пакінулі краіну пасля пачатку расейскага ўварвання.
Урад таксама заклікае ўкраінскіх уцекачоў зарэгістравацца, каб прэтэндаваць на падтрымку. На дадзены момант гэта зрабілі крыху больш за 11 000 украінцаў.
Статус уцекача ў Нідэрландах запытваць не трэба, ды гэта і немагчыма. Улады аб'явілі мараторый на 6 месяцаў на запыт статусу бежанца і любыя дзеянні па ім. Замест яго, як і ў іншых краінах ЕС, для ўкраінцаў зараз дзейнічае статус часовай абароны (Tijdelijke beschermingsrichtlijn). Знаходзячыся ў гэтым статусе, украінскім уцекачам можна будзе працаваць, вучыцца, атрымліваць сацыяльную і медыцынскую абарону. А дзецям — хадзіць у дзіцячы сад і ў школу.
Добро пожаловать в реальность!