Чым адрозьніваюцца электаральныя стратэгіі беларускай і расейскай уладаў? Чаму ЦВК налічыў Лукашэнку менавіта 86,82% галасоў? На чым грунтуюцца прагнозы, паводле якіх на працягу 10 гадоў Беларусь будзе анэксаваная Расеяй?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
— Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК Беларусі, за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах гэтага года прагаласавалі 86,82% выбаршчыкаў. Так шмат у Беларусі ніколі не было. А навошта гэта яму? (Заўважым, што прыблізна такі ж працэнт быў летась у Пуціна (у Лукашэнкі на 1 працэнтны пункт меней).
— Першы чыньнік — у тым, што аўтарытарызм мае інэрцыю. За час, які мінуў з 2020 году, частка выбаршчыкаў зьехала, частка — зьмірылася з абставінамі жыцьця. То бок, гэта наступства аўтарытарнай інэрцыі. І такое мы назіраем з многімі падобнымі шматгадовымі дыктатарамі. У іх гэтая так званая электаральная падтрымка дасягае на выбарах 90%. А другая прычына — у страху беларускага грамадзтва перад вайной, перад тым, што Беларусь будзе яшчэ больш уцягнутая ў вайну. І частка грамадзтва лічыць, што Лукашэнка перашкаджае гэтаму ўцягваньню.
— У беларускай экспэртнай супольнасьці ёсьць іншае тлумачэньне. Згодна з ім, лічбы, абвешчаныя ЦВК, увогуле ня маюць ніякага дачыненьня да народнага волевыяўленьня. Іх бяруць, што называецца, са столі. Прычым усе лічбы — і яўкі, і галасоў за Лукашэнку, і галасоў за канкурэнтаў, і галасоў супраць усіх. У адміністрацыі Лукашэнкі вырашаюць: «80% — замала будзе, 90% — зашмат, мы ж не Цэнтральная Азія, ды і Пуцін пакрыўдзіцца, што больш, чым у яго». Як вы ставіцеся да такой вэрсіі? І, дарэчы, і ў дачыненьні да Расеі — там лічбы не проста бяруцца са столі?
— Не, я думаю, што гэтыя лічбы (у прыватнасьці, у Расеі) бяруцца не са столі і не малююцца ў ЦВК. Так, нейкія нарматывы фармулююцца адміністрацыямі прэзыдэнта і ў Расеі, і ў Беларусі. І ў такой сытуацыі кожны кіраўнік вобласьці імкнецца гэтую лічбу забясьпечыць. Іншымі словамі, гэта праца апарату і не зусім «маляваньне» лічбаў.
Другі момант палягае ў тым, што ўнутры гэтых лічбаў, гэтых 87% за Пуціна і Лукашэнку, ёсьць вялікая рэальная доля падтрымкі іх.
І трэці важны момант — у тым, што існуе складаная сувязь паміж апытаньнямі грамадзкай думкі і вынікамі выбараў у аўтарытарных рэжымах. У Расеі вынікі апытаньняў буйных полстэраў, у тым ліку і незалежных, прыкладна супадаюць з афіцыйнымі вынікамі выбараў.
Чаму так атрымліваецца? Гэта спэцыфіка жыцьця ў аўтарытарным рэжыме. Калі вы ў ім жывяце, то зыходзіце з таго, што ўсе вакол вас усё роўна прагаласуюць за Лукашэнку (у РФ — за Пуціна). І гэта ўплывае на вашы ўласныя паводзіны.
Гэта значыць, тут гаворка ідзе не пра тое, што ў гэтых лічбах выказана рэальная электаральная падтрымка Лукашэнкі. Але ў гэтых лічбах выяўлены стан грамадзтва, у якім чалавек апасаецца, што апынецца ў дзіўнай адзіноце, якую немагчыма нават будзе агучыць сваім бліжэйшым сябрам, калі ён не прагалусуе як усе навокал.
Расейскі выбаршчык разважае, што можна прагаласаваць і за Даванкова, але ад гэтага ж нічога ня зьменіцца, таму можна і за Пуціна — якая розьніца? То бок, у гэтых лічбах галасаваньня ў аўтарытарным рэжыме адлюстроўваецца хутчэй такая дэпалітызацыя.
Да таго ж, ёсьць немаленькае ядро падтрымкі. І ў Пуціна, і ў Лукашэнкі ёсьць сілавікі, ёсьць сем’і сілавікоў, бюракратыя, прадпрымальнікі, якія залежаць цалкам ад бюджэту. Іх карпаратыўнае галасаваньне забясьпечвае немалую долю галасоў за кіраўніка.
І многія залежныя ад гэтых людзей грамадзяне таксама галасуюць «правільна». І не проста таму, што яны выконваюць волю свайго начальніка. Такія паводзіны падказвае ім інстынкт самазахаваньня.
Гэтыя мэханізмы забясьпечваюць такія вынікі.
— Можа, вы проста праецыруеце расейскія практыкі на Беларусь? Некаторыя экспэрты лічаць, што ступень аўтарытарнасьці, рэпрэсіўнасьці ў Беларусі якасна вышэйшая, чым у Расеі. У Расеі — некалькі сотняў палітвязьняў. А ў Беларусі — больш за 1200 чалавек. Дык насельніцтва Беларусі амаль у 15 разоў меншае, чым у Расеі. У Расеі ёсьць незалежны сацыялягічны Левада-цэнтар. Ён «замежны агент», але легальна працаваць у РФ можа. У Беларусі легальных аналягаў Левада-цэнтру няма. У Расеі і раней аддавалі перавагу маніпулятыўным мэтадам. А ў Беларусі больш спадзяваліся на прамыя, немудрагелістыя, але пры гэтым даволі дзейсныя спосабы.
— Я згодзен з тым, што існуе калясальная розьніца паміж Расеяй і Беларусьсю ў гэтым сэнсе. Беларускі рэжым значна больш напалоханы падзеямі 2020 года, чым расейскі — «балотнымі» пратэстамі пачатку дзясятых гадоў. Тыя расейскія пратэсты закранулі фактычна толькі Маскву; пратэсты ж 2020 года ў Беларусі закранулі ўсё грамадзтва. І рэпрэсіі ў Беларусі, несумненна, больш жорсткія.
Другі момант — гэта тое, што расейскае грамадзтва больш дыфэрэнцыраванае, чым беларускае. І таму гульня Крамля супраць насельніцтва заўжды была больш складанай, у тым ліку і ў сфэры прапаганды і палітычнага мэнэджмэнту. Крамлю даводзілася нацкоўваць розных алігархаў адзін на аднаго. У Беларусі гэтага рабіць няма неабходнасьці.
У гэтым сэнсе ў Лукашэнкі становішча і больш складанае — з-за больш маштабных пратэстаў у мінулым, але і прасьцейшае з-за структуры эканомікі. Фактарам беларускай сытуацыі заўсёды быў страх расейскага ўмяшаньня. І на выбарах 2010 года, і на выбарах 2020 года Лукашэнка «прадаваў» беларускаму грамадзтву думку аб тым, што калі не я, то расейцы ўсё захопяць.
— Навошта Лукашэнку (і Пуціну) былі на выбарах уяўныя канкурэнты? Лукашэнка публічна настальгуе па СССР. Але зрабіць так, каб ягонае прозьвішча было адзіным у ў бюлетэні — гэта для яго чамусьці не камільфо. Чаму? І ў Цэнтральнай Азіі, дарэчы, таксама фармальная канкурэнтнасьць захоўваецца. А навошта?
— У СССР так склалася ў значнай ступені гістарычна. У некаторых камуністычных краінах Усходняй Эўропы дробныя, другарадныя партыі захаваліся. Па сутнасьці, яны цалкам кантраляваліся кампартыяй, але існавалі. І нездарма многія пісалі, што Пуцін арыентуецца на досьвед ГДР, у якой такія партыі якраз былі. Наяўнасьць такіх партый і іх удзел у прэзыдэнцкіх выбарах азначае, што ўлада прызнае наяўнасьць некаторай дыфэрэнцыяцыі ў грамадзтве. Скажам, у Расеі наяўнасьць партыі «Новыя людзі», удзел яе кандыдата ў прэзыдэнцкіх выбарах азначае прызнаньне таго, што айцішнікі, бізнэсоўцы маюць нейкія свае спэцыфічныя інтарэсы. Мне ўяўляецца, што ні ў Расеі, ні ў Беларусі эвалюцыя цяперашніх працэсаў ніколі не прывядзе да манархічнага абсалютызму. У XX і XXI стагодзьдзях практычна ўсе аўтарытарныя рэжымы хацелі б, каб іх не атаясамлівалі з манархіяй, а спрабуюць легітымізаваць сваю ўладу паводле мадэлі народнага прадстаўніцтва. Няхай нават гэта прадстаўніцтва імітацыйнае і нікім не прызнаецца.
— «Расея анэксуе Беларусь у бліжэйшыя 10 гадоў» — такая выснова прыводзіцца ў дакладзе амэрыканскага «Інстытута вывучэньня вайны» (ISW) «Ціхая заваёва Расеі: Беларусь». У ім адзначаецца, што Расея ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў прыкладае намаганьні, накіраваныя на фактычную анэксію Беларусі. Але калі за дзесяцігодзьдзі не змагла ці не захацела, чаму зможа ў найбліжэйшыя 10 гадоў? Наколькі пераканаўчымі Вам уяўляюцца аргумэнты дакладу ISW?
— Гэта цікавы даклад і яго асноўная думка зводзіцца да таго, што існуе вялікая імавернасьць сцэнару поўнага паглынаньня Беларусі Расеяй. Гэты даклад падахвочвае краіны рэгіёна да падвышэньня мер бясьпекі, узмацненьня абароны, разьвіцьця ўсходняга флянгу NATO. Аўтар даклада добра разумее эканамічнае ўзаемадзеяньне Расеі і Беларусі і ўзмацненьне расейскага ўплыву ў Беларусі.
Ці будзе Беларусь канчаткова далучаная да Расеі? Нагадаю пра праграмны артыкул Уладзіміра Пуціна ў 2021 годзе, дзе ён дэкляраваў стварэньне адзінай дзяржавы расейцаў, украінцаў і беларусаў. Гэта ўсе памятаюць.
Другі момант — у тым, што вайна зьмяніла становішча Беларусі. Да вайны Лукашэнка пасьпяхова манэўраваў, на працягу доўгіх гадоў умела пераконваючы Крэмль у тым, што Беларусь у складзе інтэграцыйных інстытутаў выгадная Крамлю ў якасьці саюзьніка, у якасьці краіны-проксі. І Пуцін з гэтым пагаджаўся. Але гэта было да вайны. Да поўнамаштабнага ўварваньня ва Украіну ў 2022 годзе Крэмль аддаваў перавагу гібрыдным формам барацьбы і яго задавальняў статус Беларусі, як краіны-проксі. Дарэчы, па сутнасьці, такім самым проксі Пуціна быў і Яўгеній Прыгожын. І сымбалічна, што аднаго проксі паслалі да іншага. Адзін ужо ляжыць у магіле. А над іншым навісае пагроза поўнага паглынаньня.
Але ў дакладзе інстытута размова ідзе аб пэрспэктыве 10 гадоў. А за гэтыя 10 гадоў, магчыма, сыдуць ад улады і Лукашэнка, і Пуцін. Так што сказаць, што Беларусь за гэтыя 10 гадоў абавязкова будзе паглынутая Расеяй, немагчыма. Існуе палітычная магчымасьць, што з адыходам таго ці іншага дыктатара пачнецца зусім іншы палітычны працэс.
Але агульная выснова даклада правільная. Краінам NATO трэба падвышаць сваю абараназдольнасьць, зыходзячы з таго, што Беларусь яшчэ шмат гадоў можа быць выкарыстаная Пуціным. У 2022 годзе з дапамогай вучэньняў «Саюзная рашучасьць» ён яе выкарыстаў для поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну. У бягучым годзе ў Беларусі пройдуць маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». І я не сумняюся , што ўсе аналітыкі будуць вельмі пільна назіраць за імі.
— Вяртаючыся да дакладу. Ці апісаныя там факты, тэндэнцыі, экстрапаляцыя якіх прыводзіць да Пуціна на белым кані, які заяжджае ў «вернуты» Расеі Менск? У 2022 годзе Беларусь сапраўды выкарыстоўвалася як пляцдарм для нападу. Але потым большая частка гэтых войскаў вывелі. Зараз у краіне застаецца ад сілы пару тысячаў расейскіх вайскоўцаў. А што сьведчыць аб непазьбежнай анэксіі?
— Не, там не пералічваюцца такія жорсткія трэнды, якія вядуць да анэксіі. Але там выкладзена некалькі выклікаў, якія могуць зьмяніць становішча Беларусі ў гэтай вайне. Адзін — гэта статус Балтыйскага мора. Цяпер значная частка зьнешняга гандлю Беларусі ідзе праз расейскія порты на Балтыцы. Калі Балтыка будзе заблякаваная для расейскіх караблёў, то гэта перакрые і беларускі гандлёвы транзыт.
Іншы выклік — адносіны Беларусі з Кітаем. Гэтыя адносіны даюць магчымасьць Лукашэнку манэўраваць у адносінах з Пуціным. Але невядома, ці здолее Лукашэнка захаваць адносіны з Пэкінам на ранейшым узроўні. Па-дэтэрмінісцку сытуацыю ўспрымаць ня варта — што Беларусь непазьбежна будзе інтэграваная ў РФ, як акупаваная частка ўкраінскага Данбасу. І я ня думаю, што гэта будзе аформлена прамым галасаваньнем у Савеце Фэдэрацыі, ігнаруючы волю беларускага народа. Калі гэта і пачне адбывацца, то гэта будзе складаны палітычны працэс. І не відавочна, што Крэмль на яго ўвогуле пойдзе.
Даклад заклікае перасьцерагацца рэзкіх дзеяньняў Пуціна з тэрыторыі Беларусі. Той жа Лукашэнка павінен лічыцца з новай ядзернай дактрынай Расеі, якая дапускае ўдары па трэціх краінах. Напрыклад, па Польшчы, якая зараз аказвае падтрымку Ўкраіне. Адназначнасьці ў пэрспэктывах Беларусі няма. Справы ў Пуціна на вайне ідуць ня так і добра. Так што магчымы і адваротны працэс. Пры некаторых рэалістычных зыходах вайны Беларусь можа атрымаць дадатковыя шанцы на тое, каб адарвацца ад расейскага аўтарытарызму.
— Некаторыя экспэрты выказваюць меркаваньне, што Крэмль падчас вельмі імаверных мірных перамоваў па Ўкраіне можа прапанаваць геапалітычны абмен: ён абмяжоўвае свае апэтыты ва Украіне, але ў якасьці суцяшальнага прызу забірае Беларусь. Ці думаюць у гэтым кірунку ў Крамлі? І калі так, то якая імавернасьць, што падобнае пажаданьне будзе задаволенае Дональдам Трампам? У зьдзелках часам даводзіцца нешта саступаць контрагенту. Чаму б не Беларусь?
— Ёсьць вялізныя адрозьненьні паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Адносна Ўкраіны Крэмль мог спасылацца на значныя прарасейскія настроі. Там былі актыўныя прарасейскія палітычныя сілы на ўсходзе краіны. У Беларусі такіх сілаў ці не было, ці іх раздушыў Лукашэнка. Так што паводле крымскага ці данбаскага сцэнару ў Беларусі Пуцін дзейнічаць ня будзе, для гэтага няма глебы. Няма на каго спаслацца, хто б заклікаў Пуціна ў Беларусь. А проста напасьць на Беларусь, далучыць яе ўзброенай сілай — Пуцін гэтага таксама рабіць ня будзе.
— Але некаторыя беларусы, беларускія аналітыкі, запярэчылі б вам, што самы прарасейскі палітык у Беларусі — гэта Лукашэнка, што ён і ёсьць квінтэсэнцыя «рускага сьвету», што ён — беларускі Пушылін. Вы ня згодны?
— Ня згодзен. Калі глядзець на сытуацыю звонку (скажам, з Бэрліну, з пункту гледжаньня нямецкай зьнешняй палітыкі), то адрозьненьняў паміж Лукашэнкам і Пуціным няшмат. Але калі мы глядзім знутры, то сытуацыя дваістая. Так, Лукашэнка быў ініцыятарам стварэньня саюзнай дзяржавы. Але адначасова ён увесь час змагаўся з Крамлём за сваю ўладу над Беларусьсю, з намерамі Масквы ўзяць Беларусь пад поўны кантроль. Калі Пуцін кажа, што Лукашэнка — дружалюбны, але складаны суразмоўца, я ня думаю, што гэта ўсяго толькі камплімэнт. Ён проста даймае Пуціна сваімі шматгадзіннымі размовамі, сваім лавіраваньнем. Ці можа сам Лукашэнка здацца? Можа. Але яго дзеяньні і заявы, у тым ліку і ў дзень выбараў, сьведчаць аб намеры сканструяваць транзыт улады такім чынам, каб абараніць Беларусь ад поўнага паглынаньня.
Насамрэч для ўсіх постсавецкіх краін суседзтва з Расеяй — гэта пагроза. Казахстан манэўраваў у адносінах з Масквой і пры Назарбаеве, і манэўруе пры Такаеве. І Украіна насамрэч шмат гадоў манэўравала. Расея ўплывае і на Беларусь. І пазбавіцца гэтага ўплыву ня ўдасца, магчыма, ніколі. Атрымаецца толькі ў выпадку, калі сама Расея зьменіцца кардынальна.
Добро пожаловать в реальность!