Политика

Дракахруст: «Чаму няма рэакцыі Лукашэнкі? Таму, што ён лічыць, відаць, што тая рэакцыя, якая можа ад яго быць, яму пашкодзіць»

Абрана стратэгія, апісаная ў старой прымаўцы: «Маўчы — за разумнага сыдзеш».

Политика gazetaby.com
0

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст тлумачыць у каментары Филину, ці забудзецца Захад на беларускі рэжым на фоне падзей у Ізраілі.

— Чаму маўчыць Лукашэнка? Ідзе пяты дзень вайны ў Ізраілі, а на ягоным сайце і пра ўзнагароджанне кіраўніка ДТСААФ паведамляецца, і віншаванне з днём незалежнасці Уганды апублікавана. А пра новую араба-ізраільскую вайну ні слова.

— Цалкам маўчаннем гэта нельга назваць. У першы ж дзень была рэакцыя МЗС Беларусі. У той заяве была выказная няпэўная і нават дваістая пазіцыя. Маўляў, мы за мір, мы за ўрэгуляванне канфлікта. Мы шкадуем аб гвалце. Вось у такім стылі.

Прыкладна такой, дарэчы, была і рэакцыя МЗС Расіі. Беларусь у пэўным сэнсе скапіявала маскоўскую рэакцыю.

Рэакцыяй з’яўляецца і скандальная публікацыя ў газеце «Мінская праўда». І гэта такая прахамасаўская пазіцыя, нават не прапалесцінская.

Маўляў, перамога ХАМАСу стане перамогай і Мінска з Масквой, а сцягі Палестыны будуць лунаць над мячэццю Аль-Акса. Але, што цікава, з сайта газеты праз пэўны час гэтая публікацыя знікла. 

А чаму няма рэакцыі Лукашэнкі? Таму, што ён лічыць, відаць, што тая рэакцыя, якая можа ад яго быць, яму пашкодзіць. Так ці інакш.

Калі б ён, умоўна кажучы, выразна падтрымаў Ізраіль, гэта магло б пагоршыць ягоныя адносіны з некаторымі арабскімі краінамі, мусульманскімі.

А калі б ён выступіў у стылі публікацыі ў «Мінскай праўдзе», гэта б пагоршыла ягоныя стасункі з Ізраілем, чаго яму не хочацца. І з Захадам у цэлым.

У выніку яму самому прыйшлося б выказвацца няпэўна, у стылі той заявы МЗС. А так яму не хочацца. Ён заўсёды хваліцца жалезнымі часткамі свайго арганізма, а тут бы атрымалася заява без асаблівага жалеза. А гэтага не хочацца.

Дарэчы, наконт мусульманскага свету сітуацыя даволі складаная. Мы ведаем, што Лукашэнка даволі часта ездзіць у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, там у яго ёсць і камерцыйныя інтарэсы. Цікава тое, што менавіта ААЭ асудзілі напад ХАМАС на Ізраіль. Тут можна параўнаць з рэакцыяй Ірану, дзе аятала сказаў, што цалуе рукі ХАМАСу за іх «гераічны ўчынак».

Унутры мусульманскага свету існуюць складаныя балансы, у тым ліку ў ягоных дачыненнях з Ізраілем. Таму дэманстраваць залішную пэўнасць, тым больш агучваць нейкія рэзкія заявы, гэта значыць парушаць сваё месца ў гэтым балансе.

Таму абраная стратэгія, апісаная ў старой прымаўцы: «Маўчы — за разумнага сыдзеш».

— Мы памятаем з найноўшай гісторыі, як падобныя канфлікты, глабальныя здарэнні давалі магчымасць беларускаму рэжыму сысці ў цень ад агульнай увагі. Ці забудуцца на Лукашэнку і гэтым разам?

— Я думаю, што цалкам усё ж не забудуцца. У рэшце рэшт, стасункі з беларускім рэжымам, нейкія меры, зразумела, не знаходзяцца ў цэнтры ўвагі заходняга свету, у цэнтры ўвагі грамадскай думкі.

Але лінія зададзеная даўно. Бюракратычныя машыны працуюць па сваіх алгарытмах. І ў дадзеным выпадку падзеі, якія адбываюцца ў іншых рэгіёнах свету, на працу гэтай бюракратыі не надта ўплываюць.

Хаця, зразумела, вагу беларускага пытання ў вачах грамадскай думкі гэтыя падзеі зніжаюць. Вагу беларускага пытання знізіла вайна ва Украіне. І гэта значна большы фактар. Таму што гэта побач. І ў гэтым сэнсе віну беларускага рэжыму ўзмацніў яго наўпроставы ўдзел у гэтай вайне.

Дарэчы, сёння Уладзімір Зяленскі выступіў на пасяджэнні кааліцыі Рамштайн, дзе заявіў, адлюстраваўшы вядомую формулу Лукашэнкі «а я вам пакужу, адкуль…»: «Я памятаю першыя дні нашага поўнамаштабнага ўварваньня. Яны пачаліся з тэрарыстычных атак з Беларусі ракетамі і расійскай арміяй».

Не зусім зразумела, чаму ён гэта цяпер прыгадаў, але ж прыгадаў. І нагадаў свету менавіта пра гэта, пра віну і адказнасць Беларусі.

Таму сказаць, што свет цалкам забыў пра беларускі рэжым і нічога не будзе рабіць з ім — не, будзе. Будзе, нягледзячы на тое, што ўвага грамадскай думкі, медыяў, па зразумелых прычынах зараз сфакусаваная на Украіне і на Ізраілі.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
Юрый Дракахруст
Ізраіль
Лукашэнка
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter