У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра адбылася сустрэча беларускай каталіцкай супольнасці з палітыкам, пісьменнікам і былым палітвязнем Паўлам Севярынцам. Мерапрыемства аб’яднала ўрок беларускай мовы для парафіянаў і прэзентацыю новай кнігі аўтара «Беларусь – гэта святое», у якую ўвайшлі турэмныя малюнкі, вершы і афарызмы.
Падчас сустрэчы Севярынец гаварыў пра значэнне беларускай мовы для нацыянальнай і хрысціянскай ідэнтычнасці. Паводле яго словаў, мова з’яўляецца «ключом велізарнай сілы» і непарыўна звязаная з духоўнай традыцыяй беларусаў.
-074f668236a67a8c520bbc1030dd634978030ef3.jpg)
Прэзентуючы кнігу, Севярынец распавёў, што ідэя выдання нарадзілася яшчэ ў магілёўскай турме ў 2021 годзе пасля лістоў ад жонкі Вольгі і сына Францішка. Тады ён пачаў ствараць малюнкі беларускіх святыняў і пісаць гісторыі для сына, каб захаваць сувязь з сям’ёй, нягледзячы на зняволенне.
У выданне ўвайшоў 71 малюнак храмаў і святыняў Беларусі, а таксама вершы, многія з якіх былі напісаныя ў зняволенні і захаваныя ў памяці аўтара да вызвалення. На сустрэчы Севярынец прачытаў некалькі твораў, сярод іх верш «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску». А потым адказаў на шматлікія пытанні беларусаў.
-dcb954e8d4244a6d0aa1f02af4d73055cb19c944.jpg)
Кожны з прысутных напісаў на дошцы свае ўлюбленае слова на мове, для Паўла гэта слова — Ісус.
Падчас размовы з парафіянамі Севярынец падкрэсліў, што беларуская эміграцыя павінна захоўваць мову, веру і салідарнасць:
— Мы можам зрабіць за мяжой тое, чаго цяпер не могуць зрабіць беларусы ў самой Беларусі.
Пасля прэзентацыі госці змаглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.
-82bb215d445b31598d9d4792c52a7c51b3c1fa78.jpg)
Добро пожаловать в реальность!