Барысаўскі край мае адметную музейную гісторыю. У ХІХ ст. скарбамі нашай зямлі жывіўся першы ў Беларусі гісторыка-археалагічны музей у Лагойску, а напачатку ХХ ст. Іван Каладзееў сабраў у Новабарысаве найбагацейшую калекцыю напалеяністыкі, вядомую ледзьве не ва ўсім свеце!
Іван Каладзееў сваё жыццёвае пакліканне бачыў у зборы дакументаў, якія датычылі напалеонаўскім войнам, і найперш расійска-французскім адносінам пачатку ХІХ ст. Апроч таго, капітал і прадпрымальніцтва памешчыка дазволілі яму паставіць па абодвум берагам Бярэзіны ў месцы французскай пераправы 1812 г. помнікі; а яго назбіраныя за 25 гадоў музейныя і кніжныя зборы (ён сабраў каля 15 тыс. тамоў на 11 еўрапейскіх мовах) сталі падставаў для паломніцтва ў Барысаў гісторыкаў з розных краін. Асабліва каштоўным у калекцыі Каладзеева быў рукапісны аддзел, які складаўся не толькі з архіўных копій, але і арыгіналаў, карт, планаў, гравюр і карцін. Сярод іншага ў памешчыка можна было знайсці падборкі растопчынскіх афіш, друкаваныя выданні, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі падчас французскай акупацыі, гравюры ўдзельнікаў вайны 1812 г., нават асабістая паходная карта Напалеона! Спецыялісты адзначалі, што барысаўская калекцыя была адной з самых багатых тэматычных калекцый у Еўропе, не саступала зборам прынца Раланда Банапарта ў Брусэлі.
Для ўсіх ахвочых Каладзееў забяспечыў вольны доступ да сваёй кніжнай скарбніцы. Ён правёў каталагізацыю карт, выдаў каталог рускага аддзела бібліятэкі. Напярэдадні 100-годдзя святкавання перамогі ў вайне 1812 г. барысаўскі калекцыянер вырашыўся перадаць сваю бібліятэку Асобаму камітэту па заснаванні ў Маскве Музея 1812 г. Пазней удава Івана Каладзеева перадала ўвесь унікальны рукапісны і выяўленчы матэрыял у Маскву. Планавалася адчыніць там музей 1812 г., але справа так і не рушыла з месца. Калекцыя Івана Каладзеева трапіла ў Дзяржаўную публічную гістарычную бібліятэку ў Маскве, зараз асноўная іх частка знаходзіцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі расійскай сталіцы.
Пэўная частка Каладзееўскай калекцыі захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі: выяўлена звыш 3,5 тыс. экзэмпляраў кніг, перыядычных выданняў, выразак з газет, з іх атрыбутавана звыш 300 выданняў, якія цяпер захоўваюцца ў фондзе НДА кнігазнаўства.
Не спынілася развіццё музейнай справы Барысава ў савецкі час. Тут у 1924 г. узнікла адно з найстарэйшых краязнаўчых таварыстваў у БССР (старшыня – В. Самцэвіч). У гэтым жа годзе быў заснаваны Барысаўскі краязнаўчы музей, які месціўся ў будынку педагагічнага тэхнікума. Установа мела невялікую калекцыю прадметаў мясцовай прыроды і побыту і была адчынена для наведвальнікаў два дні ў тыдзень. Што праўда, музей праіснаваў толькі год і яго кабінет быў аддадзены пад вучэбны працэс.
Стала Барысаўскі краязнаўчы музей запрацаваў толькі ў 1950 г., а ў 1988 г. атрымаў назву дзяржаўнага аб’яднанага. Найбольш прывабнай для наведвальнікаў музея з’яўляецца калекцыя, прысвечаная падзеям 1812 г.: апроч ядраў, куляў і карцечы з палёў бітваў тут можна ўбачыць навершнік дрэўка сцяга французскай арміі ў выглядзе арла, адзіны вядомы на тэрыторыі Беларусі.
Добро пожаловать в реальность!