Танцавальныя вечары ў Барысаве ў рамках праекту «МыЗаТанцы!» з восені 2016 гады праходзяць на базе Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі два разы на месяц.
Гэта стала магчымым, дзякуючы сумеснай працы барысаўскага Клубу гістарычнага танца і капэлы «На таку» з Менску. Музыкі вось ужо некалькі гадоў рыхтуюць танцавальныя падзеі ў розных гарадах Беларусі.
Іх мэта - вярнуць добрую традыцыю грамадскіх вечарынак, калі людзі збіраліся ў прасторным памяшканні або проста на вуліцы, у парку, на гарадской плошчы, каб пагутарыць і патанчыць пад скрыпачку, кларнет і акардэон тое, што танцавалі нашы бабулі і дзядулі.
Танцы, з большага, не складаныя і не патрабуюць асаблівай падрыхтоўкі. Можна прыйсці і адразу пачаць танцаваць. Людзі старэйшага веку іх ведаюць добра, бо яшчэ 30-40 гадоў таму ўсе гэтыя мелодыі — «Кракавяк», «Каханачка», «Яблычак», «На рэчаньку» - гучалі на вяселлях і вечарынках.
Што цікава, у кожным рэгіёне адзін і той жа танец можа адрознівацца фігурамі. Напрыклад, вядомы танец «Лявоніха» у Барысаве і ў Любані танчаць цалкам па-рознаму.
Багата танцаў маюць асаблівы нацыянальны каларыт, і нават замежнае паходжанне. Але ў той жа «Падыспані», вельмі папулярнай у Беларусі яшчэ з 19-га стагоддзя, нічога іспанскага, увогуле, няма, акрамя назвы. Ці вось, этнографы кажуць, што ў Кракаве пра «Кракавяк» ніхто і не чуў. А ў нас па ўсёй Беларусі яго лічаць польскім танцам.
Чаму? Ды таму, што культура - гэта жывы арганізм, і на яе ўплываюць розныя фактары. У Барысаве, напрыклад, насельніцтва якога да рэвалюцыі напалову было габрэйскім, танчылі «Гіршу-Мойшу», «Жыдовачку» і яшчэ шмат танцаў, назвы і рухі ў якіх гавораць пра змешванне традыцый. Бо клезмеры (габрэйскія музыканты) гулялі не толькі на габрэйскіх вяселлях. Ды і танцавалі людзі не толькі свае нацыянальныя танцы, але і тое, што было модным - той жа вальс, факстрот, танга, танцы, якія былі прывезеныя з іншых краінаў або запазычаныя ў суседзяў.
На жаль, у адрозненне ад мясцовых танцаў, якія мы цяпер называем «беларускімі народнымі» габрэйскі пласт нашай культуры - ашкеназскія танцы, танцы габрэяў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы - амаль не захаваўся. Аднак зараз шэраг сучасных этнографаў і музыкантаў звяртаюцца да ашкеназскай музычнай культуры, багатай і цікавай. Габрэйскія мелодыі часта гучаць на папулярных зараз вечарынах традыцыйных танцаў.
Цікаўная асаблівасць габрэйскай клезмерской музыкі, па словах Аляксея Крукоўскага (акардэаніста, лідара капэлы «На таку») у так званай «лішняй», на слэнгу музыкаў - «жыдоўскай» ноце, якая робіць музычны памер «не квадратным». І танцоры ў сваіх рухах падладжваюцца пад гэты памер.
Дарэчы, калісьці слова «жыд» у Беларусі не было крыўдным, гэта быў этнонім, які яшчэ да рэвалюцыі лічыўся дапушчальным і ў габрэяў, і ў беларусаў. Але ў савецкі час слова набыла негатыўную афарбоўку, і ім перасталі карыстацца, замяніўшы на «габрэй» ці «яўрэй». А між тым у некаторых гарадах, напрыклад, у Пінску, Браславе, Любані яшчэ ў 1920-х былі вуліцы з назвай Жыдоўская. У Барысаве такой вуліцы не было, затое захаваліся будынкі некалькіх сінагог. У самай вялікай на вуліцы, якая зараз мае назву 3-га Інтэрнацыянала, некалі месціўся Палац піянераў.
Вядома, дэталёва аднавіць гарадскія танцавальныя вечарыны, напрыклад, пачатку 20-га стагоддзя, даволі складана - занадта мала этнаграфічнага матэрыялу. Але сябры клубу Гістарычнага танца ўсё ж плануюць стварыць атмасферу вечарынкі дарэвалюцыйнага Барысава ў дворыку Старога гораду.
Там можна будзе пад жывую музыку патанчыць і засвоіць некалькі ашкеназскіх (габрэйскіх) танцаў.
Вечарына адбудзецца ў пятніцу 9 чэрвеня, па адрасе: вуліца Дзяржынскага, 66. Пачатак а восьмай гадзіне вечара, уваход вольны.
Клуб гістарычнага танца ЦТДМ
Даведка ex-Press.by
Клезмер — традыцыйная народная музыка ўсходнееўрапейскіх габрэяў і асаблівы стыль яе выканання. Выканаўцы музыкі ў гэтым стылі — клезмеры.
Ашкеназы — субэтнічэскіе група габрэяў, якая сфармавалася ў Цэнтральнай Еўропе. Ужыванне гэтай назвы для дадзенай культурнай супольнасці зафіксавана крыніцамі, якія адносяцца да XIV стагоддзя. Гістарычна бытавым мовай пераважнай большасці ашкеназаў быў ідыш, які належыць германскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. Тэрмін паходзіць ад слова «Ашкеназі» - семіцкай назвы сярэднявечнай Германіі.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter