У сераду, 27 лютага, у Барысаў завітаў журналіст, вольны падарожнік і вулічны артыст з Салігорска Аляксандр Гойшык. Ён распавёў пра сваю вялікую паўгадавую вандроўку па Азіі.
Падчас падарожжа журналіст наведаў Каўказ, Іран, Індыю, Непал і Тайланд. Цікава, што за 13 гадоў Аляксандр праехаў больш за 50 краін свету аўтаспынам і плануе кругасветнае падарожжа.

Азіяцкія прыгоды падарожніка доўжыліся 191 дзень, за гэты час Аляксандр даехаў аўтаспынам да Тайланду. Па дарозе беларус наведаў 13 краін, праехаўшы больш чым 13 тысяч кіламетраў.

У Барысаве ён падрабязна падзяліўся досведам вольных падарожжаў, расказаў пра свае прыгоды і заклікаў не баяцца нічога і падарожнічаць сёння.

Наведвальнікі курсаў падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы.
Юлія:
— Класны хлопец, які не баіцца эксперыментаў і цяжкасцяў! Наведаў 52 краіны, знаёмы з мноствам людзей, ведае некалькі моў, а на некаторых мовах слоў 10-20 базавых можа сказаць. Здзівіла тое, што па ўсім свеце такія добразычлівыя людзі, якія могуць і прытуліць, і накарміць, і спаць пакласці.
Ён адзіночка, які ў вандроўках прывык адказваць толькі за сябе. Аднойчы атруціўся ежай: еў рыбу, якая плавала ў рацэ, а ў тую раку, аказваецца, выкідваюць смецце. Гэта была адзіная непрыемнасць на такім доўгім шляху падарожжаў.
Аляксандр плануе кругасветнае падарожжа. Заклікаў не баяцца нічога і падарожнічаць сёння, не адкладваючы ў доўгую скрыню.


Зміцер:
— У сераду была поўная заля. Выступ вельмі спадабаўся, Аляксандр цікава распавядаў, прадэманстраваў класныя фотаздымкі.
Жаданне падарожнічаць у мяне ёсць заўжды і даўно. Так я даўно гляджу на ютубе турыстычныя блогі. Таксама прачытаў кнігі Ромы Свечнікава пра вольнае падарожжа вакол свету.
Тэма цікавая, але я лічу, што такі фармат падарожжа падыйдзе людзям вольным, у якіх няма сям'і, дзяцей. Паехаць аўтаспынам на іншы бок свету, пакінуўшы сям'ю дома, не правільна. Таму, напэўна, так падарожнічаюць не жанатыя або бяздзетныя людзі, або разведзеныя.

Алена:
— Мне сустрэча спадабалася. Вельмі прыемны хлопец, распавядаў проста, зразумела для кожнага, уключыў шмат фактаў, што тычыліся культуры, гісторыі, рэлігіі краін, у якіх ён быў. Лайфхакі таксама пацешылі. Жаданне падарожнічаць у мяне ёсць заўжды, дадатковая матывацыя непатрэбная, але усё роўна цікава сустракацца з тымі, хто пабачыў больш за цябе.
Добро пожаловать в реальность!