Чым знакаміты Тэкля Ратомская і Ганна Цюндзявіцкая, і што зрабіла ў Барысаве цётачка Сэйнэ, чытайце ў матэрыяле EX-PRESS.BY.
Тэкля Ратомская — маці нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі
У маёнтку Дразы, недалека ад маёнтку Крычын (з канца XVII стагоддзя быў ва ўласнасці роду Ратомскіх, гербу «Касьцеша»), у 1718 годзе нарадзілася Тэкля Ратомская (1718-1768) — маці нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі. Яе бацькі — Фларыян Казімер Ратомскі і Эмэрцыяна Валадковіч (па другіх дадзеных Брыгіта Рамановіч).
Тэкля разам з сястрой Барбарай у маленстве асірацелі і выхоўвываліся ў Крычыне у сваіх блізкіх сваякоў — Юзафа Кукевіча і Тэрэзы Кукевіч з дому Ратомскіх, роднай сястры Фларыяна Казімера Ратомскага.
Лёс Барбары Ратомскай (сястры Тэклі) невядомы. Родны брат Тэклі Марцін-Антоні Ратомскі падпісаў элекцыю (абранне на трон новага караля) 1764.
Тэкля Ратомская зышлася шлюбам у 1740 годзе з мечнікам берасцейскім Людвікам Тадэвушам Касцюшка, які набыў у 1755 у Сапегаў маёнтак Мерачоўшчына.
Мелі 5 дзяцей: Ганну (муж Пётр Эстка, стольнік смаленскі), Катажыну (муж Казімер Жаўткоўскі, суддзя земскі), Юзафа (абозны берасцейскі), Станіслава (не прымаў удзелу ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай), Тадэвуша.
Пасля смерці Людвіка Тэкля адна выхоўвала дзяцей.
Кузіны Тэклі Ратомскай (цёткі Тадэвушка Касьцюшкі) Ядвіга і Эмілія Кукевічы пахаваныя у Крычыне, дзе дагэтуль ёсць іх надмагіллі.
Ганна Цюндзявіцкая — шляхцянка, аўтар папулярных гаспадарчых дапаможнікаў
Ганна Цюндзявіцкая паходзіць з роду Прушынскіх гербу «Агоньчык» (18 ліпеня 1803, Каралішчэвічы, Мінскі павет, Расейская імперыя — 18 красавіка 1850, Кішчына Слабада, Барысаўскі павет, Расейская імперыя) — шляхцянка, аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў.
Нарадзілася у шляхетнай сям’i Міхала Прушынскага, падкаморага мінскага, і Тэклі Прушынскай з Валянскіх.
19 лістапада 1826 года пабралася шлюбам ў Заслаўлі (ён належаў сям'i Прушынскіх) з маршалкам шляхты Барысаўскага павету Юзэфам Цюндзявіцкім гэрбу «Наступ». Мелі двух сыноў і чатыры дачкі: Леона і Віктара, Юзэфу (жонка Гвідона Слатвінскага), Ізабэлу Нэйман, Аліну Васілеўскую, Сафію Свідаву.
Вядомасць атрымала як аўтарка папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848, перавыдавалася ў 1851, 1856, 1858, 1862 і 1873 гг.). Памёрла 18 красавіка 1850 года ў Кішчынай Слабадзе, там жа была пахаваная ў cямейнай капліцы.
Пасля яе смерці намаганнямі Цюндзявіцкіх быў надрукаваны дапаможнік «Гаспадарчы штогоднік», які сабрала і падрыхтавала Ганна Цюндзявіцкая.
Цётачка Сэйнэ
Яе называлі проста — муме Сэйнэ, то ёсць цётка Сэйна. Гэта была нявызначанага ўзросту жанчына, напудраная і нафарбаваная, звяртала на сябе ўсеагульную ўвагу багаццем дыяментавых і залатых упрыгожванняў — кольцаў, бранзалетаў і брошак. Яе адносілі да самым багатых жыхарак горада, і тое было праўдай.
Валодала Сэйнэ невялікім прадпрыемствам у сферы паслуг, якое яна размясціла ва ўласным доме па Лепельскай вуліцы. У яе публічным доме працавалі некалькі дзяўчын.
Муме Сэйнэ не дажыла да прыходу бальшавікоў, яна памерла ў 1916 годзе. Пра багатую барысаўчанку памятаюць не ўсе, а вось яе дом стаіць цалюткі, толькі вуліца носіць іншую назву.
Выказваем падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу кансультанту па гісторыi Арцёму Дудзіну з роду Гоздзельскix гербу «Венява», чальцу Звязку Палякаў на Беларусі, паўнамоцнаму прадстаўніку Звязку Шляхты Польскай Крэсаў Ўсходніх у Мiнскай вобласці.
У наступным матэрыяле мы распавядзем пра знакамітых нябесных ластавак, сучасных акторак, спартсменак і іншых жанчын, якія звязаны з Барысавам і Барысаўскім раёнам.
Добро пожаловать в реальность!