Юліi Міхайлавай 30 гадоў. Яна нарадзілася ў Мінску, атрымала вышэйшую адукацыю. З верасня 2020 года па красавік 2021-га яе затрымлівалі 5 разоў. Беларуска заўсёды хацела заставацца ў Беларусі i жыць там. Але лёс склаўся iнакш — цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы.
«Перажыць гэта магчыма»
Юлiя кажа, што тыя затрыманні, якія былі ў верасні, i якія былі ўвесну, вельмі адрозніваюцца:
— Канешне, калі ёсць магчымасць не трапляць, лепей не трапляць у турму. Калі б апошні раз не затрымлiвалі родных, мне б было значна прасцей. Я ж ведала першапачаткова, на што іду, калі гуляю з парасонамі. У турме ты сядзіш і чакаеш, што цябе выпусцяць. Спачуваю дзяўчаткам, якіх не выпускалi, каго перавытрымліваюць і садзяць.
Па словах Юлii, перажыць гэта магчыма.
Агулам гераiня прасядзела 82 содняў. Езділа па Беларусі — сядзела у Магілёве, Баранавічах, Жодзіна, Акрэсціна:
— Параўнаць можна. Самае непрыемнае месца — Акрэсцiна. Максімальна марнуюць тых, хто «адлічыўся», на іх погляд.
З самага пачатку затрымлівалі за несур’ёзныя парушэннi. Прайшла з кветачкай — затрымалi. Міліціянт не можа хлусіць, а ты можаш (так кажа суддзя). Не нармальна, калі не выводзяць на прагулкі, не водзяць у душ, высаджваюць па 20 чалавек у 4-хмясцовую камеру, 10 чалавек — у камеру для дваіх і валацугу «дакідваюць». Увесь час размаўляюць, як з вінаватымі. Калі патрапіла, значыць, ты вінаватая. Прычыну прыдумаюць, якую захочацца.
«Я проста не вярнулася дадому, бо прыйшлі па мяне»
Дзяўчына прызнаецца, што вельмi сумуе па Беларусi, дзе засталiся яе сябры, яе цікавасці, справы, якiмi займалася:
— Мне падабалася жыць у Беларусі, я любіла яе, i зараз моцна люблю. Пераязджаць не планавала да моманту, пакуль не даведалася ў адпачынку, што прыйшлі па мяне. Я проста не вярнулася дадому.
Наша гераiня паехала на тры тыдні ва Ўкраіну адпачыць. Нават чамадана не было з сабой, толькі заплечнік з самымі неаходнымі рэчамі. Яна не была падрыхтавана з’язджаць:
— Нават калі б была ў Беларусі на той момант, калі прыйшлі да мяне, я б не ўцякала. Але вырашыла не вяртацца, бо не ведала, прайду мяжу ці не. Заўсёды самая страшнае — калі «сядзiш» у турме і не ведаеш, выйдзеш ці не ў той час, калі трэба выходзiць, ці другі раз затрымаюць. Тое ж самае з мяжой — не ведала, прайду яе ці не. Гэта было самае страшнае. Хацела вяртацца, але было вельмі страшна. Раілася шмат з сябрамі, блізкімі. Вырашыла застацца тут. Зараз я не ва Ўкраіне. Была магчымасць паехаць у Польшчу.
Большасць знаёмых у адзін голас казалі, што зараз не трэба ехаць у Беларусь. У пачатку ліпеня рабілі налёт на медыа. Не было людзей, хто казаў, што трэба вяртацца. Гэта была вымушаная эміграцыя.
Адаптацыя у новай краіне
— Калі я была на адпачынку, мой хлопец дамовіўся на працы, зрабіў дакументы, і мы хутка пераехалі ў Польшчу. У мяне фінансавых складанасцяў не было.
На дадзены момант, каб уладкавацца ў Польшчы, трэба добра ведаць польскую мову. Юлiя вучыць мову. Можна хоць зараз ісці працаваць, але толькі на пасады, дзе цяжкая фізічная праца. Гэта не тое, чаго хочацца беларуске:
— Жыць у чужой краіне — зусім iншае, чым на Радзіме. Як бы не казалі, што польская мова падобна на беларускую, яна не такая ж самая. Прасцей вучыць, чым іншыя мовы, але ёсць адрозненні ад беларускай, якія трэба ведаць. Каб цябе разумелі, і каб сама разумела, трэба добра вучыць і ўмець размаўляць.
Я хаджу на курсы, таму фразы, патрэбныя для наведвання крамы, вывучыла. Падыходзіць і казаць, якія рэчы трэба, ужо магу, але весці паўнавартасныя размовы — не.
Па словах беларускi, тут дакладна няблага. Ёсць беларускае кола:
— Тут шмат людзей, якія апошнім часам збеглі з Беларусі, многа тых, на каго «крыміналка» заведзена. Даволі часта сустракаемся з беларусамі, таму цяжару не адчуваю. Я не сама па сабе, я не адна, мяне падтрымліваюць, я таксама падтрымліваю іншых.
Палякі ўсіх падрябязнасцяў не ведаюць, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі:
— Калі распавядаю пра сябе, праз што прайшла, яны здзіўляюцца. Хаця я сама здзіўляюся, як перажыла такое. Для нармальнага чалавека — гэтыя ўмовы невыносныя. Пакуль не адчуеш на сябе, не зразумееш.
Увогуле палякі ставяцца добра да беларусаў:
— Канешне, яшчэ залежыць ад таго, як ты ставішся да іх. Карэктна звяртаешся — і да цябе добра ставяцца. Бываюць розныя беларусы. Ёсць такія, што прыязджаюь і сябе не вельмі карэктна паводзяць, хаця большасць беларусаў — гэта добрыя і ціхія людзі.
Пра жыллё i складанасцi
Юля з хлопцам кватэру пачыналі здымаць у верасні:
— Неяк усе палякі баяліся здаваць, ёсць страх расейцаў і ўкраінцаў. Часам прыходзілася шукаць іншыя варыянты, бо не хацелі размаўляць не па-польску. Картку было складана зрабіць, бо ёсць толькі адзін банк дзяржаўны, у іншых не атрымалася, бо не хапала дакументаў.
У Польшчы ёсць два сайты, дзе можна адшукаць кватэру. Трэба хутка адразу пісаць гаспадарам, адразу, як выйшла аб'ява. Жыллё знайшлі ў добрай польскай пары. Кватэра трохпакаёвая:
— Унутры ёсць пасудамыечная машына (не трэба рукамі мыць), духавая шафа. Усё новае і добрае. Кошты вышэйшыя, чым у Беларусі. Камуналка ў кожным месяцы розная. Мы жывем за Варшавай. Гэта не цэнтр, плацім 700 еўра разам з камуналкай, квартплатай i інтэрнэтам. Такога, як ва Ўкраіне няма, што вады можa не быць. Тут насамрэч усё вельмі добра.
Як бавіць час
— Калі хочаш кудысьці паехаць на аўтобусе (1-2 еўра), гэта лёгка можна зрабiць. У Варшаве важна, што па часе прадаюць квіткі, а не на паездку. У цягніках можна падарожнічаць. Калі хочацца, можна знайсці, як правесьці час.
У нядзелю тут не працуюць крамы:
— Я дома звыклася ў суботу займацца сваімі справамі, а ў нядзелю хадзіць у крамы ці гандлёвыя цэнтры. Тут яны не працуюць. Нават у кавярню не схадзіць. Нядзеля — гэта дзень, які варта правесці дома.
Дыяспара ў нядзелю робіць акцыі падтрымкі беларусаў. Робяцца розныя паездкі за горад. Можна самім арганізоўваць. Тут заўседы ёсць магчымасць нешта рабіць. Трэба мець час і жаданні.
— Я больш сяджу дома, выходжу зрэдку і не ў людныя месцы. Мне не хочацца хварэць. Калі спатрэбіцца, складаней будзе звяртацца за дапамогай. Але калі прыязджаюць беларускія спявакi, мне цікава. На Вайцюшкевіча схадзіла. Мая сяброўка-скрыпачка прыязджала. Для мяне было важна схадзіць на яе канцэрт. Некалькi такіх выхадаў было, але намагаюся не хадзіць, дзе шмат людзей. На свежае паветра выходжу часта.
Юля кажа, што кошты на прадукты не моцна адрозніваюцца ад беларускіх, але якасць садавіны і гародніны лепей:
— Яно больш свежае. Мне больш падабаюцца прадукты тут.
«Кожны раз ўяўляю, як буду вяртацца»
— Стаўленне да Беларусі не змянiлася. Як раней любiла, так і зараз люблю. Цяпер больш сумую па Беларусі, па тых, хто застаўся, па сям’е, па рытму, які там мела. Хочацца вярнуцца.
— Кожны раз ўяўляю, як буду вяртацца: мы хутка бярэм рэчы, збіраемся, кідаем іх у машыну, ляцім у Беларусь дадому. Толькі такі малюнак у галаве. Увесь час я сяджу на чамаданах, чакаю. Хаця змянення няма. Як трызненне адбывалася, так і зараз адбываецца. Мы сядзiм і чакаем, шмат беларусаў сядзіць і чакае.
Нічога параіць не магу, тым, хто вагаецца, ехаць цi заставацца на Радзiме. Гэта выбар кожнага. Калi ты з’язджаеш, за мяжой цябе ніхто не чакае. Сапраўды, трэба рабіць шмат, каб застацца тут.
Калі пагражае, лепей збегчы, чым сядзець. Адзінае, што магу сказаць. Я не за тое, каб пакідалі краіну, хаця сама не вярнулася. Не бачу сэнсу ехаць, каб тут сядзець. Я проста баялася вяртацца.
Калі мы выйшлі пасля другога ці трэцяга затрымання, з дзяўчатамі сустрэліся. Адна мне падарыла белы пярсцёнак з чырвонай часткай у сярэдзіне. Я з ім у паездкі ездзіла. Зараз таксама яго надзяваю. Потым мне перадалі ўсе мае рэчы, якія падарылі сябры. Яны маюць белыя і чырвоныя колеры. Такіх рэчаў-сымбаляў шмат у мяне.
Добро пожаловать в реальность!