Чатыры гады таму мы пісалі пра Наталлю — жанчыну, якая ўсё жыццё не магла мірыцца з фальшам. Тады, у 2022-м, яна толькі-толькі апынулася ў Польшчы, уцякаючы ад пераследу, ператрусаў і «нясвіжскіх падвалаў». Сёння мы сустракаемся з ёй зноў. Наталка цяпер жыве ў Кальварыі-Зэбжыдоўскай пад Кракавам. Яна ўсё яшчэ піша вершы, малюе вольную Беларусь і вучыцца быць шчаслівай там, дзе яе сэрца знайшло спакой.
Рэтраспэктыва: ад парванага гальштука да выгнання
Для тых, хто не чытаў нашую папярэднюю публікацыю ад 10 мая 2022 года, нагадаем: гісторыя Наталлі — гэта шлях чалавека, які «не ўмее хадзіць строем». Ад дзіркі на піянерскім гальштуку ў 5-м класе да 10 сутак у ІЧУ пасля выбараў 2020-га. Яна прайшла праз арышты, звальненні, канфіскацыю сцягоў і маральныя здзекі. У жніўні 2021-га яна сабрала адну валізку, узяла кошку, дзве карціны, 50 даляраў і з’ехала ў невядомасць.
Сёння, у 2026-м, яна ўжо не «ўцякачка». Яна — мастачка, якая асвойвае новую прастору.
Перамога над сабой і «эмацыйнай багнай»
Эміграцыя — гэта не толькі змена дэкарацый, гэта глыбокая ўнутраная хірургія. На пытанне аб тым, што стала яе самай вялікай асабістай перамогай за гэтыя чатыры гады, яна кажа:
— За час эміграцыі шмат усяго пераасэнсавана, — кажа яна. — Найперш мусіла перамагчы сваю трывогу, сум, асэнсаванне ўзросту, маральных і фізічных магчымасьцяў, нерашучасьць… Гэта насамрэч сапраўды цяжка.

Наталля прызнаецца: былі моманты, калі рукі апускаліся. Але яна абрала шлях дзеяння. Пісала лісты, запаўняла заяўкі, ішла да людзей з прапановамі выстаў. Адмовы не спынялі, а толькі гартавалі.
— Зараз ведаю: там, дзе перад табой зачыняюць дзверы, дзесьці ў іншым месцы яны адчыняцца самі. Перамагчы сябе — напэўна самае вялікае дасягненьне. У якісьці момант ўсведамляеш: усё, што робіш, робіш не для сябе.
Творчасць: «Ойча наш» у шматслойным акрыле
У мастацкай манеры Наталля застаецца вернай сабе ўжо 15 год: гэта спантанны падыход, імпрэсія, мнагаслойны акрыл. Яна не капіруе натуру, яна дазваляе працэсу весці сябе.
Яе галоўны поспех у эміграцыі, як яна лічыць сама, — праект «Ойча наш». Гэта серыя з 10 палотнаў, якія сталі візуальным увасабленнем малітвы. Выстава прайшла ў Цэнтры культуры Кальварыі-Зэбжыдоўскай. Кожнае палатно — гэта гісторыя, поўная колеру і экспрэсіўнай фактуры, дзе сустракаюцца чалавечае і духоўнае. Там жа гучалі яе вершы — на беларускай і польскай мовах.
— Малюю ў асноўным на тэмы: воля, святло, надзея… Мая спантанная манера — гэта чысты, непасрэдны выраз эмоцый. На выставе можна не тлумачыць, а проста існаваць як мастак.
Побыт і незалежнасць
Жыццё мастака ў эміграцыі — гэта заўсёды кампраміс паміж высокім і зямным. Наталля шчыра кажа пра абмежаваную прастору, дзе складана «расправіць крылы», і пра эканомію на падрамніках.
— Усе матэрыялы набываюцца з сямейнага бюджэта, з дапамогі дачкі і сына і не вельмі частых продажаў карцін. Але гэта элемент незалежнасці. Для мастака як для вольнай асобы гэта найважнейшы момант.
Нават творчыя крызісы яна ўспрымае як частку шляху. Зараз яна рыхтуецца да новай працы — хоча перадаць фарбамі свой верш «У Нямізе». Ідэя спее ўжо некалькі месяцаў.
Што такое «дом»?
Для чалавека, які страціў усё і пачаў спачатку пасля пяцідзесяці, паняцце дома набывае метафізічны сэнс.
— Дом — там, дзе тваё сэрца, дзе табе ўтульна, бяспечна. Калі я адчую, што ўсё гэта супала ў адну стужку, я ўхаплюся за яе і палячу, як у сьне, да запаветнай зямлі продкаў.
Беларусь сёння ў яе творчасці — гэта не настальгічны боль, а крыніца святла. Яна ўдзельнічае ў супольных выставах беларускіх мастакоў у выгнанні, каб проста быць сярод сваіх, ствараць дыялог і шукаць сустрэчы з гледачом, які «адчуе нешта сваё».
Мара і парада тым, хто ў шляху
Мара ў Наталлі маштабная і прыгожая: выдаць зборнік вершаў. Тры раздзелы: Вера, Вольная Радзіма, Каханне, аздобленыя здымкамі яе карцін. Выдавец ужо знойдзены, засталося самае складанае — знайсці сродкі.
На пытанне аб тым, што б яна сказала тым, хто толькі апынуўся ў эміграцыі не па сваёй волі, Наталка кажа:
— Раскрываць сябе прыйдзецца. Тут нельга адсядзецца, схавацца, зрабіць выгляд. Тут прыйдзецца быць сабой, і цяжкія сітуацыі вучаць гэтаму. Вакол шмат добрых людзей. Галоўнае — не баяцца ладзіць стасункі, шукаць агульныя інтарэсы, сумесна ствараць атмасферу цеплыні і даверу.
Наталля глядзіць у будучыню з надзеяй, асабліва калі гаворка ідзе пра моладзь: «Наша беларуская моладзь сапраўды незвычайная, і ў іх няхай будзе ўсё толькі сьветлае наперадзе».
Хочаце расказаць сваю навіну? Пiшыце: @ex_presslive
Добро пожаловать в реальность!