Политика

Пётр Рудкоўскі: «Было б абсурдам ставіць у віну беларусам тое, што яны не зверглі да гэтага часу прарасійскі аўтарытарны рэжым»

Эксперт распавёў EX-PRESS.BY аб адказнасці беларусаў за вайну ва Украіне.

Политика ex-press.by
0

Увага ўсяго свету прыцягнутая да вайны ва Украіне. Але ўвесь свет не ўяўляе адзінага цэлага ў ацэнцы гэтай жудаснай трагедыі. Збольшага, Захад кансалідаваўся ў тым, што адназначна асуджае дзеянні Расіі і кваліфікуе іх як ваеннае злачынства. Маральная адказнасць за гэта ўскладаецца не толькі на расійскіх вайскоўцаў, але і на расійскае грамадства, якое падтрымлівае агрэсіўную вайну. Але Расія — не адзіная краіна, якую вінавацяць у парушэнні норм міжнароднага права, гэтаксама як і норм маралі і чалавечнасці. У кампанію да яе патрапіла і Беларусь, якая хаця і не бярэ непасрэднага ўдзелу ў вайне, але прадстаўляе сваю тэрыторыю для вядзення баявых дзеянняў.

На пытанні EX-PRESS.BY аб адказнасці беларусаў за вайну ва Украіне адказаў тэолаг, філосаф, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі.

Ці ёсць кроў украінцаў на руках беларусаў?

— Беларусамі з'яўляюцца і Аляксандр Лукашэнка, які падтрымаў расійскую агрэсію супраць Украіны, і Ілля «Ліцвін», які ваяваў на баку Украіны і загінуў ў баях за Бучу, і падпалкоўнік запасу ВДВ Валерый Сахашчык, які выкарыстаў свой аўтарытэт і харызму, каб узмоцніць сярод беларускіх вайскоўцаў непрыняцце агрэсіі. 

На руках такіх беларусаў, як Лукашэнка, ёсць кроў украінцаў, і такія беларусы абавязкова павінны быць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне Канстытуцыі Беларусі (яна забараняе ўдаступніваць тэрыторыю краіны для агрэсіі супраць іншай краіны) і ўдзел у агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы. Але тых, беларусаў, што выступаюць супраць вайны, болей. Частка з іх паплацілася жыццём або свабодай за процідзеянне агрэсіі. Такім чынам, абагульняльнае цверджанне, што «кроў украінцаў на руках у беларусаў» абсалютна недарэчнае.

Калі казаць пра тое, што вінаватая толькі частка беларусаў, то якім крытэрыем трэба карыстацца, каб падзяліць беларусаў на «вінаватых» і «не вінаватых»?

— Ёсць два класічныя крытэры вінаватасці: свядомасць і добраахвотнасць. Што да першага крытэру — што ж, можна прыняць, што не ўсе маглі ведаць пра тое, што Канстытуцыя Беларусі (у любой рэдакцыі) забараняе ўдаступніваць тэрыторыю краіны для агрэсіі супраць іншай дзяржавы. Але складана ўявіць, што хто-кольвечы не ведаў, што Украіна — суверэнная дзяржава і што ў сувязі з гэтым якія-кольвечы «ваенныя аперацыі» з'яўляюцца нелегальнымі і злачыннымі. 

Што да добраахвотнасці — можна ўявіць сітуацыю, калі хтось выражае падтрымку для «спецаперацыі» пад пагрозай для жыцця яго самога або жыцця яго блізкіх. У перыяд сталінізацыі беларускай і расійскай палітычнай сістэмы такое нельга выключаць. У сітуацыі недобраахвотнасці падтрымкі немагчыма казаць пра віну. Калі ж не было яўнай пагрозы, а чалавек — словамі або дзеяннямі — падтрымаў расійскую агрэсію, то так, ён нясе адказнасць. Могуць быць розныя змякчальныя абставіны, але віна ёсць.

Ці можна апраўдаць беларусаў, што яны не здолелі перамагчы ў 2020 годзе, таму зараз яны пад акупацыяй і не маюць магчымасцяў уплываць на рашэнні ўраду?

— Было б абсурдам ставіць у віну беларусам тое, што яны не зверглі да гэтага часу прарасійскі аўтарытарны рэжым. Згодна з гэтай логікай, трэба было б таксама абвінаваціць палякаў, балгараў, венгерцаў і жыхароў Усходняй Нямеччыны за тое, што не змаглі звергнуць у сваіх краінах аўтарытарныя рэжымы да 1968 года, каб прадухіліць іх удзел у ва ўварванні СССР у Чэхаславакію. 

Згодна з аб’ектывізаванымі ацэнкамі інстытута Varieties of Democracy, прадэмакратычная мабілізацыя ў Беларусі стала адной з самых магутных у глабальным маштабе за апошнія 70 гадоў. А тое, што рэжым пакуль што не паў, сведчыць пра тое, што грамадская мабілізацыя не ўсемагутная. У 1980-81 гадах рэжым не паў у Польшчы, у 2017 годзе не паў у Венесуэле, хоць маштабы прадэмакратычнай мабілізацыі былі параўнальныя да тых, што былі ў Беларусі ў 2020-м.

Як быць з маральнай парадыгмай сцверджання, што беларусы сваю свабоду не здолелі адстаяць? Асабліва на фоне трагедыі ўкраінцаў, якія шматкроць больш церпяць за свае ідэалы і, падобна, здольныя скінуць з сябе ярмо несвабоды?

— Гэта заганная парадыгма, яна не мае пад сабой ніякіх рацыянальных падстаў. Адстойванне свабоды — заўсёды працэс. Было б недарэчным закідаць палякам або ўкраінцам, або літоўцам, што пасля другой сусветнай вайны «не здолелі адстаяць» свабоды і цягам некалькіх дзесяцігоддзяў існавалі ў якасці камуністычных аўтакратый. 

На дадзены момант налічваецца 57 аўтакратый у свеце, але, зноў жа, было б недарэчным закідаць, што насельніцтва гэтых краін «не здольнае адстаяць» свабоду. Складана знайсці такую краіну ў свеце, дзе стабільная дэмакратыя ўсталявалася б цягам двух-трох гадоў пасля здабыцця незалежнасці. Зазвычай на гэта патрабуецца некалькі дзесяцігоддзяў. 
П

роцістаянне ваеннай агрэсіі — гэта ўсё ж іншая катэгорыя. У 2014 годзе украінцы не былі ў стане абараніць Крым, але цягам наступных гадоў іх рашучасць і мужнасць усё выразней праяўляліся ў стрымліванні інспіраваным Масквой «сепаратызму» на ўсходзе краіны. Сёлета гэта мужнасць і рашучасць праяўляюцца надзвычай выразна. Вось тут на прыкладзе Украіны бачым, як па-рознаму на розных этапах праяўляецца адстойванне свабоды, нават у такіх фундаментальных справах, як тэрытарыяльная цэльнасць.

EX-PRESS.BY, фото из архива
Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
война
Украина
Лукашенко
Рудковский
режим
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter