EX-PRESS.BY адшукаў простую беларускую сям’ю, якая цяпер жыве ў Кракаве. Эмілія гадуе маленькае дзіця, а яе муж працуе анлайн фрылансерам. Яны здымаюць кватэру, за якую аддаюць 70% заробку. За мяжой яны ўжо амаль 2 гады.
Беларусы распавялі пра сямейны бюджэт, як яны шукаюць прадукты ў новай краіне. Падзяліліся гісторыяй, як адшукалі танныя яблыкі, як набываюць рыбу і што робяць з крабам.
«Намагаемся набываць тое, што можна ўзяць на вагу, каб не браць пакеты»
У эміграцыі беларусы навучыліся эканоміць. Закупаюцца звычайна ў «Ашане», бо, па словах гераіні, ён танны:
— Туды мы едзем на закупы, калі трэба шмат прадуктаў, або калі трэба прадукты, якія акрамя «Ашана» нідзе не знойдзеш. Звычайна, гэта могуць быць сыркі глазірованыя, яны ёсць там, і яны там недарагія. Шмат якія прадукты там каштуюць значна танней, чым у іншых крамах. Бывае шмат зніжак. Калі памідоры выглядаюць нядрэнна, мы выбіраем самыя танныя. Але калі відавочна горшыя, мы не бяром.
У краме таксама можна браць арэхі, сухафрукты і крупы на вагу. Так сям’я набывае грэчку, булгур, аўсянку:
— Намагаемся набываць тое, што можна ўзяць на вагу, каб не браць пакеты. Выкарыстоўваем свае пакункі, мяса можна набыць у свае кантэйнеры. Яшчэ шынку рэзаную можна ўзяць у свой кантэйнер. Вельмі вялізны выбар арэхаў — на любы густ.
На пытанне, з якім базавым пакетам звычайна выходзяць з крамы, дзяўчына кажа наступнае:
— Базавы пакет — мяса, філе куры, шмат гародніны, капуста розная, шмат малочкі, твораг, рыкота, каб намазаць на хлеб.
«Мы часта ходзім на кірмаш, дзе набываем садавіну і гародніну»
Аднойчы яйкі паспрабавалі набыць на кірмашы. Упакавання для яек сабралася шмат, іх беларусы вырашылі завезці фермерам:
— Мы першы раз набылі яйкі з фермы, аддалі ўпакаванні, але зніжкі нам не зрабілі. Мы пакаштавалі гэтыя яйкі, а на наступны дзень захварэлі. Магчыма, гэта не звязана, але страўніку было вельмі дрэнна. Цяпер працягваем браць яйкі ў краме, бо атрымалі негатыўны досвед, плюс з фермы значна даражэй выходзіць. Мы больш не рызыкуем, хоць гэта можа не звязана.
Матэрыяльная сітуацыя ў сям’і зараз не вельмі добрая:
— Мы часта ходзім на кірмаш, дзе набываем садавіну і гародніну. Знайшлі вельмі танныя яблыкі ў аднаго мужчыны. Ён прадае па розных коштах: вялікія і прыгожыя можна за 3 злотых за кілаграм, а калі дробныя, то можна за 2 або 1 злоты. Мы намагаемся браць адразу шмат кілаграмаў, бо яны вельмі смачныя. Нават калі б яны не каштавалі столкі, а былі даражэй, мы б усё роўна б іх набывалі.
Мы параўноўвалі кошты на садавіну ў розных крамах і кірмашах. На апошнім танней купляць, але розніца не вельмі значная, хоць яна і ёсць. Калі шмат набываць, то розніца будзе больш адчувальная.
Нядаўна даведаліся, што ў «Ашане» можна браць на вагу рыбу, і Эміліі гэта вельмі спадабалася:
— Раней мы бралі ў упакаваннях, але цяпер свежую рыбу бяром на вагу. Дома яе замаражваю, калі потым хочацца, з'ядаем. Вэнзанную рыбу бяру таксама. Танная яна: за адну рыбу сярэднюю будзе каля 9 рублёў беларусскіх. Я звычайна з такой рыбы люблю бутэрброды рабіць.
«Вельмі часта, калі не хочацца гатаваць, мы набываем зробленыя на грылі кумпячкі»
Муж дзяўчыны любіць макароны, іх можна браць на вагу, але ён такія не прымае, таму бярэ іншыя, не верыць, што на вагу яны якасныя:
— Мы таксама знайшлі чорны хлеб, называецца «Літоўскі», але вельмі падобны на наш беларускі. Мы яго вельмі любім і набываем, калі не худнеем. Сыркі набываем польскія, назва «Магія».
Вялікія закупы ў сям’і раз на тыдзень або два:
— Мы ходзім на закупы ў «Ашан», але амаль кожны дзень яшчэ штосьці набываем у іншых крамах. Мы ходзім у «Левіатан», ён недалёка ад дома, а таксама ў «Бедронку», калі трэба набыць нешта танней. На выходных, калі нешта вельмі трэба, або не працуюць крамы, мы ходзім у «Жабку», але там дорага і абмежавана наяўнасць прадуктаў. Але мы намагаемся не наведваць яе.
Беларуска прызнаецца, што калі толькі пераехалі, асабліва не эканомілі і не шукалі, на чым эканоміць:
— Тады мы працавалі абое, зараз у асноўным працуе муж. Мы зараз эканомім, але вельмі часта, калі не хочацца гатаваць, мы ідзем у «Левіатан» і набываем зробленыя на грылі ножкі курыныя — кумпячкі. Вельмі смачныя і вельмі танныя. 3,5 злотых за штуку, і яна такога памеру, што гэта амаль абед, толькi дадаць салату, гарнір. З малым дзіцём, бывае, няма ні часу, ні сіл гатаваць.
Пэўны час было, што мы набывалі гатовыя салаты маянэзныя ў вёдрах. У Беларусі такія салаты называліся «Самое время», тут таксама падобнае ёсць. Здаецца, самы вялікі памер — гэта 1 літр. Там вельмі шмат маянэзу, вырашылі, што нам такое не трэба. Вельмі каларыйна.
Аднойчы мы ў «Ашане» набылі краба, каб пакаштаваць. Муж яго вельмі доўга чысціў. Мы палічылі, што выходзіць не даражэй, чым набываць рыбу, але трэба час, каб яго падрыхтаваць для ежы.
Гераіня дадае, што ў месяц на прадукты, калі эканоміць, выходзіць каля 200 даляраў. Гэта на сям’ю з двух чалавек плюс немаўля.
Ёсць жаданне расказаць сваю гiсторыю? Пiшыце: @express_by_bot
Добро пожаловать в реальность!