Сёння, 22 кастрычніка, на 77-м годзе памёр пісьменнік барысавец Юры Станкевіч.

Ягоная біяграфія, жыццёвая і творчая, шчыльна звязана з Барысавам, дзе ён нарадзіўся 21 студзеня 1945 года, і дзе правёў значную частку свайго жыцця. Шмат герояў ягоных кніг нагадвалі жыхароў Барысава, ды і лакацыі, дзе разгортваліся сюжэты апавяданняў, аповесцяў і раманаў Станкевіча, вельмі часты былі падобнымі на барысаўскія.
Ягоны бацька, Васіль Харытановіч, быў асуджаны ў 1946 годзе па 58-м “палітычным” артыкуле Крымінальнага кодэксу і накіраваны ў Карагандзінскі выпраўленча-працоўны лягер. Дзяцінства Юрыя скончылася рана; ён пачаў працаваць яшчэ падлеткам, давучваўся ў вячэрняй школе. Потым паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Атрымаўшы дыплом, працаваў у барысаўскай раёнцы, якая мела гучную назву “Камуністычная праца”, у аддзеле радыёвяшчання.
У сапраўдную літаратуру Юры Станкевіч увайшоў параўнальна позна, ягоная першая кніга прозы выйшла ў 1983 годзе, калі аўтару ўжо споўнілася 38 гадоў. Аднак позні дэбют паказаў, што ў літаратуру прыйшоў не выпадковы чалавек, а сапраўдны майстар слова. Наступныя кнігі пацвердзілі гэта.
Бадай, самы вядомы твор Станкевіча — культавы раман «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), на думку літаратуразнаўцы, прафесара Анжэлы Мельнікавай, адзін з самых моцных твораў беларускай літаратуры трох апошніх дзесяцігоддзяў, знакавы твор нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Найважнейшымі кнігамі пісьменніка з’яўляюцца таксама «Апладненьне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010).
Пражыўшы колькі год у Менску, дзе пэўны час працаваў у рэдакцыях часопісаў “Маладосць” і “Крыніца”, Юры Станкевіч вярнуўся на малую радзіму, ў Барысаў, дзе жыў у старым драўляным доме ягоных бацькоў у Старым горадзе. Любіў пасядзець з вудай на беразе Беразіны. Пакуль дазваляла здароўе, ездзіў па ваколіцах на ровары. Любіў лес. І працягваў пісаць — прозу, п’есы, кінасцэнарыі.
Юры Станкевіч пакінуў багатую творчую спадчыну, якая застанецца з намі.
Добро пожаловать в реальность!