Беларускі празаік Юры Станкевіч нарадзіўся і доўгі час пасля заканчэння факультэта журналістыкі працаваў у Барысаве. Потым быў у яго даволі працяглы сталічны перыяд, праца ў шэрагу літаратурна-мастацкіх выданняў.
Ён увайшоў у літаратуру напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. За гэты час напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.
Урэшце рэшт пісьменнік вярнуўся на сваю малую радзіму. Ён жыве ў бацькоўскай хаце ў старой частцы гораду, працягвае пісаць і выдавацца. Беларуская крытыка даволі станоўча ацэньвае яго творчасць. Але ён застаецца не публічным чалавекам, які вельмі рэдка дае інтэрв’ю. Дзякуючы даўняму знаёмству з супрацоўнікам нашага сайта для ex-Press.by Юры Станкевич зрабіў выключэнне.
- Нядаўна ў мяне была магчымасць спытаць у Святланы Алексіевіч, ці ведае яна майго земляка Юрыя Станкевіча. Яна пацвердзіла, што ведае, узгадала тваю кнігу «Любіць ноч права пацукоў»і дала ёй высокую адзнаку. На тваю думку, ці можа беларускамоўны літаратар увогуле атрымаць калі-небудзь прэмію Нобеля?
- Цалкам гэта магчыма, але ў бліжэйшай будучыні гэта наўрад ці адбудзецца. Там і геаграфічны нейкі прынцып дзейнічае, і яшчэ ўсялякія іншыя прынцыпы. Ва ўсякім разе ў бліжэйшыя гады такога не здарыцца. Хаця па ўзроўню талента ў нас ёсць такія асобы, якім варта было б даваць Нобеля. Напрыклад, Алесь Разанаў. Паэт. А што тычацца Святланы, я лічу, што яна цалкам вартая такой вялікай узнагароды. Яна як чалавек вельмі спагадлівая, заўсёды прыйдзе на дапамогу. І шчырая жанчына. Гэта, я лічу, вельмі вялікі плюс, таму што не толькі літаратурнымі здольнасцямі яна праяўляецца як асоба, як чалавек. Яна давала мне рэкамендацыю ў ПЭН-цэнтр разам с Алесем Разанавым.
- Ты вядзеш даволі замкнёны лад жыцця. Адкуль бяруцца ўражанні, якія неабходныя пісьменніку?
- Уражанняў хапае. Я ж, як сын рэпрэсаванага па 58-му артыкулу, пачаў працаваць у 15 год. Шмат чаго пабачыў, там-сям пабадзяўся па свеце. Увогуле наконт знешніх уражанняў ёсць красамоўны прыклад Марсэля Пруста. Ён пражыў шмат гадоў у адным раёне, у адной і той жа кватэрцы, абабітай коракам, каб нічога ні чуць. І ў той жа час напісаў вельмі аб’емныя творы і даволі прыстойныя ў літаратурным сэнсе. Ён пісаў пра тое кола людзей, якіх ведаў. Я ж пішу не толькі рэчы, якія блізкія да рэальнага жыцця. Я пішу антыўтопіяю, напрыклад, і нават фантастыку.
- Як выжываюць пісьменнікі зараз? Раней беларускія літаратары жылі ўвогуле няблага. Прыстойныя ганарары, магчымасць паехаць у Дом творчасці на пэўны, даволі доўгі час, і гэтак далей. Зараз гэтага няма. Дык можа ў беларускай літаратуры застаюцца толькі тыя людзі, якія не могуць не пісаць?
- Так, раней яшчэ можна было зарабіць нейкія грошы нават за публікацыю ў літаратурна-мастацкім часопісе. Зараз не. Нядаўна ў часопісе «Немане» за тры аповеды атрымаў 70 тысяч беларускіх рублёў – 4 даляры. Праўда, аповеды былі перакладзены на расейскую мову, нешта засталося перакладчыку. Але ўсе роўна гэты ганарар варты смеху. Як у нас кажуць «помачныя». Ёсць у тваіх словах рацыя. Канешне, як гэта сказана дзесьці – голад, холад і адзінота – вось глеба, якая вырошчвае сапраўдную перамогу. Але я б не сказаў, што ў нас становішча нейкае, хаця бы квола спрыяльнае. Вельмі страшнае становішча ў пісьменнікаў. Ёсць пісьменнікі, якія сапраўды пішуць і за свае грошы выдаюць кніжкі. А гэта вялікая праца, затраты энергіі, а нічога за гэта чалавек не атрымлівае. Ёсць такія самаахвярныя людзі. А маглі б, напрыклад, атрымаць прылічныя ганарары.
- Калі б пісалі на расейскай мове?
- Я не сказаў, што толькі на расейскай. Тут трэба адрозніваць культуру ад мас-культуры. Я, напрыклад, не магу працаваць у такой сферы як мас-культура. Мне прапаноўвалі вялікія грошы, каб я пісаў раманы дэтэктыўнага жанру. Канешне, я адмовіўся. Але ў нас ёсць такія. Пішуць дэтэктывы, альбо дамскую прозу. Пішуць на расейскай мове, альбо іх перакладаюць на расейскую мову. А ўвогуле з нашай беларускай мовай катастрофа. Тут няма чаго крывіць душой – татальная русіфікацыя. Гэта дабром не скончыцца. Забываючы сваю мову , мы сціраем нашу нацыю з твару зямлі.
- Можа хвіліна была такая, не вельмі пазітыўная, але я памятаю, як гадоў 10 назад ты казаў аднаго разу, што ідуць гады, творчы патэнцыял натуральна змяншаецца, і што пэўна, болей ня будзеш пісаць. Але за мінулае 10-годдзе ты выдаў шэраг новых твораў. Сёння ў цябе няма такога настрою?
- Нешта я не памятаю, каб я такое казаў. Быў нейкі імпэт, асабліва ў 90-е гады і далей. Складвалася неяк больш-менш, я неяк і сам адчуваў, што расту. Ну, а зараз я ня ведаю. Вось выдаў нядаўна - у лютым прэзентацыя была апошняй кнігі «Паўночны вецер для спелых пладоў». Ну, не апошняй, можа, крайняй кнігі. Бо я яшчэ, магчыма, нешта яшчэ напішу. Хацелася бы, канешне, нешта такое вартае напісаць, грунтоўнае. Можа нешта і атрымаецца.
- Дык, можа распавядзеш пра творчыя планы? Разумею, гэта такое банальнае пытанне, але ўсе ж?
- Нядаўна на прэзентацыі ў мяне спыталі, якія мае творчыя планы. Я сказаў, што гэта сакрэт. (смяецца). Доўга тлумачыць не збіраўся, бо сапраўды, якія могуць быць зараз планы? Насмяшыць Госпада Бога?
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter