Барысавец Юры Станкевіч увогуле не публічная фігура. Апошнім часам ён вельмі рэдка з'яўляецца на прэзентацыях уласных кніжак, амаль не сустракаецца з журналістамі.
Таму інтэрв’ю пісьменніка “Радыё Свабода”, якое было дадзена па тэлефоне, прыцягнула ўвагу як прыхільнікаў творчасці празаіка, так і тых, каму ягоныя думкі не даспадобы.
А словы Юрыя Станкевіча часам выклікаюць адмоўную рэакцыю нават у так званых лібералаў. Вельмі часта барысавец ідзе супраць плыні. Ды здараецца, ягоныя жудасныя прадказанні, якія тычацца не толькі Беларусі, але Еўропы і свету, пачынаюць спраўджвацца.
Бадай, у сваім самым знакамітым рамане “Любіць ноч права пацукоў”, які быў выдадзены яшчэ дваццаць год таму, Станкевіч, напрыклад, упершыню звярнуў увагу на праблему міграцыі. Ён прыйшоў да высновы, што з'яўленне ў нашым асяроддзі людзей з іншым менталітэтам і вартасцямі разбурае традыцыйнае грамадства. Гэтая выснова супярэчыла ідэям праваабаронцаў. Але сёння мала хто будзе спрачацца з тым, што міграцыйны крызіс, які здарыўся ў Старым Свеце, з’ява вельмі пагрозлівая.
У інтэрв’ю “Радыё Свабода” Станкевіч дае нечаканыя характарыстыкі творчасці шэрагу сваіх калегаў. Цікава, што ён называе сваёй вучаніцай празаіка барысаўку Алену Брава, якая доўгі час сумяшчала літаратурную працу з працай журналіста, займаючы пасаду намесніка рэдактара газеты “Адзінства”.
Негледзячы на даволі сталы ўзрост, Юрыю Станкевічу ідзе ўжо восьмы дзясятак, пісьменнік з Барысава працягваю сваю творчую працу. Нядаўна ён напісаў чарговую гумарыстычную аповесць “Аперацыя Гей”, якая рыхтуецца да друку ў адным з часопісаў, а ў жніўні бягучага году ў выдавецтве “Галіяфы” выйшла кніга «Бесапатам». Яе складаюць напісаныя ў розныя гады раман «Любіць ноч — права пацукоў», аповесці «Апладненне ёлупа», «Лавец святла поўні», «Бесапатам», а таксама некалькі апавяданняў.
Даведка EX-PRESS.BY
Юры Станкевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 году ў Барысаве і большую частку жыцця правёў у гэтым горадзе. У большасці яго твораў дзеянне адбываецца ў мясцінах, якія вельмі нагадваюць яго малую радзіму.
Найбольш вядомыя кнігі Юрыя Станкевіча: «Любіць ноч — права пацукоў» (гэты раман нярэдка называюць культавым), «Апладненьне ёлупа», «Мільярд удараў», «П’яўка».
Добро пожаловать в реальность!