Пісьменніца Зоя Доля атрымала адказ на свой запыт ад намесніка начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Дзяніса Танканога, дзе ёсць абяцанне, што на электронным табло на барысаўскім вакзале будуць выводзіцца надпісы на трох мовах: расейскай, ангельскай і беларускай.
Празаік Зоя Доля, якая паходзіць з Барысаўшчыны, апошнім часам шмат лістуецца з рознага кшталту службоўцамі, дамагаючыся пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў культурнай сталіцы Беларусі, якой абвешчаны Барысаў у 2021 годзе.
Не заўсёды адказы на яе запыты бываюць станоўчымі, але дзейнасць пісьменніцы ў гэтым накірунку заслугоўвае ўсялякай пахвалы.
Заўважым аднак, што Беларуская чыгунка мае пэўныя праблемы з беларускай філалогіяй, прынамсі, у ваколіцах Барысава.
Колькі год трымаецца дзіўная шыльда «Пралетарская пабеда» на прыпыначным пункце чыгункі, хаця па ўсіх нормах павінна быць «Пралетарская перамога».
Выклікае непаразуменне і назва «Пячынскі», якая з’явілася два гады назад пасля рамонту будынку прыпыначнага пункту «Печынскі».
Спадзявацца на тое, што гэтыя трывалыя хібы будуць ліквідаваны ў бліжэйшы час, на жаль, не даводзіцца.
Добро пожаловать в реальность!