Политика

Аркадзь Мошэс: Лукашэнка, відавочна, пачаў адчуваць цяжар ад той ролі, якую ў 2022 годзе ці то ён сам на сябе ўзяў, ці то яго да яе змусілі

Тэндэнцыя да страты Лукашэнкам цэнтральнага статусу саюзьніка РФ у 2024 годзе ўзмацнілася.

Политика www.svaboda.org
0

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс заяўляе, што прыкметнай тэндэнцыяй году стала страта Лукашэнкам «цэнтральнага статусу» саюзьніка РФ, і адказвае на «вечнае» пытаньне, ці задавальняе Лукашэнка Маскву.

— Якая была асноўная стратэгічная тэндэнцыя 2024 году ў адносінах паміж Масквой і Менскам? Натуральна, што працягваліся мінулыя доўгатэрміновыя трэнды. Але ці адбылося нешта вартае ўвагі, што нейкім чынам зьмяніла статус-кво?

— Сапраўды, у 2024-м не адбылося ніякага пералому асноўнага трэнду: гэта быў год працягу ранейшых тэндэнцыяў. Адзінае, што належыць адзначыць, — Аляксандар Лукашэнка відавочна пачаў адчуваць цяжар ад той ролі, якую ці то ён сам на сябе ўзяў у 2022 годзе, ці то яму яе навязалі.

Ён паспрабаваў асьцярожна зандаваць магчымасьці выхаду на нейкі дыялёг з Захадам. Гэта стала рабіцца адкрыта і ў канцы году вельмі прыкметна. Тут варта зьвярнуць увагу на вызваленьне групаў палітвязьняў, а таксама на пэўныя лёзунгі пра супрацоўніцтва.

Але самае галоўнае ў гэтым кантэксьце — гэта прызнаньне ім таго факту, што ў 2022 годзе, калі Расея распачынала агрэсію, у яго ніхто не спытаўся. Гэта дорага каштуе. Заява Лукашэнкі, што ён тут нібыта ні пры чым і не прымаў ніякіх рашэньняў, што проста расейцы павінны былі вярнуцца з Гомля ў Расею, а вырашылі пайсьці праз Украіну. Лічу, што гэта трэба ўспрымаць якраз усур’ёз. Для яго гэта было відавочна балюча, яго сапраўды, мяркуючы па ўсім, не спыталі. Ён паспрабаваў «у пакеце» прадаць гэта Захаду, але думаю, што эфэкт атрымаўся адваротны. Бо калі можна, не пытаючыся ў Лукашэнкі, прымаць такія ваенныя рашэньні, непасрэдна датычныя Беларусі, — то тады чым ён наогул кіруе?

Вось гэтая тэндэнцыя да страты Лукашэнкам хоць якога-небудзь цэнтральнага статусу вельмі замацавалася. Бо калі ў 2022 і ў 2023 гадах ён быў адзіным публічна абвешчаным саюзьнікам Расеі, то зараз Расеі дапамагаюць у значна большай ступені такія краіны, як Іран і, адназначна, Паўночная Карэя, якая пасылае войскі. І ў гэтым пляне Лукашэнка больш не адзіны і ня ў цэнтры. Таму ён паспрабаваў закінуць вуду: а ці ня клюне Захад?

Так што, адказваючы на ваша пытаньне: пералому тэндэнцыі не адбылося і не магло адбыцца. І на сёньня Лукашэнка выглядае як чалавек, загнаны ў кут.

— Так, нейкіх стратэгічных зьменаў няма, але ж пэўныя падзеі году варта адзначыць. Гэта, перш за ўсё, разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Працягваюцца спрэчкі, ці ёсьць яна ў краіне, ці няма. Але прынамсі пра гэта абвясьцілі афіцыйныя асобы Беларусі і Расеі. Таксама ў канцы году было абвешчана, што і расейская новая зброя «Арэшнік» зьявіцца ў Беларусі. Наколькі і як гэта мяняе сытуацыю ў беларуска-расейскіх адносінах?

— Я належу да тых, хто лічыць, што ніякай ядзернай зброі ў Беларусі няма. Бо калі б яна зьявілася, то зьявіліся б і адназначныя заходнія пацьверджаньні. Я мяркую, што адбыліся адпаведныя вучэньні, трэніроўкі, магчыма, была падрыхтаваная тэхніка, але пацьверджаньня адносна таго, што такая зброя ў Беларусі ёсьць — з вуснаў расейскіх уладаў, наколькі я памятаю, не прагучала. Ні Пуцін, ні Лаўроў не пацьвярджалі разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі.

Мы маем справу з рэжымамі, для якіх наводзіць цень на ясны дзень — звыклы прыём, які часта выкарыстоўваецца. Заявы Лукашэнкі пра ядзерную зброю ўкладаюцца ў ягоную перамоўную тактыку. Маўляў, давайце мы іх завабім чым-небудзь станоўчым, а адначасова пастукаем кулаком па стале. Наколькі я разумею, рыторыку пра наяўнасьць ядзернай зброі ў Беларусі заходнія аналітыкі і палітыкі сур’ёзна не бяруць у разьлік. І ўсё працягваецца, як і працягвалася.

У расейска-беларускіх адносінах, у адносінах Лукашэнкі і Пуціна за ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі столькі ўсяго наабяцана — пачынаючы ад агульнага рубля і грашовай палітыкі і канчаючы ваеннымі справамі, што, шчыра кажучы, можна напісаць кніжку зь пералікам нявыкананых абяцаньняў.

— А навошта Лукашэнку такая рыторыка? Ён пастаянна заяўляе пра ядзерную зброю, ягоныя чыноўнікі кажуць пра «ядзерную валізку», якая нібыта ёсьць у Менску, хоць такія заявы выклікаюць хутчэй іронію. Якія ў яго палітычныя матывы раз за разам гэта паўтараць?

— Хоча вярнуць сабе цэнтральнае становішча, хоць нечым падкрэсьліць, што ён адрозьніваецца ад іншых саюзьнікаў Расеі. Паўночная Карэя пастаўляе ў Расею, як лічыцца, мільёны снарадаў, дзясяткі тысяч салдат і, магчыма, гэты працэс працягнецца. А Лукашэнка нічога гэтага рабіць ня можа, таму спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу іншымі сродкамі. Сьцьвярджэньне пра «ядзерны чамаданчык» абвяргалася на дастаткова высокім узроўні ў Расеі. Шайгу казаў, што ні пра які «падвойны ключ» размовы быць ня можа.

Лукашэнка прызвычаіўся гаварыць што заўгодна. Увогуле, людзі такога кшталту і ў такіх сыстэмах улады разумеюць, што ніхто не падыдзе да іх, ня скажа, што вы тут, спадар прэзыдэнт, прабачце, хлусіце. Такога ня будзе, таму казаць ён можа ўсё што заўгодна. Людзі, якія ляяльныя да рэжыму Лукашэнкі, — для іх гэта дадатковы чыньнік, які ўмацоўвае іх ляяльнасьць. А людзі, якія не давяраюць рэжыму, — як вы слушна кажаце, толькі ўсьміхаюцца і проста ігнаруюць такія заявы.

— Тым ня менш напрыканцы году былі падпісаныя чарговыя пагадненьні, якія тычыліся сумеснай бясьпекі Беларусі і Расеі. Хтосьці вельмі гэтым занепакоіўся з пункту гледжаньня чарговага абмежаваньня беларускага сувэрэнітэту. Увогуле, ці можна канстатаваць, што працэс далейшага скарачэньня беларускага сувэрэнітэту ў 2024 годзе працягваўся?

— Я думаю, калі б у гэтых пагадненьнях было нешта прынцыпова новае, што зьмяняе сытуацыю, нам бы іх паказалі. У мяне няма катэгарычнай думкі, што можа быць у гэтых пагадненьнях у пляне скарачэньня сувэрэнітэту Беларусі. Ня ведаю, куды ўжо далей скарачаць: усё, што трэба было Маскве ўпісаць у адпаведныя дакумэнты, было ўпісана даўным-даўно.

Тое, што Лукашэнка ніяк не супраціўляўся падпісаньню гэтых пагадненьняў, хутчэй за ўсё, кажа пра тое, што гэта чарговая плынь дэкляратыўных паперак. Абедзьве адміністрацыі настолькі добра самі разумеюць, што гара нарадзіла мыш, што ня хочуць гэта паказваць нікому.

— Напярэдадні абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, як звычайна, некаторыя беларускія аналітыкі заяўлялі, што Масква нібыта не дала згоды на вылучэньне Лукашэнкі. Гэтая тэма заўсёды (і асабліва на фоне 2020 году) вельмі актыўна абмяркоўваецца — маўляў, Масква незадаволеная Лукашэнкам і хоча яго замяніць. Як вы да гэтых размоў ставіцеся ўвогуле і ў канкрэтнай цяперашняй сытуацыі?

— Для мяне яны непераканаўчыя. Людзям трэба займаць прастору навін, вось яны і прыдумляюць нешта. Тое, што Масква не ўва ўсім задаволеная Лукашэнкам,— з гэтым не паспрачаесься. Бо дыктатарскія рэжымы так і працуюць — яны хочуць, каб іншы дыктатарскі рэжым падпарадкаваўся цалкам.

У Лукашэнкі заўсёды была такая дыпляматычная перамоўная тактыка ў дачыненьні да Масквы: можна паабяцаць, можна падпісаць і потым ня выканаць. Вядома, Пуціну гэта не магло не надакучыць за ўсе мінулыя гады. Але, як я кажу ўжо не адно дзесяцігодзьдзе: Лукашэнка як прылада кантролю над Беларусьсю Маскву цалкам задавальняе. Лукашэнка ня пойдзе на Захад, яго там ня прымуць. Нават у 2015–20 гадах такой магчымасьці і імавернасьці не было. І, адпаведна, ён выконвае сваю працу, сваю функцыю.

Усё, што трэба Маскве, — гэта кантроль над беларускай тэрыторыяй і паветранай прасторай. Яна яго атрымлівае з дапамогай Лукашэнкі. Пакуль Лукашэнка кіруе Беларусьсю, Крэмль атрымлівае гарантыі, што Беларусь ня пойдзе на Захад.

Замяніць Лукашэнку можна, але гэта вельмі рызыкоўна, таму што тады сытуацыя стане непрадказальнай. Да якіх межаў гэтая новая фігура будзе ў стане гарантаваць тое, што Маскве трэба? Ці будзе яна ў стане кіраваць лукашэнкаўскай машынай улады, дзе кожны дробны начальнік у райвыканкаме праходзіць асабістае зацьвярджэньне Лукашэнкі?

Гэтай вэртыкальлю вельмі цяжка кіраваць нейкаму прышламу варагу. Новая асоба можа расьпісацца ў ляяльнасьці да Масквы 50 тысяч разоў, а сыстэма выйдзе з-пад кантролю — і нічога гэты новы кіраўнік ня зробіць, яму проста давядзецца яшчэ адзін дамок рыхтаваць недзе па суседзтве зь Януковічам і Асадам.

Таму, думаю, Масква тут праводзіць дастаткова прагматычную лінію: яна мае ад Лукашэнкі ўсё, што ёй трэба. Таму часам даводзіцца цярпець ягоныя выбрыкі. Ён знаходзіцца ў герархіі крыху вышэй за расейскага губэрнатара за кошт таго, што кіруе незалежнай дзяржавай, у якой ёсьць месца ў ААН, якая прызнаная і гэтак далей. Гэта дадае яму крыху статусных пунктаў, але нічога прынцыпова не мяняе.

А мяняць Лукашэнку на іншага, асабліва ў крызіснай перадвыбарнай сытуацыі, у сытуацыі вайны — гэта проста азначае самому сабе ствараць сур’ёзны галаўны боль. Пуцін на такія рашэньні ідзе вельмі неахвотна, ён доўга іх узважвае. Навошта мяняць шыла на мыла і нажываць сабе галаўны боль? Думаю, што Масква думае прыкладна так.

"Свабода"

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
аркадий мошес
война
интеграция
беларусь
россия
лукашенко
путин
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
Ничего не изменится? О погоде с 23 по 29 декабря рассказал синоптик
В мире
Зачем его слушать? Алексей Никитин – об информации и лжи
Общество
Власти Беларуси хотят от закрытого Красного костела 43 тысячи долларов
Спорт
Хоккей. КХЛ. Минское «Динамо» дважды вело в матче против «Спартака» в Ташкенте, но проиграло в овертайме
Экономика
БелАЗ обходит санкции через продажи своих самосвалов как «польских». Расследование
Политика
Аркадзь Мошэс: Лукашэнка, відавочна, пачаў адчуваць цяжар ад той ролі, якую ў 2022 годзе ці то ён сам на сябе ўзяў, ці то яго да яе змусілі
Общество
Медсестру из «Синэво» объявили «террористкой»
Общество
Россия вовсе не такая огромная, а Беларусь на самом деле больше многих западноевропейских стран. Как нас обманывают географические карты
В мире
«Дяденька, дай рубль, а то в морду плюну, у меня сифилис». Маски Путина — от «обиженки-брошенки» до «Кашпировского»
Общество
«"Киберпартизаны" рано вскрыли базы. Надо было еще подождать». Что означает загадочный код R99 в причинах смерти Владимира Макея и Витольда Ашурка
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
Ничего не изменится? О погоде с 23 по 29 декабря рассказал синоптик
В мире
Зачем его слушать? Алексей Никитин – об информации и лжи
Общество
Власти Беларуси хотят от закрытого Красного костела 43 тысячи долларов
Спорт
Хоккей. КХЛ. Минское «Динамо» дважды вело в матче против «Спартака» в Ташкенте, но проиграло в овертайме
Экономика
БелАЗ обходит санкции через продажи своих самосвалов как «польских». Расследование
Политика
Аркадзь Мошэс: Лукашэнка, відавочна, пачаў адчуваць цяжар ад той ролі, якую ў 2022 годзе ці то ён сам на сябе ўзяў, ці то яго да яе змусілі
Общество
Медсестру из «Синэво» объявили «террористкой»
Общество
Россия вовсе не такая огромная, а Беларусь на самом деле больше многих западноевропейских стран. Как нас обманывают географические карты
В мире
«Дяденька, дай рубль, а то в морду плюну, у меня сифилис». Маски Путина — от «обиженки-брошенки» до «Кашпировского»
Общество
«"Киберпартизаны" рано вскрыли базы. Надо было еще подождать». Что означает загадочный код R99 в причинах смерти Владимира Макея и Витольда Ашурка
ВСЕ НОВОСТИ