А мне спадабалася навагодняе віншаваньне Сьвятланы Ціханоўскай. Гэтымі днямі чытаў розныя, часта палярныя, уражаньні ад яго, не зьбіраюся ацэньваць ні «сямейную» гісторыю (увогуле дзіўна, калі нехта ад сюжэту пад навагодні келіх чакаў драматургічнай глыбіні ўзроўню “Генрыха IV”), ні словы самой Ціханоўскай (правільныя словы, зь імі, думаю, ніхто не спрачаецца). Але па тэматыцы - у «дзясятку»: прыярытэт каштоўнасьцяў сямейнага, калі хочаце – асабістага жыцьця, пiша палітычны аналітык Сяргей Навумчык.
Пагаджуся з тымі, хто заўважыў: зварот арыентаваны найперш на эмігрантаў. І гэта заканамерна: уплыў на сытуацыю ў Беларусі мінімальны.
Непасрэдны ўплыў, маю на ўвазе. Апасродкаваны – праз заходніх палітыкаў, зь якім у Офіса застаюцца кантакты, безумоўна, ёсьць, і гэта прызнаюць самыя жорсткія крытыкі Ціханоўскай. Іншая справа, што і ў саміх заходніх лідэраў, ці гэта нямецкі канцлер, ці польскі альбо французскі прэзыдэнты, ён не нашмат большы. Ды, скажам, праўду – нулявы. Уплыў на Лукашэнку (прычым 100%) ёсьць толькі ў Пуціна. І ёсьць толькі два чалавекі, здольныя на Пуціна паўплываць – дзядуля Дональд і дзядзюшка Сі. І калі з будучай амэрыканскай адміністрацыяй у Офіса будуць кантакты (хаця і значна меншыя, чым пры Байдэне), пра Пэкін можна забыцца.
Мне ўжо даводзілася казаць, што па факце Офіс сканцэнтраваў ня сябе практычна ўсю апазыцыйную міжнародную палітыку. Я назваў гэта манапалізацыяй, што не спадабалася ў Офісе – добра, назавіце інакш. Скажам, канцэнтрацыяй.
І такой канцэнтрацыі не было ў найноўшай беларускай гісторыі ніколі – нават у студзені 1994, калі Клінтан у Менску ва ўрадавай рэзыдэнцыі сустракаўся з Пазьняком (пра гэтае спатканьне рэдка ўзгадваюць), на ёй былі ня толькі старшыня Апазыцыі БНФ і яго намесьнік, але і лідары Аб'яднанай дэмакратычнай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Партыі народнай згоды.
Падабаецца гэта ці не падабаецца, але факт застаецца фактам: сёньня практычна ўсе міжнародныя кантакты ідуць праз Ціханоўскую і афіляваныя зь ёй структуры. І ніхто (ва ўсякім разе, пакуль што), ня мае такога ўплыву за заходніх палітыкаў і дзяржаўных дзеячоў, як Ціханоўская. Гэта, паўтараю, факт. І хаця ў мяне ўсё менш надзеяў на тое, што мае думкі дасягнуць яе вушэй праз шчыльнае кола дарадцаў і ўжо зусім ніякіх – што, тым больш, будуць улічаныя, але, тым ня менш, некаторымі рэфлексіямі і меркаваньнямі падзялюся.
Я прыгадваю восень 2020 года, калі блізкія да Ціханоўскай дзеячы абяцалі, што «да лістапада Лукашэнкі ня будзе», потым -- «у траўні 2021 Лукашэнка будзе вымушаны сесьці з намі за стол перамоваў».
Мне, са свайго палітычнага досьведу, было бачна, што бітва прайграна (не вайна – вайна з Лукашэнкам зацягнецца на гады, але менавіта бітва 2020), я пісаў, што гэта трэба прызнаць, а таксама раіў сканцэнтравацца на стварэньні ўмоваў для тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь. У самым мяккім варыянце мне адказвалі, што Офіс (ці як ён тады называўся) – а ні ў якім разе не дыяспаральная арганізацыя, што асноўная канцэнтрацыя іх увагі – уплыў на тых, хто застаўся ў Беларусі, уплыў на сытуацыю ў Беларусі. А яшчэ чуў шмат абвінавачваньняў, што «дэмаралізую» людзей, замест каб заклікаць іх да барацьбы.
Палітычна, я ня мог з гэтым пагадзіцца (ды і ня меў магчымасьці асабліва выказваць свайго стаўленьня, гэта было забаронена прафэсійным кодэксам РС, дзе тады працаваў). Псыхалягічна разумеў: проста феерычны (інакш не назавеш) узровень сустрэчаў Ціханоўскай, зь якім ня мог параўнацца ніводзін апазыцыйны дзяяч за ўсе гады Незалежнасьці, і нават Лукашэнка ў бытнасьць ягонай легітымнасьці, сапраўды падтрымліваў надзеі, што «вось-вось...». Ясна, як на гэтым фоне можа ўспрымацца парада сустрэчу з Мэркель прысьвяціць праблеме легалізацыі тых, хто уцёк ад рэпрэсій, іх уладкаваньня і г.д. Калі ў адной з краінаў узьнікла праблема з банкаўскімі рахункамім для беларусаў і я параіў (рыхтаваўся візыт Ціханоўскай), каб яна нанесьла візыт кіраўніку банка (адна толькі сьвіта з «мігалкамі» і аховай зрабіла б, упэўнены, належны эфэкт), - мне адказалі, што кіраўнік банку - не ўзровень прэзыдэнткі-элект.
Са свайго колішняга парлямэнцкага досьведу я ведаў цану ўсім гэтым самітам-візытам- «сустрэчам-на-палях»: калі каафіцыент карыснага дзеяньня дасягне 1% - гэта цудоўны вынік. Разумеў і тое, што Захаду прасьцей адкупіцца фінансаваньнем нейкіх апазыцыйных структураў, чым разгарнуць на 180 градусаў сваё стаўленьне да Масквы (бо ад Масквы залежыла), бо гэта — і сапраўдны галаўны больш, і сапраўдныя фінансавыя страты, ужо ў дзясяткі мільярдаў.
Адрозна ад пазьнейшых дзеячоў апазыцыі, бюракратычныя складанасьці эміграцыі нам з Пазьняком давялося спазнаць на ўласным досьведзе. Белы дом і дзярждэп вельмі не хацелі даваць нам з Пазьняком палітычны прытулак, бо гэта прымушала мяняць стаўленьне да Лукашэнкі і раззлавала б Маскву (што ўрэшце і адбылося, і першае, і другое).
Высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпу заявіў нам наўпрост, што і амэрыканскі ўрад і пальцам не паварухне ў нашу дапамогу, а калі нам усё ж прытулак дадуць – мы не атрымаем ні цэнта (і сапраўды, ніколі ніякай фінансавай дапамогі ні Пазьняк, ні я за ўсе гэтыя амаль 29 гадоў мы не атрымалі. Цяпер разумею, што гэта добра – мы нічым не абавязаныя амэрыканскай адміністрацыі). Прытулак нам даў уласным рашэньнем звычайны афіцэр іміграцыйнай службы, рэспубліканец (у Белым Доме былі дэмакраты). І перад гэтым, і пасьля нам давялося прайсьці ўсе колы амэрыканскага бюракратычнага пекла, у суме дзесяткі гадзінаў правёўшы ў чэргах у розных офісах. Дзякуй амрыканскім беларусам за дапамогу.
Пазьней прыйшлося рабіць падобнае для Васіля Ўладзімеравіча і Ірыны Міхайлаўны Быкавых – Гавэл запрасіў іх у Чэхію, але ён ня меў уладных паўнамоцтваў, і чэская бюракратыя (яна – паўсюль аднолькавая) пасмактала ў нас крыві па максымуму (мы, праскія беларусы, пазбавілі Быкавых ад бюракратычных працэдураў, займаліся імі самі). Дзякуй тагачаснай журналістцы «Свабоды» Любе Лунёвай, што, скарыстаўшы знаёмства сярод міліцыянтаў, здабыла даведку аб несудовасьці ў Беларусі Васіля Ўладзімеравіча Быкава і Ірыны Міхайлаўны Быкавых – безь яе ў МУС Чэхіі дакумэнты ў нас не прымалі (у мяне захоўваецца копія гэтага гістарычнага дакумэнта). Дзякуй чэскім сябрам з фонду «Чалавек ў бядзе», бяз іх дапамогі пераезд Быкавых у Прагу быў бы ўвогуле немагчымы.
Ведаю, што некаторым мае словы не спадабаюцца, але, на маю думку, няма ніякіх аб'ектыўных прычынаў (ні ўнутраных, ні зьнешніх) меркаваць, што сытуацыя палепшыцца ў бліжэйшыя 5-7 гадоў (і гэта вельмі аптымістычны тэрмін) нагэтулькі, што можна будзе вярнуцца ў Беларусь. Усё, канешне, можа зьмяніцца раптоўна і ў тры дні, але жыцьцё навучыла ня надта спадзявацца на прыемныя сюрпрызы.
Сюрпрызы калі і бываюць, дык усё часьцей – непрыемныя.
І хай мяне ізноў абвінавацяць у нежаданьні заклікаць да барацьбы, але: тым, хто ў эміграцыі, трэба ўсталёўвацца надоўга і ўшчыльную займацца сваімі праблемамі (калі яшчэ не заняліся). Толькі ў такім выпадку будзе магчымасьць рэальна дапамагаць тым, хто ў Беларусі.
Ніхто не аспрэчвае важнасьць таго, што робяць беларускія патрыёты на Бацькаўшчыне. Ніхто (ва ўсякім разе, у адэкватным стане) ня лічыць другаснай тэму вызваленьня палітвязьняў (яна ўвогуле мусіць быць прыярытэтнай для ўсіх нас, як і дапамога іх сем'ям).
Гаворка не пра гэта. Ужо цяпер мы бачым, што ў СМІ, у кнігадрукававньні, у гісторыяграфіі, у тэатральным мастацтве, у кінамастацтве, нарэшце – у такой стратэгічна важнай для будучыні нацыі сфэры, як адукацыя – на тэрыторыі Беларусі ўсё нацыянальнае і не прарасейскае зьнішчаецца пад корань, а дзе-нідзе ўжо зьнішчана цалкам.
Тым большая адказнасьць кладзецца на дыяспару. Але займацца ўсім гэтым (ва ўсялякім разе, займацца плённа) можна, толькі калі ты больш-менш стабільна адчуваеш сябе хаця б у прававым стане. І для ўсіх беларускіх цэнтраў у замежжы – і найперш для Офісу Ціханоўскай, паколькі ў яго большыя магчымасьці - адаптацыя беларускіх уцекачоў павінна зрабіцца прыярытэтам – адразу пасьля тэмы вызваленьня палітвязьняў.
Мэтанакіравана і кропкава. І калі ёсьць патрэба, у інтарэсах беларусаў, сустрэцца з кіраўніком банку ці нейкай фірмы- значыць, трэба ехаць і гутарыць.
Увогуле ж, тое, што робяць урады некаторых краінаў ЭЗ у дачыненьні да беларусаў – вельмі часта наўпроставае і грубае парушэньне ўзятых гэтымі краінамі на сябе міжнародных абавязальніцтваў (найперш, гэта тычыцца абавязкаў прадстаўленьня палітычнага прытулку). Вы альбо выконвайце свае абавязкі – альбо выходзьце з падпісаных калісьці дамоваў, тым самым дэкляруючы сябе ў адным шэрагу з Паўночнай Карэяй ці Іранам.
Вось прыблізна такая павіна быць стылістыка размоваў з заходнімі лідарамі, калі іншая, мяккая і дыпляматычная, не дае належнага эфэкту.
Добро пожаловать в реальность!