TuTak

«Усё, што засталося ў мяне з радзімы, — гэта мой муж з Палесся і беларуская мова». Барысаўчанка — пра жыццё ў Польшчы

Беларусь дзяўчына пакінула разам з мужам у лістападзе 2020-га.

TuTak ex-press.by
0

Вольга — перакладчыца ангельскай і нямецкай моў, скончыла лiнгвістычны ўнiверсітэт i працуе ў IT. Яна была амаль на ўсix пратэстных маршах 2020-га. У 2021 годзе беларуска ўзяла на сябе «адміністрацыйку» за сяброўку, таму вяртацца ў Беларусь сям'я ўжо не можа. Як 28-гадовая дзяўчына зараз жыве ў Польшчы i чаму лічыць гаспадара кракаўскай кватэры топавым, даведаўся EX-PRESS.BY.

«Мяне судзілі завочна па скрыншотах майго «прызнання» у Вайберы»

Разам з мужам Вольга вырашыла пакiнуць Беларусь, калі людзям за ўдзел у маршах пачалі даваць рэальныя тэрміны:

— Я была амаль на ўсіх маршах. Содні адсядзець была гатовая, але рызыкаваць некалькімі гадамі жыцця не хацелася. Хаця ж у той час, як мы цяпер ведаем, было яшчэ не так цяжка. Перад ад’ездам у Кракаў я саскрабала з шыб бела-чырвона-белыя сцягi, намаляваныя мною, за якія зараз да людзей прыйдуць праз 3 секунды.

Image001

Кракаў. Фота фота з асабістага архіва Вольгі.

Па словах нашай гераiнi, з таго часу яны з мужам вярталіся ў Беларусь толькі адзiн раз — у лютым 2021 года. Забралі летняе адзенне, якое не змясцілася ў машыне ў лістападзе, сустрэліся з бацькамі і з сябрамі, якія на той момант яшчэ былі ў Мінску:

— Зараз ездзіць у Беларусь мы ўжо не можам. У сакавіку 2021 я ўзяла на сябе «адміністрацыйку» за маю сяброўку, каб яе не пасадзілі на Акрэсціна. Мяне судзілі завочна па скрыншотах майго «прызнання» у вайберы. Мой муж таксама даведаўся, што ён у нейкіх «спісах».

Image002

Недалёка ад Кёльну. Фота фота з асабістага архіва гераіні

Дзяўчына прызнаецца, што водар свабоды адчула, калi першы раз у Кракаве выйшла на вулiцу пасля карантыну:

— Да пераезда думала, што добра спраўляюся са стрэсам і жахам жыцця ў дыктатуры, але калі я апынулася ў Польшчы і ў першы раз выйшла на вуліцу пасля карантыну, я адчула, што з маёй душы зваліўся вялікі камень. Неяк лягчэй дыхаць стала.

«Дзякуючы ўкраінскім крамам, амаль ні па якіх прадуктах не сумую. Толькі па бабулiных агурках з градкі»

Праблем з працай у Вольгi i яе мужа не было, таму што яны айцiшнiкi.

— Увогуле, выбіралі новую краіну так: дзе мужу дадуць найлепшы офер, туды і паедзем. Яму зрабіў добрую прапанову польскі ЕПАМ. Я некаторы час працавала на мінскі офіс маёй кампаніі, а потым перавялася на польскі, як толькі яго адкрылі. Кракаў выбралі, таму што я ў дзяцінстве яго наведвала, і ў мяне былі добрыя ўспаміны.

ЕПАМ наймае падрадчыкаў, якія цалкам займаюцца рэлакацыяй супрацоўнікаў і іх легалізацыяй у Польшчы, таму ў сям'i не было ніякіх праблем з гэтым працэсам, ужо ў ліпені 2021-га яны атрымалі ВНЖ.

Image003

Айцоўскi нацыянальны парк. Фота фота з асабістага архіва гераіні

— Адзіны пацешны факт: спачатку на маёй ВНЖ картцы надрукавалі «нацыянальнасць — украінка». Прыйшлося яе перавыпускаць. Таму пераправярайце свае дадзеныя адразу, ва «ўжондзе».

Кампанія, дзе працуе Воля, проста пераехала з Мінску ў Польшчу, таму вялікіх перамен датычна працы яна не адчула, але пра адрозненнi кажа наступнае:

— У Польшчы больш дзён адпачынку (26 працоўных дзён, калі ў цябе ёсць вышэйшая адукацыя і 3 гады досведу). Сам адпачынак можна дзяліць як табе заўгодна. Напрыклад, браць па 1-2-3 дні, калі табе трэба.

Тут амаль няма кампаній, якія прывязваюць зарплату да валюты. Айцішнікі ў Мінску вельмі разбэшчаныя такой прывязкай, але ў Польшчы пануе злоты.

Відавочна, розніца ў падатках. Некаторыя людзі думаюць, што ў Еўропу едуць за вялікімі грашыма, але гэта не так. «Чыстымі» у цябе будзе атрымлівацца столькі ж, як у Беларусі, а то і трохі менш. Зараз заробкі ў IT у Польшчы растуць, але ўсё роўна, нават калі ты будзеш зарабляць больш, у Еўропе ты і траціш больш — на кватэру, паслугі, праезд і гэтак далей.

Прадукты, побытовая хімія і адзенне тут будуць таннейшыя. Дзякуючы ўкраінскім крамам, я амаль ні па якіх прадуктах не сумую. Толькі па бабуліных агурках проста з градкі. У такіх крамах ёсць сухая рыба, сулугуні, смачныя семачкі, пельмені, украінскія цукеркі.

Беларуска падкрэслiвае, што тут, у адрозненнi ад Беларусі, яна хаця б бачыць, на што ідуць падаткi:

— Напрыклад, любы жыхар Кракава, нават без польскага пашпарту, можа галасаваць, на якія праекты пойдуць грошы — на рамонт маста, стварэнне дзіцячай пляцоўкі ці пасадку дрэваў.

«Мужу адмовілі ў кракаўскім салоне Volkswagen прадаваць машыну, таму што ён беларус»

У Польшчы лад жыцця Вольгi стаў больш здаровым і збалансаваным:

— Я пачала хадзіць на ёгу, вакальныя курсы, вывучаць польскую мову і ўзгадваць беларускую. Але думаю, што гэта (акрамя вывучэння моў) звязана хутчэй не з пераездам, а са зменай працы. Я ўладкавалася ў прадуктовую кампанію замест аўтсорса ў ліпені 2020-га. Графік і нагрузка ў «прадукце» адэкватнейшыя.

Выходныя маладыя людзi намагаюцца бавіць актыўна i вандруюць па Польшчы. Воля прызнаецца, што не можа ўжо жыць без Татраў.

Image004

Taтры. Фота фота з асабістага архіва гераіні

— Мы ходзім у кіно, яго паказваюць на ангельскай, з польскімі субтытрамі, музеі, гатуем нешта смачнае, шпацыруем. Вандроўка ў горы на выходныя абыходзіцца ў мінімум 1000 злотых на дваіх, але можна і танней з’ездзіць, мы проста транжыры. Калі едзеш да іншых гарадоў Еўропы — так, квіткі на самалёт танныя, але жытло, ежа і музеі — гэта вялікія выдаткі ў параўнанні з польскімі коштамі. То бок, вандраваць па свеце лёгка, але тут усё залежыць ад тваіх прыарытэтаў. Мы хацелі б адкладаць больш грошай на ўласную кватэру, таму будзем старацца выбіраць для падарожжаў краіны не ў еўразоне.

Так атрымалася, што большасць сяброў барысаўчанкi пераехалi ў Польшчу, ці ў іншыя гарады Еўропы:

— Мы з імі рэгулярна сустракаемся. Дыяспара ў нашым горадзе таксама вялізная, ладзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў для беларусаў, дапамога для ўкраінцаў. Можна было б лёгка знайсці новыя знаёмствы, але ў мяне ўжо столькі старых у Кракаве, што часу на ўсіх не хапае. Сяброў-палякаў у мяне пакуль што няма — недзе іх знайсці. Паглядзім, што будзе далей, першага паляка-інжынера ў нашу кампанію ўжо нанялі.

Image005

Сэрца салiдарнасцi. Кракаў. Фота фота з асабістага архіва гераіні

Дзяўчына кажа, што з агрэсіяй да сябе не сутыкалася ніколі. Нават калі была валанцёркай i працавала з украінцамі, ніколі дрэннага слова не чула. Але яе мужу адзіны раз адмовілі ў кракаўскім салоне Volkswagen:

— Мужу адмовiлi прадаваць машыну, таму што ў яго беларускi пашпарт, і ёсць санкцыі. Калі муж напісаў пытанне, яму адказалі, што гэта пазіцыя аднаго салона і яго перанакiруюць у Варшаву. Але дагэтуль не ператэлефанавалі. Думаем набыць «Мазду».

«У нашага кракаўскага гнязда файны вайб — падобны да нашай апошняй кватэры ў Мінску на вуліцы Чырвонай»

У Кракаве беларусы арандуюць «еўрадвушку», ад яе да цэнтру 10 хвілін пешшу. Дзяўчына кажа, што iм вельмі пашанцавала з гэтай кватэрай па дзвюх прычынах:

— Па-першае, мы яе знялі ў 2021 годзе па вельмі прыемнаму кошту, калі яшчэ не было такога бума на рынку арэнды, як зараз. Канешне, у сувязі з высокай інфляцыяй у Польшчы ў 2022-м нам паднялі кошт, але не нашмат. Са ўсімі камунальнымі сума аплаты — 16% ад нашых з мужам сумесных заробкаў.

Па-другое, арэндадаўца — уласнік кватэры, так што не прыйшлося дадаткова плаціць агенцтвам пры падпісанні кантракту. І знайшлі мы яе вельмі хутка — за тыдзень пасля таго, як нас папрасілі выехаць з папярэдняй кватэры. Але гэта зусім іншая гісторыя. Шукалі самі на OLX і Otodom.

Image006

Кватэра гераiнi. Фота фота з асабістага архіва гераіні

Воля ўсмiхаецца i кажа:

— У нашага кракаўскага гнязда файны вайб. Ён падобны да нашай апошняй кватэры ў Мінску на вуліцы Чырвонай, якую мы здымалі да ад’езда. Тут высокія столі, яна вельмі ўтульная i стылёвая. I гаспадар — топавы, з ім прыемна весці справы, а яшчэ ён размаўляе на ідэальнай ангельскай. Канешне, кватэры ў Мінску больш прасторныя, у Польшчы мы не знаходзілі двушак больш за 55 метраў (да і нават такі памер — рэдкасць), але гэта не бяда.

Мы выбралі добры час для пераезда: гэта быў канец лістапада 2020, калі яшчэ можна было без праблем выехаць на машыне, так што мы вывезлі з Мінску ўсё, што ўмясцілі ў салон — рондалі, коўдру, кніжкі, стацыянарны камп’ютар і нават эліпсоід. А ў багажніку, схаваны глыбока-глыбока, ехаў наш сцяг. Потым нам яшчэ давезлі драўляныя шахматы, якія дасталіся мужу ад дзядулі, і іншыя дробязі.

На пытанне, што яшчэ ў Вольгi дома ёсць беларускага, дзяўчына адказвае:

— Пасля пераезду я заказала сабе беларускіх кніжак — Караткевіча, Філіпенка, Горвата. Жартую, што ўсё, што засталося ў мяне з радзімы — гэта мой муж з Палесся і беларуская мова. На жаль ці на шчасце, я зразумела яе каштоўнасць толькі тут, за мяжой.

Image007

Кракаў, марш роўнасці. Фота фота з асабістага архіва гераіні

«Бабуля, якая галасавала за Лукашэнку, вельмі сумуе, плача ў слухаўку, што мяне больш не пабачыць»

У Беларусі засталіся бацькі Вольгi, бабуля, брат і сяброўка дзяцінства. Яны падтрымліваюць камунікацыю i тэлефануюць праз telegram:

— Мае бацькі не вельмі падтрымлівалі пераезд, таму што не верылі, што нам з мужам пагражае небяспека. Цяпер, здаецца, нарэшце зразумелі гэта. Толькі бабуля, якая галасавала за Лукашэнку, вельмі сумуе, плача ў слухаўку, што мяне больш не пабачыць. Я маўчу, таму што гэта праўда.

У Беларусь я не вярнуся да ўсталявання дэмакратычнай улады, а бабуля вандраваць ужо не можа. З бацькамі сустракаемся ў іншых краінах, напрыклад, у Турцыі. Пакуль што не атрымалася зрабіць ім еўрапейскія візы, амбасада адмовіла. Брат, хаця б і мог зрабіць сабе польскую візу, лянуецца.

Image008

Кракаў, батанічны сад. Фота фота з асабістага архіва гераіні

Я вельмі сумую па Беларусі, але нават не ведаю, па чым канкрэтна. Хочацца проста з’есці клубніцы з агарода ў Барысаве, выпіць жудаснай кавы са смачным пірожным з «Каравая» каля МДЛУ, прайсціся па праспекце Незалежнасці і ўзгадаць, як бегала там ад АМАПу.

Можа, хочацца адчуць сябе зноў 20-гадовай, таму што там прайшлі маладыя гады. Можа — адчуць тое яднанне, якое зараджала на маршах. Я ведаю, што там гэтага ўсяго зараз няма. Што ў Беларусі цяпер я адчую хутчэй страх і журбу.

Але я мару, што калісьці мы вернемся і зробім Беларусь great again, што там будуць размаўляць на нашай роднай мове, што ўсе таленавітыя беларусы, якія зараз выехалі, прыкладуць руку да таго, каб наша краіна была слынная не дыктатурай, а сваім хараством, гасціннасцю, інавацыйнасцю і гераізмам такіх людзей, як Маша Калеснікава.

Эміграцыя — гэта каштоўны досвед, які будзе карысны ў новай Беларусі: загартоўка характару, новыя навыкі і знаёмства, разуменне, чаго не хапае ў нашай краіне і што можна зрабіць лепей.

Image009

Букавiна Татшаньская, вёска ў Татрах. Фота фота з асабістага архіва гераіні

Дакладна не ведаю, што я магла б рабіць у вольнай Беларусі. Як мінімум — далей працаваць мэнэджаркай, плаціць падаткі на аднаўленне краіны і данаціць грошы валанцёрскім арганізацыям, валанцёрыць самой. Мажліва, стварыць свой бізнес (мой муж марыць аб уласнай рэстарацыi).

Шчыра скажу — я ўсведамляю, што з гадамі маё жаданне вярнуцца ў Беларусь можа прыцьмець, таму што будзе складаней і складаней выйсці з зоны камфорту. Але зараз я не веру, што калісьці буду адчуваць сябе ў Польшчы як рыба ў вадзе, як дома, і гарэць гэтай краінай так жа, як жаданнем зрабіць штосьці на карысць Беларусі.

EX-PRESS.BY, фото предоставлены героиней
Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
вынужденные эмигранты
протест
Польша
Краков
IT
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Не стыдно
«Вся моя жизнь после переезда — моя гордость» — история женской эмиграции
В мире
Пастухов: Ранее распространенный нарратив, что Европа ведет в Украине войну за собственную свободу, ослабевает
Общество
Белорусы за союз с РФ, но против войны. Опрос Chatham House
Политика
Карбалевич: Делукашенизация – неизбежный этап
Политика
Страны Балтии могут демонтировать рельсы на границе с Россией и Беларусью
Политика
Эксперт: Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі
Общество
На выходных в Беларуси похолодает. Какую еще погоду обещают синоптики?
Общество
Как Лукашенко нарушает собственные процедуры помилования
Общество
Гомельский завод посуды оказался поставщиком дронов для российской армии
Новости Жодино
«Обещала наследство всем подряд». Жительница Жодино узнала, что квартира сестры ушла… нотариусу
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Не стыдно
«Вся моя жизнь после переезда — моя гордость» — история женской эмиграции
В мире
Пастухов: Ранее распространенный нарратив, что Европа ведет в Украине войну за собственную свободу, ослабевает
Общество
Белорусы за союз с РФ, но против войны. Опрос Chatham House
Политика
Карбалевич: Делукашенизация – неизбежный этап
Политика
Страны Балтии могут демонтировать рельсы на границе с Россией и Беларусью
Политика
Эксперт: Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі
Общество
На выходных в Беларуси похолодает. Какую еще погоду обещают синоптики?
Общество
Как Лукашенко нарушает собственные процедуры помилования
Общество
Гомельский завод посуды оказался поставщиком дронов для российской армии
Новости Жодино
«Обещала наследство всем подряд». Жительница Жодино узнала, что квартира сестры ушла… нотариусу
ВСЕ НОВОСТИ