Апошнімі днямі шмат прагнозаў хуткага падзеньня Лукашэнкі. Бачу тут, пераважна, псыхалягічны фактар: пяць-шэсьць гадоў эміграцыі (а менавіта столькі знаходзяцца па-за межамі Беларусі большасьць камэнтатараў) — нялёгкае выпрабаваньне, і кожны, хто скажа, што наперадзе яшчэ гадоў дзесяць, рызыкуе, як гаворыцца, нарвацца, пiша палiтычны аналiтык Сяргей Навумчык.
Калі б я ня быў сьведкам, як зусім нечакана для большасьці ня толькі насельніцтва СССР, але і вашынгтонскіх крэмленолагаў, да паслугаў якіх былі ўсе адкрытыя і закрытыя аналітычныя рэсурсы, імпэрыя абвалілася за тры дні — я б гэтыя 10 гадоў і назваў. І яшчэ дадаў бы, што пры цьвярозым аналізе сытуацыі ў комплексе як унутраных, гэтак і зьнешніх фактараў, надыход дэмакратычных пераменаў праз такі тэрмін — гэта яшчэ вельмі, вельмі аптымістычны сцэнар. На шчасьце, жыцьцё поўнае нечаканасьцяў, і ня толькі непрыемных. Ды і падзеі адбываюцца ў куды больш дынамічным, паскораным тэмпе, чыім некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.
Але адна ўмова падаецца абсалютнай: перамены ў Беларусі немагчымыя без пераменаў у Расеі. Я, канешне, маю на ўвазе дэмакратычныя перамены. Пры захаваньні чэкісцкага рэжыму ў Маскве (ня важна, з Пуціным ці зь некім іншым) імпэрская, агрэсіўная Расея не выпусьціць Беларусь, яна будзе імкнуцца зьнішчаць якія заўгодна імкненьні да сапраўднай незалежнасьці і да дэмакратыі.
Зразумела, адной толькі паразы чэкісцкага рэжыму мала: перамены павінны адбыцца ў расейскім грамадзтве, яно павінна пазбыцца ад імпэрскай мэнтальнасьці. Працэс гэты ня будзе аднамомантным, але пры наяўнасьці чэкістаў у Крамлі ён увогуле не пачнецца.
Ну, а цяпер прыгадваем гісторыю Расеі: вярхоўная ўлада абвальвалася ў выніку паразаў у вайне. Альбо — мяняўся курс гэтай улады, як пасьля Крымскай вайны ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя (праўда, «цар-вызваляльнік», які адмяніў прыгоннае права, праз два гады, у 1863-м, выявіў сябе крывавым сатрапам — але Беларусі тады не існавала як незалежнай дзяржавы хаця б у фармальным выглядзе).
Перамога Ўкраіны пад Пуціным не гарантуе зьмен у Беларусі — але без паразы Расеі ў гэтай вайне пераменаў гэтых, на маё перакананьне, гарантавана ня будзе.
Добро пожаловать в реальность!